Цэлы люты? Так, цэлы месяц і нават крыху больш у цэнтры Мінску ў кнігарні “логвінаЎ” (пр. Незалежнасці 37а) будзе стаяць палічка са шведскімі кнігамі. Сучасныя і класічныя, дарослыя і дзіцячыя – падыходзь і набывай, ці проста чытай.
Цэлы люты? Так, цалюткі месяц раз на тыдзень у кнігарні “логвінаЎ” можна будзе ўбачыць і паразмаўляць з літаратурнымі зоркамі Швецыі першай велічыні. Яны:
Ульф Старк (Ulf Stark) Адзін з самых вядомых еўрапейскіх дзіцячых пісьменнікаў. Нарадзіўся ў 1944 годзе ў Стакгольме. Дэбютаваў як аўтар кніг для дарослых. У 1984 годзе вырашыў цалкам прысвяціць сябе дзіцячай літаратуры. Лаўрэат прэстыжнай прэміі Андэрсана. Піша вясёлыя і мудрыя кнігі, ад фэнтэзі да дзіцячых вершаў.
Юя Вісландэр (Jujja Vislander) Шведская дзіцячая пісьменніца (нарадзілася ў 1944г.), вядомая сваімі вясёлымі гісторыямі аб цудоўнай і адважнай гарэзе – карове Му, яе сябру-хвальку крумкачы Краксе, ды іх сумесным прыгодам. У 2005 г. творчы дуэт Юі і Томаса быў угнараваны прэміяй імя Астрыд Ліндгрэн.
Яніна Арлоў (Janina Оrlov) Нарадзілася ў 1955г. Перакладчыца, літаратуразнаўца, актыўная ўдзельніца фармавання культурнай палітыкі сваёй краіны.
Лейф Ульсан (Leif Olson) Нарадзіўся ў 1938г. Шведскі рэжысёр, сцэнарыст, актор.
Расклад імпрэзаў “Месяца шведскай літаратуры ў кнігарні “логвінаЎ”:
7 лютага (аўторак) Пасля ўрачыстага адкрыцця, дзе выступяць ганаровыя госці, адбудзецца літаратурная вечарына “Глобус Швецыі”, на якой Лявон Баршчэўскі выступіць з перакладамі Нобелеўскага лаўрэата Тумаса Транстромера, Уладзімір Арлоў падзеліцца ўражаннямі ад вандроўкі за Палярнае кола на шведска-фінскае памежжа, Вера Бурлак прачытае вершы-імпрэсіі пра скандынаўскія авіялініі, Валянціна Аксак і Валярына Кустава распавядуць пра выспу Готланд. Вядоўца імпрэзы – Андрэй Хадановіч. Пачатак а 19.
12 лютага (нядзеля) Ранішнік для дзетак з прэзентацыяй кнігі Юі Вісландэр “Мама Му чытае” ды Юі і Тумаса Вісландэраў “Малы і Білан”, з удзелам аўтаркі Юі Вісландэр і яе беларурскай перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч, а таксама спевакоў Змітра Вайцюшкевіча і Галіны Казіміроўскай, якія запісалі кружэлку з Юінымі казкамі і песенькамі. Лялечны тэатрык Веранікі Фаміной “Лямцавая батлейка” прадставіць сваю версію Мамы Му. Дзеткі і дарослыя, прыходзьце! Пачатак а 14.
18 лютага (субота) Прэзентацыя дзіцячай кнігі Ульфа Старка “Дыктатар” (папяровае выданне+электронная версія). Пры ўдзеле аўтара, а таксама літаратуразнаўцы Яніны Арлоў, і перакладчыц: Насты Лабады і Вольгі Рызмаковай. Вядоўца – Андрэй Хадановіч. Ізноў запрашаем дзетак і іх бацькоў. Пачатак а 14.
28 лютага (аўторак) Вечар шведскага дэтэктыва. Паказ фільма паводле рамана Стыга Ларсана і абмеркаванне феномена шведскага дэтэктыва. Вядоўца – культуролаг Максім Жбанкоў. Пачатак а 18-30.
12 сакавіка (панядзелак) Nobel-party.Імпрэза,прысвечаная паэту-набелісту Тумасу Транстромеру. З удзелам перакладчыка Лявона Баршчэўскага і рэжысёра Лейфа Ульсана. Мадэратар – Андрэй Хадановіч. Пачатак а 19.
15 сакавіка (чацвер) Тэатралізаваны вечар, прысвечаны класіку сусветнай драматургіі Аўгусту Стрындбергу. З удзелам актораў мінскіх тэатраў і рэжысёра Лейфа Ульсана, і дырэктара Тэатра беларускай драматургіі Валерыя Анісенкі. Пачатак а 19.
‘ ‘ ‘ ‘ ‘ ‘ ‘ ‘ ‘ ‘
Кнігарня “логвінаЎ” знаходзіцца ў адным будынку з Галерэяй сучаснага мастацтва “Ў” і “Ў-Барам”(былое “Малако”) – гэта ў дварах за домам “Подзвіг народа”, што на плошчы Перамогі. Кантактны тэлефон: +375-44-7236574 (Павал).