Скончыў працу «Восеньскі салон» — калектыўная выстава-продаж беларускіх мастакоў. Салонам па-ранейшаму апякуецца апальны «Белгазпрамбанк». Сёлета на выставе прадставілі 430 работ 246 аўтараў, піша sn-plus.com.
Як і «Арт-Мінск», салон цяжка назваць выставай мастацкіх адкрыццяў: гэта свайго роду «салянка», дзе работы моцна розняцца па тэхнічным узроўні, моцы ідэйнага зараду і актуальнасці. Тут можна ўбачыць як халтуру (напрыклад, фота жанчыны ў масцы плэйбойнага труса), так і выбітныя творы (карціны Алякандра Даманава). Кошты праляглі ў дыяпазоне ад 150 рублёў за цыянатыпію да 37 895 рублёў за «Сунічнае лета» Алесі Скарабагатай.
Але мы не станем засяроджваць увагу на правальных момантах — раскажам пра дзясятак работ, за якіх не шкада аддаць 12 рублёў на квіток. Работы актуальныя, тонкія, запамінальныя.
Аляксандр Даманаў — майстар містычнага партрэта і іранічнага нацюрморта. Сёлета ён прадставіў абедзве катэгорыі. Жаночыя партрэты ў выкананні Даманава пазбаўленыя пошласці і кічу, якія, на жаль, не рэдкасць на «Арт-Мінску» і салоне. Жанчына ў Даманава — глыбокая асоба. Кранальная пастава ног, празрыстасць скуры, натуральная складкі і выгіны — яго партрэты заварожваюць.
Работы Даманава нязменна драматычныя: кантраст светлага цела і цёмнага фону, дынамічная поза, нечаканыя спалучэнні прадметаў у нацюрморце і іронія, якая чытаецца ў гэтых спалучэннях.
«Белы трус» — яркі прыклад. У крафтавую паперу загорнуты вільготны трупік труса. Ружовыя цягліцы пабліскваюць, шакуюць аголенай праўдай жыцця, у якім безабароннай жывёле наканавана быць забітай. Можна прачытаць нацюрморт саркастычна: чароўны белы трусік, за якім у пошуку цудаў спяшае Аліса, скончыць жыццё на стале мясніка.
Каштуе нацюрморт 9 800 беларускіх рублёў.
Андрэй Пічушкін запомніўся на апошнім «Арт-Мінску» партрэтам дзеда ў кіслотных колерах, дзе добрыя вочы кантраставалі са свіной галавой на каленях.
Мастак працягвае працу ў правакатыўнай манеры. Вылучым «20th Century Boy» — безнадзейны партрэт часу. Маладзён у спартовым і нацягнутай на вочы кепцы абыякава глядзіць на постсавецкі свет з яго хрушчоўкамі, жабрацтвам і хамствам. «И чё?» — крэда юнака; задушлівая атмасфера забівае цікаўнасць, чуйнасць, чалавечыя якасці, якія робяць жыццё выносным. Пастава юнака і прапорцыі карціны наводзяць на думку, што герой адасабляе сябе ад рэальнасці, узвышаецца над ёю, але «І чо?» не дазваляе вырвацца з карціны свету.
Вайна, рэпрэсіі, неадукаванасць, хамства — на ўсё адзін адказ. «І чо?» — вырак эпохі.
Кошт працы — 2 450 беларускіх рублёў.
Калі вы знаёмыя з работамі Эндру Ўайета, можаце лічыць, што знаёмыя з беларускай мастачкай Мельнік-Малахавай (яе карцінай «Atropos» мы праілюстравалі гэты матэрыял). Пранізлівае адчуванне жыцця, няўлоўнае святло, прадметнасць, у якой чытаецца любоў да чалавека і яго рэчаў, — усё гэта характэрна і для амерыканскага майстра, і для нашай мастачкі.
Фармальна ейныя работы абазначылі як нацюрморты у рэалістычным жанры з побытавым сюжэтам. Але больш слушна сказаць, што гэта містычныя партрэты рэчаіснасці, сімвалізм, які выкарыстоўвае раэлістычную манеру пісьма як інструмент, а не мэту.
Кожная з работ каштуе 8 441 рубель.
Пазнавальны пейзаж: абсечаныя канечнасці дрэў, ператвораных у пудзілы. Як макбетаўскі лес, яны пашыхтаваліся на мяжы зімы і надзеі на адлігу. Якраз выбар сімвала — скалечанае беларускім камунальнікам дрэва — наводзіць на інтэрпрэтацыю работы ў «грамадскім» рэчышчы. У такім стане знаходзяцца беларусы: жывыя памкненні, надзеі і планы панішчаныя, абсечаныя як лішняе, як штосьці, што муляе Галоўнаму Камунальшчыку. Трывожнасць узмацняюць адценні жоўтага.
Карціна Камышнікавай адначасова выклікае непрыязнасць і прыцягвае. Увогуле, кантраст — вызначальная характарыстыка работ, якія на сёлетнім салоне аказаліся самымі моцнымі. Падвышаная драматычнасць часу, вастрыня падзей адбіліся ў работах мастакоў.
Прадаецца трывожны пейзаж за 25 350 рублёў.
Работы Kate Shi належаць да канцэптуальнага мастацтва. Ідэя — паказаць маштаб экалагічных праблем. Па сутнасці, гэта інфаграфіка, для ўвасаблення якой выкарысталі акрыл і палатно.
«61 — 4 — 35» адлюстроўвае суадносіны колькасці млекакормячых на Зямлі, дзе большасць — 61% — гэта скот, якім апякуецца чалавек (то бок, наша ежа), 35 % займаюць самі людзі, а на рэшту 4% прыходзяцца ўсе астатнія, «ад мышэй да кітоў». Той жа падыход выкарыстаны ў работах «576» і «70 — 30». 576 — колькасць ліній на палатне і колькасць гадзін, неабходных пчале, каб вырабіць лыжку мёду.
Другая работа дэманструе, наколькі важныя пчолы: 70% раслінных культур маюць патрэбу ў апыленні імі, і гэтыя культуры складаюць 90% харчавання чалавека.
Кошт серыі складае 5 180 рублёў (работы можна набыць паасобна).
Жаночыя партрэты Ірыны Котавай выглядаюць адчайна. Позы наводзяць на думку пра Тулуза-Латрэка, колеры, іх насычанасць і інтэнсіўнасць — пра Суціна.
Той рэдкі выпадак, калі работы мацнейшыя за апісанне. Трагічныя і гіпнатычныя партрэты выглядаюць глыбей і прачытваюцца цікавей за канцэпцыю, якая прадстаўляе іх у межах адной інсталяцыі: «Мастачка Ірына Котава працуе з тэмай трансфармацыі асобы і пераадолення страху зменаў. Страх новага і невядомага прашыты ў нашых генах і з’яўляецца натуральным для нас. ... Мастачка шукае стваральныя спосабы зносінаў чалавека з самім сабой, як яму наважыцца выйсці на сцэну, праявіцца ў гэтым свеце».
Кошт інсталяцыі (на справе — трох паўнавартасных партрэтаў) 2 520 рублёў.
Шамот, глазура і дрот выкарыстаў мастак для стварэння змрочнай, быццам адсечанай ад трупа каранаванай галавы. Чорныя плямы, цяжкія павекі, абхопленая кашчавымі пальцамі карона і крывавыя (ці гнойныя) падцёкі пад ёю — усё кажа сутнасць улады. Чалавек і ўлада, цана, якую трэба за яе заплаціць, змены, якія яна цягне за сабой, атручваючы ўладальніка, — тэма неабдымная. І актуальная.
Кошт улады — 2 240 рублёў.
Чорныя ваўкі на белым снезе вось-вось счэпяцца ў бойцы — пра гэта сведчаць паставы і ашчэраныя пашчы. Глядзіш на лінарыт Шчарбаковай — чуеш ляскат іклаў. Ёсць у гэтай працы штосьці ад першабытнага мастацтва, з яго мінімалістычнымі формамі і бездакорна дакладнымі рысамі. Застыглая карціна жыве, транслюе гледачу лютасць. Акурат з 2020 года, у якім створаны лінарыт, градус лютасці ў грамадстве расце. Нават складана сказаць, калі менавіта ён зашкаліў, перасягнуўшы межы вымяральнага.
Каштуе работа Шчарбаковай усяго 278 рублёў.
Трывожная, мулкая, непрыемная работа немінуча прыцягвае ўвагу. Як і «Лютасць» Шчарбаковай, і «Чаканне вясны» Камышнікавай, яна патрапляе ў гледача актуальнасцю.
Калі ў Шчарбаковай спрацавалі формы і кантраст, у Камышнікавай — выбар сімвала і колер, то ў Коўзусь — незвычайны ракурс і поза натуры. Худы прыгорблены мужчына абхапіў твар рукой, але ўсё адно пазірае на свет, не ў змозе адвесці вочы ад прадмета свайго страху. Запалыя грудзі, тонкія ногі і рукі — усё падкрэслівае змучанасць чалавека, цяжар, які на яго цісне. Стан, на жаль, многім знаёмы.
Кошт карціны — 1 230 рублёў.
І ў працяг тэмы — работа Вікторыі Старавойтавай: на чорнае дрэва караскаецца чалавек. Колеры — змрочныя, пастава — цяжкая, усё разам пакідае гнятлівае ўражанне. Ты адчуваеш, як гэта няпроста — ускараскацца, падняцца, дасягнуць мэты.
Палатно можна назваць інтэрпрэтацыяй міфа пра Сізіфа, толькі замест каменя, які чалавек пхае, — ён сам. Герой на пачатку свайго шляху, але чамусьці разумееш, што мэты яму не дасягнуць. Аголенасць падкрэслівае неабароненасць чалавека, уражлівасць. Вецер, холад, вострыя галіны — усё супраць. Але чалавек караскаецца.
Кошт карціны 1 400 рублёў.
P.S. Наастачу — карціна-жарт, не менш актуальная за папярэднія работы. «Рэлакацыя» Наталлі Неўмяржыцкай паказвае ідылічны спакой беларускай вёскі, які парушыў НЛА: ён скрадае цэлы дом, верагодна, разам з заспанымі жыхарамі. Так, відаць, і адчувае сябе гвалтоўна-раптоўны беларускі эмігрант: скрадзеным з роднай вуліцы ў невядомасць.