2 жніўня 1549 году нарадзіўся адзін з самых знакамітых прадстаўнікоў магутнага дому Радзівілаў — Мікалай Крыштаф па мянушцы Сіротка. Знакаміты пілігрым, фундатар касцёлаў, будаўнік Нясвіжскай рэзідэнцыі... Яго маладое жыццё было настолькі насычаным, што падзей з запасам хапіла б на некалькі іншых жыццяў. «Новы час» узгдавае, як склаўся лёс выбітнага беларускага князя.
Імя Мікалая Радзівіла Сіроткі вядомае добра. Па сваіх справах ён здабыў сабе неўміручасць. Яго жыццё яшчэ прыпала на «залаты век» Вялікага Княства Літоўскага. Час сапраўдных магчымасцей і лёсавызначальных падзей. Радзівіл магчымасцямі карыстаўся ва ўсю моц!
Яму рана давялося стаць дарослым. Усяго 16 гадоў было Мікалаю Крыштафу, калі памёр бацька. А гэта значыла, што ён станавіўся главою магутнага і ўплывовага дому Радзівілаў. Перад ім была вялікая адказнасць: захаваць, а ў ідэале памножыць, славу, уплыў і магутнасць Радзівілаў. Таксама ён мусіў аддана служыць інтарэсам Вялікага Княства Літоўскага.
Мікалай Радзівіл Сіротка
Адукацыя, палітычная і вайсковая кар’ера, вандроўкі за мяжу і нават — пілігрымка на Святую Зямлю, якую магнат падрабязна апісаў і тым увайшоў яшчэ і ў гісторыю літаратуры. Напісанае трывае даўжэй за пабудаванае. Хоць у будаўніцтве ён таксама не адставаў: нясвіжская рэзідэнцыя, рэнесансны горад, шматлікія фундацыі... Насычанае жыццё! Як тут не згубіць нітачкі? Відавочна, без чагосьці аднаго, без таго, што называецца сумным словам «біяграфія» не было б таго «Сіроткі», які ўвайшоў ў гісторыю, які на слыху. Паспрабуем скласці вобраз маладога жыцця знакамітага князя.
Выезд Радзівіла ў пілігрымку
Князь па бацьку, граф па маці
Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка нарадзіўся ў 1549 годзе ў непрыкметным замку Цмелеў, які знаходзіцца паміж Кракавам і Варшавай. Паходзіў ён з аднаго з найбагацейшых і ўплывовых родаў Вялікага Княства Літоўскага таго часу. Ён быў старэйшым сынам у сям’і. А гэта многае вызначала. Напрыклад, імя. Калі ты першародны ў сям’і Радзівілаў, то табе наканавана быць Мікалаем. Такая родавая традыцыя.
Бацька Сіроткі — людзі ўплывовыя і радавітыя. Яго бацька Мікалай Радзівіл Чорны — канцлер, першы чалавек у дзяржаве. Уплывовы кіраўнік дому Радзівілаў і стваральнік магутнасці роду, а таксама абаронца і спонсар Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Што казць, Радзівілу Чорнаму свае творы прысвячаў сам Жан Кальвін.
Мікалай Радзівіл Чорны
Маці Сіроткі — Эльжбета з роду Шыдлавецкіх, прадстаўніца арыстакратыі, пабожная кальвіністка. Не такі Мікалай Крыштаф ужо і сірата!
Эльжбета Шыдлавецкая
Адразу па нараджэнні, ад бацькоў Мікалай Крыштаф атрымаў у спадчыну замежныя тытулы: ад бацькі тытул князя Святой Рымскай імперыі, а ад маці — тытул графа Шыдлавецкага.
Выхаванне ў пратэстанцкім духу
Дзяцінства Мікалай Крыштаф правёў пераважна ў Лукішках, рэзідэнцыі бацькі пад Вільняй, а таксама ў родавых маёнтках — Нясвіжы і Шыдлоўцы. Як і ўсе магнаты таго часу, першапачатковую адукацыю атрымаў дома. Выхоўваўся ў пратэстанцкім духу, навучаўся ў пратэстанцкай гімназіі, заснаванай яго бацькам. Усё ж, бацька — рухавік Рэфармацыі.
Асаблівую ролю ў выхаванні Сіроткі адыгрывала маці, якую сучаснікі лічылі прыкладам дабрыні і прыстойнасці, яна лічылася адданай маці і жонкай, была надзвычай набожнай.
У 1563 годзе Мікалай Радзівіл быў адпраўлены вучыцца за мяжу. Спачатку Кракаў, потым — Страсбург, пратэстанцкая гімназія. Што праўда ў Страсбургу, правучыўся Мікалай Крыштаф усяго год... Не, яго не выключылі з шэрагаў студэнтаў за кепскія вынікі па вучобе ці дрэнныя паводзіны. У жніўні 1564-га ў горадзе распаўсюдзілася чума, ён пакінуў горад і адправіўся ў Цюбінген. Амаль два гады правучыўся ён ў мясцовым універсітэце.
Мікалай Радзівіл Сіротка (M. Crusius, 1566)
Падчас побыту ў Еўропе, Мікалай Крыштаф, згодна з пажаданнем бацькі, пабываў пры розных манаршых дварах. Таксама Чорны выкарыстоўваў знаходжанне сына ў Еўропе для розных мэт: прасіў яго дасылаць цікавыя яму кнігі і навіны, падтрымліваў праз яго сувязі са шматлікімі, пераважна, рэлігійнымі дзеячамі. Бацька ў сваіх лістах дзяліўся з Мікалаем Крыштафам шматлікімі навінамі з радзімы.
У Еўропе Радзівіл здабываў прыхільнікаў, наладжваў палітычныя сувязі і — піярыў Літву. Напрыклад, пасля бліскучай перамогі на Уле бацька перадаў яму копію ліста пра гэту падзею і заклікаў яе распаўсюдзіць на нямецкай і лацінскай мовах Усё ж, тады яшчэ не шмат ведалі пра Княства пры дварах Еўропы.
Пакуль Сіротка атрымліваў адукацыю і наладжваў сувязі з Еўропай, у 1565 годзе памірае яго бацька. Цяпер ён робіцца галоўным у доме Радзівілаў і павінен сам рабіць кар’еру, распараджацца ўсім, што было даверана яму. А яшчэ, святым абавязкам было — працягваць справу бацькі.ш
Перайшоў у каталіцызм
Але адразу ён робіць усё наадварот! У 1567 годзе Мікалай Крыштаф Сіротка атрымаў у спадчыну бацькавы маёнткі, зрабіўся апекуном малодшых братоў і сясцёр. І ў тым жа годзе пад уплывам папскага нунцыя кардынала Камедонія, езуіцкага прапаведніка Пятра Скаргі і Гозія ён перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва і ўступіў у шэрагі мальтыйскіх рыцараў.
Першыя гады Сіротка замоўчваў факт свайго пераходу ў каталіцтва. Верагодна, ён не хацеў пакрыўдзіць Радзівіла «Рудага» (або падарваць ягоны аўтарытэт), які пасля смерці Чорнага быў заўзятым кальвіністам і галоўным пратэктарам Рэфармацыі ў Літве. Усё ж, адна сям’я. Стаўленне маладога Радзівіла змянілася ў 1572 годзе, калі ён упершыню публічна прычасціўся.
Сіротка ў шатах пілігрыма
Прывёў найбольш войска, чым хто
Таксама пасля смерці бацькі Сіротка вяртаецца з Еўропы. На радзіме ўсё яшчэ палае вайна за Інфлянты. У 1567–1568 гадах Радзівіл ўдзельнічаў у Радашковіцкім паходзе Жыгімонта II. Для паказу войска пад Красным Сялом ён прывёў найбольш узброеных ваяроў з усіх літоўскіх магнатаў — 539 гусараў і 386 пехацінцаў.
Праціўнік Люблінскай уніі, даганяў караля Валуа
Нягледзячы на малады ўзрост — усяго 22! — Мікалай Крыштаф Радзівіл нароўні з элітай Вялікага Княства Літоўскага ўдзельнічае ў Люблінскім сойме 1569-га году. Як і большасць шляхты Вялікага Княства Літоўскага, Сіротка не быў у захапленні ад Уніі, нават быў яе праціўнікам.
Прычына — забраныя Каронай землі Вялікага Княства Літоўскага. Сіротка адмаўляўся прысягаць каралю Жыгімонту Аўгусту са сваіх маёнткаў у Падляшшы і Валыні. Урэшце, ён усё ж падпісаў акт заключэння ўніі, але зрабіў гэта толькі пад пагрозай канфіскацыі маёнткаў, якія цяпер аказваліся ў складзе Польшчы.
Пасля Радзівіл атрымаў сенатарскую пасаду надворнага маршалка літоўскага. У сувязі з новымі абавязкамі малады магнат больш часу праводзіў з каралём. Яму часта даводзілася ездзіць паміж Варшавай, Кракавам і Вільняй.
Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста Сіротка быў прыхільнікам абрання на трон кандыдата з дому Габсбургаў. Не дарэмна ж наладжваў сувязі ў студэнцкія гады! Нягледзячы на паразу яго кандыдата, ён ухваліў абранне француза Генрыха Валуа каралём Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.
У 1573 годзе ён адправіўся ў Францыю, дзе і ў складзе афіцыйнай дэлегацыі, і ў прыватным парадку, размаўляў з абраным каралём. У 1574 годзе ён суправаджаў яго на шляху ў Рэч Паспалітую, быў з ім побач падчас урачыстага ўезду ў Кракаў. Сіротка таксама прысутнічаў на каранацыі новага караля Польшчы і вялікага князя Літвы, быў удзельнікам каранацыйнага сойму. Але ўжо ў сярэдзіне года ён таксама ўдзельнічаў і ў пагоні за збеглым уладаром...
Уцёкі Генрыка Валуа
Хварэў на венералогію
Вядома, што ў маладосці Радзівіл шмат часу праводзіў, у тым ліку пры каралеўскім двары — як Жыгімонта ІІ, так і Генрыха Валуа — за рознымі ўцехамі. Застоллі, паляванне, распуста... У выніку апошняга ён захварэў на сіфіліс, ад якога ў той час не было вядомых лекаў. Пазней у яго таксама развілася падагра. Першыя выразныя сімптомы з’явіліся ўжо ў 1575 годзе: ён даволі хутка часткова страціў слых...
Лекаванне сіфіліса
На Інфлянцкай вайне
Караля Валуа не дагналі. З 1576 году Сіротка, з букетам хвароб, верна служыць пры двары новага кіраўніка Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, які рашуча хацеў вырашыць праблему Інфлянцкай вайны. У наступным годзе Радзівіл з уласным абозам у 300 чалавек прыбывае ў лагер пад Ракішкамі і сам ўдзельнічае у баявых дзеяннях супраць Масквы на рацэ Дзвіне. Гэта кантраст пасля баляў і раманаў пры двары Валуа...
Аднак хваробы не пакідалі. У гэты час жыццё Радзівіла — гэта выезды за мяжу на лекаванне, вяртанне ў вайсковы лагер караля. І так па коле, па некалькі разоў.
Мікалай Радзівіл Сіротка (1590-я)
У 1579 годзе пасля чарговага аздараўлення разам з братам Альбрэхтам ён прывёў у каралеўскі лагер пад Свірам 700 коннікаў. Радзівіл удзельнічаў у легендарнай аблозе і вызваленні Полацка, падчас кампаніі быў цяжка паранены асколкам у галаву, ледзь не страціў вока ў выніку стрэлу.
У 1580 годзе Радзівіл выехаў на лячэнне ў Італію, адкуль планаваў накіравацца ў Святую Зямлю. Аднак ён атрымаў інфармацыю аб распаўсюджанай там чуме, з-за чаго адклаў паломніцтва і вярнуўся ў краіну ў сярэдзіне 1581 года.
Вызваленне Полацка
І зноў — вайна! Сіротка ўдзельнічае ў паходзе Баторыя. У лагер пад Дзісной ён прывёў 120 гусар. З верасня па лістапад таго ж года ўдзельнічаў у аблозе Пскова. У той час ён крытыкаваў караля і вялікага гетмана кароннага Яна Замойскага за малую колькасць гармат і пораху. Пад выглядам кепскага здароўя Радзівіл плюнуў на ўсё і вярнуўся ў Літву. І выправіўся на Святую Зямлю.
Пасля вяртання гэта быў ужо зусім іншы Радзівіл. Ён ажаніўся, напісаў бестселер пра сваю пілігрымку, перабудаваў Нясвіж. Ці сапраўды на гэта так паўплывала вандроўка?
Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю
Чытайце яшчэ:
Самы знакаміты турыст Вялікага Княства Літоўскага: што ўразіла Радзівіла «Сіротку» ў далёкай Афрыцы