Гурт Litvintroll запісаў выдатны альбом, які сьмела можна заносіць у галоўныя здабыткі нашага цяжкага року. “Чорная Панна” прысьвечаная памяці басіста гурта Алега Клімчанкі, які загінуў на сцэне падчас канцэрту незадоўга да выхаду праграмы.
Будзем шчырымі — першыя спробы ўдзельніка “Старога Ольсы” Андрэя Апановіча і кампаніі рабіць гэві-мэтал на нацыянальнай глебе былі вартыя жалю. Добрая палова іх дэбютнага альбому “Rock’n’Troll” (2009) была абсалютна прахадной і нецікавай. Здавалася, гурт пакажацца яшчэ пару разоў на якім “Басовішчы” і “Купальскім коле” ды згіне. Скепсіс зьнікае, як толькі ўключаеш іх другі студыйны альбом “Чорная пана” — плён трохгадовай працы музыкаў. У ім Litvintroll істотна перадумаў сваю музычную канцэпцыю ды спосаб яе падачы. Іх больш не хістае з боку ў бок, яны не злоўжываюць кавэрамі і навязьлівымі народнымі песьнямі. Іх кампазыцыі зрабіліся больш складанымі і прадуманымі, гучаньне—– чыстым і сакавітым, а да ўсяго зьявілася тое, што можна назваць вакалам. Гэтая праца выйшла на дзьве галавы вышэйшай за дэбютнік.
“Чорная Панна” зацягвае з першага ж трэку — выдатнага пралогу “Да сябра”, які настройвае на добры лад. Зрэшты, кожная з васьмі кампазыцый мае свой настрой, але пры гэтым усе яны ствараюць адно цэлае з завязкай, апагеем і фіналам (такога на “Rock’n’Troll” не было заўважана і блізка). Нават рэверанс у бок суседзяў — польская народная “Lipka” (клявішы і сола-гітара на вышыні!) ды шыкоўна аранжаваны інструмэнтал “Ad astra” тут глядзяцца дарэчы. Асабняком стаіць “тролінг” на гістарычную тэматыку “Kryzak” пра тое, як ліцьвіны атрымалі нечаканую дапамогу ў бітве з крыжакамі пад Грунвальдам. Цэнтральны трэк на альбоме — уласна “Чорная пана”, амаль сяміхвіліннае манумэнтальнае палатно, у аснову якога лягла гісторыя Барбары Радзівіл. Самы моцны момант — калі Апановіч бярэцца за запеў: “Сэрцам сваім у цябе закаханы…” Магчыма, кампазыцыя і вымагае большых вакальных здольнасьцяў, але на канцэртах салісту будзе падмогай слухацкі хор.
Гэты альбом сьмела можна заносіць у галоўныя здабыткі нашага цяжкага року. Ён з катэгорыі тых працаў, якія запісаныя на доўгае праслухоўваньне і зь цягам часу толькі набіраюць градус. Прытым ён здольны праняць і тых, хто ня лічыць сябе аматарам падобнай музыкі. Дарэчы, па саўнду ён вельмі блізкі да заканадаўцаў жанру — гурта Gods Tower. Дасягнуць такога гучаньня дарагога каштуе. Уласна кажучы, такім і мусіць быць сапраўдны рокавы альбом беларускага гурта — лютым і бязьлітасным, расьпеўным і мэлядычным, гераічным і містычным.
Litvintroll — Czornaja Panna, 2013
Паслухаць альбом можна на афіцыйнай старонцы гурта УКантакце
Ідэя: 8
Выкананьне: 9
Тэксты: 8
Запіс: 9
Аздабленьне: 9
Сяргей Будкін