Што мы ведаем пра Макара Краўцова, аўтара гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»? Чаму ён варагаваў з Луцкевічам? Навошта насамрэч яму былі шматлікія псеўданімы? Чаму сям’я жыла ў галечы?..
На гэтыя ды іншыя пытанні дае адказы зборнік «Макар Краўцоў (Касцевіч)», які выйшаў пад рэдакцыяй Лявона Юрэвіча ў выдавецтве «Кнігазбор» у серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны». Кніга больш як на 200 старонак сёння з’яўляецца самым поўным апісаннем не толькі жыццёвага шляху галоўнага героя, але таксама змяшчае яго вершы, успаміны, літаратурную крытыку.
Пагартаем старонкі зборніка, каб бліжэй пазнаёміцца з Краўцовым — авантурыстам, рамантыкам і патрыётам сваёй краіны.
Касцевіч ці Краўцоў?
Сапраўднае імя нашага героя — Макар Касцевіч. Яго сям’я паходзіла з Берштаў каля Гродна. Псеўданім «Краўцоў» з’явіўся праз прафесію ягоных продкаў — краўцоў. Літаратуразнаўцы спрачаюцца як пісаць правільна: «Краўцоў Макар» ці «Макар Краўцоў»? Сам аўтар выкарыстоўваў першы варыянт, дзе «Краўцоў» мае адказваць на пытанне «чый?».
Былі і іншыя псеўданімы: Макар, Язэп Светазар, Дзын-Дзылін, Звончык, Picolo, Smreczyński. Здаецца, звычайная практыка таго часу, дзе Ластоўскі быў «Властам», Яўген Скурко — «Максімам Танкам» ці «Гранітам». Насамрэч праз канфлікты з «беларускай тусоўкай» Вільні 1920–1930-х Касцевіч проста быў змушаны карыстацца псеўданімамі, каб не адмовілі ў друку.
«Я под видом мягких лайковых перчаток...»
У зборніку ёсць успаміны Краўцова пра 1-ы Усебеларускі з’езд у снежні 1917-га: жывыя, трывожныя, хоць ты ўкладай у кінасцэнар! «Адразу кінулася ў вочы зусім слабая арганізацыя гэткага вялікага народнага веча. Ня было ніякай рэальнай збройнай сілы, якая давала б гарантыю таго, што Зьезд магчыме давясьці сваю работу да канца», — піша Краўцоў, які прыехаў на з’езд акурат з фронту.
Шмат яскравых апісанняў. Як Рак-Міхайлоўскі падчас прамовы спрабаваў гаварыць па-беларуску, але ўрэшце ўсё ж збіўся на расійскую. З магілёўскай дэлегацыі, як выявілася, мовай наогул ніхто не валодаў. Жанчын на з’ездзе было ўсяго некалькі: паводле Краўцова, яны глядзеліся «сіратліва».
Краўцоў весела піша пра бальшавікоў на з’ездзе. Камісар Рэзаўскі спрабаваў зняць бел-чырвона-белы сцяг, які вісеў ля трыбуны, але яго вынеслі з залы «два здаравяцкія матросы». Бальшавікі на з’ездзе былі п’яныя. Начальнік гарнізона Крывашэін, напрыклад, выступіў з такой прамовай: «Я под видом мягких лайковых перчаток, под видом мягкой пуховой постели...»
«Дэлегаты барыкадаю адгароджваючы Прэзыдыум»
Пасля было не да смеху. Няпраўда, што бальшавікі распусцілі з’езд з маўклівай згоды ўдзельнікаў. Краўцоў піша: «...узброеныя салдаты Рамнёва, разыходзячыся направа i налева, стараюцца ахапіць Зьезд. Дэлегаты спраціўляюцца, настаўляючы грудзі, іншыя пасярэдзіне грымяць крэсламі, барыкадаю адгароджваючы Прэзыдыум.
Калёнаю ў два рады салдаты ўціскаюцца ў сярэдзіну Зьезду. Дайшоўшы да барыкадаў, Рамнёў вымае з похвы рэвальвэр, паднімае ўгару i колькі разоў націскае цынгель... Усё бачанае апісаць немагчыма... Зьезд разганяецца пагрозаю штыхоў...»
Наступная сцэна ўжо на вуліцы начнога зімовага Мінска: «На скрыжаваньні Скобелеўскай i Падгорнай (Чырвонаармейская і Маркса — аўт.) — ваякі на белых конях... Два панцырнікі грозна маўчаць. Паход разагнанага Зьезду скіроўваецца ў бок рэзыдэнцыі бальшавіцкае ўлады — будынку Камэрцыйнае Школы...
З тысячы грудзей разьлягаецца матыў хаўтурнага марша: "Вы жертвою пали в борьбе роковой..." З заміраньнем гукаў чужое трагічнае песьні гінула воля народная, сярод мяккае зімовае ночы, ахінаўшай сэрца Беларусі ценямі рабства...»
«Праляталі беларускія коньнікі з стрэльбамі за плячыма...»
Абразкі тагачаснага Мінска, дзе ўлада ўвесь час змянялася, не горшыя за апісанні Кіева з «Белай гвардыі» Булгакава. Некалькі момантаў:
«...Выходзячы зь "Беларускае хаткі" на рог Захараўскай вуліцы й Захараўскага завулку, мы заўважылі, што два бальшавіцкія самаходы наехалі адзін на адзін, моцна разьбіўшыся. Камісары вылезьлі з самаходаў, пайшоўшы на вакзал пехатою. Па месьце пачалася нейкая бязглуздая страляніна, якая падвечар яшчэ болей узмацнілася. Кожны абываталь лічыў чамусьці за свой абавязак выйсьці ў браму i стрэльнуць некалькі разоў угару».
«...Як толькі сьцямнела, на вуліцах Менску зьявіўся самаход з азброенымі польскімі жаўнерамі, якія, праўда, нікога зь беларусаў не чапалі, нягледзячы на тое, ці ведалі яны пароль, ці не. Варта было толькі на пытаньне "хто ідзе" адказаць — "беларусы", i ніякага непаразуменьня не паўставала».
«...На падмогу справе выступіла Беларуская Вучнёўская Грамада, моцны гурток беларускае моладзі, які, стыхійна азброіўшыся, i поўніў, так сказаць, ролю Беларускае Нацыянальнае Гвардыі, вартуючы Губэрнатарскі Дом. Дзіўна было для вайсковага вока бачыць хлопцаў i дзяўчат, што атачылі рэзыдэнцыю (...), маючы на сваіх плячах часам нават па дзьве стрэльбы. Старажы Беларускага Ураду былі маладыя, але верныя».
«...Першыя тры дні, пасьля ўваходу ў Менск немцаў, яшчэ можна было бачыць азброеных беларусаў адкрыта на вуліцы; іншы раз наўзавады праляталі па ёй беларускія коньнікі з стрэльбамі за плячыма».
Гімн БНР ці марш Беларускай Вайсковай Камісіі?
22 кастрычніка 1919 года Пілсудскі даў дазвол на фармаванне беларускіх аддзелаў і заснаванне Беларускай Вайсковай Камісіі (БВК). Ужо праз тыдзень Краўцоў апублікаваў у газеце «Беларусь» свой верш «Ваяцкі гымн», які пачынаўся радком «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і пазней быў пакладзены на музыку хормайстрам Тарэўскім. Ад пачатку гэта не быў гімн БНР, але марш БВК, да якой Краўцоў далучыўся ў званні падпаручніка. Там ён узначальваў асветніцкі аддзел: войску патрэбныя былі не толькі стрэльбы, але і маршы, брашуры, беларускамоўны статут. На жаль, БВК так і не здолела стварыць паўнавартасных вайсковых адзінак, а вось марш застаўся.
«Пакіньце мне спакой бяз славы...»
Пасля паразы БНР і выезду на эміграцыю ўсёй каманды пачалася вайна інтарэсаў, у якой Краўцову не знайшлося месца. У Вільні ён уладкаваўся у «Касу хворых» — арганізацыю самапомачы, у якой рэй вялі сацыялісты. Маючы доступ да фінансаў, увесну 1923-га Краўцоў «пазычыў» адтуль пару мільёнаў польскіх марак. Чытай — прысвоіў.
Насамрэч сума была зусім невялікая з улікам інфляцыі. Звычайная кніга магла каштаваць пару сотняў тысяч марак у віленскай кнігарні. Але факт стаў скандальным: Краўцова звольнілі, а пасля нават асудзілі на кароткі арышт. Дарэчы, грошы Краўцоў, імаверна, ўклаў у выданне газеты «Саха», якая выйшла ў красавіку 1923-га і рэдактарам якой ён сам і быў.
Краўцоў спрабаваў уладкавацца настаўнікам у Радашковіцкую гімназію, але не ўзялі праз біяграфію — настаўнікаў зацвярджалі польскія чыноўнікі. Друкаваўся ў розных выданнях. Перакладаў Лермантава, Талстога, Гогаля, Сянкевіча, Марка Твэна. Працаваў рознарабочым, ездзіў на заробкі на Валынь.
Краўцоў не далучаўся да беларускіх палітычных груповак, некаторыя лічылі яго «польскім агентам». Але яшчэ ў 1923-м у зводках паліцыі ён фігураваў як «дзеяч, вядомы як цвёрды беларускі незалежнік... па перакананнях левы». На крытыку колішніх паплечнікаў Краўцоў адказаў вершам «Майму Сінедрыёну»: «Пакіньце мне спакой бяз славы / Яе ад вас я не хачу — / Пішу сабе дзеля забавы / За плёткі жартам заплачу».
«Ён заўсёды сьпяшаўся...» (Іван Луцкевіч)
У зборніку ёсць вельмі цёплы аповед Краўцова пра памерлага ўжо Івана Луцкевіча, які для Краўцова быў адным з гуру. «Дзядзьку Івана» ён апісаў як халерыка ў добрым сэнсе, які спрабаваў паспець усё, ведаць усе навіны, пабываць на кожным мерапрыемстве ў Вільні, дзе гучала беларуская мова.
А вось амаль гатычны, абразок пра калекцыю старажытнасцяў Луцкевіча: «...Увечары, пры электрычным асьвятленьні, дзядзька Іван увёў мяне, як старадаўні мудрэц, у сваю кумірню. Вочы мае прабеглі па паўнюткім пакоі, па сьценах і вокнах. Чаго толькі ня ўбачыў я! І старыя генэральскія партрэты, і татарская рукапісная кніга на беларускай мове, і маленькія збаночкі, і проста квяцістыя чарапкі, сьведкі нашага старадаўняга промыслу і мастацтва». А тут апісанне Івана Луцкевіча ўжо на сконе:
«Ён заўсёды сьпяшаўся; нават будучы зусім хворым, калі я застаў яго раз у пасьцелі, ён падустаў, пасьля ўступіўшыся ў начныя выступкі, забегаў па хаце і аднатонна, перарываючы голас і кашляючы, шмат гаварыў. (...) Ён сьпяшаўся... і на той сьвет ён гэтак сама пасьпяшыў».
«Аферыст, засыпаны бальшавіцкімі грашыма» (Антон Луцкевіч)
А вось з Антонам Луцкевічам у Краўцова адносіны не склаліся. Дайшло да таго, што ў сакавіку 1922-га Луцкевіч публічна абразіў апанента, а той... выклікаў яго на дуэль. Нават даслаў секундантаў. Невядома з якой прычыны, але двубой так і не адбыўся. Варажнеча — засталася.
Праз уплыў Луцкевіча Краўцову быў закрыты доступ да друку ў большасці віленскіх выданняў. Таму даводзілася выдумляць псеўданімы, сядзець без грошай або ездзіць рознарабочым на Валынь. Адзін аднаго яны проста не зносілі: калі на мерапрыемстве з’яўляўся Краўцоў, то Луцкевіч з жонкай падымаліся і дэманстратыўна сыходзілі.
Мабыць, калі б у 1920-х былі сацыяльныя сеткі і інтэрнэт, вайна б разгарнулася ў каментарах. Абвінавачванні выстрэльвалі б пастамі. Аналагам таго часу былі газеты-аднадзёнкі. У адной з іх у 1924-м Краўцоў назваў Луцкевіча «чысцейшым аферыстам, які засыпаны бальшавіцкімі грашыма, які кідае ў народ дзікую класавую нянавісць».
Дзе падзелася Канстанцыя Буйло?
У зборніку ёсць літаратурная крытыка Краўцова на Ядвігіна Ш., Алеся Гаруна, Уладзіміра Дубоўку, Канстанцыю Буйло. З апошняй атрымалася трагікамічна, бо ў 1927-м, жывучы ў Вільні, Краўцоў проста не ведаў пра яе лёс:
«...Яна, пачынаючы з часоў рэвалюцыі, мелася жыць у Маскоўшчыне на станцыі Шахаўской Аляксандраўскай жалезнай дарогі. З той пары нічога ўжо больш аб ёй не чуваць! Быць можа — памёрла яна, а хутчэй — заелі яе, як і шмат іншых замужак, сямейныя клопаты і абавязкі, адрываючы адначасна ад літаратурнай творчасьці і наагул ад інтэлектуальнага жыцьця».
Краўцоў заклікае мінскую інтэлігенцыю знайсці Буйло, калі яна яшчэ жывая, і вярнуць да літаратуры. Калі памерла, то сабраць факты яе біяграфіі, а таксама творы, раскіданыя па газетах і календарах. Хто ж ведаў, што Канстанцыя Буйло дажыве ажно да 1986 года, перажыўшы аўтара нарыса ажно на 47 гадоў...
Жонку-польку навучыў беларускай мове
У 1920-м, калі фронт рушыўся, сябры БВК апынуліся ў Польшчы, а разам з імі і Краўцоў. Там ён ажаніўся з этнічнай полькай Ганнай Пшыбыловіч. З ёй і пражыў да скону, але дзяцей у сям’і не было. Жонку Краўцоў навучыў беларускай мове, на якой у сям’і гаварылі штодня.
Невядома, як Ганна пераносіла ўсе злыбеды, з якімі сутыкаўся Краўцоў: безграшоўе, неўладкаванасць, здымныя танныя кватэры... У 1939-м, калі мужа арыштавалі, Ганну выселілі з невялічкага пакоя ў Вільні. Яна бадзялася па знаёмых у пошуку даху над галавой. Падчас Другой сусветнай Ганна трапіла ў канцлагер, але выжыла. Вярнулася ва ўжо савецкую Вільню, дзе і памерла ў адзіноце.
Магіла невядомая
У 1939-м Краўцоў, як і вялікая частка віленскіх беларусаў, меў вялікія спадзяванні на савецкую ўладу. Ён нават паспеў уладкавацца ў «Віленскую праўду», што пачала выходзіць 22 верасня 1939-га. Здавалася, вось яна — салідная легальная праца!..
30 верасня па Вільні пракаціліся арышты. Забралі і Краўцова. Гісторык Аляксандр Горны ў зборніку піша: «Яго следчая справа, калі яна ўвогуле існавала, пакуль не выяўлена. Паводле ўскосных сведчанняў, Макар Касцевіч быў закатаваны падчас допытаў у беластоцкай турме недзе ў 1939 г.».
Месца ягонага пахавання, назва артыкула, дата смерці невядомыя.
P. S.
Па жыцці Макар Краўзцоў зведаў нямала бедаў (дастаткова прачытаць аповед «Голад»). Неўладкаванасць і адсутнасць грошай сталі ягонымі хранічнымі хваробамі, вечнымі спадарожнікамі.
Але наўрад ці Краўцоў хацеў бы, каб яго згадвалі як дзеяча з трагічным лёсам. У сваіх крытычных нарысах ён крытыкаваў дэпрэсіўнасць Багушэвіча і хваліў эратызм лірыкі Канстанцыі Буйло. Урэшце, менавіта гэты чалавек стварыў ваяцкі марш, які сёння лічаць «Гімнам БНР» і выконваюць на спеўных сходах: узнёсла, велічна, з усмешкамі на тварах.
Так, Краўцоў пакуль не мае нават сімвалічнай магілы. Затое песня ўжо стала яму найлепшым помнікам як паэту.
Алесь Кіркевіч, budzma.by