Цэлы атрад валанцёраў – студэнтаў мінскіх ВНУ – працаваў улетку над аднаўленнем Любчанскага замка, які ўжо сёння выглядае даволі прэзентатыўна і гатовы прымаць турыстаў. Адбудаваныя дзве вежы, галерэя, пачалася праца па рэканструкцыі прыбрамнага флігеля… Перад заканчэннем летняй працоўнай змены перад студэнтамі выступілі паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава. Імпрэза адбылася на вольным паветры і працягвалася аж да наступлення цемры – не перашкодзілі нават камары, што наляцелі з лагчыны пры Нёмане. У велічным замкавым інтэр’еры неяк надзвычай самабытна гучалі “Паланез Агінскага”, “О Беларусь, мая шыпшына”, “Спадчына” ды іншыя патрыятычныя песні, вершы пра Давыда Гарадзенскага, Адама Міцкевіча, пра возера Свіцязь і “Нёман нябесны”. “У Любчы ў душу чалавека ўваходзіць любоў да роднай зямлі, да яе гісторыі, бо сама назва мястэчка паходзіць ад любові. Жадаю, каб гэтая любоў ніколі не выветрылася з вашых душаў, каб вы на наступны год ізноў вярнуліся сюды, дзе фантастычныя наднёманскія краявіды, дзе, нібы фенікс з попелу, паўстае з руінаў адзін з найпрыгажэйшых беларускіх замкаў,” – такімі словамі закончыў свой выступ М. Скобла. А самыя актыўныя валанцёры ды іхні кіраўнік Іван Пячынскі атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “500-годнасць”, у межах якіх праходзіў выступ.