Магічная мапа Мінска ад Ганны Трубачовай

Журналіст Ганна Трубачова (Агенцтва «Таранціны і сыны» ) нарадзілася і амаль усё жыццё пражыла ў Мінску (за выключэннем пяці з лішнім гадоў, праведзеных у ЗША і падарожжах па свеце), і сёння яна расказала ў праекце «Магічная мапа» аб месцах беларускай сталіцы, якія асабліва каштоўныя пасля таго, як «траціну свету пабачыў».

 

Камсамольскае возера

Мне пашанцавала нарадзіцца ў цэнтры Мінска і пражыць да 20 гадоў на беразе Камсамольскага возера. Улетку мы настолькі часта бавілі час на пляжы, што часам маёй дзіцячай свядомасці здавалася, быццам мы жывем на курорце. І нічога, што амаль кожнае лета вакол вады стаялі шыльды аб забароне на купанне і лоўлю рыбы (у вадзе заўсёды прысутнічала нейкая няўлоўная палачка), людзі загаралі, плёскаліся і, вядома ж, лавілі рыбу… Дамба Камсамольскага возера асабліва прыварожвала: мужыкі віслі на мосце з раніцы да ночы, яны выцягвалі сеткамі малявак і скідалі іх на брук (паміраючы, маляўкі моцна смярдзелі); у бруях вялізнага, як здавалася, вадаспаду блыталіся багавінне і рознае папяровае смецце, вада бурліла, пенілася жоўтым колерам, збіраючыся метраў за дзвесце ад дамбы ў жывое цудоўнае балота з жабіным спевам і чаротам (сёння замест балота бетонна-шпацырная частка, што за гасцініцай «Беларусь»).

Возера пышна цвіло, з яго раз-пораз вылоўлівалі п’яных тапельцаў, на яго выспах «вадзіўся маньяк» і часцяком даносіліся весткі аб знойдзеных там трупах. І тым не менш, у выходныя было складана знайсці месца на пляжы (а загаралі тады ў асноўным на тым беразе, што насупраць выратавальнай станцыі): людзі прыносілі з дому рондалі з ежай і пераноснае радыё, гулялі ў бадмінтон і валейбол і разыходзіліся ўжо бліжэй да заходу сонца. Сёння Камсамольскае возера ўжо не настолькі самабытнае, як у маім дзяцінстве, і хутчэй нагадвае савецкі парк культуры і адпачынку, але адзін яго невялікі куток (паміж вуліцамі Нававіленскай і Арлоўскай) вельмі добры: усё такі ж таямнічы і жывы.

Верхні горад

Там былі дамы з прывідамі, як мы іх называлі. Першыя нясмелыя вылазкі ў гэтую закінутую яшчэ тады частку горада мы пачалі рабіць ужо ў дзесяцігадовым узросце, за што, дарэчы, моцна даставалася ад бацькоў. Але нас зноў і зноў цягнула забрацца скрозь забітыя вокны пустых і паўразбураных будынкаў. Кожны раз мы заходзілі ўсё далей і ўсё глыбей: трухлявыя дошкі падлог, раскіданыя ноты (старая музычная школа), кнігі, разадраныя матрацы, на якіх спалі вельмі дзіўныя людзі, а сустрэчы з імі наводзілі жах на нас. Там пахла кацінай і чалавечай мачой, сырасцю і цвіллю, мокрай тынкоўкай, прыгодамі і пакараннем з нагоды чарговага паходу ў дамы з прывідамі. Сёння Верхні горад гранічна рэспектабельны, а ў дамах з прывідамі прадаюць брыльянты і дарагую вопратку.

Старажоўскі рынак

У бітве за права стаць трэцяй славутасцю на маёй «Магічнай мапе» паў бульвар Шаўчэнкі, хоць ён сапраўды маляўнічы да гэтага часу: там усё гэтак жа сушаць бялізну на дваровых перакладзінах, прадаюць венікі перад лазняй, усё гэтак жа пахне клеем каля абутковай майстэрні і ўсё гэтак жа няма ніводнай вольнай лавачкі: усюды п’юць жудаснага выгляду п’янчугі.

Раскажу пра месца, якога ўжо няма на карце Мінска, і замест яго сёння мемарыяльны комплекс ахвярам Першай сусветнай вайны. Гадоў дваццаць пяць таму паміж вуліцамі Чарвякова і Старавіленскім трактам закрыўся Старажоўскі рынак. Зачаравальнае месца, паход куды расцэньваўся як наведванне заапарка, а пазней — як паўнавартасныя прыгоды і першыя антрапалагічныя даследаванні. На рынку прадавалася любая жыўнасць: шчаняткі, коцікі, трусяняты, рыбкі, птушкі, свінні, куры і нават незразумела каму патрэбныя кучы апарышаў і іншых чарвякоў. Гандлявалі там таксама рознай драбязой, якая потым перавандравала ў Ждановічы і была ахрышчаная «Полем цудаў» — можна ўявіць, якія персанажы стаялі перад сваім раскладзеным на зямлі скарбам — ад капронавых накрывак да раскрытых скрыначак з зубным парашком. У далёкім куце рынку быў нарыхтоўчы пункт, вакол якога канцэнтраваліся рознага выгляду грамадзяне: металалом, макулатуру і ўсякае рыззё прыносілі не толькі бяздомныя і п’янчугі, але і сумленныя савецкія працаўнікі. Барахло магло быць абмененае на новыя кніжныя выданні. За пунктам прыёму «ўсяго на свеце» быў хлеў, у якім час ад часу трымалі бяздомных жывёл: прагульваючы школу, мы з аднакласніцай спрабавалі змагацца за правы сабак і катоў бесперашкодна гуляць па вуліцах, але грозны вартаўнік, пагутарыўшы з намі, прымусіў нас адмовіцца ад сваіх дабратворных мэтаў.

Спачатку знеслі гандлёвыя рады, пасля знік пункт прыёму макулатуры, засталася пустка, на якой пазней бацька вучыў мяне паркавацца. Сёння, гледзячы на ​​невялікую тэрыторыю мемарыяльнага комплексу, з цяжкасцю верыш, што калісьці тут ішоў бойкі гандаль: калі ты трапляў ўнутр Старажоўскага рынку, здавалася, што ён такі ж велізарны, як свет кніг Толкіна. І цяпер, калі шмат кажуць пра тое, што збіраюцца знесці і забудаваць таксама дарагую мне Асмалоўку з вечным пахам піва, я сур’ёзна перажываю: знішчыць, зруйнаваць, вядома, проста, і праз дваццаць гадоў ужо мала хто ўспомніць, а каб захаваць гісторыю, памножыць яе, патрэбныя ініцыятывы, адказнасць, рашучасць… Наколькі вам дарагі гэты горад?

 

Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў —  стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі.  Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.

Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце  на адрас кампаніі  razam@budzma.org (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і  патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!

Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»

 

Інфармацыйны партнёр: