«На вуліцах пазнаём адзін аднаго па мове». Як беларусы стварылі сваю арганізацыю ў Варшаве і рабілі вечарынкі — яшчэ 90 гадоў таму

25.10.2025 Гісторыя

«Агонь, які прытухае, трэба гасіць, а не распальваць», — так варшаўскі чыноўнік паставіўся да ідэі беларусаў стварыць у польскай сталіцы сваю нацыянальную арганізацыю. Ініцыятарам адмовілі. Але яны паспрабавалі зноў — і сталі збіраць на мерапрыемствы сотні ахвотных. Было гэта амаль 90 гадоў таму. MOST прасачыў, як тады адбывалася фарміраванне дыяспары, чым яна займалася і адкуль атрымлівала грошы.

bielarusy-varszavy.pngВаршава 1930-х. Фота: Генрык Паддэмбскі / Polona.pl. Артыкул з газеты Chryścijanskaja Dumka, № 11/1939. Калаж: MOST

Паміж Першай і Другой Сусветнымі войнамі, калі Заходняя Беларусь была ў складзе Польшчы, у польскай дзяржаве было каля 2,5 млн беларусаў. Многія з іх перабіраліся ў сталіцу, каб атрымаць адукацыю або знайсці працу.

«На вуліцах Варшавы часта можна пачуць беларускую мову. Сярод натоўпу людзей, праходзячых па тратуарах, мы, беларусы, пазнаём адзін другога якраз па мове. Вельмі скора пры гэтым завязваецца знаёмства і паўстае шчырая прыязнь», — пісаў адзін з беларусаў у часопісе «Беларускі Летапіс» у 1937 годзе.

Як былы палітвязень праявіў ініцыятыву 

Не дзіва, што ў асяроддзі варшаўскіх беларусаў паўстала думка пра стварэнне сваёй арганізацыі. За гэтую справу ўзяўся адзін з беларусаў — Пятро Ластаўка, які ў 1931 годзе прыехаў у Варшаву з вёскі Жукі Дольныя — гэта ў Дзісенскім павеце які быў самым усходнім паветам міжваеннай Польскай Рэспублікі. Цяпер вёска адносіцца да Шаркаўшчынскага раёна.

Пятро Ластаўка з падлеткавых гадоў быў свядомым беларусам. У маладосці супрацоўнічаў з левымі арганізацыямі: нелегальнай Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі і радыкальнай Беларускай сялянска-работніцкай грамадой. Па падазрэнні ў антыдзяржаўнай дзейнасці трапіў у віленскую турму «Лукішкі», аднак суд яго апраўдаў.

bielarusy-varszavy-2.pngПятро Ластаўка, Сяргей Паўловіч, Мікола Дварэцкі Пятро Ластаўка, Сяргей Паўловіч, Мікола Дварэцкі. Фота зробленае ў майстэрні Ursus на плошчы Трох Крыжоў у Варшаве. 1936 год. 

Пасля турмы Пятро Ластаўка адслужыў у польскім войску. У роднай вёсцы ён не меў перспектыў: зямлі ў сям’і Ластавак было мала. Пераехаўшы ў Варшаву, Пятро спачатку быў беспрацоўны. Займаўся самаадукацыяй, змог уладкавацца бібліятэкарам у Вышэйшай Музычнай Школе. Узяўся за літаратуру — апублікаваў на польскай мове некалькі апавяданняў з выразным антыкамуністычным пасылам. Пад канец 1930-х крыху пісаў і па-беларуску.

У 1935 годзе Ластаўка ўзяўся за стварэнне беларускай арганізацыі. Вяртаючыся з адпачынку ў роднай вёсцы, ён зайшоў у Вільні ў рэдакцыю часопіса «Шлях моладзі». Там узяў адрасы беларусаў, якія жылі ў Варшаве. Найбольш яму прыдаўся кантакт адваката Адама Бычкоўскага, які паходзіў з фальварка Малыя Талочкі, што каля Кузніцы на сучаснай польска-беларускай мяжы. Бычкоўскі яшчэ ў 1909 годзе належаў да беларускага гуртка ў Гродзенскай гімназіі.

«Агонь трэба гасіць» 

Адвакацкае бюро Адама Бычкоўскага знаходзілася ў Варшаве на вуліцы Длугай. Бычкоўскі прыняў Ластаўку без чаргі, выслухаў і пагадзіўся дапамагчы аформіць дакументы для рэгістрацыі. Неўзабаве пасля гэтага статут «Беларускага культурнага таварыства ў Варшаве» быў прадстаўлены гарадскім уладам. Каб арганізацыя выглядала больш салідна, у лік заснавальнікаў запісалі кампазітараў і прафесараў музыкі Браніслава Руткоўскага і Станіслава Казуру.

Але ўлады адмовілі ў рэгістрацыі, спаслаўшыся на «малую колькасць беларусаў у Варшаве». Бычкоўскі стаў абскарджваць адмову ў Міністэрстве ўнутраных спраў. Адтуль, пасля доўгага чакання, таксама прыйшоў адмоўны адказ. Польская дзяржава ў апошнія гады перад Другой Сусветнай вайной не спрыяла нацыянальным меншасцям. Чыноўнік, адказны за справы меншасцяў, так і сказаў: «Агонь, які прытухае, трэба гасіць, а не распальваць». Пад словам «агонь» ён меў на ўвазе беларускі нацыянальны рух.

Тым часам беларускія актывісты шукалі аднадумцаў у Варшаве.

«Арганізатары на вуліцах, у трамваях, парках і іншых публічных месцах прыслухоўваліся мовам і калі чулі гутарку з беларускім акцэнтам — падыходзілі, навязвалі сувязь і запісвалі адрас», — успамінаў Пятро Ластаўка.

bielarusy-varszavy-3.pngНефармальная сустрэча беларускіх актывістаў пасля вечарыны ў Варшаве. Фота: газета «Беларус» 

Аншлаг на першым мерапрыемстве 

Дзейнасць пачалася без фармальнага заснавання арганізацыі. Студэнты стварылі хор — рэпетыцыі праводзілі ў памяшканні Украінскага студэнцкага саюза на Старым Месце. Рыхтавалі вялікае мерапрыемства: 6 лютага 1937 года ў зале імя Мечыслава Карловіча ў варшаўскай філармоніі прайшла «Беларуская канцэрт-вечарынка».

Канцэрт пачала вельмі здольная студэнтка кансерваторыі Яўгенія Чарняўская-Орса, якая паходзіла з Наваградчыны. Яна праспявала рамансы на вершы Канстанцыі Буйло і Янкі Купалы. Спачатку сола — а потым дуэтам са студэнтам кансерваторыі А. Панько. Да таго Яўгенія шмат разоў спявала на ўкраінскіх мерапрыемствах, але пры першай нагодзе выступіла для беларусаў.

ist-11_result.jpg
Беларуская спявачка Яўгенія Чарняўская-Орса. Фота: «Шлях Моладзі», № 8/1938 

Потым хор пад кіраўніцтвам Панько выканаў некалькі народных спеваў. Адбыліся танцы, у тым ліку славутая Лявоніха. У перапынку прачытаў свае вершы паэт Галляш Леўчык — ён друкаваўся яшчэ ў першай «Нашай Ніве» ў 1906-1915 гадах, а ў міжваенны час жыў у Варшаве.

«Зацікаўленне беларускай канцэрт-вечарынай у Варшаве, як сярод беларусаў, закінутых туды лёсам, так украінцаў, а так-жа і сярод польскага грамадзянства было вялікае»,  пісаў часопіс «Шлях моладзі» (арыгінальная арфаграфія захаваная). У залу, разлічаную на 250 месцаў, прыйшло 400 чалавек, а яшчэ многія не змаглі набыць білеты.

Зарэгістравалі з другой спробы 

Адвакат Адам Бычкоўскі нечакана памёр 18 лістапада 1937 года, не дабіўшыся рэгістрацыі арганізацыі.

23 снежня беларусы зноў падалі дакументы, выкарыстаўшы спрошчаную працэдуру. 6 лютага 1938 года адбыўся першы сход Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве.

Старшынёй выбралі Язэпа Гапановіча — прадпрымальніка, які паходзіў з Будслава і быў саўладальнікам цагельні Helenów каля Валоміна. Намеснікам старшыні быў Мікалай Орса з Наваградчыны, сакратаром — Пятро Ластаўка, скарбнікам — Янка Гінько з Глыбоччыны. Гапановіч аплаціў за арэнду памяшкання ў цэнтры Варшавы на вуліцы Свентакшыскай.

ist-9_result-1153x1536.jpg
Варшава 1930-я Вул. Свентакшыская ў Варшаве. 1930-ыя. Фота: Wikimedia Commons 

Дзейнасць пачалі з вечарыны-балю, якая прайшла 26 лютага 1938 года і на якую зноў сабралася каля 400 чалавек. Пасля таго ў сядзібе на Свентакшыскай амаль кожную суботу адбываліся вечарынкі, падчас якіх спачатку чыталі лекцыі на агульна-асветныя і беларусазнаўчыя тэмы, а потым дэкламавалі вершы і танцавалі пад гармонік і цымбалы. За першы год дзейнасці таварыства правяло 29 такіх «вечарынак-суботнікаў».

Каб фінансаваць таварыства, кожны сябра арганізацыі абавязаўся плаціць складкі па 12 злотых у год. Гэта была значная сума: тыднёвы заробак варшаўскага рабочага складаў ад 20 да 40 злотых.

Таварыства прамавала беларускіх зорак 

24 мая 1938 года таварыства правяло ў Варшаўскай кансерваторыі канцэрт Міхала Забэйды-Суміцкага. Гэта быў найбольш славуты спявак Заходняй Беларусі, які ў 1930-я гады выступаў у Міланскай оперы і гастраляваў па Італіі. Вярнуўшыся ў Польшчу, працаваў у Познаньскай оперы і спяваў для Польскага радыё. Выязджаў з канцэртамі ў гарады Заходняй Беларусі, дзе заўсёды ўключаў у сваю праграму беларускія песні.

У першай частцы варшаўскага канцэрта Забэйда-Суміцкі выканаў арыі на творы сусветных і польскіх кампазітараў: Джуліа Качыні, Франца Шуберта, Пятра Чайкоўскага, Мікалая Зяленьскага, Станіслава Манюшкі. У другой — спяваў беларускія народныя песні.

«На агульнае дамаганне і бесканечныя воплескі Міхал Забэйда-Суміцкі мусіў аж пяць разоў выступаць на біс, пры гэтым Лявоніху „прымусілі“ паўтарыць аж два разы», — пісаў часопіс «Шлях моладзі». Беларусы ўручылі спеваку букет, перавязаны бел-чырвона-белай стужкай.

ist-6_result.jpg
Міхал Забэйда-Суміцкі. 1937 год. Фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe, сігнатура 3/1/0/11/9402

Яшчэ раней, у 1937 годзе, дзякуючы старанням Пятра Ластаўкі фірма Odeon выдала грамафонныя кружэлкі з беларускімі народнымі песнямі ў выкананні Забэйды-Суміцкага. Яны траплялі нават у далёкія куткі Заходняй Беларусі.

29 кастрычніка 1938 года беларускае таварыства запрасіла ў Варшаву зорку беларускай паэзіі — маладога паэта Максіма Танка. У залі пад бел-чырвона-белымі сцягамі і «Пагоняй» і надпісам «Ты мусіш змагацца, а ў змаганні і песні, і сонца, і долю здабыць» паслухаць Танка сабраліся каля 200 чалавек. Паэт выступіў з нарысам пра беларускую паэзію, а потым прачытаў свае вершы.

«Літаратурны беларускі вечар меў у сабе ўсе рысы агульнага свята шматлікай беларускай калёніі (дыяспары. — Заўв. MOST). Зала была запоўнена па берагі беларускім грамадзянствам, пераважна моладдзю, якая прабывае ў Варшаве на цяжкай працы. Былі так-жа госці з польскага літаратурнага свету, група студэнтаў-літоўцаў, былі і ўкраінцы», — пісаў карэспандэнт украінскай газеты «Діло» (арыгінальная арфаграфія захаваная).

Вайна спыніла існаванне арганізацыі 

У маі 1939 года таварыства арганізавала пастаянныя курсы беларусазнаўства. Нанова былі арганізаваныя хор і аматарскі тэатр. Пры таварыстве была беларуская бібліятэка.

Летам 1939 года ў Варшаву зноў запрасілі Максіма Танка. Калі Польская чыгунка прапанавала зніжкі, таварыства аплаціла паэту паездку з Вільні, дзе ён жыў, на мора, паставіўшы ўмову, каб на зваротным шляху ён правёў сустрэчу ў Варшаве. 2 ліпеня Танк выступіў у сядзібе беларускага таварыства. «Падарылі мне букет кветак і новы партфель, у якім я паабяцаў ім да наступнай сустрэчы прывезці новыя творы», — запісаў паэт у сваім дзённіку.

ist-4_result.jpg
Максім Танк. Фота: Беларускі Летапіс, № 2-3/1937 

Назаўтра Максім Танк выступіў у Саюзе польскіх літаратараў. Ён прачытаў свае вершы па-беларуску і ў перакладзе на польскую мову, а Янка Гінько дапоўніў выступ рэфератам па гісторыі беларускай літаратуры. Прысутны там старшыня польскага пісьменніцкага саюза Фердынанд Гётэль выказаў шкадаванне, што польскія пісьменнікі не пазнаёміліся з беларускай літаратурай. А польская газета Wiadomości Literackie назвала Танка «беларускім Ясеніным».

«Мне здаецца, што зараз у Польшчы адчуваюць сантымент да нашай мовы, культуры. Але ад гэтага да сапраўднай зацікаўленасці беларускім пытаннем — яшчэ вельмі і вельмі далёка», — запісаў Максім Танк.

Беларускія актывісты падзяліліся з Максімам Танкам планамі па выданні ў Варшаве сваёй газеты. Яны прапанавалі паэту быць яе літаратурным рэдактарам, паабяцалі дапамагчы з працай ў сталіцы. Танк паставіўся да прапановы скептычна: не паверыў, што беларусы здольныя фінансава ўтрымаць газету.

«Зараз Варшава мне здалася вельмі прыгожай, хоць нейкая трывога і адчувалася ў яе шумным і бурлівым жыцці», — запісаў Максім Танк.

1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу. У першыя дні вайны падчас бамбардзіровак згарэлі архіў і бібліятэка Асветнага таварыства беларусаў. Пятро Ластаўка выехаў са сталіцы і пасяліўся ў ваколіцах Бялай Падляскі. Да беларускай дзейнасці ён вярнуўся ў 1950-я гады.