Мастак Віктар Васюкевіч з Навагрудка прадставіў цікавую знаходку — фрагмент пергамента XVIII стагоддзя са старажытнаяўрэйскімі пісьмёнамі. Артэфакт быў знойдзены на гарышчы хаты сваяка мастака. Якім чынам рэліквія трапіла да сям’і жывапісца — высветліць зараз складана, піша «Звязда».
Паводле сямейнай легенды, родныя Віктара ўцяклі з навагрудскага гета падчас фашысцкай акупацыі, змяніўшы прозвішча: сапраўднае прозвішча яго маці было Кац. Прынесены імі скрутак быў схаваны на гарышчы вясковай хаты пад саломай, лістамі пергамента была заслана ўся падлога...
Па сведчаннях спецыялістаў Нацыянальнай бібліятэкі, час стварэння помніка — прыкладна другая палова XVIII стагоддзя, пра што сведчыць стан чарніл, якія выкарыстоўваліся пры пісьме: яны маюць рудое адценне.

Тора, або Пяцікніжжа Маісеева — свяшчэнная кніга іўдзейскай рэлігіі, была дадзена яўрэйскаму народу на гары Сінай. Яе тэкст перадаваўся на пергаментных скрутках, выкананых спецыяльна вывучанымі перапісчыкамі. Імі выкарыстоўвалася толькі скура кашэрнай жывёлы (ягня), і пісец не меў права дапусціць ніводнага выпраўлення, іначай скрутак прызнаваўся рытуальна «нячыстым».
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.