Малдова. Праеўрапейскія тэндэнцыі ці папулізм?


Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.org пра палітычную сітуацыю ў Малдове. На датэрміновых парламентскіх выбарах 11 ліпеня ў Малдове перамагла партыя падтрымліваючая дзеючую прэзідэнтку Маю Санду. Партыя PAS будзе прадстаўлена 63 дэпутатамі, яе галоўныя канкурэнты — блок сацыялістаў і камуністаў атрымалі 32 месцы у парламенце, менш уплывовая структура — партыя былога кіраўніка Оргееўскага раёна і буйнога камерсанта — Ілана Шора заваявала шэсць.


000.png
Фота: salvammoldova.org

Гэты расклад дазволіць PAS зацвердзіць кабінет міністраў і прымаць законы без перашкодаў. Такая перавага нелевай палітычнай сілы ў парламенце Малдовы склалася ўпершыню.

Таму некаторыя эксперты паспяшаліся назваць вынікі выбараў «канчатковай перамогай праеўрапейскіх сілаў» і нават «разгромам пракрамлёўскіх». Як паведамляе незалежнае румынскае выданне:

«Падчас перадвыбарчай гонкі PAS наўмысна пазбягалі тэмаў звязаных з геапалітычным выбарам. Засяроджвалі ўвагу на неабходнасці эканамічнай, судовай рэформы, зменаў у сістэме аховы здароўя».

Каб спраўдзіць сапраўднасць высноваў аб праеўрапейскім характары новага парламента варта зазірнуць у гісторыю малдаўскай палітыкі і ацаніць меркаванні ў СМІ.

Палітычныя арэлі Малдовы

Падобную перавагу — 71 месца, атрымалі ў 2001 камуністы на чале з Вароніным, якога парламент і абраў прэзідэнтам. Нягледзячы на відавочную пракрамлёўскую пазіцыю падчас выбараў, шматлікія перамовы аб уваходзе ў склад саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, спробаў надання рускай мове статусу дзяржаўнай — ужо ў 2003 Варонін заявіў аб імкненні Малдовы да ўваходу ў ЕС. Паўплывалі на такое рашэнне шматтысячныя пратэсты і ціск з боку алігархічных структураў, верагодна, няпэўнасць расійскіх гарантыў для малдаўскіх элітаў. З таго часу ў Малдове палітыка ўяўляе сабою своеасаблівыя арэлі — геапалітычныя і каштоўнасныя. Таксама вагаюцца і перакананні выбарцаў, хаця мабілізаваць свой электарат палітыкам з кожным годам становіцца ўсё цяжэй.

У 2009 парламентскія выбары скончыліся «цаглянай рэвалюцыяй», калі ў цэнтры Кішынёва незадаволены перамогай камуністаў натоўп разграміў парламент. Хапіла ўсяго некалькі тысяч чалавек і два дні пратэстаў, каб быў прызначаны пералік галасоў.

Камуністы ўсё ж атрымалі 60 месцаў у парламенце, але не здолелі абраць прэзідэнтам Вароніна (патрэбны быў 61 голас парламентароў). Таму парламент быў распушчаны. У выніку датэрміновых выбараў камуністы апынуліся ў апазіцыі. Арэлі гайдануліся ў іншы бок.

Як давялі далейшыя гады знаходжання на пасадзе прэзідэнта Дадона і істотны ўплыў у парламенце ягонай партыі сацыялістаў,

«нават самыя "пракрамлёўскія сілы" не ў стане парушыць геапалітычнае статус-кво ў Малдове». 

Любыя спробы Дадона зблізіцца з крамлём спыняліся парламентам альбо канстытуцыйным судом, які адхіляў яго ад выканнання абавязкаў шэсць разоў за час кадэнцыі.

Нельга сказаць, што выключна змены электаральных памкненняў і магчымасці да мабілізацыі пэўных колаў выбарцаў так кардынальна і сістэматычна змяняюць палітыкаў ва ўладзе. Бо падчас кожнай выбарнай кампаніі гучаць шматлікія заявы пра парушэнні, фальсіфікацыі, подкуп.

001.jpg
  Фота: 
media.publika.md

У гэтым сэнсе, здаецца, Малдова з’яўляецца адной з перадавых краінаў. Не ў сэнсе банальных ўкідаў, каруселяў, раздачы «грэчкі» і г.д. Малдаўскія палітыкі дзейнічаюць больш вынаходліва.

Напрыклад чаго вартая сетка «сацыяльных крамаў» ад палітыка-бізнэсоўца Ілана Шора, дзе пенсіянеры маюць магчымасць набываць тавары па рэальна сацыяльных коштах. Колькасць такіх магазінаў і мабільных кропак продажу сёлета сягала больш 200.

Гэта не банальная раздача прадуктаў напярэдадні выбараў. І менавіта такая тактыка дазволіла партыі Шора трапіць у парламент, лічыць былы прэмьер краіны Улад Філат.

Хаця і звычайным подкупам у Малдавіі не грэбуюць:

Блок Рэната Усатага абвінаваціў партыю Шор у раздачы 200 малдаўскіх леяў выбарцам

Цяжар надзеяў Малдовы

І Санду, і партыя PAS ішлі на выбары пад лозунгамі рэвалюцыйных зменаў у Малдове. Таму выбарцы і палітычныя канкурэнты будуць вельмі ўважліва сачыць за выкананнем абяцанняў. І ўся крытыка абрынецца зараз выключна на PAS. Санду і яе каманда анансавалі змены ў судовай, адміністратыўна-тэратарыяльнай сістэме, ахове здароўя, абяцалі прыцягненне інвестыцыяў у высокатэхналагічную сферу эканомікі. Гэта вельмі балючыя тэмы. А рэформы могуць негатыўна адбіцца на жыцці вялікай колькасці малдаванаў, што, відавочна, пагоршыць рэйтынг PAS. У такім выпадку партыйныя дзеячы, якіх і падчас перадвыбарчай кампаніі вінавацілі ў карупцыі (у некаторых СМІ PAS называюць партыяй багатых), толькі нададуць хуткасці імкліваму падзенню нядаўніх трыюмфатараў.

Былы прэм’ер падкрэслівае:

«Выбарцы у Малдове дэманструюць свядомы выбар...Але і за невыкананыя абяцанні народ будзе судзіць строга» 

Пры магчымым павольным выхадзе з эканамічнага застою звязанага з эпідэміяй, і ўзгаданым расчараванні выбарцаў, цалкам верагодна фарміраванне новага палітычнага полюса на фланзе PAS. Падобныя сітуацыі неаднаразова адбываліся ў сучаснай малдаўскай гісторыі.

Зменлівасць дэманструе хаця б вынік Блока Рэната Усатага на мінуўшых выбарах. Партыя былога кандыдата на пасаду прэзідэнта, змагара з карупцыяй Дадона, які набраў у 2020 г. 17% у першым туры, у 2021 ледзь атрымала 4% і не трапіла ў парламент.

На левым фланзе таксама магчымыя змены. Ёсць верагоднасць, што саюз камуністаў і сацыялістаў не будзе вельмі трывалым. Эксперты адзначаюць таксічнасць Дадона. Менавіта з-за яго выбарчая кааліцыя не набрала значную колькасць галасоў.

І канкураванне за знешнія рэсурсы ніхто не адмяняў.

Варыянт, што Шор і ягоная каманда можа пахіснуць першынство камуністаў і сацыялістаў на левым фланзе, не выглядае на праўдападобны. Нягледзячы на тое, што Ілан мае сярод значнай колькасці сацыяльна неабароненых групаў насельніцтва імідж «сучаснага Робін Гуда». Ён і яшчэ два дэпутата ад ягонай партыі вымушана хаваюцца ад малдаўскага правасуддзя за мяжой, у сувязі з банкаўскай афёрай вартасцю 1 млрд долараў. Сацыяльныя крамы  па ўсёй краіне з істотнымі зніжкамі для пенсіянераў наўрад ці палепшаць імідж Шора настолькі, каб ягоная структура была здатная пасунуць сацыялістаў ці камуністаў.

Але ахвочых вырваць у сённяшніх левых манаполію на гэты сектар палітычнай мапы ніколі не бракавала. Магчымы крэн у бок «праеўрапейскіх» сацыял-дэмакратаў, якія пры пагаршэнні іміджа PAS, будуць здольныя заваяваць папулярнасць сярод дыяспары, якой на мінулых выбарах мабілізавалася амаль 20% ад колькасці браўшых удзел у галасаванні.

Як падкрэслівае эксперт незалежнага румынскага выдання, у Санду і партыі працяглы час атрымлівалася лавіраваць паміж складаных тэмаў. Але выбарцы, у першую чаргу дыяспара, будуць патрабаваць у палітычнай сілы рэальных дзеяў. Што прымусіць PAS ісці на кардынальныя меры, як у эканоміцы і сацыяльнай сферы, так і ў геапалітыцы. Тады і можна будзе высветліць наколькі Санду і Ко здатныя вырашыць праблемы расійскіх войкаў у Малдове, прыцягнення інвестыцыяў, судовай рэформы. І ці не хаваецца за рыторыкай пралічанай паліттэхнолагамі, праграмамі і прамовамі, якія падабаюцца выбарцам, чарговая пустышка?

Аляксей Гайдукевіч, Budzma.by