Спякотны дзень 20 жніўня лепей за ўсё правесці ў гасцях. Асабліва калі ў госці запрасіў сам Цмок, які жыве ў прыгожым і вялікім Лепельскім возеры. Кампанія “Будзьма беларусамі!” ужо не першы год падтрымлівае лепельскі фэст. І вось у межах кампаніі тэатрык “Лямцавая батлейка” завітаў у лепельскі парк на Дзіцячы пагорак са спектаклем “Хутчэй, Мама Му!”.
На пачатку фестываля акторкі тэатра Вераніка Фаміна і Бэла Кавалькова разам з лялькамі павіталіся з гледачамі і зрабілі абвестку: спектакль адбудзецца ў 14.00. Сабраліся дзеткі, селі на лавачкі і пачаўся цуд. Найперш высветлілася, што дзякуючы Францішку Скарыне ўжо 500 год друкуюцца кніжкі на беларускай мове. Нядаўна выйшла новая кніжка шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр “Хутчэй, Мама Му!” у перакладзе Надзеі Кандрусевіч, выдавецтва “Логвінаў”. Пасля спробаў дзяцей і дарослых перакладаць са шведскай мовы на беларускую, усім былі ўручаны маленькія падаруначкі ад кампаніі “Будзьма!” – паштовачкі для паўтарэнне ці вывучэння беларускіх слоў.
Дзеткі беларускія словы паўтарылі, дапамаглі Маме Му і Крумкачу дзьмуць у ветразь, навучыліся размаўляць як кіты і рыбы і, канешне, зрабілі караблікі. Папяровыя караблікі, з чароўнымі беларускімі назвамі, якія можна пускаць па вадзе Лепельскага мора, паплылі ў краіну цудаў, дзе Мама Му зрабіла з малака карамелькі і пачаставала ўсіх дзетак і дарослых.
Да пабачэння! Да новых сустрэч! Чытайце кніжкі на роднай мове!
Калі Вы жадаеце, каб вясёлая Мама Му, у выкананні “Лямцавай батлейкі” прыехала да вас у вашую школу ці бібліятэку і арганізавала сапраўднае шоў для дзетак альбо дарослых, пішыце на скрыню razam@budzma.org, і ваш зварот не застанецца без увагі.
Спектакль “Мама Му” ўжо прайшоў з посьпехам у розных гарадах і рэгіёнах Беларусі (Мінск, Брэст, Віцебск, Гродна, Дзяржынск, Слуцк, Заслаўе, Ждановічы, Мар’іна Горка). А патэнцыйным арганізатарам паведамляем, што пастанова разлічана на школьнікаў малодшага ўзросту.
Коратка пра аўтарку. Юя Вісландэр (Jujja Vislander) – шведская дзіцячая пісьменніца (нарадзілася ў 1944г.), вядомая сваімі вясёлымі гісторыямі аб цудоўнай і адважнай гарэзе – карове Му, яе сябру-хвальку крумкачы Краксе, ды іх сумесных прыгодах. У 2005 г. творчы дуэт Юі і Тумаса Вісландэраў быў угараваны прэміяй імя Астрыд Ліндгрэн.