Што «распакоўвае» варшаўская выстава «Un-packing: лакуны памяці»?

У галерэі Драматычнага тэатра Варшавы да 26 кастрычніка працуе польска-беларуская выстава «Un-packing: лакуны памяці». У праекце ўдзельнічаюць 14 беларускіх і польскіх мастакоў, піша reform.news.

«Un-packing: lakuny pamiaci»

Выстава інспіравана спектаклем «Un-packing», пастаўленым у гэтым тэатры польскай рэжысёркай Катажынай Кальват паводле тэксту беларускага драматурга Мікіты Ільінчыка.

Імпульсам для напісання п’есы ў сваю чаргу стала кніга польскай рэпарцёркі Анэты Прымака-Онішк «Камяні мусілі паляцець. Сцёртае мінулае Падляшша» — спроба вяртання забытай і замоўчанай гісторыі Беласточчыны. Аўтарка апісала трагічныя пасляваенныя падзеі на Беласточчыне, які адбываліся тут з беларускай праваслаўнай меншасцю.

Польскае антыкамуністычнае падполле распраўлялася з людзьмі, якіх падазравалі ў спрыянні камуністам, а таксама запалохвала беларусаў з мэтай змусіць іх выехаць у БССР. Для аўтаркі гэта ў значнай ступені — сямейная гісторыя. Дзед пісьменніцы быў забіты ў траўні 1945 года ў сваёй вёсцы на Сакольшчыне. «Страх гучаў ва ўсіх успамінах», — згадвала Анэта Прымака-Онішк пра падрыхтоўку кнігі ў адным з інтэрв’ю.

«Un-packing: lakuny pamiaci»
Фрагмент экспазіцыі выставы. У цэнтры — відэа Агнешкі Польскай. Фота: Ягор Пяскоўскі

«Звычайна выстава, прысвечаная нейкай тэатральнай пастаноўцы, становіцца ілюстрацыяй ці паказам рэквізіту спектаклю, аднак тут я зрабіла самастойнае куратарскае выказванне, — расказвае куратарка выставы Вольга Мжэльская. — Сабрала беларускіх і польскіх мастакоў, у тым ліку тых, што жывуць на Падляшшы, і стварыла пятлю часу — ад трагічных падзей пасля Другой сусветнай вайны да нашай неспакойнай сучаснасці».

Гісторыі паваеннага гвалту супраць беларускага насельніцтва Падляшша пераплятаюцца ў працах мастакоў выставы з сённяшнімі палітычнымі крызісамі і рэпрэсіямі ў Беларусі і шырэй — з калектыўным досведам выгнання, выдалення і ўразлівасці.

«Un-packing: lakuny pamiaci»
Злева: жывапіс Аляксандры Чарняўскай «Забiццё Стэфана», справа: відэа Антаніны Слабодчыкавай «Яно тут». Фота: Ягор Пяскоўскі

Непасрэдна гісторыі Падляшша прысвечана карціна Аляксандры Чарняўскай «Забіццё Стэфана». Гісторыя Аляксандры — тыповая для гэтага рэгіёна. У пасляваенныя гады, калі беларусы змянялі веру і мову, іх пераслед спыняўся. Таму нашчадкі часта не ведаюць пра тое, што яны беларусы.

Аляксандра Чарняўская даведалася пра гісторыю сваёй сям’і з аповедаў дзеда, які захварэў на дэменцыю і пачаў расказваць прыхаваныя ў гэтай сям’і гісторыі з далёкага мінулага. У паваенныя гады быў выпадкова застрэлены ягоны старэйшы брат, пра гэта мастачка і апавядае ў сваёй жывапіснай працы. Яе манера пісьма нагадвае кінематаграфічныя прыёмы, праз іх аўтарка і перадае траўматычную сустрэчу з памяццю.

«Un-packing: lakuny pamiaci»
Творы Рафала Буйноўскага. Фота: Ягор Пяскоўскі

Польскі мастак Рафал Буйноўскі свае працы «Пажар» і «Сяляне» выканаў у тэхніцы піраграфіі — з дапамогай выпальвання малюнка на дрэве разагрэтым інструментам. Гэты метад дазваляе ствараць выразныя, тэкстураваныя выявы, якія балансуюць на мяжы рэалістычных і абстрактных. Фактура спаленага дрэва стварае адчуванне непакою, які адгукаецца ў відэа Антаніны Слабодчыкавай «Яно тут», дзе пасярод беларускага ландшафту гарыць інсталяцыя са штучных чорных кветак, якая фармуе словы «Яно тут». Цішыня і спакой прыроды падкрэсліваюць стабільнасць і непарушнасць, кантрастуючы з нябачнай пагрозай, якая вагаецца ў паветры.

У зацыкленым відэа польскай аўтаркі Агнешкі Польскай «Leisure Time of the Firearm» напружанне ўзнікае ў амаль няўлоўнай прасторы паміж немігаючым, загіпнатызаваным позіркам і накіраваным у яго ствалом пісталета. Зрэнка і дула адлюстроўваюць адно аднаго, ствараючы эфект неразрыўнай магнітнай сувязі — нібыта ўразлівая паверхня рагавіцы і зброя звязаныя ўзаемным прыцягненнем, дзе страх і пагроза вагаюцца, узмацняючыся і слабеючы. Адначасова рэха па паверхні выявы дзейнічае на гледача як медытатыўны рытм, у якім лёгка забыцца пра сітуацыю гвалту, глядач нібы супакойваецца, а гвалт становіцца нормай паўсядзённасці.

«Un-packing: lakuny pamiaci»
Справа: Сяргей Шабохін. Čornaja žoŭć / μέλασ χολη. 2012–2013. Злева — інсталяцыя Ташы Кацубы. Фота: Ягор Пяскоўскі

Інсталяцыя Сяргея Шабохіна «Čornaja žoŭć» складаецца з дзвюх кніжных паліц з аб’ектамі і выявамі. Падобныя з выгляду паліцы адрозніваюцца дэталямі, што падкрэслівае зацыкленасць гісторыі і паўсядзённасць трагедый. Асобны элемент — «Чорная жоўць: дзесяць тамоў беларускай літаратуры», шэрыя драўляныя пустыя скрыні-кнігі з надпісамі на лацініцы, якія ўтвараюць своеасаблівую паэзію меланхоліі.

Праца прысвечана беларускай меланхоліі і траўматычнаму досведу краіны: ад вайны і рэпрэсій да масавай эміграцыі. «Чорная жоўць» — літаральны пераклад слова меланхолія з грэцкай, што становіцца метафарай нацыянальнай дэпрэсіі і разгубленасці.

Польскі мастак Янэк Сімон працуе на мяжы мастацтва, тэхналогій і геапалітыкі, спалучаючы архіўныя і палявыя даследаванні з крытыкай культурных стэрэатыпаў. Яго цікавіць, як «іншасць» канструюецца ў калектыўным уяўленні — не толькі глабальным, але і польскім, дзе памяць і геаграфія пераплятаюцца з фантазмамі пра «чужога».

Серыя «Чалавек з сабачай галавой», створаная на хатнім 3D-прынтары і натхнёная апісаннямі экзатычных чужакоў у Марка Пола, балансуе паміж татэмам і сувенірам. Гэтыя фігуры становяцца метафарамі міфалогій іншасці — праекцый, якія, шматкроць паўтараючыся, ператвараюцца ў «гістарычную праўду». У кантэксце выставы яны адсылаюць да досведу памежжа, дзе калектыўная памяць такая ж уразлівая перад механізмамі выціскання і фабрыкацыі.

«Un-packing: lakuny pamiaci»
Аляксандр Адамаў. RIZA. Харчовая фольга, алюміній. 2024. Фота: Ягор Пяскоўскі

Аляксандр Адамаў у сваёй творчасці даследуе перасячэнне цялеснай уразлівасці і палітычнага кантролю. Аб’ект «RIZA» адсылае да савецкага часу, калі рэлігія, у тым ліку каталіцкая і праваслаўная, была пад забаронай, і вернікі стваралі абразы з падручных матэрыялаў — газет (з прапагандай атэізму) і харчовай фольгі. Прадстаўленая без абраза рыза задае пытанне пра святасць і пра тое, што насамрэч важнае для веры.

«Un-packing: lakuny pamiaci»
Злева: «Памылка. Узоры неабходнасці» Аляксея Лунёва. Справа «Чалавек з сабачай галавой» Янэка Сімона. Фота: Ягор Пяскоўскі

У працы «Памылка. Узоры неабходнасці» Аляксей Лунёў даследуе межы асабістага і палітычнага, патрэбу і немагчымасць адаптацыі, а таксама ўнутраныя памылкі, якія адначасова ператвараюцца ва ўзоры і арнаменты індывідуальнага досведу.

«Un-packing: lakuny pamiaci»
Леся Пчолка. З серыі «Цяжэй за паветра». Друк на шоўку. 2019-2025. Фота: Ягор Пяскоўскі

Праект Лесі Пчолка «Цяжэй за паветра» стаў вынікам серыі экспедыцый мастачкі па памежных рэгіёнах Беларусі, Украіны і Польшчы, тут межы пастаянна змяняліся, а мясціны ўваходзілі ў склад розных дзяржаў. Інсталяцыя ўяўляе сабой калаж з фатаграфій жаночых надмагільных медальёнаў, надрукаваных на шоўку. Праз гэты тонкі, але трывалы матэрыял мастачка спрабуе захаваць памяць пра гэтых жанчын.

«Un-packing: lakuny pamiaci»
Яна Шостак. Партытура хвіліны крыку. Фота: Ягор Пяскоўскі

Адмыслова для выставы беларуская палітычная мастачка Яна Шостак стварыла партытуру «Хвіліна крыку» — як візуальны працяг аднайменнага перформансу 2020 года. Крык адлюстроўвае галасы ўсіх, чые правы сістэмна ігнаруюцца, і становіцца метафарай палітычнага і сацыяльнага гвалту. Цікава, што надпіс можна ўбачыць, калі пакідаеш выставу.

Калі адшукаць галоўны матыў выставы, то гэта, безумоўна, распакоўка траўмы, але таксама тут відавочныя артыстычныя жэсты, скіраваныя супраць механізмаў выдалення памяці, якія актыўна прадукуюцца ў пераломныя часы разнастайнымі рэпрэсіўнымі структурамі.