Расійскія ўлады вінавацілі таварыства філаматаў у антыўрадавай дзейнасці. Філаматы, зразумела, адмаўляліся прызнавацца ў такім злачынстве і казалі толькі пра імкненне да ведаў. Шмат якія сябры таварыства сапраўды ставілі перад сабой у першую чаргу асветніцкія мэты. Адам Міцкевіч ад пачатку адмаўляўся нават ад шырокага распаўсюду той асветы.
Паэту падавалася, што таемныя таварыствы мусяць быць закрытымі суполкамі, чальцы якіх павінны дбаць пра ўдасканаленне ўласных ведаў, а не пра іх распаўсюд. Аднак адзін з сяброў таварыства ставіў за мэту адраджэнне незалежнасці Рэчы Паспалітай і імкнуўся, каб асветніцкая дзейнасць суполкі ў перспектыве прывяла менавіта да паўстання. Гэтага філамата звалі Міхал Рукевіч. Распавядаем пра незвычайны лёс чалавека, які да канца жыцця заставаўся верным сваім юнацкім ідэалам.
Міхал Рукевіч. Крыніца: twitter.com
Юнацтва будучага паўстанца
Міхал Рукевіч нарадзіўся ў беларускай шляхецкай сям’і ў 1794-м. Месцам яго нараджэння лічыцца вёска Гозьная (Hoźna) пад Беластокам. Калі Міхал быў яшчэ маленькім, сям’я Рукевічаў пераехала ў Беласток. Ян Рукевіч — бацька Міхала — атрымаў пасаду ва ўладных структурах. Маці — Марыя Рукевічава з Бажэнцкіх — гадавала пяцёра дзяцей. Міхал Рукевіч меў чатырох сясцёр: Разалію, Антаніну, Ксаверыю і Карнелію. Дзве малодшыя сястры ў будучыні стануць паплечніцамі Міхала ў рэвалюцыйнай справе.
Рукевічы жылі ва ўласным доме, які захаваўся дагэтуль. На пачатку дзевятнаццатага стагоддзя будынак пазначаўся як «мураваны дом пад нумарам 514». Зараз дом мае адрас вуліца Варшаўская, 2.
Юны Рукевіч вучыўся ў беластоцкай гімназіі, якая ў тыя часы была культурным і інтэлектуальным цэнтрам рэгіёна. Настаўнікі і вучні захоўвалі дух вальнадумства і імкнення да незалежнасці. У такой атмасферы выхоўваўся Міхал Рукевіч. Калі пачалася вайна 1812 года, ён далучыўся да арміі Напалеона.
Беластоцкая гімназія. Крыніца: mostmedia.io
Пасля сканчэння беластоцкай гімназіі Міхаіл Рукевіч паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Аднак улетку 1812 года прыпыніў навучанне і залічыўся ў 3-ці гвардзейскі лёгкаконны полк французскай арміі. У кастрычніку расійскія войскі разбілі той полк, і Рукевіч быў вымушаны ўцякаць у Нямеччыну.
Там ён зноў паступіў на службу ў напалеонаўскую армію, дзе служыў да 1815 года, а пасля вярнуўся на радзіму. Яшчэ ў 1814 годзе ўлады мусілі канфіскаваць той самы мураваны дом пад нумарам 514, бо Міхал Рукевіч быў «асобай, якая выехала за мяжу і не вярнулася ў Расійскую імперыю ў двухмесячны тэрмін». Менавіта так пазначалі шляхцічаў, якія перайшлі на бок Напалеона і пасля яго паразы з’ехалі за мяжу. З невядомай прычыны дом не быў канфіскаваны, а застаўся ў валоданні. Магчыма, праз сувязі сясцёр — Разаліі і Антаніны Рукевіч. Разалія была замужам за маршалкам Беластоцкага павета Мельхіёрам Балдакоўскім, а Антаніна — за старшынём гарадскога суда Францішкам Крамкоўскім.
Таемнае таварыства
У 1815 годзе Міхал Рукевіч спакойна вярнуўся на радзіму і працягнуў вывучаць права ў Віленскім універсітэце. Універсітэт ён скончыў у званні кандыдата ў 1820 годзе. Перыяд навучання Рукевіча супаў з часам, калі ў Віленскім універсітэце вучыліся Адам Міцкевіч, Ян Чачот і Тамаш Зан. Хутка Міхал Рукевіч стаў сябрам таварыства філаматаў.
У 1820 годзе Рукевіч вярнуўся на Беласточчыну і пачаў наладжваць кантакты з настаўнікамі і вучнямі гімназіі, каб заахвоціць іх далучацца да таемных арганізацый і рыхтавацца да актыўнага супраціву царскім уладам. Хутка стараннямі Рукевіча ў Беластоку паўстала таварыства «Згодных братоў». Мэты «Згодных» былі падобныя да тых, што дэкларавалі і філаматы. Сябры таварыства мусілі адмовіцца ад алкаголю і тытуню, імкнуцца да самаадукацыі і быць лаяльнымі адно да аднаго.
У 1823–1824 гг. дзейнасць таварыства была выкрытая, некаторыя чальцы былі арыштаваныя. Пад арышт трапіў і Міхал Рукевіч, аднак з-за недахопу доказаў віны яго адпусцілі. Таварыства «Згодных братоў» тым часам ператварылася ў таварыства «Заране» і працягнула сваю дзейнасць. Паралельна дзякуючы намаганням Рукевіча таксама паўстала «Таварыства ваенных сяброў». У хуткім часе два таварыствы аб’ядналіся. У лістах да паплечнікаў Рукевіч называў усіх актыўных чальцоў таварыства «знаёмымі, якія любяць забавы і танцы пад добрую музыку». Такіх «знаёмых» было каля пяцідзесяці чалавек. Яны вялі прапаганду ў войску, «спакушалі» вайскоўцаў вольнасцю і ўсеагульнымі дабрабытам.
Сам Рукевіч меў сяброўскія стасункі з некаторымі мясцовымі вайскоўцамі. Да таго ж сястра Міхала Ксаверыя Рукевіч была нарачонай вайскоўца Аляксандра Вягеліна, а Карнелія — капітана Канстанціна Ігельстрома. Ігельстром падтрымліваў сувязь з дзекабрыстамі, і праз гэта таварыства ў Беластоку мела магчымасць каардынаваць свае дзеянні з «калегамі» ў Пецярбургу.
Канстанцін Ігельстром. Крыніца: decembrists.krasu.ru
Вядома, што Міхал Рукевіч быў блізкі і з Вягеліным, і з Ігельстромам, і разам яны займаліся падтрымкай дзейнасці «Таварыства ваенных сяброў». На сходах таварыства, дарэчы, рэгулярна прысутнічалі і самі Ксаверыя з Карнеліяй.
Паўстанне ў літоўскім батальёне
5 студзеня 1826 года адбылося выступленне пад Беластокам Літоўскага піянернага батальёна. Літоўскі піянерны батальён, фурштацкая і пантонная каманды, якія складаліся прыблізна з тысячы вайскоўцаў, адмовіліся прысягаць Мікалаю І. Аднак гэтае паўстанне не падтрымалі іншыя вайсковыя часткі. Пачаліся арышты датычных да арганізацыі выступлення.
Следчая камісія ў Беластоку апытала неймаверную колькасць чалавек — каля 140 тысяч. Ксаверыя Рукевіч на допыце распавяла, як пасля арышту Ігельстрома яна спаліла паперы таварыства. Карнелія з няяснай прычыны на допыце хлусіла, што прысутнічала пры спаленні папер, хаця насамрэч была ў той момант у свайго дзядзькі. Так ці інакш відавочна, што сёстры Міхала былі абазнанаыя ў справах таварыства і бралі ў іх актыўны ўдзел. У выніку Ксаверыі прысудзілі год арышту ў брыгіцкім кляштары Гродна, а Карнеліі — паўгады арышту ў тым жа кляштары. Вядома, што пасля арышту сёстры збіраліся ехаць у Сібір да сваіх каханых і нават ліставаліся з гэтай нагоды з жонкамі дзекабрыстаў. Планы тыя засталіся нерэалізаванымі. Як склаўся далейшы лёс сясцёр, дагэтуль невядома.
Рукевіч у Сібіры
Тым часам іх брату Міхалу разам з Ігельстромам і Вягеліным прысудзілі смяротнае пакаранне, аднак хутка замянілі на дзесяць год катаргі з далейшым жыццём у Сібіры. Сябры апынуліся разам з пецярбургскімі дзекабрыстамі ў Чыце. Пасля адбыцця катаргі Міхал пасяліўся ў вёсцы Коркіна Іркуцкай губерні і ажаніўся з сялянкай Лізаветай Ісакавай. У пары нарадзілася двое дзяцей.
Карціна Н. П. Рэпіна «Дзекабрысты на млыне». Крыніца: zab.ru
Міхал Рукевіч пачаў займацца сельскай гаспадаркай: гадаваў жывёліну, апрацоўваў зямлю, лавіў рыбу. У 1838 годзе ён атрымаў дазвол на гандаль на Якуцкім тракце, дзе пачаў гандляваць вавёркай, хлебам і віном. Міхал Рукевіч таксама падтрымліваў іншых высланых, але падрабязнасці невядомыя.
У 1841 годзе былы філамат памёр: здароўе не вытрымала катаргі і цяжкага сібірскага жыцця.
Постаць Міхала Рукевіча цікавіць навукоўцаў меней, чым асобы іншых філаматаў. Ён не пакінуў пасля сябе вялікай літаратурнай ці навуковай спадчыны. У маладосці пісаў вершы, але займалі яго зусім іншыя рэчы. У адрозненне ад іншых філаматаў, Рукевіча нельга назваць спрэчнай фігурай. Ён ніколі не супрацоўнічаў з царскай уладай, не займаў дзяржаўныя пасады і не даваў паказанні супраць паплечнікаў. Юнацкая мара пра адраджэнне незалежнасці радзімы заставалася з ім да канца.
Дар’я Гардзейчык, budzma.org