Cпектакль «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча» рэжысёркі Паліны Дабравольскай прадставіла 20 чэрвеня міжнародная каманда з беларускіх, польскіх і ўкраінскіх акцёрак у межах фестывалю INEX ФЭСТ у Варшаве. Пастаноўку з-за яе паэтычнай формы можна назваць сучасным беларускім арт-хаусам, які, з аднаго боку, трэба паглядзець усім, а з іншага — зразумее яго не кожны. Да твораў такога тыпу трэба падыходзіць у пачуццёвым сэнсе глыбока — у прынцыпе, як і да ўсіх тэатральных працаў Паліны Дабравольскай.
Рэжысёрка Паліна Дабравольская ў спецыяльнай фотасесіі да праекта «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча». Фота: Каця Ігнашэвіч, крыніца: фэйсбук Паліны Дабравольскай
«Стаю на мосце, на вяршыні, над абрывам. Ну вітанкі»
Спектакль пастаўлены паводле тэксту аўтара, які хаваецца пад нікам Noname67. Гэта моцная высокаінтэлектуальная жаночая споведзь, у якой складаныя метафары збалансаваныя сцісласцю сказаў. Гэтая спецыфіка тэксту, якую граматна выкарыстоўвае Паліна Дабравольская ў сваёй рэжысуры, заключаецца ў непатрэбнасці дадаваць да спектакля выразныя мастацкія сродкі — ні ў сэнсе сцэнаграфіі і касцюмаў, ні ў сэнсе акцёрскай ігры.
Сцэнічнае апавяданне цалкам выбудавана на гульні святла і рытмічнай музыкі са словамі п’есы. Вырваны са свайго паўсядзённага кантэксту, глядач раптам апынаецца каля гераіні на мосце, прыкаваны сваёй увагай да яе вуснаў і таго, што з іх гучыць, да жэстаў яе рук і ўсяго, што яны спрабуюць растлумачыць. Апошнія выказванні і агульны настрой жанчыны перад скачком у ваду засяроджаныя не на душэўных перажываннях і болю, а на абурэнні з-за таго, што побач у дадзены момант няма ні міліцыі, ні хуткай дапамогі. Ратаваць яе жывую няма каму — і нават мёртвай ёй прыйдзецца пачакаць. А вось выцягні яна з-за пазухі бел-чырвона-белы сцяг...
У хуткім часе глядач даведаецца, што ў грудзях жанчыны — адрэналін, а ў кішэні замест сцягу — толькі моцнае жаданне «гуляць па траве, як любая жывёла», змешанае са страхам. З-за бесперапыннага жыцця ў ім яна — стомленая, амаль бездапаможная. На першы погляд здаецца, што гэты страх — тыповы беларускі: «Сэрца сціскаецца кожны раз. Калі на вуліцы вые сірэна. Калі нечакана нехта грукае ў дзверы».
Але паступова прыходзіць усведамленне таго, што на сцэне яшчэ знаходзяцца польскія і ўкраінскія дзяўчаты. І ў іх, у святле апошніх падзей, таксама ёсць нагода падзяляць гэтыя страхі з беларускамі.
Дзякуючы спалучэнню гэтых трох нацыянальнасцей у спектаклі можна разглядзець адсылкі не толькі на падзеі ў Беларусі 2020 года, але і на вайну ва Украіне і масавыя жаночыя пратэсты ў Польшчы супраць забароны абортаў. І жаданне заставацца моцнай і самастойнай у гэтых крытычных умовах ва ўсіх трох супольных вобразах жанчын, нават падчас стаяння на мосце, з’яўляецца першасным: «Калі я гляджу ўніз, мне здаецца, што любы мінак можа падбегчы да мяне, падняць і скінуць, і я палячу ўніз. А я хачу ўсё сама».
Акцёрка Аляксандра Мірэцка (Польшча) у спецыяльнай фотасесіі да праекта «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча». Фота: Каця Ігнашэвіч, крыніца: фэйсбук Паліны Дабравольскай
«У мяне ёсць сяброўка. Яна жыве ў падземным царстве»
Перформанс пранізвае наскрозь тэма жаночага сяброўства, і не толькі ў бытавым сэнсе. Цягам дзеяння гераіні абсалютна розных знешніх і ўнутраных тыпажоў па чарзе падтрымліваюць адна адну сваімі філасофскімі споведзямі, ядром якіх з’яўляюцца разважанні аб жанчыне як аб магічным стварэнні. Сутнасць яе прыроды спалучаецца з вобразамі ведзьмаў і міфічных багіняў, якія знаходзяцца «ў падполлі» ці проста «спяць» унутры кожнай з жанчын.
Чарадзейная атмасфера тэксту дапаўняецца музычным суправаджэннем пад кіраўніцтвам Кацпер Словік-Дабравольскай, кампазітаркі пастаноўкі. Акцёркі цягам спектакля зладжана дэманструюць сваё валоданне шэрагам інструментаў — піяніна, бас-гітарай, флейтай і баянам.
Асобна варта адзначыць ігру на барабанах у выкананні самай малодшай удзельніцы праекта, 19-гадовай Валерыі Атрожкінай, якая энергічна задае рытм у самых моцных па сваёй эмацыйнасці момантах спектакля — нават калі тэкст на яго фоне наўмысна гучыць слабей. Дзякуючы акцэнту на ўдарных пачуццё жаночай лютасці і прага барацьбы ў спектаклі адчуваюцца яшчэ вастрэй.
Спектакль, як і п’еса, падзелены на некалькі частак, якія адлюстроўваюць важныя бакі жаночай фізічнай прыроды — роды, недахоп адпачынку, асаблівасці цела — і адначасова духоўна-стыхійнай: псіхалагічныя траўмы, сувязь з лесам, агнём, паветрам і памяццю продкаў. Вобраз смерці неаддзельна ідзе побач з кожнай іншай тэмай асобных споведзяў і выклікае асацыяцыю з вечным, цыклічным — тым, што адначасова адпускае і вызваляе:
«Усё спачатку. І смерць, і рэвалюцыя, і эвалюцыя, і слёзы, і праполка магіл, выдаленне пустазелля, якім зарастаюць надмагіллі. <...> У любым выпадку ўсё пачнецца спачатку. Я, маё дзіця, мой чамадан, мае могілкі, зарослыя лесам. Дзе блукаюць тысячы душ».
Асаблівым мастацкім элементам з’яўляецца «цякучасць» сцэнічнага расповеду, які вядзецца амаль без паўз. Хаця спектакль не мае сюжэту, гэта яму не перашкаджае, а, наадварот, дадае аўтэнтычнасці. Маналогі жанчын натуральна ідуць адзін за адным, а іх тэмы змяняюцца хутка, быццам у звычайнай размове сябровак, не дазваляючы гледачу абстрагавацца.
Беларускія, польскія і ўкраінскія акцёркі ў спецыяльнай фотасесіі да праекта «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча». Фота: Каця Ігнашэвіч, крыніца: фэйсбук Паліны Дабравольскай
«Ты вінаватая, ты вінаватая, ты вінаватая»
Перформанс «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча», акрамя жаночай моцы і смеласці, таксама ўздымае тэмы патрыярхату і сэксізму. Агульныя жаночыя харавыя сцэны дадаюць менавіта гэтаму тэматычнаму блоку спектакля кідкую феміністычную афарбоўку, якая не прамаўляе — папросту крычыць аб неабходнасці бесперапынна звяртаць увагу на праблему жаночай дыскрымінацыі. Акцёркі распавядаюць аб абвінавачанні жанчыны з боку мужчын і абмежаванні праяваў жанчыны, аб недаверы да яе здольнасцяў і выкарастанні яе ў якасці ўпрыгожання ці звычайнай рэчы замест успрымання як самастойнай чалавечай адзінкі:
«Пакуль яны знаходзяцца на паверхні, і заходняя прэса ведае іх імёны, і яны ўсё яшчэ нешта там робяць, як Ахілес, прагнучы неўміручасці і славы, як Агамемнан, прагнучы ўлады і золата, як Гектар, які хоча мець спакой дома. А яе няма, яе няма сярод іх, яна ў падполлі. Таму што цар мёртвых узяў яе, завалодаў ёю, як прыгожым інертным прадметам, які нічога не можа зрабіць».
Асноўная прычына, чаму гэты перформанс вельмі варты прагляду — гэта яго актуальнасць па ўсіх напрамках. Спектакль прамаўляе на ўсе магчымыя тэмы, якія могуць атачаць жанчыну: палітычны пераслед, псіхічнае і фізічнае здароўе, унутраны свет і давер да яго, страх і дыскрымінацыя па сексуальнай прыкмеце.
Дбайны мастацкі падыход Паліны Дабравольскай да апрацоўкі паэтычнай драмы цалкам перадае галоўны сэнс і вобразнасць тэксту і з’яўляецца моцнай рукой маральнай і духоўнай дапамогі для тых прадстаўніц «магічнай» часткі насельніцтва планеты, якія некалі былі траўмаваныя, альбо хаця б на лічаныя хвіліны страцілі ўпэўненасць у сваіх сілах ці згубіліся ў спробах зразумець сваю сутнасць.
Наталля Міхаліна Скарынка, budzma.org
Чытайце яшчэ:
«Камедыя Юдзіфі» — самы адважны спектакль Незалежных Купалаўцаў