Каталікам прапанавалі 3 ліпеня арганізаваць малітву «За Беларусь». Паглядзіце на іх адказ

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак даслаў на імя кіраўніка Каталіцкай царквы ў Беларусі Казіміра Велікасельца ліст, у якім беларускіх каталікоў просяць арганізаваць «усебеларускую малітву "За Беларусь!"».


ліст.jpg
Ліст, які атрымалі каталікі / t.me/rerumnovarum

Набажэнства «ва ўсіх касцёлах і з шырокім прыцягненнем вернікаў» мусіць адбыцца 3 ліпеня ў рамках зацверджанага Саўмінам рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па адзначэнні Года народнага адзінства.

Як адзначае Новы Час, «у мэтах найбольш шырокага ўключэння грамадзян, эфектыўнасці з пункту гледжання і ўспрымання правядзення акцыі» малітву прапануюць правесці таксама праваслаўным, юдэям і мусульманам. Запланавана шырокае прыцягненне не толькі вернікаў, але і «прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскасці, культуры і мастацтва».

Каталіцкая царква ўжо адрэагавала на атрыманы ліст:

«Калі будзе такая магчымасць, то просім дадаць заклік у агульную малітву вернікаў падчас любой святой Імшы 3 ліпеня аб еднасці і супакоі ў нашай краіне, а таксама заклік аб тым, каб рашэнні, якія прымаюцца сёння, у ХХІ стагоддзі, не вялі да таго жаху, які меў месца ў ХХ стагоддзі», — сказана ў паведамленні, падпісаным натарыусам Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксяндзом Раманам Страшко.