Калі нехта яшчэ не паспеў адпачыць, наперадзе чакае рэшта летніх цёплых дзён. І, вядома, хтосьці абярэ для сваёй вандроўкі азёрны Браслаў. Склалі для вас на такі выпадак яшчэ адзін варыянт маршрута, працягласцю каля 25 кіламетраў па мясцовых славутасцях. Сёння наведаем маштабны прысядзібны парк, які ў свой час нічым не саступаў Радзівілаўскаму ў Нясвіжы, адну з першых неагатычных капліцаў на тэрыторыі Беларусі, два манументальныя храмы пачатку ХХ стагоддзя пабудовы і шмат іншых цікавостак.
Іказнь
Ахрэмаўцы
Сядзібна-паркавы ансамбль Гільзэнаў-Плятэраў
Спачатку наведаем рэшткі прысядзібнага парку Гільзэнаў-Плятэраў і вёску Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна. Ахрэмаўцы ўтварыліся ў сённяшніх сваіх межах на беразе возера Дрывяты за савецкім часам, калі аб’ядналіся дзве вёскі: непасрэдна Ахрэмаўцы, якія ўпершыню згадваюцца ў XVII стагоддзі як уладанні роду Ахрамовічаў, і фальварак Бяльмонты. У 1748 годзе навакольныя землі ў Ахрамовічаў набыў ваявода менскі Ян Гільзэн. А ўжо ягоны сын, Юзаф Гільзэн, заклаў на высокім узгорку на беразе Дрывятаў шыкоўную сядзібу з італійскім пейзажным паркам і назваў свой новы маёнтак Бяльмонты, што ў перакладзе з французскай мовы азначае «прыгожая гара».
Шыльда на экасцежцы ў прысядзібным парку
Наступныя гападары Бяльмонтаў, прадстаўнікі роду Плятэраў, бралі актыўны ўдзел і ў паўстанні 1830-1831 гг., і ў паўстанні 1863–1864 гг., але за вялізныя сумы адкупных ім пашчасціла пазбегнуць пакарання. У ХІХ стагоддзі Бяльмонты былі культурным цэнтрам Браслаўшчыны, тут гасцявалі вядомыя асобы свайго часу. У маёнтку месціўся прыватны музей, дзе была выстаўлена вялікая археалагічная калекцыя, сямейная бібліятэка Плятэраў змяшчала некалькі тысячаў старажытных выданняў. У Бяльмонтах гасцяваў і Напалеон Орда, які пакінуў тры замалёўкі сядзібы, паводле якіх мы можам меркаваць пра тое, як выглядала сядзіба Плятэраў у 1876 годзе.
Сядзіба Плятраў у Ахрэмаўцах, малюнак Напалеона Орды
Падчас Першай сусветнай вайны палац Плятэраў быў пашкоджаны. Усю мэблю, бібліятэку, музей, экспанаты якога былі перададзены гаспадарамі Віленскаму ўніверсітэту, звезлі ў Расію, адкуль, вядома, яны да нас так і не вярнуліся. А падчас Другой сусветнай вайны адноўлены палац ушчэнт знішчылі партызаны ды разабралі рэшту на будаўнічыя матэрыялы.
Рэшткі сядзібна-паркавага ансамбля Гільзэнаў-Плятэраў / planetabelarus.by
Ад вялікага палацава-паркавага ансамбля да нашага часу захаваўся парк, які ў свой час лічыўся другім па велічыні пасля Радзівілаўскага ў Нясвіжы. Тут сёння пракладзена экасцежка працягласцю два кіламетры. Тут жа можна пабачыць рэшткі сядзібнага падмурка і нанова адбудаваны касцёл. Парк уражвае сваімі маштабамі, рэшткамі воднай сістэмы ды ўзгорыстым рэльефам. Абавязкова раім наведаць.
Прысядзібны парк / planetabelarus.by
Капліца Плятэраў
Яшчэ ў сучасных Ахрэмаўцах з Бяльмонтаў захавалася родавая капліца Плятэраў, пабудаваная ў 1856 годзе з чырвонай цэглы ў неагатычным стылі. Яе можна пабачыць адразу ля дарогі з Глыбокага на Браслаў, на мясцовых могілках. Капліца Плятэраў — адзін з першых неагатычных будынкаў, якія з’явіліся на Браслаўшчыне.
Капліца Плятэраў / planetabelarus.by
Слабодка
Касцёл Божага Провіду
Далей рушым у вёску Слабодка, якая ўпершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваецца ў 1618 годзе. У ваколіцах Слабодкі захавалася шмат цікавых славутасцяў, асноўнай жа перлінай вёскі з’яўляецца Касцёл Божага Провіду. У 1800 годзе ўзвядзенне тут першага касцёла фундаваў Станіслаў Мірскі, тагачасны гаспадар Слабодкі. Храм прастаяў каля ста гадоў, але парафія пашыралася і той касцёл ужо не змяшчаў такую вялікую колькасць вернікаў. Таму ў 1901 годзе па ініцыятыве ксяндза Юзафа Шымовіча распачалася пабудова новага касцёла, які ў 1903 годзе быў асвечаны ў гонар Божага Провіду. Са старога касцёла ў новы былі перанесеныя дзве памятныя шыльды ў гонар фундатараў першага касцёла — Станіслава Мірскага і ягонай жонкі Станіславы.
Касцёл Божага Провіду
Касцёл Божага провіду — помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Храм пабудаваны ў неараманскім стылі. Аўтэнтычная аздоба інтэр’еру касцёла не захавалася, ён быў нанова распісаны ў другой палове ХХ стагоддзя віцебскімі майстрамі раслінным арнаментам і біблійнымі сюжэтамі. Мастацкую каштоўнасць маюць і кавальскія аздабленні вонкавых дзвярэй касцёла, выкананыя мясцовым кавалём, іх асаблівасць у тым, што ніводная з іх не паўтараецца.
Касцёл Божага Провіду ўнутры / planetabelarus.by
З 1903 года касцёл дзейнічаў увесь час. У лістападзе 1949 года савецкая ўлада зрабіла там зернясховішча, але неўзабаве храм зноў пачаў дзейнічаць. Месцічы кажуць, што не без умяшальніцтва мясцовай здані ксяндза Акрэйца, якой спужаўся міліцыянт, які прыйшоў на дапамогу вартаўнікам зерня. Пра здарэнне было дакладзена вышэй, і бажніца у 1953 годзе вярнулася да каталікоў. Храм у Слабодцы часта называюць яшчэ касцёлам Сэрца Езуса. Ён узведзены на высокім узгорку і бачны з разнастайных куточкаў Браслаўшчыны. Касцёл размешчаны на колішняй гандлёвай плошчы, з забудовы якой захаваўся толькі адзін жылы дом. Таксама з пачатку ХХ стагоддзя ў вёсцы захаваўся будынак драўлянага млына.
Касцёл Божага Провіду
Іказнь
Касцёл Божага Цела
Апошняй на сённяшнім маршруце наведаем вёску Іказнь, першыя ўзгадкі пра якую ў пісьмовых крыніцах датуюцца 1499 годам, калі аднайменны мясцовы маёнтак набыў Іван Сапега. Ён узвёў тут велічны замак, які сцярог межы ВКЛ з мураванымі сценамі ды вежамі. Замак месціўся на выспе возера Іказнь, на беразе якога разбудавалася сучаснае паселішча. Сёння ж асноўнай архітэктурнай славутасцю паселішча з’яўляецца касцёл Божага Цела, узведзены ў 1905-1912 гг.
Выспа на возеры Іказнь
Касцёл Божага Цела ў Іказні — адна з нешматлікіх беларускіх бажніцаў, дзе найбольш паслядоўна вытрыманы неараманскі архітэктурны стыль. Візуальна храм цікавы тым, што дзеля ягонага ўзвядзення выкарыстоўваўся натуральны камень, які дадае бажніцы манументальнасці, масіўнасці, магутнасці. Касцёл Божага Цела ў Іказні за савецкім часам быў зачынены і ператвораны ў зернясховішча. Толькі ў 1990 годзе ён быў вернуты вернікам ды адноўлены. Сёння храм ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Касцёл Божага Цела
Касцёл Божага Цела унутры
Свята-Мікалаеўская царква
Яшчэ адным будынкам, вартым увагі ў Іказні, з’яўляецца праваслаўная Свята-Мікалаеўская царква, узведзеная ў 1905 годзе ў тыповым для таго часу рэтраспектыўна-рускім стылі. Раней на яе месцы была драўляная грэка-каталіцкая бажніца, разбураная ў 1881 годзе. Цікавы факт, што першая царква ў Іказні XVІ стагоддзя пабудовы, была адметная тым, што яна была першым умоўна ўніяцкім храм, яшчэ да заключэння Берасцейскай уніі. Храм той у розных крыніцах называюць то касцёлам, то царквой Святога Духа. Справа ў тым, што фундатар царквы і тагачасны гаспадар паселішча, Ян Сапега далучыўся ў Рыме да Фларэнтыйскай уніі і збудаваў храм у Іказні адначасова і для каталікоў, і для праваслаўных. Ён выступаў за тое, каб у краіне не было рэлігійнага падзелу паміж хрысціянамі, бо лічыў, што гэта шкодзіць дзяржаўным інтарэсам краю.
Свята-Мікалаеўская царква / planetabelarus.by
Язэп Вараніцкі, budzma.org