Галоўным унёскам беларуска-літоўскіх татар у сусветную гісторыю і культуру стала тое, што яны — заснавальні асобнага віда кавалерыі Новага часу — уланаў, а іх этнічныя рагатыя шапкі — уланкі — былі правобразам сусветнай моды на галаўны ўбор, які палякі назавуць рагатыўкай, а амерыканцы — канфедэраткай.
У XVII стагоддзі ўланы сталі ўзорам стылю. Капіравалі не толькі тактыку іх злучэнняў і тэхніку верхавой язды, але і іх знешні выгляд. Татарская мода пашырылася па ўсёй Еўропе. Чаму так сталася, і чаму ўланы сталі такімі папулярнымі, распавядаем у артыкуле.
Адкуль узяліся татары на беларускіх землях, і як яны жылі, чытайце ў папярэднім артыкуле. Таксама мы ўжо распавядалі пра вядомыя татарскія роды.

Уланы ў польскім войску. Ілюстрацыя з суполкі ў Фэйсбуку Віртуальная Беларусь 24
Названыя ўланы ўсяго свету былі ў гонар свайго заснавальніка — Аляксандра Улан-Асанчуковіча (каля 1670 — каля 1738). Татарскае слова «oğlan» значыць «храбры», «юнак» — тытул малодшых царэвічаў, сваякоў Чынгізідаў, якія не здолелі заняць ханскі сталец. Тытул стаў часткай прозвішча.
Першы вядомы па гістарычных крыніцах прадстаўнік (пратапласта) роду, з якога паходзіў Аляксандр Улан, — улан Асан-чук з роду Уланаў герба «Улан» — паходзіў ад дынастыі ўладароў Вялікай (Залатой) Арды — Джучыдаў, служыў вялікаму князю Казіміру ў 1440 годзе, у якога пацвердзіў атрыманы ад Вітаўта маёнтак з падданымі ў Засуллі Менскага ваяводства.
Яго шматлікія нашчадкі шырока рассяліліся і мелі маёнткі ў Гарадзенскім, Наваградскім і Ашмянскім паветах.
Асанчуковічы заставаліся татарскімі ротмістрамі і харунжымі пры ўсіх наступных гаспадарах. Паволе легенды, прымаўка «няма пана на ўлана» фіксуе высокі статус роду Уланаў сярод татар ВКЛ. Па іншай версіі, яна можа датычыцца і часу, калі свавольных жаўнераў-уланаў ніхто не мог апанаваць. Бо, як гаворыць іншая прымаўка: «На тое ўланчыкі, каб замыкаліся чуланчыкі».
Бацька Аляксандра — Адам Улан, паходзіў з галіны роду Уланаў-Асанчуковічаў, якая асела ў маёнтку Ластаі Ашмянскага павета (зараз Гродзенская вобласць). Вядома, што ваяваў ён не як яго аднапляменнікі — лёгкія кавалерысты ва ўсходняй зброі, а меў лепшую цяжкую еўрапейскую браню і коней, бо служыў таварышам гусарскай роты луцкага старосты. Ці тое за гераізм пры вызваленні ад асманскай аблогі Вены, ці за іншыя чыны, Адам атрымаў ад Яна Сабескага 8 валок зямлі ў вёсцы — Студзянка (тады Берасцейскае ваяводства ВКЛ, зараз у Польшчы).
Дзеля разумення далейшай гісторыі важна зафіксаваць, што калі вялікі князь сваім прывілеем асабіста не выклікаў іх на службу, татары ВКЛ, як і іншыя тагачасныя прафесійныя ваяры, наймаліся на службу тым, хто плаціў. У тым выпадку польскаму магнату, з якім потым разлічваўся Польскі кароль. Пастаяннага скарбу на вайсковыя патрэбы (кварты) у ВКЛ, у адрозненне ад Польшчы, так і не было створана, і татары ВКЛ за грошы палякаў часта наймаліся ваяваць ва Украіне з туркамі ды мясцовымі казацкімі паўстанцамі на патрэбу свайго, агульнага з палякамі гаспадара. Заўважым таксама, што татарскія ваяры, якім пашчасціла выслужыць нешта ў манархаў Рэчы Паспалітай, імкнуліся мець асноўныя маёнткі ў глыбі ВКЛ, падалей ад маскоўскай граніцы.
Аляксандр Улан-Асанчуковіч нарадзіўся ў шлюбе Адама і Феліцыяны з Раманоўскіх. Ён правёў дзяцінства з маці і братам Давыдам у Ластаях.
Зямля ў Студзянцы перайшла Аляксандру пасля смерці бацькі ў 1698 годзе. Паколькі падчас грамадзянскай вайны паміж сапежынцамі і рэспубліканцамі ў ВКЛ быў пусты скарб, у 1704 годзе Аляксандр Асанчуковіч, згодна з паходжаннем, стаў капітанам татарскай харугвы, якую Аўгуст ІІ Вецін Моцны — манарх Рэчы Паспалітай і адначасова кароль Саксоніі — узяў на баланс каралеўскага польскага скарбу. То-бок, фармальна татары служылі вялікаму князю, але ў Кароннай арміі. Як вы хіба ведаеце, на нашых землях у Паўночнай вайне высвятлялі адносіны Швецыя з Расеяй, а нашыя магнаты ім актыўна дапамагалі рэзаць адно аднаго і адначасова зводзілі рахункі паміж сабой. Пачаткова, у 1704-1708 гадах, шведы перамаглі і здолелі скінуць Аўгуста ІІ Моцнага з пасада, але Асанчуковічы засталіся вернымі дэтранізаванаму каралю. Пасля бітваў каля Лясной і Палтавы вагі вайсковай удачы гайдануліся ў іншы бок. Кароль Сас вярнуўся на пасад у Варшаву.
Аўгуст ІІ Вецін аддзячыў — надаў у 1713 годзе Аляксандру Асанчуковічу ступень палкоўніка татарскага палка (на той момант 8 сцягоў, каля 400 шабель). А ў 1715-1716 гг. ужо камандзір аддзячыў каралю, б’ючы ў грамадзянскай вайне яго ворагаў — тарнагародскіх канфедэратаў.
Полк Аляксандра Улана, які пачалі па прыдомку Асанчуковічаў, не толькі ў слэнгу, але і ў афіцыйных паперах называць «уланскім», стаў аховай каралеўскага двара.
Полк зрабіў значна лепшую кар’еру, чым іншыя «пякельныя вершнікі» — лісоўчыкі, якіх стагоддзем раней таксама пачалі называць па імю правадыра, і ў шэрагах якіх таксама былі татары.
Аўгуст Моцны працягнуў узнагароджваць за вернасць, і ў 1717 годзе полк «уланаў» быў пераведзены на больш стабільны і высокі жолд (зарплату) — з саксонскага бюжэту. У 1719 г. правадыр-заснавальнік на чале палка суправаджаў свайго манарха з Дрэздэна да Варшавы. Пазней Аўгуст Моцны падарыў Аляксандру Асанчуковічу вёску Кашолы ў Берасцейскай эканоміі.
Пасля смерці Аляксандра Улана-Асанчуковіча яго жаўнераў пры дрэздэнскім двары працягвалі называць «уланскім войскам» і плаціць ім заробак з саксонскага бюджэту.
Камандзірамі палка сталі іншыя татарскія арыстакраты ВКЛ і сваякі Уланаў — Чымбай Мурза Рудніцкі (які першым з татар даслужыўся да чына генерала), а пазней Юзаф Бяляк (першы сярод татар генерал-маёр і кавалер вышэйшага ордэну Рэчы Паспалітай — Virtuti Militari).
Хаця Рэч Паспалітая афіцыйна не ўдзельнічала ў еўрапейскіх войнах сярэдзіны XVIII ст., два палкі ўланаў на службе Саксоніі: Чымбая Мурзы Рудніцкага і Самуэля Мустафы Улана-Карыцкага ваявалі за аўстрыйскую спадчыну ў Германіі і Чэхіі (1740-1748) і ў Сямігадовай вайне (1756-1763). Юзаф Бяляк падтрымаў і працягнуў іх славу ў часы Падзелаў — спачатку на саксонскай службе, потым у палках пярэдняй варты ВКЛ і войску ВКЛ, змагаючыся з Расійскай імперыяй і канфедэрацыямі.
Татары спрадвеку былі выдатнымі вершнікамі і зналіся на конях. Іх вупраж і ўзбраенне: кароткія дзіды (пікі, ланцы), шаблі і ручныя стрэльбы, былі зручныя ў бліжнім баі і хуткім манеўры. Тым больш, што ў адрозненне ад гусараў і рэйтараў — татары збольшага не карысталіся засцерагальным узбраеннем, і аплата іх службы была роўнай казацкай — самай таннай сярод кавалерыі.
Татары спрадвеку славіліся крутым норавам, схільнасцю да рабаўніцтва ды п’янствам, але не мелі шляхецкай фанабэрыі, падлягалі жорсткай дысцыпліне сваіх камандзіраў і былі адчайна смелымі і бязлітаснымі ў баі.
Пасля таго, як адбылася парахавая рэвалюцыя, нешматлікія, закутыя цалкам у зброю высакародныя рыцары ў XVIII ст. сталі вельмі дарагім анахранізмам, які перастаў выконваць сваю асноўную задачу — праломваць капійным таранам шэрагі пяхоты на полі бою. Дабрацца да пазіцый ворага праз інжынерныя палявыя перашкоды стала праблематычна, а шчыльны абстрэл кулямі розных калібраў зрабіў даспехі бессэнсоўнымі. Дзеля вырашэння баявых задач імперый Новага часу была патрэбная танная, якасная, хуткая, масавая і нефанабэрыстая кавалерыя. Прыблізна такая, як нашыя татары. Пачаліся набор, навучанне і служба на дзяржаву масы непрывілеяваных слаёў грамадства ў дагэтуль «рыцарскую» кавалерыю.
Таму тэрмін «улан» паступова пачаў ужывацца для ўсіх фармацый лёгкіх вершнікаў нешляхецкага паходжання спачатку Вялікага Княства Літоўскага, потым кантынента, а ў XX ст. у міжваеннай Польшчы ўвогуле для ўсіх кавалерыстаў.
Больш за тое, даказаўшы сваю эфектыўнасць у сечы за першую палову XVIII ст., карыстаючыся з манаршага фавору пры Варшаўскім і Дрэздэнскім дварах, і пры гэтым экзатычна адрозніваючыся ад немцаў сваім арыентальным строем, уланы сталі ўзорам стылю. Капіравалі не толькі тактыку іх злучэнняў і тэхніку верхавой язды, але і іх знешні выгляд. Тое, што татарская мода пашырылася па ўсёй Еўропе, стала відавочна, калі прадстаўнікі роду татарскіх мурзаў племені барын — Туган-Бараноўскія сталі інструктарамі пры стварэнні масавай кавалерыі па ўланскім ўзоры на службе разборцаў Рэчы Паспалітай.
Януш і яго сын Якуб Бараноўскія сталі фактычнымі заснавальнікамі ўланаў на службе Прускага каралеўства, а Мустафа Туган-Бараноўскі першым узяў шэфства над Татарска-літоўскім уланскім палком Расейскай імперыі.
Калі Мустафа Туган-Бараноўскі памёр, уладу над літоўскімі татарамі ў царскай арміі пераняў Давыд Аляксандравіч Улан.
Калі Напалеон наблізіўся да межаў, цар падрабіў уланскія палкі на хрысціянскія і мусульманскія, а ўраджэнцаў ВКЛ у кіраўніцтве пачалі лічыць небяспечнымі, таму на афіцэраў пачалі ставіць расіян. Больш за тое, каб гарантаваць вернасць цару, расіяне пачалі масава ўпісваць у шэрагі ўланаў сваю знаць, асабліва не правяраючы ахвотнікаў. Гэтым скарысталася Надзея Дурава (прататып гераіні ў фільме «Гусарская балада»).

Кадр з фільма «Гусарская балада»
Як выявілася сёння, пасля публікацыі яе асабістага ліставання, жанчына была залічана і ваявала з французамі ў Літоўскім уланскім палку. Тым палком у 1812 г. кіраваў прыдворны немец Карл Кнорынг, а польскіх уланаў на царскай службе вадзіў смаленскі шляхціч Пётр Кахоўскі.
На службе Напалеона найбольш знакамітым чынам los infiernos picadores лічыцца раскатванне гішпанскай кавалерыйскай гвардыі і двух англійскіх пяхотных батальёнаў пры Ла-Альбуэры.
Бітва пры Ла-Альбуэры. Карціна мастака William Barnes Wollen. Ілюстрацыя з Вікіпедыі
Напалеон быў уражаны эфектыўнасцю «польскіх уланаў» і зрабіў іх часткай сваёй гвардыі. Удзельнік гэтага бою, нашчадак слонімскай шляхты Ян Канопка, які прайшоў шлях ад шараговага да брыгаднага генерала на службе Францыі праз італьянскія, нямецкія і іспанскія кампаніі, стаў галоўным інструктарам, які па асабістым загадзе імператара ў 1811 г. правёў прышчапленне «польскай» (насамрэч — татарскай) кавалерыйскай тактыкі на французскай глебе.
Апроч вышэйзгаданых прычын, на XVIII-XIX стст. французская і еўрапейская тактыка бою кавалерыі заключалася ў падзеле вершнікаў паводле функцыі, на шэвалежэраў (шабельнікаў і стралкоў) і лансьераў (капейшчыкаў). Лансьеры ў Еўропе сталі рэдкасцю. Але ў нашай традыцыі, у тым ліку на ўзбраенні татар, камбінацыя дзіды, шаблі і пісталетаў засталася і прыносіла выдатны плён. Калі нешта працуе, гэта запазычваецца.
Ян Канопка быў каталіком, але, апроч яго і хрысціянскай шляхты, у шэрагі напалеонаўскай арміі ў 1812 г. як від казацкай кавалерыі быў улучаны эскадрон радавітых татарскіх мусульман разам з імамамі. Напалеон увогуле не надта хацеў разбірацца ў мясцовых нюансах і зрабіў стаўку на «польскую» шляхту і добраахвотнікаў, якія разам з ім хадзілі на Маскву.

Шэвалежэр Напалеона, 1811 — 1815. Фота з Вікіпедыі
Фарміраваннем падраздзялення з татараў напрыкацы лета — у верасні заняўся ветэран польскіх легіёнаў маёр мурза Мустафа Ахматовіч. З 10 па 12 снежня 1812 года татарскі эскадрон прыняў удзел у абароне Вільні. У тых баях загінуў М. Ахматовіч і 34 яго таварышы.
У пачатку 1813 г. Напалеон стварыў полк сваёй «Сярэдняй гвардыі», злучыўшы літоўскіх татар з польскімі ветэранамі-гвардзейцамі Жыгімонта Красінскага (сынам класіка польскай літаратуры і мужам Уршулі з Радзівілаў). Да іх імператар дадаў рэшткі трэцяга шэвалежэр-лансьерскага гвардзейскага палка Яна Канопкі, які восенню 1812 г. паспрабаваў даўкамплектаваць свой полк у Слоніме з землякоў, але быў разбіты яшчэ адным беларусам, магілёўскім шляхцічам на расійскай службе Яфімам Чапліцам.
Татарская рота на чале з мурзой Сымонам Уланам у французскай гвардыі і выведцы змагалася ў еўрапейскай кампаніі Напалеона 1813-1814 гг. Пасля вайны з пачатковых 123 татар эскадрона, з улікам даўкамплектацыі, дамоў вярнулася дзве дзюжыны. Хто захацеў, паступіў на службу да расейскага імператара.
Літоўскі ўланскі полк у Пецярбургу з 1830-х стаў прыдворным, і яго тытульнымі ганаровымі шэфамі сталі асобы каралеўскай крыві — Вільгельм Насаў і кароль Італіі Віктар Эмануіл ІІІ.
Літоўскія татары сталі стваральнікамі «польскай» уланскай традыцыі, даўшы такіх выдатных кавалерыстаў, як Аляксандр Мустафа і Іахім Мурза Карыцкія, Самуэль Улан і Аляксадр Эляшэвіч.
Так ці іначай, падчас Напалеонаўскіх войнаў праз саміх прыродных татарскіх уланаў і іх імперскія клоны тактыка, назвы асобных элементаў іх узбраення, рыштунку і ўбрання былі запазычаныя ў шматлікія заходнееўрапейскія мовы і культуры. Са спробаў капіраваць трохкутнае наверша татарскай шапкі — паўстала польская рагатыўка і амерыканскі пяхотны галаўны ўбор часоў Грамадзянскай вайны — канфедэратка.
Зонай кампактнага пражывання татараў на пачатку XX ст. заставаліся Віленшчына, Наваградчына, Гарадзеншчына і Падляшша. Так склалася, што блізкім сябрам Юзафа Пілсудскага стаў Аляксандр Сулькевіч, які паходзіў з роду Ахматовічаў і Туган-Бараноўскіх. Абодва сябры-шляхцічы зрабілі выбар на карысць ідэі адраджэння Польшчы як федэрацыі з Літвой і Беларуссю. Тое, што не атрымаўся федэралізм, а пасля вайны пачаўся нацыяналізм, іншае пытанне. За палякамі ў 1919 г. стаяла Антанта, зразумелыя традыцыі і план на будучае, які гарантавала наша ж шляхта. Прыгадаем, што і адзін з кіраўнікоў Беларускай вайсковай камісіі Гасан Канапацкі быў татарынам — прыхільнікам шчыльнага супрацоўніцтва з пілсудчыкамі ў 1919-1921 гг.
Падчас вайны за аднаўленне незалежнасці Польшчы ў 1919 г. малодшы брат Аляксандра — Леон Сулькевіч стварыў уланскі полк імя іх прапрадзеда — Мустафы Ахматовіча (камандзіра 4-га палка пярэдняй варты ВКЛ і героя напалеонаўскіх войнаў).
Татарскі полк уланаў ваяваў з бальшавікамі спачатку пад Беластокам, Гродна, потым удзельнічаў у Кіеўскай, Палескай і Варшаўскай аперацыях. За мужнасць у бітве пад Камаровам (Замосцем), якая спыніла Будзённага і вырашыла лёс Варшаўскай бітвы, Леон Сулькевіч атрымаў ордэн Virtuti Militari.

Ордэн Virtuti Militari. Фота з Вікіпедыі
Пасля зацятых баёў са складу палка засталося 86 чалавек, і 10 верасня 1920 г. камандзір яго распусціў. На яго падмурку заснавалі 13-ты полк Віленскіх уланаў.

Фота з суполкі ў Фэйсбуку Віртуальная Беларусь 24

13-ты полк Віленскіх уланаў. Фота з суполкі ў Фэйсбуку Віртуальная Беларусь 24
Найбольш знакамітымі з афіцэраў гэтага палка ў міжваеннай Польшчы быў лідчанін генерал Аляксандр Рамановіч (дарэчы, выпускнік Полацкай кадэцкай вучэльні, як і Г. Канапацкі), а з шараговых — барысаўчанін Аляксандр Стэфановіч. 10 верасня 1939 г. полк пайшоў у апошнюю атаку. Агульны крах польскага войска спрычыніўся да таго, што камандзіры прынялі рашэнне распусціць ваяроў па дамах. Так скончылася гісторыя татарскай кавалерыі ВКЛ.
Слава іх не знікла. Убраныя пад уланаў вершнікі і сёння складаюць парадную гвардыю ў Еўропе ад Польшчы да Гішпаніі. Палякі, канешне, скажуць, што ўланы — гэта іхняе, літоўцы — што іхняе, а мы далучымся да іх забегу, бо, як вядома, нам татарам усё адно: што наступаць — бегчы, што адступаць — бегчы. Абы пабегаць. У нашым клімаце трэба рухацца, каб не акалець.
І., Budzma.org
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.