18 мая 2012 года з 19.00 да 24.00 ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) адбудзецца мастацкі праект «Усход-Захад. Цырымонія».
«Захад ёсць захад, усход ёсць усход, і разам ім ніколі не сыйціся…». У ноч з 18 на 19 мая Музей сучаснага выяўленчага мастацтва паспрабуе аспрэчыць гэтую ўсім вядомую аксіёму. Прастора Музея паўстане адмысловым скрыжаваннем культур, дзе перасякуцца і ўступяць ва ўзаемадзеянне эмацыйны экстравертны пачатак Захаду і сузіральная гармонія традыцый і каштоўнасцей Усходняй культуры. Гасцям Музея будзе прапанаваны выбар паміж улагоджанай медытатыўнай атмасферай чайная цырымоніі і дыянісійскай эмацыйнасцю сучасных арт-практык. Не сакрэт, што на Усходзе і на Захадзе плынь часу вымяраецца рознымі катэгорыямі. Нашым наведвальнікам будзе прадстаўлена магчымасць адвольнага выбару паміж двума варыянтамі адчування часу: індывідуальным паскарэннем і запаволеным паглыбленнем. У «лоўлі моманту» і «спыненні імгненняў» ім таксама паспрыяюць арыгінальнае музычнае суправаджэнне і знаёмства з сучаснай усходнееўрапейскай аўтарскай анімацыяй.
У праграме: кітайская і японская чайныя цырымоніі нон-стоп, пясочнае шоу Дыяны Камеліевай, майстар-клас па арыгамі, этнічная ўсходняя музыка, усходнееўрапейская анімацыя, відэа, мастацтва перформансу, хэпенінг, электронная музыка.
Вялікая зала
19.00 – 21.00 – усходнееўрапейская анімацыя
21.00 – 24.00 – праграма перформансаў penAtra(C)tion
Увага! Імпрэза для дарослых.
На Беларусі перформанс – гэта болей чым перформанс. Назоўнік, які абазначае канкрэтны від мастацтва (усяго і толькі!), у нашай культурнай рэчаіснасці стаў займеннікам, замяняючы ў пэўных колах выгукі кшталту «Вау!» альбо «Блін!». Міфалагемы аказаліся жывучымі яшчэ і дзякуючы спрыяльнаму для іх асяроддзю. На культурнай карце Мінска мастацтва перформансу па-ранейшаму застаецца белай плямай. Усе чулі гэтае слова, але хіба нямногія на ўласныя вочы бачылі тое, што яно абазначае.
Праграма беларускага перформансу penAtra(C)tion, упершыню паказаная ў рамках IV Маскоўскай біенале, прызначана запоўніць гэты прабел.
penAtra(C)tion – гэта гібрыд двух словаў: «пранікненне» і «атракцыя». Досвед пранікнення ўнутр сябе часам бывае хваравітым, аднак мастацтва мае сілу пераўтвараць псіхічныя траўмы ў займальны атракцыён.
Сучасныя перформеры актыўна выкарыстоўваюць разнастайныя тэхналагічныя прылады – ад відэапраектара да аэракампрэсара. Але асноўным інструментам па-ранейшаму з’яўляецца ўласнае цела. А галоўнай тэмай – выяўленне экзістэнцыйных перажыванняў, якое часам прымае самыя дзіўныя формы.
Удзельнікі:
Канстанцін Мужаў і Сяргей Варкін
Юрась Барысевіч
Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk (Ільля Сін, Павел Вайніцкі, Яўген Рагозін)
А таксама выступы электронных праектаў:
Planet N
Zor`ka
generation skweee
Інтэрактыўная аўдыё-відэапрастора групы «Пазітыўныя дзеянні»
Малая зала, канферэнц-зал
19.00 – 24.00 – Кітайская і японская чайныя цырымоніі.
У праграме:
– 5 відаў кітайскіх улунаў (імператарскіх чаёў)
– унікальны цырыманіяльны японскі чай
– дэгустацыя чаёў нон-стоп з 19 да 24
– кітайская чайная школа
– японская чайная школа
– майстар-клас па арыгамі
– пясочнае шоу (sand-шоу) Дыяны Камеліевай
– жывая музыка сякухаці – нацыянальнай японскай флейты
Вядучыя чайнай цырымоніі: Алёна Вялічка, Кацярына Войнава, Раман Прытульчык.