Пайшла з жыцця балерына Людміла Бржазоўская

06.12.2023 Тэатр

Балерыне, народнай артысцы Беларусі Людміле Бржазоўскай было 77 гадоў. Аб яе смерці паведаміў калектыў Вялікага тэатра Беларусі.



Людміла Бржозовская. Крыніца: gorodw.by

Людміла Бржазоўская нарадзілася 4 чэрвеня 1946 у Мінску. Яе бацька, Генрых Бржазоўскі, быў мастаком-жывапісцам. Людміла скончыла Беларускае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча і ў 1966 годзе пачала працаваць у Дзяржаўным тэатры оперы і балета ў Мінску.

«Самая першая Кармэн, Ева, Неле, Фрыгія, Маша, каханая ў пастаноўцы Валянціна Елізар'ева «Кармэн-сюіта», «Стварэнне свету», «Тыль Уленшпігель», «Спартак», «Шчаўкунок», «Карміна Бурана». Ёй апладзіравала публіка практычна ўсяго свету, яе талентам захапляліся, яе абагаўлялі…», – узгадваюць яе калегі.

Званне народнай артысткі Беларусі Людміла Бржазоўская атрымала, калі ёй было 29 гадоў. 

«Ёй захапляўся знакаміты італьянскі рэжысёр Франка Дзефірэлі. Яна стажыравалася ў Пецярбургу ў вучаніцы Ваганавай – Наталлі Дудзінскай. Яе вельмі часта параўноўвалі з галівудскай зоркай Одры Хепберн».