Гэтым тэкстам альманах “Гарадскія тактыкі” разам з budzma.by і citydog.by распачынае цыкл артыкулаў, прысвечаных феномену грамадскай/публічнай прасторы. Чаму горад не можа жыць адно вуліцамі Зыбіцкая ды Кастрычніцкая? Што рабіць, каб “спальнікі” не ператвараліся ў гета? Як вярнуць плошчы і якім чынам гэта ўсё тычыцца кожнага з нас? Make Minsk city again!
Кастрычніцкая vs Кастрычніцкая
Навошта ўвогуле пісаць пра публічную прастору? І для чаго вам чытаць напісанае?
Імаверна, “публічная прастора” – адзін з самых рэзанансных у сучаснай урбаністыцы паняткаў, але збольшага абыдзеных увагай, да таго ж гэта адна з самых цікавых тэмаў для даследавання і апісання сучаснага горада. Мы штодня сутыкаемся з публічнымі прасторамі ў Мінску (а найперш — з іх негатыўнымі аспектамі), але наўрад ці дыскусію пра іх можна назваць напраўду грунтоўнай.
Да прыкладу, возьмем дзве мінскія Кастрычніцкія: плошчу ды вуліцу. Як кажуць, тая ж зязюля, ды не так кукуе. Адна — тыповы савецкі пляц з адвечнымі патрулямі амапаўцаў. Другая — паўнавартасная публічная прастора, жывая цягам усяго дня частка горада. Якое з гэтых месцаў найперш прыходзіць на розум падчас згадвання назвы? Вуліца? Плошча? Наколькі ж змяніліся іх ролі ва ўспрыманні мінчанаў за апошнія гады!

“Мы жывем адначасова ў двух гарадах”
Уласна, мая аўтарская матывацыя — падтрымаць дыскую паводле прадмету, ваша, хочацца верыць, — чалавечая цікаўнасць і жаданне быць інфармаванымі. Новыя думкі і ідэі для абмеркавання я і планую прапанаваць вам у гэтым і наступных артыкулах.
Ад БССР спакон вякоў…
Што такое публічная прастора (public space) і ці адрозніваецца яна ад грамадскай прасторы?
У пэўным сэнсе розніца тут напраўду ледзь прыкметная, а пошук адрозненняў часам нагадвае кабалістыку. Зрэшты, тут, як і шмат дзе, справа ў тонкасцях перакладу, бо гаворка вядзецца не толькі пра значэнне асобных словаў, але і пра культурныя ды грамадскія парадкі, а таксама пра прынцыпы іх увасаблення. Але “ў айчыннай урбаністыцы” ёсць тэндэнцыя да распазнавання адценняў, і гаворка вядзецца пра пакаленні — што публічныя прасторы, створаныя за гады незалежнасці, і прасторы, атрыманыя ў спадчыну ад часоў БССР, слаба адпавядаюць сучасным патрабаванням (прынамсі, саміх каментатараў, да якіх належыць і аўтар). Даводзіцца прызнаць, што д’ябал, як заўжды, хаваецца ў дробязях, і розніцу адчувае хіба той, хто хацеў бы бачыць нашыя грамадскія месцы больш падобнымі да заходніх публічных прастораў (да гэтых людзей аўтар таксама належыць). Важна адзначыць, што гаворка пойдзе не столькі пра фізічны характар прасторы, колькі пра кіраванне ёй, то бок пра тое, у якой ступені чалавек ці група людзей могуць “уплываць” на прастору.
Менавіта гэты аспект і адрознівае прахадную завода (па сваёй сутнасці — грамадскую прастору) ад вуліцы Кастрычніцкай (паўнавартаснай публічнай прасторы). Зрэшты, у артыкуле аўтар пераважна выкарыстоўвае выраз “грамадская прастора”, у тым ліку з надзеяй, што мы ўсе аднойчы пабачым, як нашыя вуліцы, плошчы і паркі будуць выклікаць у турыстаў воклічы “Wow! That is a beautiful public space!”.
Кавярня ў веламайстэрні
Чым была публічная прастора раней і як яна можа выглядаць цяпер?
Заўжды былі і ёсць некалькі базавых мэтаў існавання грамадскай прасторы. “Ніжэйшыя” — для перасоўвання ці адпачынку, “вышэйшыя” — для гандлю ці выказвання ўлады. Вядома, зрэдку сустракаюцца прасторы, цалкам прызначаныя для адзінай мэты, як гандаль ці перасоўванне, напрыклад. Але росквіт закрытых гандлёвых цэнтраў і вуліцаў, падобных да аўтастрадаў, дэманструе, што іх існаванне больш чым магчымае. Як правіла, напраўду функцыянальная грамадская прастора мае больш за тры розныя функцыі, згрупаваныя кампактна, — напрыклад, кавярня, прадуктовая крама і веламайстэрня.
Свята, якое заўсёды вакол цябе
У чым праблематыка дыскурсу? Для якіх мэтаў існуе грамадская прастора?
Праблематыка выяўляецца адначасова на некалькіх узроўнях — пачынаючы з “ніжэйшых”, звязаных з базавымі патрэбамі грамадства (мець магчымасць перасоўвацца ці адпачываць) і да “вышэйшых”, знітаваных з сур’ёзнымі асабістымі ці грамадскімі патрэбамі, такімі як мець магчымасць праспяваць для мінакоў песню, звярнуцца да іх з прамовай альбо нават сабраць пратэстны мітынг. Гэта адначасова і “трэцяе месца”, то бок і не дом, і не праца, — важны элемент грамадскага жыцця супольнасці і асобнага чалавека, і месца, дзе можна перакласці прадукты з пакета ў заплечнік ці завязаць шнуркі. Грамадскія прасторы — гэта адначасова і плітка, і брукаванка; і арганізаваныя праектныя рашэнні, і пераважна тое, чым мы самі “насяляем” іх; і неабходны элемент горада, і дадатковы прадукт яго існавання.
На базавым узроўні ставіцца найперш пытанне камфорту і прынцыпу існавання грамадскай прасторы — ці зручна перасоўвацца, ці ёсць брукаваныя дарожкі, пратаптаныя сцяжынкі, асвятленне, ці не ўсталяваныя перашкоды перасоўванню кшталту платоў, знакаў забароны сядзення на газоне, альбо высокія бардзюры ды лесвіцы. Як мы бачым, пытанне зручнасці па-рознаму працуе для розных катэгорый людзей, у залежнасці ад іх фізічных і псіхічных уласцівасцяў, а таксама полу і ўзросту. Вядома, тут сваю ролю грае не толькі зручнасць самой прасторы, як парк ці плошча, але і магчымасць трапіць у яе пачынаючы з пад’езднага ганка асобнага чалавека.
На больш высокім узроўні ставяцца пытанні радасці і асалоды ад горада: ці магчыма атрымліваць задавальненне ад знаходжання ў грамадскім месцы, ці хочацца там спыніцца і затрымацца даўжэй? Як любіць казаць у сваіх лекцыях дацкі урбаніст Ян Гейл, “горад мусіць быць як добрая вечарынка, адкуль не хочацца сыходзіць”.
Адным з “вышэйшых” узроўняў ацэнкі паспяховасці грамадскай прасторы ёсць пытанне справядлівасці. Справа ў тым, што гэткія прасторы мусяць змяшчаць усіх гараджан, дазваляючы кожнай групе рэалізоўваць свае патрэбы. Прыкладам можа быць неабходнасць размяшчэння ў прасторы вуліцы пешаходаў любога полу і ўзросту, веласіпедыстаў і аўтамабілістаў. Насамрэч жа праблемы пачынаюцца, калі ідзе размова пра значна больш нюансныя рэчы, кшталту знаходжання тут ці там вулічных музыкаў, скейтараў, бяздомных альбо любой іншай групы, якая шмат каму не даспадобы ці не даспадобы “ўладзе”, што б за ёй ні хавалася.
Адной з асноўных праблем існавання і развіцця грамадскіх прастораў ёсць іх камадыфікацыя (прыватызацыя і камерцыялізацыя) — пераход “агульнай” грамадскай прасторы ў прыватную, альбо стварэнне прастораў прыватнымі адпачатку. Напрыклад, паціа ці фуд-корты буйных гандлёвых цэнтраў накшталт “Сталіцы” ці “Галерэі-Мінск”, што маюць амаль усе прыкметы паўнавартасных грамадскіх прастораў і прыцягваюць вялікую колькасць людзей, асабліва моладзі. Адначасова гэтыя месцы знаходзяцца пад пастаянным кантролем аховы і камераў відэаназірання, таму там выключаныя паводзіны, не скіраваныя на атрыманне прыбытку. Зрэшты, кожны, хто бачыў там узімку групы падлеткаў, якія відавочна не выдаткоўваюць на кавярні шмат, мусіць прызнаць, што і такія прасторы граюць важную, а магчыма, і незамяняльную, ролю ў жыцці грамадства сёння.
Варта адзначыць, што камадыфікацыя грамадскіх прастораў адбываецца не на роўным месцы і звязаная з двума момантамі — зменамі ў ідэалогіі і фінансаваннем. Першы варта разумець як паступовы сыход дзяржавы з многіх сфераў гарадскога жыцця, найбольш заўважны ў развітых заходніх краінах. Другі, па сутнасці, з’яўляецца вынікам скарачэння сродкаў, што прызначаліся для стварэння новых грамадскіх прастораў і падтрымання існых, што вядзе да перакладання адказнасці на бізнес, які мае ўласныя спецыфічныя мэты і ўяўленне пра характар грамадскай прасторы.
Зыбіцкая як люстэрка грамадства
Якія прыкметы ў публічнай прасторы?
Як гэта ні смешна, вядома ж, самай першай прыкметай удалай грамадскай прасторы з’яўляецца наяўнасць людзей і іх патрэба ў ёй, альбо, у выпадку няўдалай грамадскай прасторы, адсутнасць людзей і бачны іх дыскамфорт (прыкладам чаго, на маю думку, і ёсць Кастрычніцкая плошча).
Важна разумець, што грамадскай прасторай можа і мусіць быць не толькі акуратная п’яцца з вытанчанымі рэстаранамі для пекных людзей і нават не толькі пляцоўка ля “Хутка-Смачна” з адпаведнымі пахамі і аўдыторыяй — гэта больш простыя месцы, такія як дзіўнаватая і не дужа ўладкаваная пляцоўка ў спальным раёне для сезонных рынкаў і бабуляў з кветкамі, якія сёння ідуць да суровых крамаў “Гаспадарчыя тавары” і паркоўкі. Варта памятаць, што нашы грамадскія прасторы такія ж, як і наша грамадства з яго характарам, — і вуліца Зыбіцкая такая ж, як і мы самі.
Асобнага разгляду вартая тэма грамадскіх прастораў як часткі шырокага працэсу горадабудаўніцтва. Асноўныя пытанні ў ёй наступныя: як мы можам ствараць грамадскія прасторы? У чыіх руках знаходзіцца гэтае пытанне? Якімі інструментамі могуць карыстацца гэтыя гульцы? Якія прасторы ствараюцца ў Мінску з часу незалежнасці і асабліва ў апошнія гады? Якія асноўныя тэндэнцыі мае гэты працэс? Наколькі кантралюецца тое, што адбываецца?
Трывае дыскусія і ёсць неабходнасць нешта рабіць. Зрэшты, так з усім у Беларусі — абмяркоўваць трэба болей, шырэйшым колам і, відавочна, больш абгрунтавана. Але праблемы пачынаюцца ўжо з тэрміналогіі, калі пад аднымі і тымі ж словамі розныя людзі разумеюць сваё. Адрозныя ўяўленні пра тое, каму і што “можна”, што “добра і кепска” на вуліцы, плошчы ці ў парку.
На заканчэнне прапаную чытачу ці чытачцы ў якасці практыкавання падумаць над наступнай “задачкай”, якая праілюструе далікатнасць тэмы. Вось нудысцкі пляж — ці грамадская прастора? Тут адначасова і “поўная свабода”, і цвёрдыя правілы, нефармальная канвенцыя што да позіркаў і мовы цела. А ці можна тут падысці паразмаўляць? Ці можна рабіць кампліменты?
Зміцер Бібікаў