За акном лета, а значыць шмат вандроўнікаў скіруюцца ў азёрны край Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Прапануем вам маршрут на адзін дзень працягласцю каля 50 км. па цікавых мясцінах Браслаўшчыны. Пабачым шмат старадаўніх храмаў, сядзібаў і, вядома, усё гэта ў ландшафце бязмежных азёраў ды маляўнічых лясоў.
Краявіды з гары «Маяк». Фота: realt.onliner.by
Гара «Маяк»
Для тых, хто ўпершыню на Браслаўшчыне, мастхэв — наведаць так званую гару «Маяк». Тут знаходзіцца адна з найлепшых аглядных кропак у ваколіцах Браслаўскіх азёраў. Вышыня ўзгорка, які раней зваўся Бізняй, каля 45 метраў. Сучасная мянушка за Бізняй замацавалася дзякуючы геадэзістам. На пачатку ХХ стагоддзя на ўзгорку імі была ўсталявана трыангуляцыйная вежа, якую месцічы пачалі называць Маяком. Той вежы ўжо даўно не існуе, але на самай вяршыні «гары» некалькі гадоў таму побач з невялікай драўлянай альтанкай пабудавалі высокую шматузроўневую аглядную пляцоўку вышынёй больш за 13 метраў, з якой можна напоўніцу адчуць прыгажосць навакольных краявідаў.
Вежа на гары «Маяк». Фота: realt.onliner.by
З агляднай пляцоўкі можна ўбачыць возера Снуды, адкуль адкрываецца панарама на касцёл у вёсцы Плюсы. За вёскай ужо знаходзіцца мяжа з Латвіяй. З заходняга боку бачныя паўвыспа і вежы касцёла ў Слабодцы. З паўднёвага боку можна разгледзець касцёл у вёсцы Іказнь, возера Струста з маляўнічымі паўвыспамі, а сярод узгоркаў бачныя і абрысы Замкавай гары ў самім Браславе. Ад агляднай вежы пачынаецца і экалагічная сцежка паміж азёрамі Снуды і Струста, працягласцю каля двух кіламетраў.
Краявіды з гары «Маяк»
Маяк узвышаецца сярод шэрагу ўзгоркаў плошчай у некалькі дзясяткаў квадратных кіламетраў, якія маюць назву Кезікоўскія горы (паводле назвы вёскі Кезікі). Маяк — адзін з самых высокіх узгоркаў сярод навакольных «гораў».
Опса
Сядзіба Плятэраў
Далей рушым у вёску Опса, якая ўпершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваецца ў 1500 годзе. У 1823 годзе Опса стала маёмасцю знакамітага шляхецкага роду Плятэраў, дзякуючы якім тут да сёння захавалася некалькі цікавых архітэктурных помнікаў. Першы з іх сядзібна-паркавы ансамбль, які быў закладзены Феліксам Плятэрам паводле праекта архітэктара Целяжынскага з Панявежы ў 1904 годзе. Комплекс складаўся з палаца, гаспадарчых пабудоваў, саду і парку.
Сядзіба Плятэраў
Да сёння, апроч сядзібнага дома, ацалелі рэшткі склепа з чырвонай цэглы, які калісьці выконваў ролю лядоўні, і некалькі іншых гаспадарчых пабудоваў. Захавалася і невялічкая частка пейзажнага парку, з якога да возера можна прайсціся каскадам маляўнічых масткоў. А ад самога палаца да сажалкі можна дайсці па маштабных сходах, закладзеных адначасова з палацам.
Сядзіба Плятэраў
Падчас Першай сусветнай вайны на тэрыторыі маёнтка Плятэраў быў вайсковы шпіталь. У 1922 годзе сядзібу выкупілі польскія ўлады і пасля рамонту ў 1927 годзе размясцілі ў ёй сельскагаспадарчую школу, якая дзейнічала да 1939-га года. Пасля Другой сусветнай вайны ў будынку размясціўся дзіцячы прытулак. Сёння палац імкліва занепадае.
Сядзіба Плятэраў, сходы
Яшчэ адным будынкам, які захаваўся з часоў гападарання ў Опсе роду Плятэраў, з’яўляецца касцёл Святога Яна Хрысціцеля. Ён быў узведзены ў 1886 годзе на месцы старога храма, вядомага з XVI стагоддзя. Гэтую неагатычную бажніцу мы можам пабачыць у Опсе сёння. Касцёл захаваўся ў добрым стане, нягледзячы на тое, што ў 1949 годзе быў зачынены і выкарыстоўваўся як сховішча. У 1990-я будынак быў вернуты вернікам. Варта звярнуць увагу на агароджу вакол храма, складзеную з цэглы і бутавага каменю, і на плябань. І агароджа, і плябань былі пабудаваныя адначасова з бажніцай.
Касцёл Святога Яна
Касцёл Святога Яна. Фота: planetabelarus.by
Мілюнцы (Пеліканы)
Касцёл Святога Якуба
Далей рушым у вёску Мілюнцы, якая раней мела назву Пеліканы, бо побач знаходзіўся маёнтак роду Пеліканаў, якія ў ХІХ стагоддзі ўзвялі тут сядзібна-паркавы ансамбль. На жаль, сядзіба да нашых дзён не захавалася. З усяго ансамблю ацалела пахавальная капліца роду і рэшткі парку. Асноўнай жа славутасцю вёскі Мілюнцы з’яўляецца касцёл Св. Апостала Якуба.
Касцёл Святога Якуба
Касцёл быў узведзены ў 1907 годзе ў стылі неаготыка. Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады вакарыстоўвалі будынак храма як зернясховішча, пасля тут захоўваліся штучныя ўгнаенні, а пазней увогуле ў неагатычным будынку разводзілі свіней. Касцёл быў вернуты вернікам у 1990-я і дзейнічае да сёння. Паўнавартасна адноўлены як знешні выгляд бажніцы, так і ўнутраныя інтэр’еры.
Касцёл Святога Якуба. Фота: planetabelarus.by
Дрысвяты
Возера Дрысвяты
ВёскаДрысвяты месціцца на беразе аднайменнага возера амаль на мяжы Беларусі з Літвой. Дрысвяты лічацца трэцім па велічыні возерам Беларусі пасля Асвейскага і возера Нарач, а на тэрыторыі Літвы — найбольшым па плошчы. Паводле археалагічных даследаванняў, на выспе пасярод возера, якую месцічы да сёння называюць «замкам», ужо ў Х стагоддзі існавала ўмацаванае паселішча старажытнай Полаччыны. Упершыню ж у пісьмовых крыніцах Дрысвяты згадваюцца ў XV стагоддзі. Дакладна вядома, што тады на выспе існаваў Дрысвяцкі замак. У 1622 годзе старажытнае паселішча згарэла і было адноўлена на беразе возера, дзе размяшчаецца сёння.
Выспа на возеры Дрысвяты. Фота: planetabelarus.by
Возера Дрысвяты. Фота: planetabelarus.by
Петрапаўлаўскі касцёл
Самым адметным архітэктурным помнікам у Дрысвятах з’яўляецца Петрапаўлаўскі касцёл, узведзены паводле праекта вядомага нацыянальнага дзеяча, галоўнага архітэктара БНР Лявона Вітан-Дубейкаўскага. Бажніца была збудавана з дрэва ў 1929 годзе. Адмыслоўцы сцвярджаюць, што гэты храм — адзін з нешматлікіх захаваных прыкладаў «беларускага мадэрну» ў дойлідстве. Менавіта стварэнню беларускага мадэрну ды неаготыкі ў архітэктуры, пошукам беларускага нацыянальнага стылю і прысвяціў сваю дзейнасць Лявон Вітан-Дубейкаўскі. Петрапаўлаўскі касцёл месціцца на маляўнічым узгорку, з якога добра праглядаецца наваколле ды можна пабачыць Ігналінскую атамную электрастанцыю з боку Літвы.
Петрапаўлаўскі касцёл
Петрапаўлаўскі касцёл у Дрысвятах, праект Лявона Вітана-Дубейкаўскага
Петрапаўлаўская царква
Праваслаўны храм у Дрысвятах быў пабудаваны ў 1908 годзе. Гэтая бажніца з’яўляецца прыкладам царкоўнай архітэктуры Расійскай Імперыі ў стылі эклектыка. Царква была ўзведзена з чырвонай цэглы паводле праекту архітэктара Аляксандра Шпакоўскага і да сёння амаль без змен захавала свой аўтэнтычны выгляд.
Петрапаўлаўская царква. Фота: planetabelarus.by
ГЭС «Дружба народаў»
Апроч прыродных і культавых помнікаў, у Дрысвятах варта звярнуць увагу і на ўзор прамысловай архітэктуры — ГЭС «Дружба народаў». Яе збудавалі ў 1952-1953 гг. пад патрэбы суседніх гаспадарак Беларусі, Літвы і Латвіі. Урачысты запуск ГЭС адбыўся 19 ліпеня 1953 года адбываўся ў прысутнасці 20 000 чалавек і прадстаўнікоў урадавых дэлегацый трох саюзных рэспублік.
ГЭС Дружба народаў
Пуск электрастанцыі маштабна асвятляўся ў савецкіх СМІ. Адпаведна дзяржаўнай замове, запуску ГЭС прысвяціў свой раман «Калі зліваюцца рэкі» Бятрусь Броўка, «Паэму братэрства» — Эдуард Межэлайціс, аперэту «У бакі блакітных азёр»- Валянцін Шылінскі. У сярэдзіне ХХ стагоддзя планавалася зрабіць Дрысвяты ўзорнай вёскай, але задума не да канца ўвасобілася ў жыццё. Сёння ГЭС не эксплуатуецца і захоўваецца ў закансерваваным стане.
ГЭС Дружба народаў. Фота: planetabelarus.by
Язэп Вараніцкі, Budzma.org