26 лістапада 1930 года нарадзіўся чалавек, якога не трэба прадстаўляць па тытулах і званнях: Уладзімір Караткевіч. Але ўсе, нават зоркі, калісьці былі пачаткоўцамі, піша Барыс Палута ў «Новым Часе». Каб знайсці свой шлях у літаратуры, Караткевіч піша лісты тагачасным мэтрам: Якубу Коласу, Уладзіславе Луцэвіч, Максіму Танку...
Кожнаму па жыцці патрэбны настаўнік. Добры настаўнік дапаможа пазбегнуць памылак, дасць годную параду, падкажа, куды трэба рухацца і расці... А калі ты, малады, бярэшся з пяро і намагаешся прабіцца ў літаратуру, то добрае слова ад жывога класіка — як пуцяводная зорка для пілігрыма. Уладзімір Караткевіч гэта разумеў.
Так склалася, што шлях у сур’ёзную беларускую літаратуру Караткевіч пачынаў не ў Беларусі. Яшчэ ў 1949 годзе будучы пісьменнік закончыў сярэднюю школу і паступіў на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, які скончыў у 1954 годзе. Пазней у ім жа скончыў аспірантуру, а пасля — працаваў настаўнікам у сельскай школе на Кіеўшчыне.
Жывучы ва Украіне, Уладзімір Караткевіч рабіў спробы складаць вершы на беларускай і рускай мовах, спрабаваў пісаць іх па-ўкраінску і па-польску. Шукаў сябе ў вершаскладанні. Але яму не хапала аб’ектыўнай ацэнкі яго творчасці. І Караткевіч вырашае напісаць на радзіму, напісаць не абы-каму, а, скажам, Якубу Коласу, жонцы Купалы Уладзіславе Луцэвіч і Максіму Танку...
Усё ж недарэмна рука Караткевіча потым выведзе знакамітыя словы «Рабі нечакана!..». Так ён і зрабіў. А што з гэтага ліставання атрымалася — час разабрацца.
Студэнт Уладзімір Караткевіч
«Прывык лічыць Вас прыкладам і таму звяртаюся»: два лісты да Коласа
1952 год. Не будзе вялікім перабольшаннем сказаць, што ў той час Народны паэт Якуб Колас быў самым вядомым і папулярным чалавекам у Беларусі. Жывы класік першай велічыні! Канешне, яму пісалі многія. З просьбамі аб матэрыяльнай дапамозе, выказвалі словы падзякі, дый проста так пісалі — іншых сродкаў камунікацыі ў той час было не так і шмат.
Малады Караткевіч, 1950-я
Напісаў Коласу і малады паэт з Оршы, які вучыўся ў Кіеве. Караткевіч звярнуўся да Якуба Коласа з дзёрзкай просьбай даць ацэнку яго творчасці: «Мне трэба не тое, каб заўважылі асобныя недахопы, а каб ацанілі наогул усё. З маленства я прывык лічыць Вас прыкладам і таму звяртаюся да вас і ні да каго больш. Калі знойдзеце магчымасць — напішыце мне, ці варта мне прадоўжваць».
Не вядома, як адрэагаваў на ліст Колас, ці чытаў яго наогул, ці звярнуў увагу на далучаныя да ліста творы, а гэта — сшытак на 129 рукапісных старонак пад загалоўкам «Казкі і легенды маёй Радзімы». Аднак фактам застаецца тое, што народны паэт захаваў ліст і матэрыялы Караткевіча ў сваім асабістым архіве.
Якуб Колас за чытаннем карэспандэнцыі, 1952 год
У тым жа 1952 годзе Якуб Колас адзначаў 70-гадовы юбілей. І Караткевіч, канешне ж, павіншаваў лістом паэта, да якога ставіўся з вялікай павагай: «У дзень Вашага сямідзесяцігоддзя дзякую Вам за тое, што вы існуеце на зямлі. Вы зрабілі першы і вялікі крок па шляху да нашай мэты, дзякуй вам за гэта, добры Вы чалавек. Тое, што Вы пасеялі — не знікае і людзі, выхаваныя Вамі, цвёрдай хадой пойдуць па гэтаму шляху і справы Вашай не згубяць».
Каб зразумець, наколькі гэта ліставанне важнае і смелае, проста трэба адказаць сабе на пытанне: а ці наважыліся б вы напісаць Якубу Коласу? Нават проста віншаванне, не кажучы аб просьбе прачытаць ўласныя творы і даць ім, як пісаў Караткевіч, вырак.
Якуб Колас з гасцямі i ўдзельнiкамі VI Рэспублiканскай нарады маладых пiсьменнiкаў. За класікам стаіць Уладзімір Караткевіч (1955 год)
«Вы — мая хросная маці». Перапіска з нечаканым вынікам
У той жа год, калі Караткевіч пісаў лісты Коласу, ён пісаў і жонцы Янкі Купалы — Уладзіславе Францаўне Луцэвіч. Пісаў ёй Караткевіч без просьбы ацаніць творчасць, а ў парыве эмоцый. Што праўда, вынік ад дасланага ліста быў зусім нечаканы! Але аб усім па чарзе.
Улетку 1952-га, на канікулах, Караткевіч наведвае Вязынку, дзе стаіць мемарыяльны дом Купалы. Вандроўка яго так уразіла, што на эмоцыях ён спачатку запісвае ўражанні, а потым вырашае падзяліцца імі з жонкай паэта. Проста так, узяць і — падзяліцца! «Некалькі дзён таму я быў у Вязынцы, і незабыўныя ўражанні, якія я атрымаў ад хаткі і ад радзімы вялікага нашага паэта, былі такімі хвалюючымі і моцнымі, што я запісаў іх. ...І вырашыў надаслаць іх Вам, бліжэйшаму да яго чалавеку, каб Вы ведалі тую вялікую-вялікую пашану і любоў да яго, якая поўніць сэрца ўсякага чытача ў Беларусі і не ў Беларусі. Бывайце».
Вязынка, 1950-я
Міне час, і ў лістападзе 1955-га Караткевіч зноў піша ліст да пані Луцэвіч: «Вы, пэўна, не памятаеце мяне: падчас нарады маладых пісьменнікаў мы з вамі добра пагаварылі аднаго разу... Вы яшчэ падаравалі мне кнігу ўспамінаў пра Янку Купалу. Я яе праглядаў пасля і раптоўна...».
Уладзіслава Луцэвіч, 1956 год
Сапраўды, Уладзіслава Францаўна ў 1950-я працавала над укладаннем зборніку «Янка Купала: зборнік матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці», які пабачыў свет у 1955-м. Жонка паэта, калі атрымала тэкст Караткевіча, падрыхтавала яго да друку, назвала «Вязынка» і ўключыла ў зборнік тэкстаў аб Народным паэце.
Караткевіч, як прызнаецца сам, быў ашаломлены і дужа ўзрадаваны. І напісаў пастскрыптум: «Вы цяпер нешта накшталт маёй хроснай маці: першы мой выступ у вялікай прэсе быў зроблены дзякуючы Вам».
Яшчэ адно пацвярджэнне слоў самаго класіка: «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш».
«Дарагі Яўгені Іванавіч...». Караткевіч знаходзіць настаўніка
Са спадзевам атрымаць ацэнку сваёй творчасці Уладзімір Караткевіч напісаў у 1955-м Максіму Танку, які не толькі лічыўся мэтрам беларускай літаратуры, але і займаў важную пасаду ў кніжным свеце. Танк быў галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», стасункі з ім для маладога паэта былі вельмі дарэчнымі.
Максім Танк, 1950-я
Напісаўшы Танку, Караткевіч не памыліўся! Паміж імі завязалася ліставанне, якое налічвае з дзясятак самых розных па змесце лістоў. А пачыналася ўсё з просьбы паглядзець вершы і сказаць сваё слова: «Яўгені Іванавіч, ведаеце, мне б дужа хацелася, каб нехта проста, як старэйшы друг, а не так, як у кансультацыі, без громкіх слоў, сказаў, па якому шляху трэба ісці, чаго пазбягаць і на што звяртаць увагу, што зараз самае патрэбнае».
Трэба меркаваць, што Танк прачытаў дасланыя яму вершы і адказаў на ліст маладога паэта Караткевіча. Гэта вынікае з ліста, у якім Караткевіч і віншуе Танка з новым, 1956-м, годам, і выказвае падзяку: «Дзякую Вам за думкі і добрыя парады, якія на шмат што адкрылі мне вочы. Я вельмі рады, што хаця адзін верш Вам спадабаўся».
Максім Танк
Але з першымі лістамі не абышлося без прыгод. Атрымалася, што Караткевіч выслаў Танку ліст, за які той мусіў яшчэ сам і заплаціць на пошце пры атрыманні! Здаецца, хто б іншы згарэў ад сораму, што напісаў класіку з просьбай ацаніць творчасць і ён за гэта яшчэ і плаціць мусіць. Але ж гэта не пра Караткевіча! Ён знайшоў выйсце, і следам адправіў наступны ліст: «Вось яшчэ чаго не хапала, дык гэта таго, каб паэты за няпэўнае здавальненне атрымаць дзесятак кепскіх вершаў раскашэльваліся кожны раз на энную колькасць рублёў. Сапраўды, нейкае хамства, уведзенае ў прынцып. Таму вырашыў паслаць Вам за гэта маленькі падарунак і лічыць, што мы — квіты. Вы не сярдуйце, я, аднак, у неаплатным даўгу за той надпіс на кнізе, так мала я яго варты». Што там быў за падарунак — застаецца загадкай...
Чытайце яшчэ:
«Калі я буду прэзідэнтам...» Да 40-годдзя з дня смерці Уладзіміра Караткевіча
Галоўнае, што сувязі наладзіліся і Караткевіч, які тады жыў ва Украіне, стаў друкавацца ў Беларусі. Паэтычная справа пайшла. Публікацыі ў «Полымі» істотна паўплывалі на лёс Караткевіча.
Публікацыя Караткевіча ў Полымі
«Столькі задумаў і ідэй»: Караткевіч дзеліцца творчымі планамі і апраўдваецца за... мову!
Акрамя вырашэння канкрэтных спраў, у лістах да Танка Караткевіч з размахам дзеліцца сваімі творчымі планамі. Яны сапраўды ўражваюць. Для знаўцаў яго творчасці, канешне, нечаканага не будзе, Караткевіч верны сабе і сваім тэмам. Але ідэі, які раіліся ў галаве 25-гадовага пісьменніка, уражваюць. Застаецца толькі з жалем уздыхнуць: эх, вось бы рэалізаваў! Але слова самаму Караткевічу:
«Думак шмат. Тут і пра сучаснасць і пра мінулае. Ідуць перад вачыма, вусатыя, з голымі грудзямі, з суровым поглядам. Гамоняць, рухаюцца, жартуюць, б’юцца і паміраюць — іншы раз здаецца, што звар’яцеў.
А яно йдзе. Паўстанне Мурашкі, Магілёўская рэспубліка, першыя гады пасля Андрусаўскага перамір’я і расправа. Гэта можна б назваць «Жыхары дрыгвы». Ах, як хочацца рабіць! Яшчэ б напісаць дзясятак аповесцей, у якіх ахапіць гісторыю Беларусі з 1863 па 1963...»
Сапраўды ж, вось бы Караткевіч гэта ўзяў і напісаў! Цікава было б пачытаць той дзясятак аповесцей...
Малюнак Караткевіча з ліста Танку
А яшчэ маладога Караткевіча крытыкавалі за кепскую беларускую мову. Гэта пытанне ён падымае ў лісце да Танка:
«Вялюгін кажа пра маю кепскую мову. Я гэта сам ведаю, але ж скуль мне яе ўзяць, добрую мову? Я выжываю памылкі, але проста з крывёю. Орша адносна мовы наогул не запаветная зямля. Там шмат русіцызмаў, там блытаюць канчаткі роднага і, часам, меснага склону і г. д. Да таго ж і сям’я. Бацька размаўляе заўсёды на дыялекце, мова няправільная. Маці, калі захоча, можа вельмі добра гаварыць, асабліва калі распавядае пра старыя часы і розныя напаўанекдатычныя выпадкі. Але часцей за ўсё яна размаўляе па-руску, беларускія словы ўжываючы для асаблівай выразнасці. Што ж паробіш, патомная інтэлігенцыя. Іншым разам гэта ў яе бывае вельмі прыгожа і арыгінальна, але літаратурную мову я ўсё ж ведаю кепска».
І класікі, аказваецца, былі калісьці недасканалымі.
Уладзімір Караткевіч, 1950-я
Загадкавая «крыўда» Танка і рэкамендацыя для Саюза пісьменнікаў
Здавалася б, перапіска Караткевіча і Танка была плённай. Паэт дзеліцца вершамі, дзякуе за крытыку, дзеліцца планамі і шмат разважае пра літаратуру. Не толькі сваю, але і сучаснікаў. Нават свае малюнкі Танку дасылае і спрабуе сустрэцца! Класік становіцца сапраўдным ментарам для пачаткоўца. Вось што, напрыклад, Караткевіч піша: «Цалкам згодзен з думкамі і перш за ўсё дзякую Вам за добрае станаўленне, за веру ў мае сілы...».
Партрэтны класік літаратуры Максім Танк
Але ў снежні 1956-га Танк раптоўна замаўкае. Караткевіч піша яму: «Доўгі час чакаў адказу і не дачакаўся. Скажыце, Вы вельмі раззлаваліся на мяне? І за што?». А далей у лісце Караткевіч запрашае Танка на госці: «Калі асаблівай злосці на мяне няма, дык прыязджайце да нас у Оршу». Чаму Танк не адказваў Караткевічу — не вядома. Ці сапраўды была нейкая крыўда, ці гэта эмацыянальныя парывы самаго Караткевіча. Што праўда, тады, улетку 1956-га, Танк быў за мяжой і мог проста не пабачыць лісты ад маладога калегі.
Максім Танк у вандроўцы па Еўропе, 1956 год
Аднак наступныя падзеі падказваюць, што ўсё ж нейкая чорная кошка прабегла паміж Караткевічам і Танкам. У чэрвені 1957-га Караткевіч зноў піша Танку з канкрэтнай просьбай: даць яму рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў.
«Калі мяне папярэдзілі, што патрэбны рэкамендацыі ў саюз, бо заўтра будзе пленум і мяне могуць прыняць, я адразу накіраваўся з Каралішчавіч да вас, прасіць рэкамендацыі. Але вас не было...
Вы добра ведаеце мае вершы, Яўгені Іванавіч, і я, калі гэта не будзе вам цяжка, хачу прасіць Вас даць гэту другую рэцэнзію. Я ведаю, час у Вас абмежаваны, але няхай яна будзе хаця і вельмі маленькая, абы была. Вельмі Вас прашу. Калі Вы зможаце гэта зрабіць — напішыце мне два словы. Або і не пішыце, калі няма часу, а проста дайце гэту рэцэнзію».
Уладзіміра Караткевіча ў Саюз пісьменнікаў прынялі. А вось рэкамендацыі яму далі М. Лужанін, А. Вялюгін, А. Бялевіч.
Больш, здаецца, з Танкам Караткевіч не перапісваўся.