10 фільмаў міжнароднай праграмы «Паўночнага ззяння»-2025

Міжнародная праграма XI кінафестывалю «Паўночнае ззянне» аб’яднала дзесяць фільмаў з краін Скандынавіі і Балтыі, якія можна будзе паглядзець online і offline з 3 па 23 лістапада. Нарвежская філасофская хроніка жыцця «дзікуноў», тру-крайм пра нос Златана Ібрагімавіча, экспрэсіянісцкі хорар пра найвядомейшую серыйную забойцу дзяцей, анімацыйная музычная казка паводле скандынаўскай легенды, — гледачоў і глядачак «Ззяння» чакае разнастайная падборка фільмаў, многія з якіх былі паказаныя на найбуйнейшых сусветных кінафестывалях і вылучаліся на «Оскар». Праграма яднае гісторыі пра розныя формы сталення — асабістага, эмацыйнага і культурнага, — якое, здаецца, ніколі не заканчваецца.

«Paŭnočnaje zziannie»

Усе фільмы online-праграмы будуць даступныя згодна з раскладам з 00:00 да 23:59 па Мінскім часе.

«Прынц — белы мядзведзь», 2024, Нарвегія

8 лістапада, 16:30, Варшава, к/т ’Kinoteka’, квіткі хутка з’явяцца ў продажы

Анімацыйны мюзікл пра каханне, адвагу і гармонію з прыродай. Рэжысёр у супрацоўніцтве з паспяховай нарвежскай дзіцячай пісьменніцай Маяй Лундэ пераасэнсоўвае адну з самых любімых народных казак Скандынавіі. Атрымліваецца кранальная і дасціпная гісторыя пра дапытлівую і прадпрымальную дзяўчынку Ліў, белага мядзведзя Валемона, які на самой справе з’яўляецца зачараваным прынцам, іх прыгоды і барацьбу са злой ведзьмай.

the_polar_bear_prince.jpg

«Дзяўчына з іголкай», 2024, Польшча, Швецыя, Данія

9 лістапада, 18:00, Варшава, к/т ’Kinoteka’, квіткі хутка з’явяцца ў продажы

Змрочная гісторыя, якая сышла быццам наўпрост са старонак зборніка братоў Грым, а насамрэч, заснаваная на рэальным факце з навіннай хронікі Капенгагена за 1920 год. У шведска-польскага рэжысёра Магнуса фон Хорна атрымалася стварыць візуальна вывераную чорна-белую карціну, якая трымае ў напружанні і жаху ад пачатку і да канца.

Пасля першай сусветнай вайны маладая жанчына Караліна, застаўшыся без хаты і працы швачкі, ды яшчэ і сам-насам з цяжарнасцю, губляе любыя надзеі на светлую будучыню. Выпадковая сустрэча з Дагмар, якая займаецца нелегальным усынаўленнем пазашлюбных дзяцей, здаецца промнем святла ў цемры, але гэта толькі на першы погляд. Сусветная прэм’ера стужкі адбылася ў асноўным конкурсе Канскага кінафестывалю 2024 года.

«Невядомы краявід», 2024, Нарвегія

10 лістапада — online з 00:00 да 23:59 (прагляд фільма магчымы толькі з тэрыторыі Беларусі)

3 лістапада, 18:00, Вільнюс, к/т Skalvija — квіткі на паказ ужо даступныя

«Капітан Фантастык» на нарвежскі лад і з рэальнага жыцця — фільм, што атрымаў гран-пры журы дакументальнай секцыі фестывалю Sundance-2024. На фоне нарвежскіх лясоў разгортваецца кранальная элегія пра сям’ю «дзікуноў», якая вяртаецца да цывілізацыі пасля смерці Марыі — жонкі, маці і ініцыятаркі іх «дзікага» існавання. Нік і чацвёра дзяцей спрабуюць захаваць ідэалы гармоніі з прыродай, але ўтапічная ідылія хутка ператвараецца ў змаганне за выжыванне.

Рэжысёрка Сілье Эвэнсма Якабсэн стварае кранальнае даследаванне смутку, сталення і пошуку новых формаў сям’і, уважліва назіраючы, як блізкія вучацца жыць без Марыі і шукаюць раўнавагу паміж прыродай і грамадствам, свабодай і адказнасцю, адзінотай і любоўю.

«Два мяне», 2024, Эстонія

10, 17 лістапада — online з 00:00 да 23:59

Сінефільскі аўтафікшан пра пошукі сябе, свабоды творчасці і сутнасці кіно. Поўнаметражны дэбют братоў Раўля і Ромэта Эска — самаіранічнае даследаванне феномену двайняцтва і хаатычная драма сталення. 25-гадовыя браты, якія ўсё ў жыцці дзялілі напалам, спрабуюць навучыцца быць самастойнымі і не страціць сувязі адзін з адным. Іх падарожжа ад эстонскай кінашколы да Нігерыі становіцца метафарычным партрэтам пакалення TikTok, што шукае сябе пад пастаянным прыцэлам відэакамеры.

«Самакруткі», 2024, Эстонія

11, 21 лістапада — online з 00:00 да 23:59

Себасцьян працуе ў невялікай талінскай краме і вядзе мернае жыццё. Яго свет пераварочваецца з ног на галаву, калі ён сустракае Сіло, геданіста і летуценніка. Разам яны паляць канабіс, абмяркоўваюць жыццё і мараць пра білет у адзін канец у Бразілію, дзе ўсё можа быць інакш.

Грунтуючыся на ўласным досведзе і гутарках з аднагодкамі, Мээль Паліяле стварае шчыры і рэалістычны партрэт пакалення маладых людзей, што шукаюць сваё месца і свабоду ў свеце, які пастаянна мяняецца. Стужка атрымала прыз глядацкіх сімпатый на Талінскім кінафестывалі (PÖFF), а цяпер яшчэ і вылучаецца ад Эстоніі ў якасці прэтэндэнта на кінапрэмію «Оскар».

«Роды: боль і радасць», 2024, Фінляндыя

12, 20 лістапада — online з 00:00 да 23:59 (прагляд фільма магчымы толькі з тэрыторыі Беларусі)

Шчыры дакументальны фільм пра права жанчыны вярнуць сабе кантроль над самым старажытным і самым асабістым жыццёвым працэсам — нараджэннем дзіцяці.

Роды — адзін з самых натуральных, але пры гэтым найбольш кантраляваных працэсаў у жыцці жанчыны. Чаму грамадства дагэтуль вызначае, дзе і як яны маюць адбывацца, і чаму рашэнне нараджаць дома ўспрымаецца як нешта радыкальнае, амаль акт бунту? Фінская дакументалістка Каралійна Грэндаль спрабуе адказаць на гэтае пытанне ў сваім інтымным і балюча шчырым фільме. Назіраючы за некалькімі цяжарнымі жанчынамі, а таксама за акушэркаю Кірсі і доўлай Аннай-Рытай, яна даследуе працэс нараджэння як фізічны і духоўны досвед, у якім давер і выбар важнейшыя за медычныя правілы. Камера без літасці фіксуе фізічнае і эмацыйнае напружанне жанчын у радзільных пакоях, дзе цуд жыцця суседнічае з болем, страхам і пачуццём страты кантролю над уласным целам.

«Ільвіца», 2024, Эстонія, Германія, Латвія

14, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59

Эмацыйнае разважанне пра мацярынскую любоў і тонкую мяжу паміж абаронаю, кантролем ды залежнасцю. Фельчарка хуткай дапамогі спрабуе ўратаваць 15-гадовую дачку, цяжкага падлетка са схільнасцю да самаразбурэння, якая звязалася з дрэннаю кампаніяй. Калі дзяўчына трапляе ў шпіталь пасля перадазавання наркотыкамі, маці выкрадае яе проста з палаты і замыкае ў старым загарадным доме, думаючы, што гэтак здолее вылекаваць іхныя стасункі. Паміж маці і дачкою разгараецца балючая псіхалагічная дуэль, дзе клопат і гвалт пераплятаюцца. Фільм атрымаў прэмію EFTA (эстонскі «Оскар»).

«Мой дзядзька Енс», 2025, Нарвегія, Румынія

15, 19 лістапада — online з 00:00 да 23:59 (прагляд фільма магчымы толькі з тэрыторыі Беларусі)

Кранальнае і смешнае разважанне пра страчаныя сямейныя сувязі, культурную ідэнтычнасць і асабістыя межы.

Акам, малады выкладнік літаратуры курдскага паходжання, жыве спакойным жыццём у Осла, пакуль аднойчы ўначы да яго не прыязджае дзядзька Хадр — сваяк з іранскай часткі Курдыстану, якога ён не бачыў з дзяцінства. Акам прымае яго ў сваёй «камуналцы» на некалькі дзён, але Хадр, што цяпер называе сябе Енсам і хваліцца бізнесам на радзіме, відавочна не збіраецца сыходзіць. Праз культурныя адрозненні і моўны бар’ер напружанне паміж імі расце з кожным днём.

«Нос Златана», 2025, Швецыя

16 лістапада — online з 00:00 да 23:59 (прагляд фільма магчымы толькі з тэрыторыі Беларусі)

7 лістапада, 18:30, Варшава, к/т ’Kinoteka’, квіткі хутка з’явяцца ў продажы

Гісторыя пра тое, як Златан Ібрагімавіч ператварыўся з куміра жыхароў Мальмё ў амаль персону нон-грата ў родным горадзе, даўно сталася легендаю. Калі ён гуляў за мясцовую каманду, яго лічылі героем, але ў 2019-м Златан нечакана стаў суўладальнікам стакгольмскага «Гамарбі» — заклятага суперніка «Мальмё». Бронзавая статуя футбаліста каля стадыёну адразу стала мішэнню для вандалаў — урэшце хтосьці адрэзаў ёй нос. Гэты загадкавы выпадак так узрушыў шведскую фанацкую супольнасць, што тры тэлежурналісты знялі тру-крайм пра пошук носа. Ім дапамагае эксцэнтрычны прыватны дэтэктыў Кляс Экман, чыя любоў да старых шпіёнскіх фільмаў вядзе гісторыю ў нечаканае і вельмі захапляльнае рэчышча.

«Амерыка начлежак», 2025, Нарвегія, Нідэрланды, ЗША

23 лістапада — online з 00:00 да 23:59

Глыбока рэалістычны партрэт падлетка, які жыве на змрочным баку «амерыканскай мары». Нарвежская фатографка Моніка Стрэмдаль у сваім дэбютным дакументальным фільме распавядае гісторыю 12-гадовага Мікала, які расце побач з бацькамі з алкагольнай залежнасцю ў цесным гатэльным пакоі на мяжы галечы. Без асуджэння і з рэдкай чуллівасцю рэжысёрка паказвае, як залежнасць разбурае не толькі цела, але і сямейныя сувязі, ператвараючы дом у пастку, але нават у цемры пакідае месца надзеі.

Каб не прапусціць навіны кінафестывалю, падпішыцеся на сацыяльныя сеткі праекта: FB, Instagram, Telegram. Падтрымаць каманду кінафэсту можна па спасылцы.