“Мая краіна” Касі Камоцкай успрымаецца як гімн

Барды Кася Камоцкая, Алесь Камоцкі і паэт Міхась Скобла наведалі з выступам школьны лагер “Зубраня” ў в.Нарач Мядзельскага раёну Мінскай вобласці 21 лютага.

Прысутнай публікі было каля 350 чалавек.

Гучалі песні, вершы, гісторыі з жыцця. А ў другой частцы сустрэчы паэтычна-музычнае трыё дзеці проста засыпалі пытаннямі. Пра інтэрактыўнасць парупіліся арганізатары мерапрыемства – у зале былі ўсталяваныя мікрафоны. Скончылася сустрэча шматгалосым дзіцячым “дзякуй!”, пракрычаным па-заўзятарску дружна і звонка.

Кася Камоцкая:
“Зубраняты” вельмі жыва рэагуюць на беларускія песні, там выдатная апаратура, заўсёды гукааператар на месцы. У мінулым месяцы мы прыязджалі сюды з Міхасём Скоблам, так што гэтая паездка адбылася нібы “на біс” – за 150 кіламетраў. Мне прыемна, што школьнікам найбольш спадабалася песня “Мая краіна”, мінулым разам уся зала нават устала, нібы пад гімн, калі я яе спявала. Гэта мяне ўзрушыла неверагодна! І гэтым разам з залы паступіла просьба яе выканаць”.

Выступ прайшоў у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”