Беларусы Каліфорніі стварылі сайт-навігатар, на якім можна знайсці абсалютна ўсе аўдыёкнігі, запісаныя па-беларуску. Пра гэтую ініцыятыву і пра будучыню беларускіх аўдыёкніг Крысціна Бандурына для «Новага Часу» пагаварыла са стваральнікам сайта Мікітам Белаглазавым.
Стваральнік audiobooks.by Мікіта Белаглазаў. Фота з асабістага архіву героя
Беларускія кнігі, музыка, кіно, візуальнае мастацтва зараз актыўна ўліваюцца ў сусветны кантэкст. Часам нават падаецца, што прасцей стаць вядомымі за мяжой, чым у сябе дома, хаця, здавалася б, ледзь не ў кожным доме цяпер ёсць камп’ютар ці, як мінімум, смартфон з доступам у інтэрнэт — што называецца, чытай, слухай, глядзі колькі заўгодна. Але па-ранейшаму інфармацыя да патэнцыйнага спажыўца даходзіць кепска, і таму ствараюцца ўсё новыя і новыя рэсурсы і ініцыятывы, якія прасоўваюць беларускую культуру як унутры краіны, так і за яе мяжой. Расказваем сёння вам пра сайт audiobooks.by — месца, дзе можна знайсці беларускія аўдыёкнігі.
— За кожным праектам заўсёды стаяць людзі, якія, як правіла, застаюцца ў ценю. Раскажыце трошкі пра сябе.
— Мяне завуць Мікіта, я зараз жыву ў Каліфорніі і працую праграмістам у кампаніі «Google». Я з’ехаў з Беларусі пасля таго, як скончыў універсітэт, у 2013 годзе, і з тых часоў жыву і працую ў ЗША. Я вялікі аматар аўдыёкніг, пачаў іх слухаць недзе ў 2015 годзе. З дзяцінства любіў чытаць, але неяк так здарылася, што часу на чытанне перастала хапаць (мне здаецца, што шмат у каго так) — мог прачытаць адну кнігу за год. А цяпер пачаў праслухоўваць аўдыёкнігі, яны добра «зайшлі» (а яшчэ іх можна слухаць шмат дзе), і вось я пачаў рабіць гэта рэгулярна: ідзеш на прабежку — слухаеш, едзеш на працу — слухаеш, ёсць свабодны час і займаешся нечым ручным, калі не трэба шмат думаць, — таксама слухаеш аўдыёкнігі. І так выходзіць пад 25-30 кніг на год.
Раней я слухаў аўдыёкнігі на англійскай мове праз дадатак «Audible», які, здаецца, самы буйны ў свеце, а некалькі гадоў таму пачаў цікавіцца беларускімі аўдыёкнігамі. Пакуль тут жыў, быў на дыстанцыі ад усяго беларускага, але ўсё адно была нейкая цікавасць, хацелася прачытаць тыя творы, якія ў школе мы павінны былі праходзіць. Напрыклад, памятаю, мы ў ліцэі БДУ праходзілі «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча, і ўсе гаварылі: «Які класны твор!» А я яго не прачытаў. Так і застаўся «пункцік». І я вырашыў, што, калі ўжо пачаў слухаць аўдыёкнігі, то чаму б не паслухаць і гэта? Калі прыязджаў у Мінск, атрымалася набыць аўдыёкнігу Караткевіча і «Людзі на балоце» таксама — гэта былі першыя аўдыёкнігі, якія я праслухаў па-беларуску.
Так пачалося маё знаёмства з беларускімі аўдыёкнігамі. А потым здарыўся жнівень 2020-га, які мы ўсе добра памятаем, і мне захацелася паслухаць кнігі сучасных беларускіх пісьменнікаў. Караткевіч, Быкаў, Мележ — гэта класіка, а вось з сучаснага я ўвогуле не ведаў, але быў упэўнены, што яны ёсць. Напрыклад, захацелася паслухаць Віктара Марціновіча. Я нават памятаю, як пазнаёміўся ў верасні 2020 года з адной дзяўчынай у Мінску, якая потым мне зімой даслала фота: яна едзе ў трамваі і чытае «Мову» Марціновіча. І я падумаў: «О, класна! Я таксама хацеў бы пачытаць». Але паколькі чытаць я развучыўся, трэба было паслухаць. Марціновіч — даволі вялікі беларускі пісьменнік, якога ведаюць, падумаў я, таму дакладна ўжо ёсць яго аўдыёкнігі, можна набыць і паслухаць. І для мяне было дзіўна, што іх няма. У Марціновіча ёсць толькі адна аўдыёкніга — «Ноч», — і яна агучаная па-руску. Так я пачаў трошкі даследаваць, і высветлілася, што ўвогуле аўдыёкніг сучасных беларускіх пісьменнікаў амаль няма.
Былі аўдыёкнігі, якія «Радыё Свабода» агучвала некалькі гадоў таму, але гэтага ўсё адно мала. Таму з’явілася такая ідэя: а чаму б не паспрабаваць запісаць самім? Тым больш, што з’явіліся кантакты людзей, якія могуць прафесійна запісваць аўдыёкнігі. Мая роля такая: трэба сабраць грошы і арганізаваць запіс, а потым ужо выкласці ў інтэрнэце — платна ці бясплатна, у залежнасці ад кнігі.
— Вы, наколькі я разумею, амаль 10 гадоў ужо жывяце ў ЗША, але, тым не менш, у вас вельмі добрая мова. Як вы да яе прыйшлі?
— Да мовы я прыйшоў год таму. Якраз пасля 2020 года мне адна знаёмая дала пачытаць беларускую кніжку — «Радзіва «Прудок»» Горвата. І калі я яе чытаў кнігу, мяне ўразіў момант, што аўтар сам перайшоў на мову ў 32 гады. Для мяне гэта было так дзіўна — бо здавалася, што альбо ты са школы па-беларуску размаўляеш, альбо ўсё, не размаўляеш. Магчыма, мяне ўразіла, што так можна (смяецца).
Аказваецца, можна. І з 2020 года я трошкі пачаў выкарыстоўваць беларускую. У сакавіку 2021 быў Дзень Волі, я не ведаў, як яго самому адсвяткаваць, і вырашыў, што пачну з гэтага дня ў сацсетках пісаць 50/50 па-руску і па-беларуску. Потым, праз некалькі месяцаў вырашыў: «Ай, давайце ўжо па-беларуску, так прасцей будзе». Да канца 2021 года я перайшоў на беларускую мову ў перапісцы — то-бок калі з кімсьці камунікую ў «Тэлеграме», «Фэйсбуку» ці «Інстаграме», то па-беларуску, — а ў гэтым годзе ўжо вырашыў перайсці на беларускую і ў размовах.
— Гэта было складана?
— Не вельмі. Я пачаў з таго, што перайшоў на мову на нашых лакальных мерапрыемствах, дзе сустракаюцца беларусы Сан-Францыска. Там было прасцей, бо яны асабліва не задаюць пытанняў, збольшага разумеюць. І, да таго ж, там ужо былі людзі, якія размаўлялі па-беларуску.
Складаней было напрыканцы перайсці на беларускую з бацькамі. Хаця, здаецца, адбылося нармальна, проста самому псіхалагічна было трошкі страшна, таму што ты ўсё жыццё з імі размаўляў на адной мове, а зараз — на новай. Хочаш-не хочаш, але якасць размовы падае, таму што спачатку складаней размаўляць, складаней знаходзіць словы.
Псіхалагічна было трохі складана, але ніякага негатыву я не атрымаў. Аднак у мяне і кола зараз даволі абмежаванае: тут ёсць некалькі сяброў-беларусаў, з якімі я рэгулярна камунікую, але ў краме я беларускую мову не выкарыстоўваю, на працы таксама, у мяне вялікае-вялікае кола, дзе я ўвогуле па-англійску размаўляю, таму мне і прасцей, што ў мяне нашмат меншы адсотак майго жыцця я размаўляю па-руску і па-беларуску.
— Пытанне, якое спантанна мне ў галаву прыйшло і якое не тычыцца тэмы нашай размовы. Вы сказалі, што працуеце ў «Гугле». Беларускі ПЭН-цэнтр сумесна з незалежнымі СМІ і НДА ладзіў кампанію наконт таго, каб «Гугл» пачаў таргетаваць беларускую мову ў рэкламе і пашукавіку. Наколькі я разумею, дагэтуль нічога не атрымалася. Можы быць, вы маглі б растлумачыць чаму?
— Магчыма, магу. Я сам цікавіўся гэтым пытаннем знутры, бо працую там у рэкламе. Я пытаўся, што патрэбна для таго, каб дадаць беларускую мову і для рэкламадаўцаў, і для паблішэраў, і для ўласнікаў сайтаў. Мне сказалі, што гэта такі доўгі, вялікі праект, на які патрэбныя людзі, якія працавалі б над гэтым, маглі зрабіць аднаразовую працу, а потым падтрымліваць рэгулярна. «Гугл» дадае па адной-дзве мовы штогод, але гэта доўгі працэс, і беларуская для іх пакуль не ў прыярытэце, наколькі я разумею, таму што ёсць іншыя, больш буйныя мовы, якіх пакуль у «Гугле» няма. Напрыклад, нейкія мовы Індыі — там яны больш лакальныя, але на іх размаўляюць некалькі дзясяткаў мільёнаў людзей.
Я пытаўся, ці можам мы гэта зрабіць сваімі сіламі — камандай беларускіх валанцёраў з «Google», — і мне адказалі, што не.
— Вы былі ў 2020 годзе ў Беларусі і бачылі вуліцы на свае вочы. Як для вас гэта было?
— Гэта было вельмі натхняльна. Як і шмат хто з беларусаў, я да таго ні разу не быў на мітынгах, таму для мяне гэта быў першы такі досвед. Вельмі крута, калі ідзеш па праспекце, глядзіш назад — а там такое мора людзей, што не бачна, дзе яно заканчваецца. Глядзіш наперад — там тое самае. І немагчыма паверыць, што столькі людзей і яны ўсе разам выйшлі ў адно месца. Гэта было супер.
Канешне, была вера, што хутка ўсё зменіцца. Я разумею, што зараз амаль ва ўсіх расчараванне ў тым, што нічога асабліва не змянілася і што трэба было, магчыма, неяк па-іншаму рабіць. Але мне здаецца, што на той момант па-іншаму мы рабіць не маглі. Не думаю, што мы былі гатовыя на нешта большае.
— Ці камунікуеце вы з кімсьці знутры краіны зараз? Цяпер тут сітуацыя зусім іншая ў параўнанні з 2020 годам. Ці можаце вы сказаць, як змянілася ваша ўспрыманне Беларусі?
— Са сваякамі ёсць кантакты, з сябрамі, звычайнае кола з «Інстаграма» — сябры з універсітэта, са школы... Складанае пытанне, канешне. Атрымалася так, што пасля 2020 года я пачаў больш актыўна прымаць удзел у лакальных падзеях, якія датычаць Беларусі. Напрыклад, мы падтрымліваем сем’і палітвязняў, пішам лісты тым, хто зараз за кратамі.
У краіне я не быў з 2020 года. Да таго штогод ездзіў у верасні, вельмі любіў гуляць па Мінску. Я нарадзіўся і вырас у гэтым горадзе, і ён мне вельмі падабаецца. Хочацца, канешне, калі-небудзь вярнуцца і зноў пагуляць, сустрэцца са знаёмымі, пасядзець у кавярнях, зладзіць сабе такі тыдзень ці два тыдні.
Шмат хто са знаёмых з’ехаў, таму такое адчуванне, што палова людзей за мяжой спрабуюць наладзіць новае жыццё, палова яшчэ ў Беларусі, якія таксама асабліва не могуць нічога «няправільнага» посціць. Гэта бачна — што людзі нічога не пішуць зараз такога, за што можна сесці.
— Вы сказалі, што слухаеце аўдыёкнігі і амаль не чытаеце. Паколькі ваш рэсурс не першы, які звязаны з аўдыёкнігамі, выглядае на тое, што ў гэтай сферы ёсць будучыня. А ці ёсць яна, на ваш погляд, у папяровых кніг?
— Мне здаецца, што так. Я ўпэўнены, што папяровыя кнігі ўсё адно больш папулярныя. Калі мы гаворым пра беларускую літаратуру, тут аўдыёкнігі пакуль не каціруюцца. Людзі не лічаць, што гэта адзін з галоўных фарматаў кнігі, і ў большасці, мне здаецца, хочуць набываць папяровыя.
Персанальна я не ведаю, чаму гэта так важна. Канешне, класна, што ў цябе ёсць папяровая кніга, і сам працэс яе чытання адрозніваецца ад электроннай і ад аўдыё-. Але факт таксама, што мы пакуль не бачым нават электронных кніг. Іх выходзіць менш, а аўдыёкніг — яшчэ меней. Мне здаецца, гэта паказвае, што папяровыя кнігі папулярныя і будуць папулярныя далей. Прынамсі, пакуль што.
Але, канешне, з нашымі новымі рэаліямі — калі папяровую кнігу невядома дзе можна выдаць і невядома як распаўсюдзіць, бо беларусы цяпер у розных краінах свету, — магчыма, электронныя кнігі стануць больш папулярнымі. Ну і мы, канешне, спадзяёмся, што аўдыёкнігі таксама стануць адным з асноўным варыянтаў спажывання кніг.
— Ці займаліся вы самі агучкай кніг? Як праходзіць гэты працэс? Наколькі ён энергазатратны? І як аўтар можа арганізаваць уласную аўдыёкнігу?
— Не. Мне было б, канешне, цікава. Але для таго, каб у мяне добра атрымалася, мне трэба было б шмат працаваць над голасам: я, хутчэй за ўсё, размаўляю больш хутка, менш ясна, а каб агучваць кнігі, над гэтым патрэбная праца.
На дадзены момант мы арганізоўваем агучку кніг.
Я хацеў бы, каб у ідэальным варыянце, у ідэальнай краіне аўдыёкнігі запісваліся адначасова з выхадам папяровага варыянта. І над гэтым мусіў бы думаць выдавец.
У нашым варыянце мы самі пакуль выбіраем кнігі, якія мы хочам запісаць. У нас ёсць спіс аўтараў, у якіх у аўдыёфармаце няма ні адной кнігі, і мы проста бяром і пішам: «Прывітанне! Мы такія і такія, хочам стварыць аўдыёкнігу па вашым творы». Хтосьці кажа: «Так», большасць аўтараў даволі станоўча рэагуюць, яны толькі «за». Хтосьці не адказвае, хтосьці не вельмі гэтага хоча. Напрыклад, той жа Марціновіч — я пакуль намагаюся дамовіцца з ім, каб запісаць аўдыёкнігу.
Атрымліваем згоду, робім дамову, платна або бясплатна выкладваем кнігу. Асабіста я хачу, каб, па магчымасці, усе кнігі былі платнымі — няшмат, але платна, каб усе набывалі іх за грошы і разумелі, што гэта не дабрачыннасць, а прадукт, які трэба набываць.
Вы спажываеце прадукт, на які хтосьці патраціў грошы, час і сілы, таму таксама трэба падтрымліваць стварэнне новых кніг.
Запісваем і выкладваем. Калі бясплатна — гэта падкасты і крамы, а калі платна — то толькі крамы.
— Вы супрацоўнічаеце з «Кніжным возам»?
— Так, мы з «Кніжным возам» супрацоўнічаем, але больш у сацыяльнай сферы. Мы вядзём акаўнты, на якіх мы публікуем навіны, і калі ў іх нешта з’яўляецца, то мы пішам: «На «Кніжным возе» выйшла кніга».
Зараз мы з імі працуем над цікавым праектам, над новай аўдыёкнігай, якую будуць начытваць валанцёры, — гэта «Мова 404» Аліны Нагорнай. Мы хацелі зрабіць кнігу, якую могуць чытаць па кавалачку розныя людзі. Было некалькі варыянтаў, мы рабілі апытанне, прасілі даць нам спіс кніг, але аказалася, што вельмі мала кніг падыходзяць пад такі фармат, каб было шмат невялічкіх кавалачкаў. Падаецца, «Мова 404» нармальна падыходзіць. Канешне, хацелася б пачаць з чагосьці больш аптымістычнага, але будзе так.
— Сайт audiobooks.by — гэта сайт-навігатар, там не выкладваюцца самі аўдыёкнігі, вы проста даяце на іх спасылкі. Чаму вы выбралі менавіта такі фармат?
— Наш праект пачаўся з запісу аўдыёкніг. Першай была «Сем камянёў» Аляксея Шэіна, потым мы запісалі «Вяртанне Ліліт» Юліі Шаровай. І была такая праблема, што кніга запісаная, мы стварылі сацсеткі, дзе будзем публікаваць навіны, але ўсё адно потым знайсці ў інтэрнэце гэтую кнігу складана. Ці, напрыклад, кніга ёсць у некалькіх розных крамах, але як даць на яе спасылку? Каб адзін такі URL быў, на які можна зайсці і паглядзець: ага, кнігу можна знайсці тут, тут і тут, і карыстальнік мог бы сам выбраць, дзе паслухаць.
Таму хацелася мець сайт, дзе сабраныя такія спасылкі. Ужо ёсць падобны рэсурс, ён працуе зараз — lit.letapis.by. Я пісаў аўтару: «Класны сайт. Што вы думаеце наконт таго, каб дадаць туды больш кніг?» Бо там былі кнігі з Мінінфарма і knihi.com. Аўтар сказаў, што ён не плануе пакуль нічога новага рабіць на сайце, і прапанаваў стварыць свой сайт. Пасля доўгіх роздумаў мы так і зрабілі.
У нас сабраныя ўжо не толькі кнігі з Мінінфарма, а ўвогуле ўсе вядомыя нам аўдыёкнігі на беларускай мове. Там зараз 379 кніг, але я не ўсе яшчэ дадаў. Ёсць таксама вершы, якія я дадаваў з сайта ПЭН-цэнтра, і гэта не зусім кнігі, але таксама аўдыётворы.
— Ці ёсць нейкі фідбэк ад карыстальнікаў? Наколькі ўвогуле сайт зараз запатрабаваны?
— Ну, калі ў нас выходзіць новая кніга, то мы бачым, што больш людзей заходзіць на сайт, а так, здаецца, за дзень 70-100 чалавек наведвае. Наконт фідбэка: я б сказаў, што не асабліва ён ёсць. Знаёмыя толькі кажуць, што іконку, напрыклад, трэба было б падправіць (смяецца).
Ёсць таксама прапановы, якія часцей прыходзяць у сацсеткі — кшталту «класны праект, я хацеў / хацела б дапамагчы ў агучцы, ці ёсць магчымасць». Ёсць некалькі ідэй, што можна было б зрабіць па сайце — напрыклад, дадаць магчымасць каментаваць, наладзіць працу з пошукавымі сістэмамі, таму што зараз яны нас не вельмі індэксуюць. Для мяне, шчыра кажучы, галоўную функцыю ён выконвае: гэта такі каталог усіх кніг, дзе можна шукаць і браць спасылкі на новыя аўдыёкнігі, якія выходзяць.
— З якімі ініцыятывамі вы супрацоўнічаеце?
— Асноўная ініцыятыва — гэта «Кніжны воз». Мы ім трошкі дапамагалі. Спачатку думалі агучыць «Шэрлака Холмса», нават дамовіліся з некалькімі перакладчыкамі, а пасля высветлілася, што «Кніжны воз» пачаў працаваць над іншымі гісторыямі пра Холмса, і мы проста дамовіліся, што яны будуць агучваць усё.
— Як кніга можа трапіць на ваш сайт?
— Калі ёсць кніга ў аўдыёфармаце, яна павінна трапіць на наш сайт! А так я чытаю ў навінах, што выйшла нейкая новая аўдыёкніга, дадаю яе на сайт і раблю перапост ва ўсіх нашых сацсетках.
— Я пытаю на выпадак таго, калі раптам недзе сядзіць аўтар, у якога ёсць аўдыёкніга і ён хацеў бы, каб пра яе даведаліся.
— Можна тады напісаць у сацсетках ці на email (на сайце ёсць кантакты). Нам, дарэчы, некалькі разоў пісалі людзі, якія самі агучваюць кнігі — я дадаў іх творы на сайт.
— Ці ёсць у вас нейкія планы на далейшае развіццё рэсурса?
— У нас ёсць планы далей працягваць запісваць кнігі. На сам сайт глабальных планаў няма. Ёсць жаданне толькі зрабіць невялічкія паляпшэнні. Мы не плануем выкладваць самі кнігі на сайце, не плануем рабіцца кніжнай аўдыёкрамай. Гэта было б добра, але ўжо ёсць «Кніжны воз», які з’яўляецца дадаткам для праслухоўвання кніг, плюс ёсць шмат іншых дадаткаў і крам, на якія прасцей выкладваць, чым самім ствараць нешта з нуля.
Я бачу зараз праблему ў тым, што аўдыёкнігі не асабліва папулярныя і не асабліва вядомыя сярод беларусаў, і гэта трэба вырашаць. Магчыма, я не найлепшы чалавек, які можа гэта зрабіць, але, тым не менш, вырашаць неяк трэба. Мы дзеля гэтага вядзём сацсеткі, спадзяёмся, што як мага больш людзей убачаць іх, падпішуцца, расшараць, пачнуць слухаць аўдыёкнігі, падсядуць і будуць слухаць па 10-20-100 штук.
Вось якраз праз вас спрабуем пашырыць інфармацыю, таму што хочацца, каб больш людзей даведаліся пра аўдыёкнігі і паспрабавалі. Я ведаю, што ёсць людзі, якія думаюць, што гэта нейкая лухта, што аўдыёкнігі ўспрымаюцца не так добра і падчас праслухоўвання нібыта немагчыма сканцэнтравацца. Хочацца, каб людзі хаця б паспрабавалі паслухаць — што-небудзь простае і вельмі лёгкае. Напрыклад, «Шэрлака Холмса» па-беларуску, які на мінулым тыдні выйшаў на «Кніжным возе». Можна Караткевіча, хаця ён мне чамусьці не вельмі зайшоў.
Кніга, з якой я б рэкамендаваў знаёмства з беларускімі аўдыёкнігамі, — гэта «Кэмэл-Трэвэл» Вольгі Гапеевай. Яна кароценькая, на тры гадзіны, здаецца, вельмі лёгка слухаецца, напісаная ў самаіранічным стылі, з гумарам, але там уздымаюцца адначасова простыя і глыбокія тэмы — пра дзяцінства, пра тое, якім ты бачыш свет. Яна мне вельмі «зайшла», і я хацеў бы, каб такога кшталту кніг у нас было больш. Нават калі вы яе праслухаеце і праз месяц забудзеце, бо там няма філасофскіх тэм, гэта ўсё адно прыемны працэс.
— Я рабіла інтэрв’ю са стваральнікам мабільнага дадатка «Вершы», інтэрв’ю з «Кніжным возам» рабіў мой калега, на днях з’явілася навіна пра стварэнне сайта BelarusMusic.com. Падаецца, што зараз адбываецца нейкі «бум» дыджыталізацыі беларускай культуры. Як думаеце, чаму так?
— Думаю, што зараз шмат людзей, хто, як і я, «прачнуліся» ў 2020 годзе і пачалі прыходзяць да беларускай культуры. Таму і «бум».
Хочацца неяк рацыяльна растлумачыць, чаму я зацікавіўся беларускай культурай, але рацыянальна я не магу. Не магу сказаць, што беларуская культура лепей за астатнія, таму я ёю зацікавіўся.
У нас ёсць да халеры культур у свеце, і беларуская — адна з іх. Яна мая, наша, і зараз я зразумеў, што для мяне гэта важна. Усё. Раней яна таксама была важнай, але не ў такім прыярытэце. Зараз я разумею, што гэта ўсё-ткі прыярытэт.
Таксама я пачаў гэтым займацца, таму што ўбачыў, што гэта тое, што мне цікава, што ў мяне ёсць магчымасць і жаданне дапамагчы — і над гэтым мала хто працуе зараз. Увогуле, мне здаецца, што шмат хто зараз таксама хоча нешта зрабіць, неяк дапамагчы прасоўванню беларускай культуры, асабліва распрацоўшчыкі, і гэта адзін з варыянтаў такой дапамогі.
— Так, гэта крута. І для мяне па-ранейшаму дзіўна, бо з усіх маіх знаёмых са сферы IT з беларускай культурай перасякаецца хоць як толькі адзін. Таму я здзіўляюся ўвесь час, што штосьці робіцца, прычым вельмі часта абсалютна на энтузіязме.
— Гэта нармальна, калі людзі штосьці робяць на энтузіязме, нармальна, што іх будзе няшмат. Я бачу праблему ў тым, што мы робім зараз, ствараем новыя аўдыёкнігі, сайты, дадаткі для вершаў, але трэба, каб іх выкарыстоўвалі. Стварыць можна, а вось прасунуць і папулярызаваць — гэта больш складаная праца, чым проста распрацаваць.
Крысціна Бандурына, «Новы Час»