На сцяне дома нумар 5 на Кармеліцкай вуліцы ў Вільні месціцца таблічка з надпісам на літоўскай мове і ідышы. Надпіс сцвярджае, што на пачатку дваццатага стагоддзя ў гэтым доме жыў беларуска-габрэйскі пісьменнік Мойшэ Кульбак. Зараз на першым паверсе гэтага будынка знаходзіцца культурная прастора, створаная беларускай ініцыятывай CreateCulture. Пагаварылі з заснавальніцамі ініцыятывы Надзеяй Ількевіч і Таццянай Штэйнбук пра тое, што такое культурная прастора, чаму яна карыстаецца попытам сярод беларусаў Вільні, і як выводзіць беларускую культуры на міжнародны ўзровень.
Заснавальніцы прасторы Таццяна Штэйнбук і Надзея Ількевіч. Фатограф Даніл Анохін
Надзея Ількевіч і Таццяна Штэйнбук — беларускія менеджаркі, якія апошнія гады жылі ў замежжы, але працягвалі рабіць праекты ў культурным полі Беларусі. Надзея працавала ў сферы культуры і урбаністыцы, у 2017 годзе з’ехала ў ЗША вучыцца ў магістратуры. Падчас навучання ў ЗША Надзея таксама рабіла сумесныя беларуска-ўкраінска-амерыканскія праекты.
Таццяна з 2009 года займалася арганізацыяй розных мерапрыемстваў. Працавала ў рэкламных агенцтвах і аддзеле маркетынгу ў вялікай кампаніі. У 2018 годзе Таццяна выйшла замуж і з’ехала ў Вільню, але працягвала наведваць Мінск, дзе ўсё яшчэ займалася арганізацыяй мерапрыемстваў, да прыкладу, мерапрыемствамі гарадской габрэйскай культуры.
У 2020 годзе ў Надзеі з’явілася жаданне зноў вярнуцца ў культурнае поле Беларусі. Тым часам Таццяна падчас каранціну перажывала некаторы асабісты крызіс.
«Я зразумела, што ўсе праекты і мерапрыемствы, — распавядае Таццяна, — якія я планавала, зараз адмяняюцца. Я вярнулася ў Літву абсалютна без разумення таго, чым я хачу займацца. Вырашыла, што зараз час разабрацца ў сабе і сышла ў псіхалогію, потым у коўчынг. У нейкі момант пачала займацца ментарствам». (Заўвага рэдакцыі: ментар у сучаснай трактоўцы — гэта эксперт у нейкай вобласці, які дапамагае менш дасведчанаму чалавеку развіваць карысныя якасці).
Надзея і Таццяна пазнаёміліся ў 2020 годзе. У імкненні зрабіць нешта для культурнага сектару Беларусі Надзея распачала «Майстроўню карысных праектаў». Гэта быў анлайн-курс па сацыяльна-культурным праектаванні для творчых беларусаў і беларусак. Ад пачатку Таццяна праводзіла вебінары ў межах праекта, а потым стала каардынатаркай. Калі праект скончыўся, дзяўчаты захацелі працаваць разам далей. Надзея і Таццяна кажуць, што ў іх было шмат творчых ідэй, і на пачатку 2022 года яны прынялі рашэнне заснаваць сваю культурную ініцыятыву. У чэрвені 2022 года дзяўчаты зарэгістравалі некамерцыйную арганізацыю ў Вільні і пачалі шукаць прастору, дзе маглі б рэалізоўваць свае творчыя ідэі і дапамагаць іншым крэатарам.
«Мы вельмі шмат часу шукалі прастору, — расказвае Надзея. — Напэўна, два месяцы проста хадзілі і глядзелі розныя памяшканні — нічога не пасавала. Раптам на адным з сайтаў знайшла памяшканне, якое знаходзілася ў трох хвілінах ад цэнтру. Дай, думаю, схаджу туды, пагляджу, дзе гэта. Я падыходжу, бачу закрытыя вялікія-вялікія вокны і таблічку: тут жыў Мойшэ Кульбак. Я пішу Тані: гэта яно! Гэта атрымалася неяк выпадкова, але гэта дадае беларускасці. Плюс Мойшэ Кульбак пісаў на ідышы, а Таня займаецца габрэйскай культурай».
Шыльда на сцяне будынка на вуліцы Кармелітаў.
Хутка Таццяна і Надзея сустрэліся з гаспадаром памяшкання, і адразу падпісалі дамову аб арэндзе на два гады. Памяшканне ўжо было ў добрым стане, таму вялікі рамонт рабіць не прыйшлося: толькі касметычны. Таксама дзяўчаты замянілі амаль усю мэблю, каб стварыць адмысловую ўтульнасць і запрасілі беларускіх мастакоў, каб яны размалявалі сцены. Кажуць, уладальнік быў не супраць такіх эксперыментаў.
Прастора падчас рамонту. Фота Таццяны Штэйнбук
Малюнак на сцяне ў памяшканні прасторы. Фатограф Даніл Анохін
Крэатыўная прастора як пляцоўка для яднання
Памяшканне агульнай плошчай 146 квадратных метраў дзяўчаты плануюць выкарыстоўваць як каворкінг і як пляцоўку для мерапрыемстваў.
Вялікая зала ў прасторы. Фатограф Даніл Анохін
«На захадзе ўжо даўно з’явілася канцэпцыя каворкінгаў, — тлумачыць Надзея. — Гэта такая прастора, дзе чалавек, які працуе індывідуальна, знаходзіцца ў супольнасці. Калі прыйсці ў кавярню, напрыклад, ты таксама не будзеш адзін, але нікога з наведвальнікаў не будзеш ведаць. Таму сталі з’яўляцца такія месцы, дзе людзі могуць сумесна працаваць».
Надзея распавядае пра ідэю крэатыўных кластараў, калі розныя людзі: прадпрымальнікі, фрылансеры і проста творцы — аб’ядноўваюцца для сумесных праектаў у нейкім творчым асяроддзі. Надзея ўпэўнена, што без такога месца, дзе могуць фармавацца супольнасці — развіццё культуры мала магчыма: «У рэстаране такога няма» (усміхаецца).
Памяшканне для сумеснай працы ў прасторы. Фатограф Даніл Анохін
«Нашая прастора не толькі для мерапрыемстваў і сумеснай працы, — дадае Таццяна. — Гэта таксама і месца, дзе можна знайсці аднадумцаў для сваіх ідэй, атрымаць натхненне і падтрымку».
Надзея адзначае, што ў прасторы пануе урбаністычны прынцып плэйсмэйкінгу (Заўвага рэдакцыі: ад ангельскага placemaking — стварэнне месца). Гэта значыць, імкнуцца ствараць камфортнае месца разам з наведвальнікамі, дзе яны потым могуць рэалізоўваць свае ідэі і стаць часткай камьюніці.
«У плэйсмэйкінгу ёсць прынцып, згодна з якім развіццё прасторы ніколі не мусіць канчацца», — кажа Надзея.
«Мы за тое, каб людзі стваралі прастору разам з намі, — падтрымлівае Таццяна. — Пакуль у нас былі белыя сцены, мы запрасілі фокус-групы, якія пісалі на стыкерах, што і куды можна паставіць».
Таксама дзяўчаты зрабілі ў прасторы «беларускую палічку» — на яе наведвальнікі могуць паставіць нейкія памятныя прадметы, звязаныя з Беларуссю. Таццяна і Надзея маюць у планах аднойчы зладзіць вечар успамінаў, дзе будуць распавядаць пра кожны з такіх прадметаў. Ідэя палічкі і такога вечара належыць крэатыўнаму дырэктару, сябру прасторы Антону Сарокіну, за што дзяўчыны вельмі ўдзячныя.
Беларуская палічка. Фатограф Даніл Анохін
Манетызацыя і кіраванне
Як ужо было адзначана, культурная прастора — гэта не бізнес, а частка некамерцыйнай арганізацыі. Дзяўчаты кажуць, што грошы на пачатковае развіццё далі спонсары, але дакладна крыніцы фінансавання не адкрываюць.
Пакуль прастора працуе ў тэставым рэжыме, усе жадаючыя могуць наведаць каворкінг бясплатна. З новага года дзяўчаты збіраюцца выходзіць на манетызацыю.
Са студзеня месячны абанемент на карыстанне каворкінгам будзе каштаваць 100 еўра. У гэты кошт будуць уваходзіць кава, гарбата і друк папер.
Кухоннае памяшканне ў прасторы. Фатограф Даніл Анохін
«Таксама мы прымаем данаты, — распавядае Таццяна. — Што датычыцца арэнды памяшкання для мерапрыемстваў — для платных івэнтаў у нас ёсць прайс. Але некамерцыйныя беларускія ініцыятывы мы падтрымліваем бескаштоўна. Мы не атрымліваем аніякага прыбытку з гэтага: усе грошы пойдуць на развіццё прасторы, аплату арэнды і камунальных плацяжоў».
Яшчэ адзін артыкул выдаткаў у культурнай прасторы — заробак чальцоў каманды. Зараз, акрамя Надзеі і Таццяны, у каманду ўваходзяць праектная менеджарка, івэнт-менеджарка, два спэйс-менеджары і менеджар па камунікацыі. Дзяўчаты кажуць, што каманду сабралі дастаткова хутка. Зрабілі аб’яву, атрымалі шмат адказаў, правялі інтэрв’ю. Надзея і Таццяна лічаць, што не так важна знайсці чалавека з досведам, колькі знайсці таго, з кім будзе кантакт і ўзаемапаразуменне, каб чалавек быў ініцыятыўным і амбітным.
На пытанне, як у камандзе прымаюцца рашэнні, Таццяна адказвае так:
«Вялікія і значныя пытанні мы абмяркоўваем удваіх з Надзеяй. Частку пытанняў абмяркоўваем з камандай. Увогуле ў нас няма строгай вертыкальнай іерархіі, мы намагаемся прымаць рашэнні большасцю. Мы ўсе розныя, з розным досведам, ідэямі і бачаннем. Але для нас важна нашая каманда, яе меркаванні».
Беларуская культура, глабальны кантэкст і творчыя планы
Надзея і Таццяна кажуць, што яны не мусяць пазбягаць нацыянальнай афарбоўкі: іх праект у першую чаргу беларускі і для беларусаў. Пры гэтым у іх ёсць мэта ўпісаць беларускую культуру ў глабальны кантэкст.
«Напрыклад, мы плануем рабіць «КінаКаляды», — распавядае Надзея. — Гэта праект, дзе ўдзельнікі мусяць стварыць каляднае кіно за 48 гадзін. Мы хочам, каб і літоўцы, і беларусы мелі магчымасць паўдзельнічаць у такім праекце».
«У нас хутка з’явіцца галерэйная сістэма, — дзеліцца планамі Таццяна. — Будзе выстава карцін і фотаздымкаў беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх мастакоў. Калі ў нас быў дзень адчыненых дзвярэй, да нас заходзілі не толькі беларусы і беларускі: у Вільні шмат экспатаў. Мы збіраемся праводзіць мерапрыемствы на розных мовах: рускай, беларускай і ангельскай. Будзем радыя бачыць усіх зацікаўленых».
Таксама дзяўчаты маюць планы па партнёрстве з Ужупіскім мастацкім інкубатарам і Vilnius International House — арганізацыі, якая дапамагае ўсім прыезджым адаптавацца ў Літве.
Да канца года ў прасторы збіраюцца правесці зусім розныя імпрэзы: адукацыйныя, забаўляльныя, нэтворкінгавыя.
«Партнёры ў нас будуць праводзіць і кінапрагляды, і музычныя вечары», — дадае Таццяна.
Попыт і папулярнасць прасторы
На пытанне аб тым, які попыт на такога кшталту прасторы, Надзея адказала так:
«У нас амаль не засталося вольных дзён для мерапрыемстваў на снежань. Яшчэ да таго, як мы адкрыліся, у нас быў цалкам распісаны лістапад. Мне падаецца, што ёсць у Вільні розныя прасторы для розных мэтавых аўдыторый. Нашая прастора «зачапіла» тых, хто нейкім чынам не ўпісваўся ў іншыя арганізацыі. Напэўна, крэатыўны клас, які проста хацеў такой нейтральнай прасторы, якой у старыя добрыя часы была тая ж ОК-16».
Таццяна адзначыла, што ў дзень адчыненых дзвярэй у прастору завітала каля 170 чалавек.
Таццяна Штэйнбук у прасторы. Фатограф Даніл Анохін
«Проста вярнулася, — з усмешкай каментуе такі наплыў Надзея. — Мяне пяць год не было, і зараз я вярнулася. Мяне ведалі і ведаюць у сферы культуры».
«І Надзею, і мяне, і людзей з нашай каманды шмат хто ведае, — пагаджаецца Таццяна. — Плюс наша каманда — вельмі розная. Напрыклад, у нас ёсць студэнты ЕГУ, ад іх да нас падцягваецца «тусовачка» студэнтаў. Вось у нас ёсць дзяўчына, якая займаецца урбаністыкай — суадносна людзі, з гэтай сферы таксама прыходзяць да нас. То-бок гэта сапраўды пра тыя кантакты, якія мы напрацавалі раней. Шмат якія беларусы з’ехалі ў Вільню, таму беларускія кантакты зноў сталі актуальнымі».
Празрыстасць і бяспека
Як ужо адзначалася на пачатку, прастора месціцца на першым паверсе будынка з вялікімі вокнамі. З вуліцы можна бесперашкодна назіраць, што адбываецца ў памяшканні.
Від на канферэнц-зал з вуліцы. Фатограф Даніл Анохін
«Мы не збіраемся праводзіць палітычныя мерапрыемствы, — каментуе пытанне бяспекі Таццяна. — Нам гэта нават забаронена па ўмовах арэнды. Вось гэта тое ж пытанне пра вялікія вокны. Мы празрыстыя і адкрытыя да ўсяго. За намі можна назіраць, і нам няма чаго прыхоўваць».
Д. Г., budzma.org