• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Разумняты»
  • Словы мацней
  • Вандруем разам
  • Афіша
03.04.2022 | Грамадства

Аляксандр Ждановіч: «Мне было вельмі балюча і страшна рабіць той выбар, але...»

Акцёра Аляксандра Ждановіча мы ўсе ведаем найперш як «Маляваныча» з «Калыханкі». І ён сапраўды любіць дзяцей. Аднак на творчай вечарыне ў Батумі ён выявіўся зусім з нечаканага боку, піша Сяргей Пульша на старонках «Новага Часу».


001.jpg

Ён — майстар маналогу. Яго паэтычная праграма «Часы не абіраюць» («Времена не выбирают») можна сказаць, выпакутаваная жыццём. Пра тое, як стварылася «праграма для дарослых», чаму ён удзячны 2020 году і ці сапраўды ў нас цяпер цяжкія часы, ён і расказваў гледачам на працягу дзвюх гадзін.

Шлях да мовы

Дзіўна, але Маляваныч насамрэч да 2020 года не быў беларускамоўным, нягледзячы на тое, што 20 гадоў вёў «Калыханку».

— Я Маляваныч, так, але 35 гадоў я працаваў у Рускім драматычным тэатры імя Горкага. Адкуль быў паспяхова звольнены. Вёў «Калыханку» амаль 20 гадоў. Мяне адтуль як бы не звольнілі, але адправілі Маляваныча ў космас яшчэ ў 2015 годзе. Але мяне гэты Маляваныч ізноў насцігнуў. Пасля жодзінскага вопыту да мяне звярнуліся адразу два ютуб-канала. На адным я казачнік Алесь, а на другім — «Бэйбусе», якім займаецца Беларуская рада культуры, я ім вельмі ўдзячны, — сталі працягваць «казкі з Маляванычам».

002.jpg

Учора з дзецьмі мы высвятлялі, якая мова самая галоўная? Мы размаўлялі з імі на сабачай мове, на кацінай, на свінячай, на рускай, на беларускай, і на ўсіх мовах мы разумеліся. Таму я адразу хачу папрасіць прабачэння, насамрэч я — не беларускамоўны чалавек (сказаў Маляваныч на чысцюткай беларускай мове — аўт.). Гэта крыху дзіўна, але так здарылася. Я пачаў актыўна ўжываць беларускую мову толькі пасля 2020 года, які мяне ўвогуле змяніў. У тым ліку і ў пытанні мовы.

003.jpg

Я саромеўся таго, што мой бацька размаўляе на «трасянцы». І я лічу сябе чалавекам рускай культуры. Я працаваў у рускім тэатры, я люблю і не адмаўляюся ад рускай культуры. І я думаю, што праблема ў тым, — гэта мой прыклад, але, мяркую, гэта тыповая сітуацыя, — калі чалавек кажа, што «лепш я буду добра размаўляць па-руску, чым абы-як, на трасянцы, па-беларуску».

Я цяпер думаю, што гэта памылка. Трэба пачынаць з чагосьці і не баяцца памыляцца. І ведаеце што? Хочаце верце, хочаце не, мне прысніўся мой бацька, які размаўляў на трасянцы, і сказаў мне: «Размаўляй, як ты хочаш».

Адкуль яшчэ ідзе любоў да літаратуры, да паэзіі, да беларускага слова, — я лічу, што з вымаўлення. У мяне быў добры класны настаўнік сцэнічнага маўлення, — Ілля Львовіч Курган. Гэта чалавек, срэбны голас беларускага радыё 1950-х — 1970-х гадоў, пра якога Левітан сказаў: «Вам не патрэбны Левітан, у вас ёсць Ілля Курган». Менавіта ён прывучыў чуць мову, і чуць беларускую мову. Не «снег», а «сьнег», «сьпеў», каханьне" і гэтак далей. Спадзяюся, што гэта са мной засталося.

2020-ты, які ўсё змяніў 

004.jpg

Змены Аляксандра Ждановіча напаткалі, як і большасць беларусаў, выключна ў 2020-м. Прычым паўплывалі не толькі шматлікія акцыі і адсідка. Ён кажа, што найперш на яго паўплывалі людзі, якія ў нечым нават разбурылі яго ўяўленне пра беларусаў.

— Мне заўсёды ў рамках драматычнага акцёра было мала месца. Я і маляваў — вось адсюль Маляваныч, я нешта пісаў. Даволі даўно я рабіў такія паэтычныя, літаратурныя вечарыны. Рэпертуар рознай паэзіі ў мяне быў. Але, калі пачаўся 2020 год, то калі я пабачыў гэтыя дваровыя сустрэчы, канцэрты — мяне ўзяла зайздрасць.

Мне не вельмі падабаецца нашая такая рыса беларуская, нейкай раз’яднанасці, кожны па сваіх хатах... А тут я раптам пабачыў, калі людзі прыходзілі яшчэ да жніўня на вялікія сустрэчы да Ціханоўскай, збіралася па шэсць тысяч чалавек... Мне потым казалі не пра «шмат людзей», а пра тое, якія ў людзей твары: «Я пабачыў столькі светлых, прыемных, выдатных твараў!» Менавіта гэтыя светлыя твары я пабачыў на дваровых канцэртах, і мне вельмі захацелася таксама паўдзельнічаць у іх. Але я не спяваю, я не танчу, у мяне не было да гэтых падзей нейкіх асаблівых вершаў. І тады я пачаў складаць такую праграму актуальных вершаў. А потым склалася нейкая канцэпцыя.

Але час ішоў, пачаўся кастрычнік, мне так і не выпала паўдзельнічаць у гэтых канцэртах. І першая такая імпрэза адбылася ў камеры нумар 34 у Жодзінскай турме. Час ідзе там вельмі марудна, і мае мужыкі, з якімі я сябрую і зараз, яны сядалі абсалютна як у тэатры, такім амфітэатрам: партэр, бельэтаж, балкон — сур’ёзна, так і было, — а я ля гэтай парашы чытаў ім Бродскага...

Часы не абіраюць 

005.jpg

Цяпер праграма Ждановіча складаецца з вершаў Бродскага, Мандэльштама, Пастэрнака, Галіча, Еўтушэнкі. Ён адкрыў для сябе вершы Уладзіміра Караткевіча. Чытае і Максіма Багдановіча, Анатоля Сыса. І Шэкспіра, і Пушкіна. І ва ўсіх гэтых вершах ён знаходзіць нешта сугучнае нашаму часу. Сапраўды, ніводзін час нельга назваць лёгкім і ў любы час даводзіцца рабіць свой выбар. Выбар паміж свабодаю і прыстасаваннем, напрыклад.

— Людзі не ведаюць над чым у гэтыя даволі цяжкія часы, псіхалагічна цяжкія, душэўна цяжкія, — дзе шукаць паратунак? На што абапірацца? Мой рэцэпт, якім я з вамі паспрабую падзяліцца, на мой погляд, гэта тое, што нам падаецца, што нас кінулі ў гэты час жахлівы, і мы такія няшчасныя, за што ўсё гэта з намі адбываецца... А мне здаецца, што ўсё гэта — на жаль, альбо, можа, дзякуй Богу, было, ёсць і будзе. І людзі праходзілі ўсе гэтыя шляхі, выносілі свой досвед — тыя людзі, імёны якіх засталіся ў літаратуры, у паэзіі, якія на мой погляд могуць быць для нас узорам, прыкладам. Нягледзячы на тое, што нехта быў фізічна знішчаны, а нехта вымушаны быў з’ехаць з радзімы. Ці проста быў прыніжаны.

На мой погляд, яны пераможцы. Таму што яны не здрадзілі ідэалам, нейкім сваім жыццёвым прынцыпам.

Ва ўсе часы былі тыя, хто адмаўляўся дзеля сваіх ідэалаў і прынцыпаў ад даволі шчаснага жыцця. І цяпер мы ведаем гэтых людзей менавіта дзякуючы таму, што яны абралі прынцыповую пазіцыю. Як прыклад, Аляксандр Ждановіч прыводзіць савецкага паэта-дысідэнта Аляксандра Галіча. Але ж Галіч не заўсёды быў дысідэнтам!

— Ён быў вельмі паспяховым савецкім драматургам, сцэнарыстам, усё было нармальна. (Галіч — аўтар сцэнароў такіх знакавых савецкіх фільмаў, як «Верныя сябры», «Бягучая па хвалях», «Дайце кнігу скаргаў» — адзін з першых фільмаў Эльдара Разанава. А за стужку «Дзяржаўны злачынца» ён быў нават узнагароджаны граматай КДБ СССР — аўт.). Але потым ён піша п’есу «Матроская цішыня», яе забараняюць, і гэта было апошняй кропляй, з-за якой ён кінуў усё, пачаў пісаць песні і вершы, з-за якіх мы яго ведаем і ўдзячныя яму.

Чаму чалавек так абірае? Таму што інакш ён не можа.

Мяне часта пытаюцца, як я стаўлюся да калег, якія, там, вядуць прэзідэнцкія канцэрты... Я не асуджаю іх. Кожны абірае сам, што яму добра. Але мне падаецца, мы і ёсць тое, што мы выбіраем. Мне было вельмі балюча і страшна рабіць той выбар, але, як і ўсё маё пакаленне, я нясу тую віну за тое, што адбывалася і адбываецца — за маўчанне, за абыякавасць. Гэты выбар рабіць вельмі цяжка і неабходна.

25 гадоў абыякавасці. Цяпер за дзень я даведваюся больш, чым за 25 гадоў. Я хачу зразумець, дзе, што, «дзе праўда, брат». Час вельмі сціснуўся, нешта адбываецца неверагоднае: тое што было не тое што месяц таму — тыдзень-два, ужо неактуальнае. Ужо забылі пра кавід. Вельмі крыўдна, але забылі пра катаванні 2020 года, пра 2020 год, і пра Беларусь, — а так не павінна быць.

Маляваныч назаўжды? 

006.jpg

Канечне, Аляксандр Ждановіч раскрыўся гледачам з іншага боку — аматара паэзіі, выдатнага драматычнага акцёра, майстры хай імправізаванай гэтым разам, але сцэны. Тым не менш ён сам лічыць, што, напэўна, назаўсёды застанецца тым самым Маляванычам з «Калыханкі». І гэта яго насамрэч не вельмі бянтэжыць.

— Напэўна, што я пакіну добрае — гэта ўсё ж Маляваныч, нікуды не падзенешся. Ад лёсу не сыдзеш, і жыццё больш мудрае, больш цікавае за нашыя нейкія погляды на саміх сябе, за наш час. Я ўвесь час хацеў саскочыць з гэтага Маляваныча. Канечне, ён перашкаджаў нейкаму акцёрскаму развіццю, калі над чалавекам вісіць гэты вобраз папулярнага, дзіцячага вядоўцы. Але...

007.jpg

Напрыклад, у XVII стагоддзі жыў нейкі бюргер. Пісаў раманы, праводзіў нейкую грамадска-палітычную дзейнасць. І, напэўна, ён думаў, што ў гэтым ёсць яго місія. Але неяк ад няма чаго рабіць, жадаючы пажартаваць, ён для сяброў піша некалькі апавяданняў пра барона, які лятаў на ядры і выцягваў сябе за валасы з багны. І хто б ведаў таго Распэ, з яго раманамі і дзейнасцю, калі б ён не напісаў пра барона?

Таму і мяне, напэўна, будуць несці ўперад нагамі і казаць: "Маляваныч..."

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Краіна

Бацькі Маргарыты Ляўчук на волі

Па папярэдняй інфармацыі, іх ужо паспелі асудзіць за непадпарадкаванне. Вынік — штраф, эквівалентны эквивалентны...

valiancina_shauchenka
Грамадскі сектар

Да 15 гадоў. У чэрвені пройдуць ПЯЦЬ крымінальных працэсаў над журналістамі

У чэрвені пройдуць судовыя працэсы па крымінальных справах супраць шасці супрацоўнікаў медыя, піша прэс-служба Беларускай...

valiancina_shauchenka
Грамадства Адукацыя

Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі

Выхаванне дзяцей — не самая простая задача. Капрызы, істэрыкі — гэта толькі частка праблем, з якімі сутыкаюцца...

valiancina_shauchenka
Грамадства Краіна

Затрыманы журналіст Алесь Любянчук

Яго затрымалі дома ў вёсцы Крывічы, на Іўеўшчыне. Верагодна, адбыўся ператрус. Любянчук пэўны час ужо не займаўся...

Апошнія навіны

    Краіна
    Бацькі Маргарыты Ляўчук на волі
    Грамадскі сектар
    Да 15 гадоў. У чэрвені пройдуць ПЯЦЬ крымінальных працэсаў над журналістамі
    Грамадства Адукацыя
    Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі
    Грамадства Краіна
    Затрыманы журналіст Алесь Любянчук
    Музыка Грамадства
    Затрымалі бацькоў опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук, у былым доме Андрэя Павука – ператрус
    Вандруем разам
    У Полацк — на выхадныя: што паглядзець у самым старажытным беларускім горадзе
    Адукацыя Краіна
    У Мінадукацыі распавялі, што можа замяніць ЦТ
    Літаратура
    Цяпер першыя кніжкі пра Гары Потэра можна бясплатна і легальна прачытаць па-украінску
    Культура Грамадства
    Кроў іншых. Пра вайну разам з Сымонай дэ Бавуар
    Грамадства
    Паўліна Скурко: Мы як сям’я і як народ павінны ператварыць гэтыя пакуты ў нешта вельмі каштоўнае, інакш нельга
    Культура Мастацтва
    «Хочацца папрасіць балерын максімальна падтрымліваць форму»: мастак Аляксандр Бельскі аб цэнзуры «Арт-Менска», забароне кніг Оруэла і Бахарэвіча і «дзюрах і плынях» сістэмы
    Грамадства
    Рэдактарку «Новага Часу» Аксану Колб будуць судзіць 7 чэрвеня
    Грамадства
    Да тэлеграм-каналаў выдавецтва «Янушкевіч» і праекту «Белліт» атрымалі доступ прапагандысты
    Грамадства
    Прызначана дата суда над сацыёлагам Таццянай Вадалажскай
    Грамадства
    Як «выжыць» ва ўмовах міжнароднага хейтынгу. Парады псіхолага

Афіша

  • 26.05

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Анлайн-сустрэча з Аленай Маркавай: «Дзве хвалі беларусізацыі: мова, дзяржава і ідэнтычнасць»

  • 26.05 — 29.05Замкі і сядзібы Беларусі ў акварэлях Марыі Сыракваш у Мінску
  • 26.05 — 15.06Выстава графікі Валерыя Славука ў Мінску
  • 26.05 — 30.05Віртуальная выстава «КАНДРАТ КРАПІВА: да 100-годдзя пачатку творчай дзейнасці»
  • 26.05 — 12.06Выстава Ядвігі Раздзялоўскай у Мінску
  • 26.05 — 29.05Персанальная выстава Дзяніса Барсукова «Ён, Яна, Яны» ў Мінску
  • 26.05 — 28.05Анлайн-фестываль беларускіх фільмаў «Невядомы ўсход»
  • 26.05 — 29.05Выстава «Жывая вада» ў Гомелі

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Артыстка Кацярына Ваданосава распавяла, што ў яе выявілі рак
    • Мінінфарм Беларусі скардзіцца, што тэлеканал АНТ амаль ніхто не глядзіць
    • «Нам варта быць самадастатковымі і шукаць сябе ў сабе». Вера Дзядок пра Нацыянальны мастацкі музей, постакаланіязм і маніпуляванне ідэнтычнасцю
    • У лепшы свет сышоў сузаснавальнік групы «Веласіпедысты», музыкант Дзяніс Кукоўскі
    • Мастацкія творы (яшчэ не забароненыя), якія дапамогуць беларусам усвядоміць рэчаіснасць
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM