Першая брэсцкая “Магічная мапа”. Журналістка Іна Хоміч расказвае пра бандыцкі раён, магію ўніверсітэцкіх калідораў ды трапічную Амазонку.
“Брэст Усходні” — гэта чыгуначная станцыя на ўездзе ў горад з мінскага напрамку. Сваю назву станцыя пазычыла прылеглай тэрыторыі, якая і з’яўляецца для мяне магічным месцам нумар адзін у Берасці. Маім першым гарадскім адрасам была вуліца Скрыпнікава, якая мусіла б мець назву Чыгуначнай, бо ідзе ўздоўж чыгункі: раней тут жылі пераважна чыгуначнікі.
Брэст Усходні ў часы майго юнацтва лічыўся даволі бандыцкім раёнам, але гэта, відаць, прыдумалі бацькі дзяўчат, каб тыя сядзелі дома. Мая маці і бацькі маёй сяброўкі Зіны, на шчасце, той легенды не ведалі, таму спакойна адпускалі нас штовечар на прагулкі. Мы з Зінай хадзілі ад канцавога прыпынку аўтобуса №3 да стадыёна “Лакаматыў”, і бясконца абмяркоўвалі хлопцаў, якія нам падабаліся. Усе яны, канечне ж, былі выключна з Брэста Усходняга.
Я даўно пераехала, і не адзін раз. Але калі бываю на Брэсце Усходнім, то проста не магу схаваць усмешкі ад прыпамінання розных недарэчных сітуацый. Іду і смяюся сабе, як ідыётка. У госці да Зіны не заходжу — яна таксама пераехала. Цікава, ці стала гэтае месца магічным для яе.
Нам казалі, што наш універсітэт нельга называць проста БрДУ, калі ён мае назву БрДУ імя Пушкіна. Але паколькі я вучылася на беларускім аддзяленні філфака, то пра Пушкіна маю права часам забывацца. Тут і беларускіх пісьменнікаў гаць гаці, каб яшчэ ўсіх замежных у галаве ўтрымаць.
Зрэшты, тыя самыя людзі казалі таксама, што будынак на Міцкевіча — гэта корпус №2 БрДУ, хоць мы яго так ніколі не называлі. Як для студэнтаў з выкладчыкамі, так і для іншых берасцейцаў гэта проста Стары корпус універсітэта. Стары, як я падазраю, ён не проста таму, што з’явіўся раней за безгустоўны галоўны корпус, а таму, што мае даўнейшую гісторыю. Пабудаваны ў пачатку 20-га стагоддзя як мужчынская гімназія, ён быў ваенным шпіталем, а па вайне зноў перайшоў у распараджэнне адукатараў.
Магічным у старым корпусе для мяне было тое, што я ніяк не магла цалкам уявіць яго архітэктуру і ўнутраны змест. Нават цяпер не магу. Мне здаецца, там кіпа патаемных пакояў і цёмнае скляпенне са скарбамі ў дадатак. Хоць пішы фэнтэзі і сялі туды герояў.
У Берасці ёсць шмат розных “Бугаў” — і гасцініца, і тэлеканал, і прадпрыемствы… Але да сапраўднага Буга — ракі — берасцейцу дабрацца даволі складана, бо яго ўзбярэжжа амаль усюды з’яўляецца памежнай тэрыторыяй. Хто наведвае крэпасць, можа пабачыць фрагмент Заходняга Буга там, я дык найчасцей назіраю за ракой з акна цягніка “Брэст-Тэрэспаль”. Гэта частка нашай памежнай магіі: пераехаў праз Буг — і ты ў вольнай Еўропе.
Але Буг магічны не толькі сваёй памежнасцю, але і прыроднай веліччу. Немагчымасць весці тут гаспадарку ператварыла раку ў прыродны запаведнік, праз што яна стала яшчэ больш прыцягальнай. Мне часта здаецца, што я гляджу не на еўрапейскую плынь, а на трапічную Амазонку, і рака падыгрывае маім фантазіям светла-карычневым колерам вады ды непрыбранымі з берага паваленымі дрэвамі. Шматзначны і шматгранны ён, украінска-беларуска-польскі Буг, таму чэрпаць з яго прыгаршчамі натхненне ды не вычарпаць.
Ілюстрацыі Андруся Такінданга
Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.
Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.org (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!
Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Інфармацыйны партнёр: