У сённяшняй вандроўцы прапануем выправіцца на шпацыр па Старой Рызе. Сябра Асацыяцыi беларусаў Латвіі «Суполка» Дзянic Давыдаў падрыхтаваў інтэрактыўную мапу беларускіх мясцiн горада, i першы маршрут на ёй прысвечаны гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут пабачым месца, дзе ўпершыню быў узняты бел-чырвона-белы сцяг у горадзе, будынкі, дзе месцілася вайскова-дыпламатычная місія БНР, беларускія навучальныя ўстановы, друкаваліся беларускія перыядычныя выданні ды кнігі, адбываліся імпрэзы, спектаклі і іншыя значныя для беларусаў падзеі. А для аматараў югендстылю будзе шмат прыгожых мадэрновых будынкаў, якімі вядомая Рыга.
Панарама Рыгі. Фота: lightingstores.eu
Першае консульства БНР (Mazā Pils iela 3)
Пачнем нашую вандроўку з будынка, дзе ў кватэры № 3 месціўся кансулат БНР з верасня па кастрычнік 1919 года. На гэтым будынку 26 верасня 1919 года ўпершыню ў Рызе быў узняты беларускі бел-чырвона-белы сцяг. Вось што пра гэтую падзею пісала газета «Сегодня» ад 27.09.1919:
«Вчера по Малой Замковой улицѣ № 3 у дома, гдѣ помѣщается бѣлорусскій рижскій представитель, быль поднять новый для Риги бѣлорусскій національный флагъ, составленный из трех параллельныхъ полось бѣло-красно-благо цвѣтовъ».
Колішняе консульства БНР у Рызе
Дом, дзе месцілася консульства БНР у 1919–1920 гг. Крыніца: Фэйсбук-старонка «Беларусы ў Рызе»
Рыжская Ратуша (Rātslaukums 1)
Яшчэ да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ля будынка мясцовай ратушы на 20 ліпеня 1917 года быў прызначаны першы арганізацыйны збор Беларускага Камітэта. Абвестка пра гэтую падзею была надрукавана ў № 161 газеты «Рижское обозрение» ад 19.07.1917:
«Организаціонный Бѣлорусскій комитеть проситъ товарищей бѣлоруссовъ 20 іюля, въ четвергъ, прибыть на собраніе въ г. Ригѣ, къ 18 1/2 час. (Ратушная пл. 1 пом. не п. к.) для разсмотрѣнія вопроса о націонализации группы и др».
Рыжская ратуша
Колішні будынак Нямецкага рамеснiцкага таварыства (Vaļņu iela, 30)
Наступным пунктам маршрута будзе будынак, дзе неўзабаве пасля арганізацыйнага збору Беларускага Камітэта, 2 жніўня 1917 года адбыўся Сход беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту. Вялiкi мiтынг, якi стаўся пачаткам арганiзацыi, быў ініцыяваны Я. Мамонькам i Е. Макарэвiчам у вялiкай зале Нямецкага рамеснiцкага таварыства. Пра гэтую падзею ўзгадваў Кастусь Езавітаў у сваіх успамінах у працы «Беларусы ў Латвіі». А дакладная дата падзеі захавалася ў № 186 газеты «Рижское утро».
Будынак колішняга Нямецкага рамеснiцкага таварыства
Будынак колішняга Нямецкага рамеснiцкага таварыства, пачатак ХХ стагоддзя. Фота: Фэйсбук-старонка «Беларусы ў Рызе»
Абвестка ў газеце «Рижское утро». Фота: Фэйсбук-старонка «Беларусы ў Рызе»
Будынак таварыства «Кармель» (Dzirnavu iela 74)
Наступным пунктам вандроўкі па беларускіх мясцінах Рыгі будзе будынак, дзе месцілася таварыства «Кармель». Тут, у вялікай залі 7 верасня 1919 года ўрачыста распачаўся 1-шы агульны сход Беларускай Калоніі ў Латвіі, якая налічвала на той момант каля 500 беларускіх грамадзян, што знаходзіліся на той момант у Рызе. Захаваўся артыкул аб гэтай значнай падзеі на першай старонцы газеты «Rigasche Rundschau»:
«...Бацькаўшчына кліча сваіх сыноў і дачок да супрацоўнiцтва, каб пабудоваць сваю дзяржаву. Стагодзьдзямі народ знаходзіўся ў няволі і пад нацыянальным прыгнётам, без сваёй школы, без кніжак і газэт. Зараз прыйшоў час адраджэння спакойнай і міралюбівай беларускай нацыi...
У Горадні часова размешчаны нацыянальны ўрад — Рада Беларускай Народнай Рэспублікі са сталым кіраўніком Антонам Луцкевічам на чале... Зараз фармуюцца ўласныя школы, органы ўлады, сваё войска. Свяшчэннаслужыцелі, служачыя і афіцэры вучацца чытаць і пісаць на забытай роднай мове...»
Колішні будынак таварыства «Кармель». Фота: c24lv.img-bcg.eu
Вайскова-дыпламатычная місія БНР (Krišjāņa Valdemāra iela, 20)
Далей рушым да будынка, які займала вайскова-дыпламатычная міся Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі. Кіраўніком яе быў палкоўнік, пасля траўня 1920 генерал-маёр, Кастусь Езавітаў. Яшчэ будынак вядомы тым, што ў перыяд з кастрычніка 1919 па студзень 1920 года з вуліцы Малой Замкавай сюды пераехаў Кансулат БНР.
Вайскова-дыпламатычная місія БНР. Фота: photoriga.com
Кансулат БНР (Kalpaka bulvāris 7)
У гэты будынак у кватэру № 3 у перыяд з 8 студзеня 1920 г. па 1 лютага 1921 г перамясціўся Кансулат БНР. Тут жа ў кватэры № 5 знаходзілася рэдакцыя ілюстраванага літаратурна-грамадскага часопiса «На чужыне», што выдаваўся з ініцыятывы рыжскага аддзела культурна-асветніцкага таварыства «Бацькаўшчына».
Вокладка часопіса «На чужыне»
3 сакавіка 1920 года быў выдадзены адзіны нумар штомесячніка. Планавалася працягваць друк часопіса, але на загад міністра ўнутраных спраў Латвіі выданне было забаронена. Нагодай стала мапа Беларусі, надрукаваная на вокладцы, якая ўключала частку тэрыторыі Латвійскай Рэспублікі.
Колішні кансулат БНР у Рызе. Фота: starlex.lv
Рада беларускай калоніі ў Латвіі 1920. Сядзяць (справа налева): консул БНР у Рызе Б. Шымковіч, намеснік старшыні Рады А. Сцяпура, старшыня Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі К. Езавітаў, старшыня Рады Я. Данілюк, прадстаўнік асобага аддзелу БНР у Эстоніі Мінгрэльскі; стаяць сябры Рады: Я. Спіцын, В. Найдзёнаў, П. Цвяткоў, В. Быкаў, Р. Казячы, Д. Кадаўва, В. Дзюбанаў, А. Калмановіч
Культурна-асветніцкае таварыства «Бацькаўшчына» (Vaļņu iela 3)
У будынку па вуліцы Вялiкай Крапасной 3/5 з сакавіка 1920 года размясціўся рыжскі аддзел культурна-асветніцкага таварыства «Бацькаўшчына», створанага ў Мінску ў верасні 1918 года. Заснаваннем Рыжскага аддзелу ўстановы апекаваўся старшыня вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі Кастусь Езавітаў. Таварыства займалася выданнем беларускіх кніг ды часопіса «На чужыне», арганізацыяй беларускіх імпрэзаў у Рызе. Дзейнічала «Бацькаўшчына» ў Рызе да 1921 года, пасля было перастворана ўжо ў Дзвінску. Вось як асвятляла заснаванне «Бацькаўшчыны» ў сталіцы Латвіі мясцовая газета «Сегодня» № 53, 1920 г.:
«Вчера (3 сакавiка) бѣлорусская колонія въ Ригѣ праздновала открытіе клуба культурно-просвѣтительнаго общества «Батьковщина»... Клубь занимаетъ великолепное помѣщеніе, сь зрительнымъ заломъ, гостинными, буфетомъ и пр. На открытие собралось много публики».
Будынак, дзе месцілася культурна-асветніцкае таварыства «Бацькаўшчына». Фота: 15 c24lv.img-bcg.eu
У двары колішняга будынка Культурна-асветніцкага таварыства «Бацькаўшчына». Фота: cdn.incity.lv
Дзякуючы Кастусю Езавітаву беларуская супольнасць у Рызе сталася, бадай, найлепш арганізаванай з усіх, што існавалі ў суседніх краінах. Ён быў намеснікам старшыні «Бацькаўшчыны», узначальваў беларускае выдавецтва, таварыствы беларусаў-выбаршчыкаў, беларускіх настаўнікаў, навукова-краязнаўчае, рэдагаваў газету «Голас беларуса» і часопіс «Беларуская школа ў Латвіі». За сваю працу на карысць беларушчыны чатыры разы арыштоўваўся латвійскімі ўладамі.
Кастусь Езавітаў
Беларускае выдавецтва ў Латвіі (Ģertrūdes iela 80)
У Рызе было і беларускае выдавецтва, дзе выходзілі значныя для нацыянальнага руху перыядычныя друкаваныя выданні і кнігі, прысвечаныя беларусам і іх жыццю ў Латвіі. У міжваенны час яно месцілася па вуліцы Гертрудзінскай, 80. Тут жа знаходзілася рэдакцыя ўжо згаданага часопіса пад рэдакцыяй Кастуся Езавітава «Беларуская школа ў Латвіі». Часопіс выходзіў раз на два месяцы з 1926 па 1929 і з 1932 па 1933. На жаль, будынак Беларускага выдавецтва да нашых дзён не захаваўся.
Вокладка часопіса «Беларуская школа ў Латвіі»
Працяг будзе.
Язэп Вараніцкі, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Гайд па беларускай Рызе. Пакрокава — ад гісторыі да нашых дзён