Сёлета ўвесну спаўняецца 70 гадоў часопісу «Маладосць», які ў пэўным сэнсе стаў флагманам паваеннай беларускай літаратуры. У ім упершыню друкавалі свае лепшыя творы Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Вячаслаў Адамчык і многія іншыя вядомыя беларускія паэты і пісьменнікі. Гісторыю легендарнага выдання распавядаем у артыкуле.
Тыповая вокладка «Маладосці» ў 50-я гад. Фота kamunikat.org
Агульнапрынята лічыць, што першы нумар часопіса пабачыў свет 9 траўня 1953 года, але ёсць і яшчэ адна дата — 23 красакавіка. У любым разе канкрэтна той нумар быў падпісаны да друку ў сярэдзіне красавіка. А кожны новы нумар выходзіць ужо ў наступным месяцы — «красавіцкі» ў траўні і так далей.
Першы нумар выдання з партрэтам Іосіфа Сталіна на вокладцы выглядае з нашага часу даволі сумна, бо шмат у чым прысвечаны асобе «правадыра народаў». Вершы Петруся Броўкі, Піліпа Пестрака, Пімена Панчанкі, Анатоля Вялюгіна, Кастуся Кірыенкі літаральна засцяць вочы. А калі да іх дадаць яшчэ прозу Міхаіла Бабункова і фотаздымкі помніка ў цэнтры Мінска, то агулам выходзіць «карціна маслам». Так і ствараўся ў свой час культ асобы...
І тым не менш ёсць у тым нумары нешта прывабнае — па ім бачна, чым стане «Маладосць» у зусім хуткім часе. Шмат актуалій і публіцыстыкі — навіны спорту, тэатральнай справы, кніжныя агляды, троху вандровак па сваёй краіне, падарожныя нататкі Міхася Лынькова з Амерыкі. Вядома, пададзеныя ў правільным ракурсе з улікам ідэалагічнага супрацьстаяння, але тым не менш. Апавяданне маладога Івана Шамякіна...
У далейшых нумарах гэтыя традыцыі будуць толькі набіраць абароты — маладыя пісьменнікі стануць публікаваць у часопісе свае травелогі, як з краінаў сацыялістычнага лагера, так і з варожых капіталістычных. Пры дапамозе выдання можна будзе лёгка вандраваць па свеце, знаёмячыся з далёкімі краямі, а пазнавальным лагатыпам ля невялічкіх допісаў стане самалёт з надпісам «Падарожжа па свету».
Аляксей Кулакоўскі, першы галоўны рэдактар «Маладосці»
Першым галоўным рэдактарам, у той час гэтая пасада звалася «адказным», быў прызначаны Аляксей Кулакоўскі. Падзабыты цяпер пісьменнік-франтавік, які ў часе вайны камандаваў штрафнікамі. Яго намеснікам стаў Янка Брыль, які таксама пабываў на вайне. Акрамя іх у рэдакцыйную калегію ўваходзілі Міхась Лынькоў, Максім Танк, Сяргей Селеханаў ды іншыя.
На старонках часопіса друкаваліся не толькі пісьменнікі-пачаткоўцы, але і мастадонты прыгожага пісьменства — Якуб Колас і Янка Маўр, якія ў той момант былі не проста прызнанымі аўтарамі, але лічы небажыхарамі. На старонках выдання зрабілі першыя крокі ў літаратуры Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Вячаслаў Адамчык і многія іншыя класікі беларускай літаратуры.
Якуб Колас на вокладцы «Маладосці» ў 1955 годзе. Фота: kamunikat.org
Янка Купала на вокладцы «Маладосці» ў 1961 года. Фота: kamunikat.org
У траўні 1958 года адбылася падзея, якая перадвызначыла ў пэўным сэнсе лёс выдання на доўгія гады. Аляксей Кулакоўскі на старонках рэдагаванага ім часопіса апублікаваў уласную аповесць «Дабрасельцы», дзе не ў самых пазітыўных фарбах паказвалася калгаснае жыццё. Твор, можа быць, і не быў шэдэўрам у літаратурным плане, але відавочна парушаў тагачасныя каноны сацрэалізму, дзе шчаслівыя калгаснікі будуць светлае сацыялістычнае заўтра.
Неўзабаве была апублікавана заява рэдакцыі часопіса, дзе ўсю адказнасць за публікацыю спіхнулі на галоўрэда, які маляў «надрукаваў сваю аповесць, не абмеркаваўшы яе ні на рэдкалегіі часопіса, ні ў Саюзе пісьменнікаў БССР». За гэта яго знялі з пасады, а наступным галоўным рэдактарам стаў заўзяты прыхільнік сталічнага футбольнага «Дынама» Пімен Панчанка.
Праўда, і з другім галоўрэдам гісторыя паўтарылася — Пімена Панчанку знялі з пасады пасля таго, як у 1965 годзе на старонках часопіса была надрукавана знакамітая аповесць Васіля Быкава «Мёртвым не баліць». Нягледзячы на тое, што ў аснове гэтага твора ляжыць цалкам сабе рэальная, але не прыдуманая пісьменнікам гісторыя. Напачатку твор быў сустрэты вельмі прыхільна чытачамі і крытыкамі, але потым усё ў момант перайгралася.
Тыповая вокладка «Маладосці» ў канцы 60-х-пачатку 70-х гадоў. Фота: kamunikat.org
На старонках «Маладосці» ўзору 60-80 гадоў можна адшукаць мноства твораў, якія пазней стануць класічнымі. Тут упершыню друкаваліся «Дзікае паляванне Караля Стаха», «Чазенія» і «Чорны замак Альшанскі» Уладзіміра Караткевіча. Прычым чытачы збіралі паасобныя фрагменты твораў, якія друкаваліся з нумара ў нумар, ды рабілі з іх самаробныя кнігі.
Пры канцы 80-х у часопісе былі апублікаваны «Споведзь» Ларысы Геніюш і «Старажытная Беларусь» Міколы Ермаловіча, якая даўно ўжо ў шуфлядзе чакала свайго часу. Акрамя гэтага тут жа публікаваліся «Мужыцкая праўда» Кастуся Каліноўскага і ўрыўкі з «Дзянніцы», якую выдаваў Цішка Гартны у 1916-1918 гадах.
Можна ўявіць сабе эфект тых публікацый, бо для тагачаснага чытача гэта быў сапраўдны разрыў шаблону. Сеціва яшчэ не было — уся інфармацыя ішла праз кнігі, часопісы і газеты, радыё і тэлевізар, якому далёка не кожны верыў. А тут чытачу давалі магчымасць самому разабрацца што да чаго, публікуючы гістарычныя дакументы, якія былі надзейна схаваныя камуністамі.
З 1988 года пры часопісе была заснавана «Бібліятэка часопіса «Маладосць»», якая амаль 15 гадоў выдавала па 12 кніг паэзіі і прозы на год. У гэтай серыі друкаваліся выбітныя прадстаўнікі пакалення «Тутэйшых», якія ў той момант былі зацятымі нонканфармістамі, а потым стануць прызнанымі літаратарымі — Анатоль Сыс, Андрэй Федарэнка, Алесь Аркуш, Славамір Адамовіч, Юры Станкевіч ды іншыя.
Вокладка 11 нумара за 1989 год. Фота: kamunikat.org
Літаратары гэтай пары літаральна з нуля перастварылі айчынную літаратуру, падагнаўшы яе пад актуальныя чытацкія патрэбы і адышоўшы ад тых канонаў, якія ўжо канчаткова аджылі. Новапаўсталая краіна, якая з’явілася на мапе свету ў 1991 годзе, патрабавала і новай культуры. Яна рабілася ў тым ліку і на старонках «Маладосці».
Вокладка 10 нумара за 1994 год. Фота: kamunikat.org
Шмат у чым выданне паўтарыла гісторыю «Маладняка» — не першага беларускага літаратурнага аб’яднання, але аднайменнага часопіса, які выходзіў пры ім ў 1923–1932 гадах. Бо і «Маладняк», і «Маладосць» выходзілі пад эгідай камсамолу, а тыя аўтары, што друкаваліся на іх старонках, часцяком парывалі з ранейшай традыцыяй.
Вокладка часопіса «Маладняк», 1928 год.
Сёння «Маладосць» разам з «Полымем» і Нёманам" уваходзіць у склад выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Тыповая вокладка «Маладосці» ў другой палове 2000-х гадоў. Фота: kamunikat.org
Тыповая вокладка «Маладосці» ў 2010-х гада. Фота: kamunikat.org
Л.Г., budzma.org