Ад лідскіх муроў
Пачынаем мы крок…
Станіслаў Суднік
Знаўца краю гісторык Леанід Лаўрэш піша: “У 1904 г. у Лідзе 14 заводаў і фабрык, 400 працоўных, аб’ём вытворчасці — 1200 тысяч рублёў, 170 рамесных майстэрняў, 204 рамеснікі. У год праводзілася 4 кірмашы, продаж жывёлаў складаў 100 тысяч рублёў. Быў штотыднёвы рынак. Працавалі банкаўскія і натарыяльныя канторы, 10 страхавых агентаў, 13 гатэляў, 24 шынкі, харчэўні і чайныя. У горадзе 25 вуліц і завулкаў, 2 плошчы, 1000 жылых будынкаў, зь іх 275 — каменныя, 725 — драўляныя. 20 будынкаў пакрыта жалезам, 680 — дрэвам, 300 — дахоўкай. Увечары горад асвятляюць 60 газавых ліхтароў. У горадзе жывуць 15 025 жыхароў. Маецца 4 бальніцы на 115 ложкаў, 6 дактарў, 6 акушэрак, 10 фэльчараў, 2 аптэкі, 5 аптэчных крам. Працуюць 4 ніжэйшыя мужчынскія і 2 ніжэйшыя жаночыя навучальныя ўстановы, павятовая 2-хкласная навучальня на 60 навучэнцаў. У горадзе 23 настаўнікі, 700 вучняў, 3 друкарні, фотаатэлье, бібліятэка-чытальня. Заробак прыслугі: мужчынам — 10 рублёў, жанчынам — 5 рублёў. Заробак чорнарабочага за дзень: мужчыны — 70 капеяк, жанчыны — 50 капеяк”.
Вось у гэтым горадзе ў тым самым 1904 годзе ў сям’і аднаго з шасці згаданых лідскіх дактароў нарадзіўся сын Стэфан. Было тое 18 красавіка.
Ліду напаткаў шараговы лёс беларускага горада. Яна, як пісала газета “Гоман” у 1916 годзе ў артыкуле, перадрукаваным з нямецкае газеты “Kowner Ztg”, “у часе войнаў паміж маскалямі і Рэччу Паспалітай ня раз цяжка цярпела”. Цярпела Ліда ад іх і ў пазнейшыя гады, у XX стагоддзі. Але, што цікава, толькі ў 1915 годзе, калі ў горад увайшлі нямецкія войскі, сям’я, у якой пераважна гаварылі на мове новых валадароў, бо маці была немкаю, вырашыла эміграваць. Яны пераехалі ў прускі Кёнігсберг, дзе жылі матчыны бацькі.
У Кёнігсбергу малы Стэфан з прозвішчам Варшаўскі вучыўся ў гімназіі, якую скончыў у 1924 годзе, тут пайшоў ва ўніверсітэт. Аднак пасля двух гадоў навучання студэнт перавёўся ў Гётынген, гэтую “матэматычную Мекку”, дзе меркаваў рабіць свой дактарат. Тут выкладаў сам Давід Гільберт, прызнаны ў тым часе лідарам матэматыкаў. Кіраваць доктарскай Варшаўскага прызначылі прыват-дацэнта Аляксандра Астроўскага, ураджэнца Кіева. Яны нагэтулькі пасябравалі, што калі Астроўскаму прапанавалі прафесарства ў Базэльскім універсітэце, ягоны дактарант паехаў разам з ім. У Базэлі Стэфан і скончыў сваю працу, якая атрымала ўзнагароду, а з ёю аўтар — і пазіцыю выкладчыка ў Гётынгене. Так Варшаўскі ў 1930 годзе вярнуўся ў Ніжнюю Саксонію і пачаў выкладаць ва ўніверсітэце.
Але 30 студзеня 1933 года да ўлады ў Нямеччыне прыйшоў Гітлер. А за ім — 1 красавіка — “Дзень байкоту”, калі байкатаваліся габрэйскія крамы, а выкладчыкам, прафесарам-габрэям быў забаронены ўваход ва ўніверсітэты і каледжы. А менш як праз тыдзень, 7-га красавіка, быў прыняты закон аб звальненні ўсіх выкладчыкаў-габрэяў з вышэйшых навучальных установаў. Гэта датычылася і тых, хто не быў сапраўдным арыйцам, — народжаных у мяшаных сем’ях.
Стэфан Варшаўскі зразумеў, што ў Нямеччыне яму не зрабіць кар’еру матэматыка, дый невядома, ці захаваеш жыццё. Таму ён пачаў шукаць працу ў замежжы. З дапамогаю калегі на год уладкаваўся ва Утрэхцкі ўніверсітэт у Нідэрландах, а пасля атрымаў прапанову прыехаць у Калумбійскі ўніверсітэт у Нью-Ёрк.
Замацавацца на працы ў Амерыцы ў той час было вельмі нялёгка: з Еўропы, ратуючыся ад нацызму, у краіну эмігравала больш высакакласных спецыялістаў, у тым ліку матэматыкаў, чым было працоўных месцаў. Стэфан Варшаўскі, нягледзячы на паспяховыя публікацыі ў прэстыжным прафесійным часопісе “Transactions of the American Mathematical Society”, доўгі час мусіў абмяжоўвацца часовымі працамі, чытаючы лекцыі на замену. Толькі ў 1939 годзе ён здолеў атрымаць сталае месца на кафедры Вашынгтонскага ўніверсітэта ў Сэнт-Луісе, штат Місуры.
Тут, не пакідаючы навуковай працы і публікуючы свае навуковыя даследаванні (напрыклад, у “Duke Mathematical Journal”), Варшаўскі чытаў лекцыі. У адным семестры ён меў 36 лекцыйных гадзінаў на тыдзень, але ніколі не скардзіўся, нават не любіў казаць пра сваю занятасць: лічыў, што гэта можа быць успрынята як нараканне. Багата ў каго навокал яшчэ горай, казаў ён.
Пасля вайны, у 1947 годзе, Стэфан Варшаўскі перабраўся на працу ва Універсітэт Мінесоты. Тут ён спаткаў сваю будучую жонку — Ільзу Каўзер. Жыццё паступова наладжвалася, а кар’ера пайшла ўгору.
У 1952 годзе Стэфан Варшаўскі быў прызначаны старшынёй матэматычнага дэпартамента Інстытута тэхналогіі Універсітэта Мінесоты. У 1963-м ён з сям’ёй пераехаў у Сан-Дыега, дзе ў мясцовым універсітэце таксама ўзначаліў матэматычны дэпартамент. На гэтай пасадзе ён працаваў да 1967 г., шмат прычыніўшыся да развіцця навучальнай установы, калі праз стан здароўя мусіў адмовіцца ад кіравання, пакінуўшы сабе толькі лекцыі.
Стэфан Варшаўскі сышоў на пенсію ў 1971 г., але працягваў чытаць свае курсы. У гэтым самым годзе ён быў ганараваны як прафесар-эмерыт (Emeritus Professor).
У 1978 годзе ў інстытуце, які стаў для яго родным, ва ўніверсітэце ў Сан-Дыега, была створаная пасада асістэнта прафесара імя Стэфана Варшаўскага. Яна прызначалася для маладых дактароў, хто б працягваў навуковыя тэмы самога Стэфана — ці, як яго клікалі ў Амерыцы, Стывена Варшаўскага.
Падчас банкету на свае 85-я ўгодкі ён сказаў, што хацеў бы даказаць яшчэ адну тэарэму: што матэматыка не толькі для маладых. І ён здолеў зрабіць гэта! Нават у такім паважным веку ён не пакідаў чытання лекцый. У Варшаўскага было 19 дактарантаў, а амаль траціну сваіх навуковых даследаванняў ён напісаў і апублікаваў пасля выхаду на пенсію.
Стэфан Варшаўскі памёр 5 траўня 1989 года.
Пасля яго засталіся не толькі навуковыя працы. Яго імем названая тэарэма Нашыра-Варшаўскага (Noshiro-Warschawski, аўтары вынайшлі яе незалежна адзін ад аднаго).
У 1999—2000 гг. ва Універсітэце ў Сан-Дыега была прысуджаная стыпендыя імя Стэфана Варшаўскага.
Ільза, жонка Варшаўскага, якая памерла ў 2009 годзе, пакінула ўніверсітэту адзін мільён даляраў, зазначыўшы, што частка мае пайсці на развіццё прафесуры ў матэматычным дэпартаменце.
У некралогу калегі напісалі: “Стэфан Варшаўскі жыў сярод найвялікшых матэматыкаў двух кантынентаў. Ён скіраваў не аднаго дактаранта да навуковай вышыні. Ён зрабіў трывалы ўнёсак у навуковую дзялянку матэматыкі”.
Лявон Юрэвіч
Наталля Гардзіенка