Гісторыя беларускай дыяспары ў Латвіі — як авантурна-прыгодніцкі раман. Першыя беларусы з’явіліся тут яшчэ ў Сярэднявеччы, і яны перажылі разам з латышскім народам усе пакручастыя перыпетыі здабыцця незалежнасці і захавання сябе як нацыі. Беларусы, якія прыехалі ў Латвію пасля 2020 года, насамрэч колькасна — вельмі малалікая хваля эміграцыі, і ім бывае няпроста разабрацца, як уладкавана сацыяльнае і культурнае жыццё беларускай нацменшасці. Дзе ў Рызе шукаць сваіх, якія мясціны нагадваюць нам пра нашы карані, і чаму тут беларусаў днём з вагнём не знойдзеш, хаця насамрэч іх даволі шмат — паспрабуем разабрацца на budzma.org.
Беларусы ля помніка Свабоды ў цэнтры Рыгі. Крыніца: Беларусы ў Рызе / Белорусы в Риге
Трохі статыстыкі. Беларусы Латвіі — афіцыйна і неафіцыйна
Беларусы — другая па колькасці нацыянальная меншасць у Латвіі пасля рускіх. Тут жывуць каля 56 тысяч беларусаў, з іх непасрэдна ў Рызе — каля 30 тысяч, у такім рэгіёне як Латгалія — 19 тысяч. Большая частка нашых землякоў, акрамя сталіцы, пасяліліся ў вялікіх латвійскіх гарадах: Даўгаўпілсе, Ліепаі, Вентспілсе, Елгаве.
У беларусаў і латышоў доўгая гісторыя суседскіх адносінаў: крывічы з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Латвіі яшчэ ў Сярэднявеччы, і гэта лагічна, бо ўздоўж Даўгавы (Заходняй Дзвіны) праходзіў водны гандлёвы шлях. Продкі латышоў і беларусаў разам змагаліся супраць крыжакоў, а ў часы Расійскай імперыі, калі Латгалія ўваходзіла ў склад Віцебскай губерні, у Латвіі жылі каля 75 тысяч беларусаў. Як толькі Латвія здабыла незалежнасць у 1920 годзе, яна прадаставіла беларусам статус нацыянальнай меншасці, латвійскае грамадзянства і права на нацыянальна-культурную аўтаномію.
Беларусы 1920-х — 1930-х гадоў. Крыніца: wikipedia.org
1920-я — 1930-я гады, міжваенны перыяд — перыяд росквіту беларускай нацыянальнай меншасці ў Латвіі. У гэты час было створана некалькі культурна-асветніцкіх супольнасцей («Бацькаўшчына», «Беларуская хата», «Рунь»), каля 40 школ, дзве беларускія гімназіі, два тэатры — у Рызе і Даўгаўпілсе, газета «Голас беларуса» і некалькі часопісаў.
Аднак ужо ў перапісе 1935 года ў Латвіі было ўсяго 26,9 тысячы беларусаў. Куды падзеліся астатнія з вышэйзгаданых 75 тысяч, спытаеце вы? Гэта звязана з тым, што беларусаў часта фармальна залічалі да іншых нацый, у першую чаргу — да рускіх. Пакуль у цяжкіх гістарычных варунках латышы змагаліся за сваю незалежнасць і нарэшце здабылі яе канчаткова, беларусы таксама падвяргаліся палітыцы русіфікацыі і «саветызацыі».
Найбольшая колькасць беларусаў прыехала ў Латвію ў 1959–1989 гадах. У асноўным гэта былі рабочыя і маладыя спецыялісты пасля заканчэння беларускіх універсітэтаў, а таксама салдаты і афіцэры, якія засталіся тут пасля службы ў войску. На той момант большая частка беларусаў ужо фактычна страціла сваю нацыянальную самасвядомасць, а роднай мовай лічыла рускую.
Беларусам, якія прыехалі ў Латвію пасля пратэстаў 2020 года, ратуючыся ад пераследу на радзіме за палітычныя перакананні, бывае спачатку цяжка разабрацца, дзе шукаць сваіх. Здавалася б, яшчэ ў 2003 годзе быў створаны Саюз беларусаў Латвіі, куды ўваходзяць ажно 15 (!) грамадскіх арганізацый. Аднак варта толькі прыгледзецца, і мы высветлім, што гэтыя супольнасці фармальна прыладкаваны да беларускіх дзяржаўных структур, і што іх дзейнасць па факце — квазінацыянальная, падсветленая ідэалогіяй лукашэнкаўскага рэжыму. Таму не спяшайцеся на імпрэзу, пабачыўшы абвестку ў інтэрнэце — гэта можа аказацца «шабашом ведзьмаў», а замест бел-чырвона-белага вы пабачыце нешта зусім чырвона-зялёнае. Пра сапраўдныя яўкі і паролі мы зараз распавядзем.
Жывая гісторыя. Беларускія кропкі на мапе Старой Рыгі
Сквер імя Францішка Скарыны
Добрая навіна: сквер уздоўж вуліцы Лачплеша ў Рызе будзе насіць імя беларускага першадрукара Францыска Скарыны. На днях Камітэт па развіцці горада Рыгі адобрыў новую назву.
Ініцыятарамі змен у назве сквера выступілі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Латвіі Андрыс Вілкс, прадстаўнікі беларускай дыяспары Вячка Целеш і Дзяніс Давыдаў.
Месца будучага сквера імя Францішка Скарыны. Крыніца: Сайт Рыжскай думы
Разам з прадстаўніцай па нацыянальным адраджэнні Кабінета Алінай Коўшык, падчас яе летняга візіту ў Латвію, ініцыятары сустрэліся з уладамі горада і дасягнулі паразумення па гэтым пытанні.
Праўда, ёсць адзін нюанс: гэтае рашэнне яшчэ павінна адобрыць гарадская дума. Аднак паколькі гэтае пытанне вырашаецца ўжо вельмі даўно, мы верым, што фармальнасці будуць завершаны хутка і станоўча.
Экскурсійны маршрут часоў БНР у Рызе
Энтузіясты сучаснай беларускай дыяспары правялі карпатлівую працу ў латвійскіх архівах, кансультаваліся з мясцовымі і беларускімі навукоўцамі, і па драбніцах пачалі аднаўляць гісторыю жыцця і працы дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі ў Рызе.
Узяўшы ў рукі мапу (глядзіце тут), мы зможам прайсціся па Старой Рызе і зразумець, наколькі актыўнай была дзейнасць беларускай дыяспары міжваеннага перыяду. У спісе 32 геаграфічныя пункты, і спіс уражвае: Арганізацыйны Беларускі камітэт, Ваенна-дыпламатычная місія БНР, Таварыства беларускай моладзі, Бюро Таварыства Беларускага тэатра, Беларускае выдавецтва ў Латвіі, 1-я і 2-я беларускія пачатковыя школы, беларуская вячэрняя гімназія, Таварыства беларускіх настаўнікаў. Выходзілі друкаваныя выданні, прысвечаныя беларусам і іх жыццю ў Латвіі.
Дом, дзе месцілася консульства БНР у 1919–1920 гг. Крыніца: Фэйсбук-старонка «Беларусы ў Рызе»
Дарэчы, упершыню бел-чырвона-белы сцяг быў узняты ў Рызе 26 верасня 1919 года, у дзень, калі пачало працу консульства БНР: «Вчера по Малой Замковой улицѣ № 3 (сейчас Mazā Pils iela 3 — рэд.) у дома, гдѣ помѣщается бѣлорусскій рижскій представитель, быль поднять новый для Риги бѣлорусскій національный флагъ, составленный из трех параллельныхъ полось бѣло-красно-бѣлаго цвѣтовъ», — напісала газета «Сегодня» 27 верасня 1919 года.
Сцяг каля Латвійскай нацыянальнай бібліятэкі быў прыспушчаны 12 ліпеня 2023 года ў знак жалобы па загінулым за кратамі мастаку Алесю Пушкіне. Беларусы Латвіі правялі акцыю памяці творцы. Крыніца: асабісты архіў аўтара
Беларусы каля Латвійскай нацыянальнай бібліятэкі. Крыніца: асабісты архіў аўтара
Сёння бел-чырвона-белы сцяг, размешчаны як сімвал салідарнасці з Вольнай Беларуссю, мы можам убачыць каля Латвійскай нацыянальнай бібліятэкі.
Беларуская Рыга сёння: беларусы шукаюць сябе наноў
Так склалася, што беларусы Латвіі збольшага камунікуюць у віртуальнай прасторы, а сустракаюцца ў горадзе ў асобныя даты, пры арганізацыі беларускіх імпрэзаў. Напрыклад, на акцыях у падтрымку палітвязняў, або на Дзень Волі, або на важныя для латышоў святы, такія як Дзень Лачплесіса і Дзень абвяшчэння незалежнасці Латвійскай Рэспублікі. То-бок у Рызе пакуль няма Беларускага дома, крэатыўнай прасторы, моладзевага хаба або каворкінгу, куды можна прыйсці адвольна, у любы дзень папіць кавы, папрацаваць і пабачыць суайчыннікаў. Аднак некаторыя знакавыя месцы сустрэчы ў беларусаў у Рызе ўсё-такі ёсць.
Беларусы ў цэнтры Рыгі падчас адной з акцый. Крыніца: асабісты архіў аўтара
Латвійскае таварыства беларускай культуры «Сьвітанак»
У 1988 годзе ў Рызе было заснаванае латвійскае таварыства беларускай культуры «Сьвітанак». Дзякуючы дзейнасці таварыства ў свой час у Рызе была адчынена беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы. Сёння выкладанне ў школе вядзецца на латышскай, беларускай і расейскай мовах. Беларуская мова выкарыстоўваецца на гадзінах мовы і літаратуры, а таксама на пазакласных мерапрыемствах.
Рыжская беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы. Крыніца: wikipedia.org
Кожная імпрэза ў «Сьвітанку» традыцыйна пачынаецца з выканання двух гімнаў: Латвіі і беларускага нацыянальнага гімна «Магутны Божа». Бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» шануюць тут з першага дня заснавання арганізацыі. На сёння чальцамі аб’яднання з’яўляюцца некалькі дзясяткаў чалавек.
26 лістапада «Сьвітанак» будзе святкаваць сваё 35-годдзе і запрашае ўсіх ахвотных завітаць на юбілейную імпрэзу, у якой возьме ўдзел адмысловы госць — бард, акцёр, паэт і шоумэн Віктар Шалкевіч.
Будынак Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. Крыніца: By Silraks — Own work, CC BY-SA 4.0
«Сьвітанак» дзейнічае на базе будынка Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч па адрасе: Slokas iela, 37 у Рызе.
«Суполка» беларусаў у Латвіі
Аб’яднанне беларусаў Латвіі «Суполка» паўстала пасля падзей 2020 года ў Беларусі і першапачаткова была створана з мэтай дапамагчы актывістам, якія ратаваліся ад пераследу па палітычных перакананнях, адаптавацца ў Латвіі і пачаць тут новае жыццё. У асобным раздзеле сайта можна знайсці інфармацыю пра афармленне дакументаў, пошук жытла, нюансы мясцовага заканадаўства, цікавыя мясціны, якія можна наведаць у Рызе і Латвіі, і падобнае.
Даведацца падрабязней пра тое, як была заснаваная «Суполка», пачытаць гутаркі з яе ўдзельнікамі, а таксама аповеды і рэпартажы пра арганізаваныя ёй акцыі можна ў адмысловай рубрыцы, прысвечанай жыццю беларускай дыяспары ў Латвіі ды створанай пры падтрымцы Латвійскіх грамадскіх медыя.
Звязацца з «Суполкай» і далучыцца да яе можна, напісаўшы на адрас info.supolka@gmail.com, або пагрукаўшыся ў Facebook ці Instagram.
Курсы «Мова нанова» ў Рызе
Курсы беларускай мовы «Мова нанова Рыга» t.me/movananova_ryha праходзяць раз на два тыдні, як правіла, па суботах, у Старой Рызе па адрасе: Pils iela, 21.
Адзін з астатніх заняткаў быў прысвечаны памяці прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, расстраляных у чорную ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.
Instagram курсаў.
Тэлеграм-суполка «Беларусы Латвіі»
Навіны беларускай дыяспары, а таксама размаітую інфармацыю можна знайсці ў тэлеграм-суполцы «Беларусы Латвіі».
Юлія Каляда, для budzma.org
Чытайце яшчэ:
Гайд па беларускім Уроцлаве: пляцоўкі, ініцыятывы, інфападтрымка
Гайд па беларускім Кракаве: пляцоўкі, ініцыятывы, падтрымка
Гайд па беларускім Беластоку: пляцоўкі, ініцыятывы, падтрымка
Гайд па беларускай Варшаве: пляцоўкі, ініцыятывы, інфападтрымка
Гайд па беларускай Вільні: усё, што трэба мігрантам з Беларусі