Падручнік па гісторыі Саюзнай дзяржавы (СД) можа з’явіцца ў беларускіх і расійскіх школах у 2026-2027 гадах, піша news.zerkalo.io.
Выява носіць ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY
Падручнік па гісторыі Саюзнай дзяржавы можа з’явіцца ў найбліжэйшыя два гады, паведаміў міністр асветы РФ Сяргей Краўцоў пасля сустрэчы прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна з аўтарамі адзіных навучальных дапаможнікаў па гісторыі 22 чэрвеня.
«Магчыма, канешне», — заявіў кіраўнік міністэрства, адказваючы на пытанне «Известий», ці зможа ведамства выпусціць падручнік па гісторыі Саюзнай дзяржавы ў 2026-2027 гадах.
Мінасветы Расіі накіравала ў пастаянны камітэт СД бюджэтную заяўку на фінансаванне ў 2026 годзе распрацоўкі і выдання навучальнага дапаможніка па агульнай гісторыі Саюзнай дзяржавы. Пасля выпуску падручніка па ім будуць займацца дзеці ва ўсіх школах Расіі і Беларусі, растлумачылі ў ведамстве.
«Мы толькі за, бо ў нас і так агульная гісторыя. Таму падручнік Саюзнай дзяржавы — добрая ідэя. Калі такая заяўка паступіла, як дэпутат парламенцкага сходу магу сказаць, мы абавязкова яе разгледзім, і я перакананы, што яна знойдзе сваю падтрымку», — сказаў «Известиям» дэпутат Нацыянальнага сходу Беларусі і Саюзнага парламента Алег Гайдукевіч.
Паводле яго слоў, 16 чэрвеня па даручэнні Уладзіміра Пуціна парламенцкі сход утварыў камісію па захаванні і абароне гістарычнай памяці. Яна будзе таксама падтрымліваць розныя гістарычныя работы, таму зможа ў тым ліку ўдзельнічаць у распрацоўцы падручніка, удакладніў ён.
У лютым 2024-га пасол Расіі ў Мінску Барыс Грызлоў сцвярджаў, што нашы краіны «дамовіліся аб тым, што ў нас будуць адзіныя падручнікі па гісторыі як для школ, так і для ВНУ». Ён заяўляў тады што, «гэтая тэма вельмі важная, таму што да гэтага часу ёсць розначытанні ў разуменні вельмі важных падзей і ў гісторыі Савецкага Саюза, і ў гісторыі яшчэ Расійскай імперыі». «І зараз мы дамовіліся аб тым, што мы будзем гэтыя падзеі разглядаць з адзінага пункту гледжання».