Абноўлены сусветны рэйтынг універсітэтаў. Якое месца ў ім у БДУ?

Уніз, уніз. Чаму ўсё больш складана верыць, што беларуская адукацыя каціруецца ў іншых краінах. Штогадовы сусветны рэйтынг універсітэтаў QS World University Rankings 2026 ізноў ранжыраваў 1501 ВНУ з больш за 100 краін свету, піша «Салідарнасць».

Лепшым па сукупнасці крытэрыяў чарговы раз прызнаны Масачусецкі тэхналагічны. А на якіх пазіцыях Беларусь?

BDU

БДУ ў абноўленым рэйтынгу апынуўся на 447 месцы — і гэта, нажаль, падзенне. У папярэднія два гады вядучая беларуская ВНУ займала 387 пазіцыю, у рэйтынгу 2023 года — 288-ю.

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт увайшоў у групу 851-900, БДУІР — ніжэй за 1400 пазіцыі. Іншыя ўніверсітэты з Беларусі ў рэйтынг і зусім не ўвайшлі. Пры гэтым і ў іншых міжнародных рэйтынгах беларускія ВНУ за апошнія гады губляюць пазіцыі.

Для ацэнкі навучальных устаноў эксперты QS World University Rankings выкарыстоўваюць восем крытэрыяў: акадэмічная рэпутацыя, рэпутацыя сярод працадаўцаў, паказчык цытавання навуковых прац, суадносіны студэнтаў і выкладчыкаў на факультэтах, доля замежных выкладчыкаў, колькасць студэнтаў-замежнікаў, міжнародная даследчая сетка, устойлівасць.