Арт-дырэктар і сузаснавальнік Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін плануе завершыць у гэтым сезоне працу над кнігай аб Беларускім Свабодным тэатры. Пра свае планы ён распавёў у апошнім выпуску YouTube—шоу «Перетрем с Халезиным», піша reform.news.
Скрыншот з відэа
За гэты год драматург і рэжысёр напісаў тры п’есы. Такой прадуктыўнасці раней не было, гэты надзвычай плённы творчы перыяд, адзначыў творца.
«Цяпер па дзвюм п’есам трэба стварыць кінасцэнар, таму што гэта рэальна кіно. А таксама ў гэтым сезоне мне трэба закончыць кнігу», — паведаміў драматург.
«[Гэта будзе кніга] аб Свабодным тэатры, аб жыцці ў Беларусі, па-за Беларуссю, — дадаў ён. — Рэфлексія пра тое, што адбывалася і як адбывалася з намі. У кнігі вельмі цікаўны фармат, выдаўцы кажуць, што такога яшчэ ніхто не рабіў. Хутчэй за ўсё выданне выйдзе ў Вялікабрытаніі і Амерыцы».
Таксама рэжысёр крыху «раскрыў карты» пра адну з трох яго п’ес.
«Яе працоўная назва «Пуцін 2.0» і толькі ўчора быў закончаны пераклад гэтай п’есы з англійскай мовы. Гэта жорсткая камедыйная гісторыя, якая з постсавецкіх краін можа быць пастаўлена толькі ва Украіне. З дэмакратычных краін — ува многіх», — падзяліўся культурны дзеяч.
Мікалай Халезін падкрэсліў, што для яго прынцыпова, каб п’еса з’явілася менавіта на сцэне камерцыйнага тэатра.
«Я хачу, каб гэта стала значнай падзеяй з першага кроку», — сказаў ён.
У шоу Мікалай Халезін распавёў пра тры яскравыя на яго погляд кінематаграфічныя і літаратурныя творы, праз якіх можа пазнаёміцца з беларускай сучаснай культурай.
З кінематаграфічных ён вылучыў фільм «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі, «Крышталь» Дар’і Жук і дакументальную стужку «У адзіночку» сумеснага аўтарства Наталлі Каляды, Эндру Сміта і Мікалая Халезіна.
З літаратурных — гэта «Сабакі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча, «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец (Светланы Курс), і «Слон» Сашы Філіпенка.
««Я мару зрабіць спектакль паводле кнігі «Слон», — заўважыў рэжысёр. — Бо гэта самае сучаснае, самае важнае выказванне беларусаў. Бо ніхто не будзе разбірацца з нашымі «сланамі», калі не мы».
Пакуль жа датычна апошніх гучных пастановак Беларускага Свабоднага тэатра — оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» і спектакля «KS6: Small Forward (KS6: Легкий Форвард)» з Кацяй Сніцінай — вядуцца перамовы аб гастролях.
«Калі ўсё складзецца, то 2025-2026 гады — гэта будзе Францыя, Германія, Аўстралія, і можа быць з’явіцца штосьці яшчэ», — дадаў Мікалай Халезін.