Усе аператары мабільнай сувязі Беларусі выступілі з ініцыятывай падтрымаць медработнікаў, якія цяпер занятыя на барацьбе з COVID-19, і забяспечыць для іх магчымасць быць на сувязі і online без дадатковых выдаткаў для максімальна эфектыўнай камунікацыі, паведамляе «Звязда» са спасылкай на Міністэрства аховы здароўя.
Так, аператар life:) ўжо налічае усім медыцынскім работнікам Беларусі, абанентам любога тарыфнага плана life:), безлімітныя званкі ва ўсе сеткі і інтэрнэт-трафік, які не абмежаваны па хуткасці і яго можна раздаваць на іншыя прылады.
А1 прадаставіць безліміт сувязі і 500 бясплатных рабочых смартфонаў. Першыя смартфоны будуць перададзеныя ўжо сёння. Раней А1 зрабіў бясплатнымі званкі для жыхароў Беларусі на гарачыя лініі па пытаннях прафілактыкі інфекцыі COVID-19 і аказаў дабрачынную дапамогу Мінскай гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы.
МТС таксама плануе прадаставіць безлімітны інтэрнэт і 3000 хвілін ва ўсе сеткі краіны для медыкаў на карпаратыўных планах. Дадатковымі бонусамі можна будзе скарыстацца ў пачатку мая і да канца лета. Акрамя гэтага для патрэб медыкаў кампанія мае намер перадаць 100 планшэтаў.
Падрабязная інфармацыя аб умовах бонусных прапаноў на сайтах аператараў.
Міністэрства аховы здароўя выказвае падзяку ўсім мабільным аператарам за своечасовую дапамогу беларускай ахове здароўя. Такія ініцыятывы граюць важную ролю ва ўмовах барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй.
zviazda.by