Матэматыка, Ярмошына і Эмілія Плятэр

Калі я вучылася ў школе, маім любімым прадметам была матэматыка. Я перамагала ў школьных матэматычных алімпіядах і атрымлівала дадатковыя хатнія заданні. Аднак нягледзячы на свае поспехі, я з усіх бакоў чула, што матэматыка — гэта не зусім тое, што мне патрэбна, бо дзяўчатам больш пасуюць гуманітарныя навукі. Неяк так склалася, што ў восьмым класе, калі трэба было выбіраць профіль навучання, я ўжо не верыла ў свае матэматычныя здольнасці і абрала клас з паглыбленым вывучэннем беларускай і ангельскай.

matem

Калі б тады ў мяне была магчымасць залезці ў Гугл і пацікавіцца гісторыяй матэматыкі, статыстыка была б не маім баку. Яна б пацвердзіла тое, пра што я і так здагадвалася. Вялікія матэматыкі мінулага — гэта ў пераважнай большасці мужчыны: Піфагор са сваёй знакамітай тэарэмай, Эўклід са сваёй эўклідавай геаметрыяй, Гаўс са сваімі формуламі і метадамі — пералічваць можна да бясконцасці. Соф’я Кавалеўская — адзіная жанчына-матэматык, якую я ведала ў дзяцінстве, — падавалася ў гэтым шэрагу хутчэй выключэннем, якое толькі пацвярджала правіла. Такім чынам, лёгка было зрабіць выснову, што матэматыка — гэта мужчынская справа, у якую дзяўчатам лепей не лезці.

Пазней я зразумела: у таго факта, што асноўныя матэматычныя адкрыцці мінулага рабілі мужчыны, ёсць нашмат прасцейшае тлумачэнне. Доўгія стагоддзі жанчыны не мелі доступу да адукацыі, а таму ніяк не маглі рабіць даследаванні і вынаходзіць нешта новае. Іх жыццё часта было абмежаванае хатнімі і сямейнымі абавязкамі незалежна ад іх схільнасцяў і зацікаўленняў. Канечне ж, былі і тыя, што здолелі прарвацца праз усе забароны, — тут можна згадаць і Караліну Гершэль (1750–1848), якая шмат гадоў дапамагала свайму брату-астраному ў даследаваннях, і Аду Лаўлэйс (1815–1852), якая лічыцца першым праграмістам, — аднак у асноўнай большасці жанчыны з навуковага і акадэмічнага жыцця былі выключаныя.

Сучасныя сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што многія дзяўчаты дагэтуль вельмі асцярожна ставяцца да выбару кар’еры ў сферы прыродазнаўчых (фізіка, хімія і г.д.) і фармальных (матэматыка, кібернетыка, інфарматыка і г.д.) навук: колькасць хлопцаў на адпаведных факультэтах адчувальна большая за колькасць дзяўчат нават у амерыканскіх універсітэтах. Пры гэтым дзяўчаты, якія ўсё ж абралі такія “мужчынскія” спецыяльнасці, вучацца не менш паспяхова за хлопцаў. Пытанне, якое ставяць перад грамадствам такія даследаванні, відавочнае: што перашкаджае дзяўчатам ісці вучыцца на больш прэстыжныя прафесіі? Паводле закону жанчыны і мужчыны маюць роўныя магчымасці, але ці лёгка ўвасобіць гэты прынцып у жыццё?

Калі паглядзець на спіс лаўрэатаў прэміі Гедройца, галоўную незалежную прэмію за беларускамоўную прозу, можна пабачыць, што жанчына трапіла ў яго толькі аднойчы: у 2015 годзе Таццяна Барысік атрымала другое месца за кнігу “Жанчына і леапард”. Сярод кніг, што намінаваліся на прэмію за пяць гадоў яе існавання, менш за 20% напісаныя жанчынамі. Ці можам мы зрабіць з гэтага выснову, што беларускі маюць менш цікавасці да літаратурнай творчасці, чым беларусы, і што творы, якія яны пішуць, ніжэйшай якасці, чым творы пісьменнікаў-мужчын?

Такога кшталту меркаванні нярэдка транслююцца ў беларускай публічнай прасторы. Напрыклад, беларуская дзяржаўная дзяячка Лідзія Ярмошына сцвярджае, што жанчын не можа цікавіць палітыка: “Жанчын цікавіць канкрэтыка (…). Вось выйсці замуж — гэта вынік. Пашыць сукенку, спячы торцік — таксама вынік” (цытата ўзятая з артыкула ў “Камсамольскай праўдзе”). Вучачыся ў школе, дзяўчаты сутыкаюцца з тым, што большасць людзей, якія, паводле падручнікаў, уплываюць на гісторыю, — мужчыны. Даследчыца Таццяна Шчурко прааналізавала школьныя матэрыялы па гісторыі і высветліла, што колькасць мужчынскіх персаналіяў у іх у разы перавышае колькасць жаночых. Мастацкая літаратура, якую дзеці чытаюць у школе, таксама пераважна напісаная мужчынамі: выкладчыца Марына Казлоўская, разглядаючы школьную праграму для 9-11 класаў, заўважыла, што са 159 урокаў на творчасць жанчын-пісьменніц аддаецца ўсяго 3. Гэта значыць, што дзяўчаты — то бок прыкладна палова ўсіх вучняў — не маюць магчымасці пазнаёміцца на ўроках з жаночым укладам у гісторыю і жаночым поглядам на свет і вымушаныя глядзець на сябе і сваю ролю вачыма мужчын.

Калі ў 1960-х гадах у Амерыцы актывізаваліся жаночыя рухі, што змагаліся за роўныя правы жанчын і мужчын на рынку працы і перад законам, у навуковым асяроддзі (безумоўна, перадусім сярод саміх жанчын) узнялася цікавасць да жаночых даследаванняў. Даследчыцы пачалі шукаць (і знаходзілі) забытыя творы жанчын-пісьменніц, вывучаць жаночыя дасягненні ў самых розных сферах, узнаўляць жаночую побытавую гісторыю. Для таго каб зразумець сябе і сваё месца ў свеце, адчуць сваю сілу і асэнсаваць уласную каштоўнасць, жанчынам было неабходна адкрыць наноў сваіх папярэдніц, убачыць “жаночы” твар мінулага — насуперак той “мужчынскай” версіі гісторыі, якая выкладалася, а шмат дзе і дагэтуль выкладаецца ў школах і ўніверсітэтах. На сённяшні момант такія даследаванні — неад’емная частка навуковага працэсу, якая паціху змяняе чалавечую свядомасць і дапамагае жанчынам і дзяўчатам паверыць у свае магчымасці.

Калі б нам у дзяцінстве казалі, што першым у свеце праграмістам была жанчына, а ў падлеткавыя гады давалі пачытаць пра Эмілію Плятэр, удзельніцу паўстання 1830–1831 гг., якая арганізавала свой атрад і рашуча змагалася з царскімі войскамі, мне напэўна было б прасцей наважыцца пайсці ў матэматычны клас і прысвяціць жыццё любімай навуцы. Многім жанчынам было б прасцей не даваць сябе ў крыўду і абараняць свае правы, абітурыенткам — абіраць больш прэстыжныя спецыяльнасці, а школьніцам — смялей адказваць на ўроках і ўдзельнічаць у алімпіядах па інфарматыцы, фізіцы ці хіміі. Цалкам магчыма, што тады ў прэміі Гедройца жанчыны б трошкі пацяснілі мужчын, расказваючы свету пра свае праблемы, выклікі і перамогі, а Лідзія Ярмошына не была б так упэўненая, што палітыка — то бок сфера, дзе прымаюцца самыя важныя для ўсяго грамадства рашэнні, — гэта справа, якая тычыцца выключна мужчын. І ў такім разе і грамадства, і самі жанчыны не гублялі б патэнцыялу, які жанчыны маюць ад нараджэння.

Ганна Янкута