Анонс ліпеньскага нумару часопіса “Маладосць” урыўкамі
***
Музыка ліецца з дынаміка ўсё хутчэй і хутчэй. Алекс Цёрнэр і Майлз Кэйн прымушаюць паветра ў маім пакоі вагацца і хвалявацца. Сцены робяцца немагчымымі і быццам раствараюцца. За сценамі поле. Летняе зялёнае пахучае. Гукавыя хвалі незаўважна становяцца цокатам капытоў. Першы і пакуль апошні альбом гурта «The Last Shadow Puppets» («Апошнія лялькі тэатру ценяў») адправіў мяне ва ўспаміны. У дзень, калі дзед упершыню дапамог мне сесці на каня і павёў таго па палявой дарозе.
Салодкія ўспаміны. Cалодкія і вострыя, яркія і адначасова бляклыя. З разраду ўспамінаў, у якіх да канца немагчыма ўпэўніцца. Немагчыма пазбавіцца сумневаў у рэальнасці гэтых імгненняў. Пазбавіцца пытанняў. Можа, гэта быў проста сон? Можа гэта была мара? Ды і запытаць няма ў каго. Дзед нічога не зможа пацвердзіць. Ён ужо колькі гадоў як застаўся ў мінулым. Каня Матыля забрала нейкая хвароба. Дарога зарасла.
Кажуць, сучасная моладзь ні аб чым не думае, ні да чаго не здольная. Часцей нават не кажуць, а крычаць. І ў большасці гэтыя крыкі не маюць пад сабой ніякага фундаменту. Людзям проста здаецца, што яны былі іншымі, што яны хацелі, яны маглі. Але паглядзіш на іх: толькі зарослае поле. Усе тыя сцежкі, вытаптаныя юнацкімі марамі, пазарасталі. Няма іх.
Дзмітрый Шулюк і яго “Рубінавыя радкі”
Зарастаюць дарогі
***
Механізм асацыяцый дрэнна паддаецца вывучэнню менавіта за той прычыны, што яны ўзнікаюць з дапамогай падсвядомасці. Аднак можна сказаць дакладна, што ўсе яны ўзнікаюць на аснове папярэдняга вопыту. Чалавек мысліць асацыятыўна. Любое слова можна разглядаць як пучок — сэнс ад яго разыходзіцца ў розныя бакі. А значыць, і асацыяцый кожнае слова можа нараджаць бясконцае мноства.
Іншы раз чытач-пачатковец успрымае значэнне слова, зыходзячы не з канкрэтнага сэнсу, які ўклаў у яго аўтар. Слова абуджае ў дзіцячай памяці самыя розныя асацыяцыі. Не маючы магчымасці растлумачыць многія з’явы рэчаіснасці, дзіця стварае свае «гісторыі».
Новае слова яно прыстасоўвае да свайго разумення яго значэння, імкнецца асэнсаваць шляхам вобразнага мыслення.
У лозах шчэбет не сціхае.
Шум стаіць і свіст.
У яркім бляску спачывае
На ракіце ліст. (Ля ракі Целіст).
Пра вобразныя асацыяцыі, на якія ён аказаўся здольны ў маленстве, вельмі цікава піша ў сваёй біяграфіі Якуб Колас: «Як і кожнае дзіця, я мысліў толькі вобразамі. Так назва кожнага тыдня выклікала які-небудзь вобраз (нядзеля — шпулька белых нітак; аўторак — фабрычнае кляймо, што ставяць на донцы некаторых гліняных кубкаў; серада — драўляная спінка ложка; чацвер — ручка далатца; пятніца — ружэйны прыклад; субота — пара мяккіх халяў)».
Адны і тыя ж прадметы ў розных людзей выклікаюць розныя асацыяцыі.
Лекцыі
Новая рубрыка
***
Большую частку жыцця ўва мне змагаюцца дзве крайнасці: адна любіць Мінск, а другая яго ненавідзіць. На жаль, апошнім часам перамагае другая.
Я імкнуся прымаць людзей такімі, якія яны ёсць. Стаўленне да сябе — аналагічнае. Але калі гаворка ідзе пра горад, канфармізм не падыходзіць.
Каб жыць у гармоніі, трэба любіць тое, што цябе акружае, а калі гэта ну ніяк не атрымліваецца, то асяроддзе трэба мяняць. Менавіта з-за вечнага імкнення да гармоніі я так адчайна змагаюся за любоў да Мінска. Але каб перамагчы ў сабе такое складанае пачуццё як нянавісць, трэба разабрацца ў яго вытоках.
Выток я вызначыла адразу і ўпэўнена, што беспамылкова. Гэта людзі. Не, я не мізантроп і далёка не ўсе мяне раздражняюць, але ёсць у Мінску такі гатунак — «чалавек рынкавы», — які абуджае ўва мне толькі адмоўныя эмоцыі. Напрыклад, абсалютна кожны дзень у грамадскім транспарце абавязкова трапляецца той, хто штурхне дзеля «стаялага» месца або абапрэцца сваім немалым целам на мае 46 кілаграмаў. У мяне ёсць здагадка, што з маімі праблемамі сутыкаецца не кожны: у кагосьці ёсць асабісты транспарт, нехта мае большыя параметры, ды і доля мне выпала не самая лёгкая — жыць недалёка ад Камароўскага рынку.
Яшчэ ў школе ўсім тлумачаць асновы этыкі, эстэтыкі і культуры наогул. Курс этыкі чытаецца і ў ВНУ. Я, напрыклад, у гэтым семестры здала такі прадмет на «выдатна». Але ці зберажэ мяне гэты факт ад трапляння ў шэрагі «чалавека рынкавага»? Як паказвае практыка, далёка не факт.
Яна Мусвідас і яе COSMOpoLITan-exPRESS
#мойМінск
***
У канцы жніўня 1929 года чыноўнік лідскай электроўні Фішар у дрэнным настроі вярнуўся апоўдні дадому і патрабаваў у жонкі, каб тая яго накарміла. Калі жонка трохі прамарудзіла, ён, пакрыўдзіўшыся, выпіў бензін з бутэлькі, якая стаяла каля стала. Урач канстатаваў апёкі горла і кішак. Нервовая была праца ў энергетыкаў у тыя часы…
6 мая 1932 па Лідчыне прайшла магутная вясенняя бура, якая паваліла тэлефонныя слупы і парвала правады на чыгуначным шляху Ліда—Маладзечна (адразу, за мостам праз Лідзею). Маланка патрапіла ў гарадскую электроўню, кіраўнік электроўні і дзяжурны манцёр часова страцілі прытомнасць і таму да 19-30 горад апынуўся ў цемры. З-за моцнага дажджу на 1 метр паднялася рака Лідзея і месцамі выйшла з берагоў.
Тады ж, падчас работы на дзядзінцы плябаніі ксяндза Баярунца рабочыя абарвалі электрычны провад. Адзін з рабочых, Юзаф Місюра, вырашыў провад адкінуць і узяўся за яго рукой. «Пацярпелы ў цяжкім стане трапіў у шпіталь.
Энергетыкам заўжды трэба было быць гатовымі выканаць неабходныя аварыйныя работы: «13 ліпеня (1937 года. — Л.Л.) каля староства, на вуліцы Сувальскай, армейскі аўтамабіль збіў слуп электрычнай размеркавальнай сеткі”.
Не абыходзілася і без кур’ёзаў. У канцы 1937 года суд прыгаварыў чыноўніка адміністрацыі горада, назіральніка за гарадскімі работамі Палтарацкага да штрафу ў памеры 15 злотых за тое, што падчас начной змены на гарадской электроўні ён збіў работніка Уладзіслава Вільбіка: «Гэта вынікі ўхвалы гарадской радай выдачы работнікам гарэлкі падчас працы».
Леанід Лаўрэш для “Акалічнасцяў месца і часу”
Лідская гарадская электроўня, 1916—1939
***
Калі я пачаў сачыць за тым, колькі месца ў маіх думках і размовах займае асуджэнне, мне зрабілася не па сабе. Тое ж я заўважаю і ў іншых. Аказваецца, асуджэнне, у тым ліку і плёткі, — лепшы сродак для падтрымання размовы, калі няма іншых тэм. Апошняе, канечне, звязана з узроўнем развіцця асобы. Але ў цэлым асуджэнне пранікае ў свядомасць і мову, як у цела трапляе пыл, падняты ветрам на прасёлачнай дарозе ў спякотны летні дзень. Або як тытунь у курыльшчыка. І я разумею, што жыць без асуджэнняў папросту не магу.
А з асуджэннямі ж можна працаваць — каб паменшыць сваю залежнасць ад іх і завалодаць большай унутранай свабодай. Для гэтага падыдзе той самы алгарытм, што і для працы з крыўдамі (гл. папярэдні нумар «М»): усведамленне схільнасці да асуджэння — жаданне пазбавіцца ад яе — пошук прычын — прапісванне — малітва — адкрыццё сябе іншым — споведзь.
У якім выпадку я асуджаю чалавека? Калі бачу яго ўчынкі і дзеянні, якія, у маім разуменні, не адпавядаюць нармальным маральным прынцыпам.
А хто сказаў, што гэты чалавек павінен адпавядаць маім поглядам? Ён такі, які ёсць. У яго свае пагляды на этыку, рэлігію, мараль. Вельмі нават верагодна, што я таксама “не ўпісваюся” у яго разуменне правільных паводзін.
Такім чынам, я пачынаю асуджаць чалавека, значыць, я лічу, што ён павінен адпавядаць маёй “сістэме каардынат”. Значыць, мне б хацелася неяк яго «перакроіць». А навошта мне гэта патрэбна? Мо для зручнасці — каб свет круціўся вакол мяне?
А мо я лічу, што нейкім чынам нясу адказнасць за паводзіны таго чалавека? Іншымі словамі, лічу што яго трэба «перавыхаваць», мне хочацца яго кантраляваць, але пры гэтым я не маю на яго ўплыву. Мая патрэба ў кантролі над ім застаецца нерэалізаванай, цісне на мяне, ствараючы дысфункцыі, і тады асуджэнне выступае ў якасці кампенсаторнай функцыі. У канчатковым выніку асуджэнне робіцца навязлівай патрэбай, да яго фарміруецца цяга — як да наркотыка.
А вось яшчэ прычына асуджэння — калі мне хочацца «схавацца ад сябе», ад уласных грахоў і ўчынкаў, за якія мне сорамна, але за якія я не гатовы каяцца. Сюды ўключана і самаедства: колькі разоў абяцаў сам сабе, а вось жа… І каб сысці ад самаабвінавачванняў, каб «апраўдаць» свой грэх, я пачынаю асуджаць учынкі і грахі бліжніх. Царкоўнага кіраўніцтва, свяшчэннікаў, прэзідэнтаў, супрацоўнікаў міліцыі — тых, хто павінен, на маю думку, стаяць на пэўнай маральнай вышыні, падаючы прыклад «пастве». Гэта дазваляе паменшыць значнасць уласных грахоў («калі б я быў свяшчэннікам, я вёў бы сябе іначай»). У дадзеным выпадку асуджэнне — гэта абязбольванне параненага самалюбства, якое не жадае мірыцца з фактам маральнага падзення і проста прынесці пакорлівае пакаянне.
А яшчэ можна асуджаць нечую страсць перад слухачамі — каб ніхто не западозрыў, што і ў мяне самога схільнасць да такой страсці ёсць. Можна ў кампаніі знаёмых высмейваць нечае абжорства — каб адвесці нават магчымасць падазрэння ў тым, што і я па начах крадуся да халадзільніка.
У рубрыцы “З Богам” — Іераманах Агапій (Голуб)
Асуджэнне. Урок і хатняе заданне