Ваяваў супраць туркаў і Расіі, знайшоў свяцілішча Зеўса. Гістарычны след Зыгмунта Мінейкі

19.04.2022 Гісторыя

«Народная воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповед пойдзе пра археолага, інжынера, удзельніка нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі і вызваленчай барацьбы грэчаскага народа супраць турэцкай акупацыі.


Зыгмунт Станіслававіч Мінейка (1840 г. — 27 снежня 1925 г.)

001.jpg

Нарадзіўся ў маёнтку Балванішкі Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер вёска Зялёны Бор Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці) у сям’і шляхціца, удзельніка паўстання 1831 года Станіслава Мінейкі. Пасля заканчэння гімназіі ў Вільні (1858) паступіў у Мікалаеўскае ваенна-інжынернае вучылішча ў Санкт-Пецярбургу.

002.jpg
  Зыгмунт Мінейка падчас навучаньня ў Санкт-Пецярбургу, 1858

Яшчэ падчас вучобы ў гімназіі далучыўся да патрыятычнага руху моладзі беларуска-літоўскіх губерняў. У 1861 годзе кінуў вучобу ў вучылішчы і вярнуўся ў Ашмянскі павет, дзе праводзіў антыцарскую агітацыю сярод сялян. Быў вымушаны эмігрыраваць у Італію, дзе яго прынялі ў якасці выкладчыка фартыфікацыі ваеннай школы ў Генуі.

У 1863 годзе ў сувязі з паўстаннем супраць царызму выехаў на радзіму і паўстанцкім кіраўніцтвам быў прызначаны ваенным начальнікам Ашмянскага павета. 15 чэрвеня 1863 года пасля бітвы пад Расолішкамі трапіў у рукі царскіх улад і быў асуджаны да смяротнага пакарання, якое пазней замянілі на 12-гадовую катаргу на нерчынскіх рудніках у Сібіры. Падчас этапіравання ўцёк і пад псеўданімам выехаў у Францыю. Спачатку працаваў у ваеннай школе Забельскага (Парыж—Тулуза), а ў студзені 1867 года быў прыняты на вучобу ў школу Генеральнага штаба (скончыў у 1868 годзе). Зімой 1869 года ў якасці інжынера браў удзел у будаўніцтве чыгункі ў Балгарыі.

С.Мінейка браў актыўны ўдзел у Франка-прускай вайне 1870–1871 гадоў, а пасля яе заканчэння атрымаў пасаду галоўнага інжынера Эпіра і Цесаліі (Грэцыя). У 1876 годзе ён пачаў археалагічныя даследаванні ў Дадоне (Эпір). Раскопкі былі паспяховымі. Яму ўдалося знайсці свяцілішча Зеўса, акропаль, старажытны тэатр, мноства порцікаў, скульптурных выяў, свінцовых табліц з надпісамі. На падставе вынікаў раскопак у 1880 годзе была апублікавана этнаграфічная карта Эпіра. У 1891 годзе З.Мінейка разам з сям’ёй пасяліўся ў Афінах, дзе ўзначаліў дэпартамент грамадскіх прац і займаўся рэгуляцыяй рэк, будаўніцтвам мастоў, дарог. Падчас вайны на Крыце (1896) ён быў у складзе камісіі, якая займалася вырашэннем крыцкіх праблем, а ў 1897 годзе працаваў на пасадзе кіраўніка тапаграфічнай секцыі грэчаскага ваеннага штаба. У 1910 годзе грэчаскі парламент прысвоіў яму званне ганаровага грамадзяніна Грэцыі. Нягледзячы на сталы ўзрост, З.Мінейка браў удзел у Балканскіх войнах 1912–1913 гадоў. Ён распрацаваў план узяцця крэпасці Яніна, за што быў узнагароджаны ордэнам Залатога Крыжа. Тройчы наведваў радзіму, Віленскаму ўніверсітэту перадаў нумізматычную калекцыю. Усё жыццё З.Мінейка марыў арганізаваць археалагічную экспедыцыю сваіх землякоў на грэчаскую зямлю.

003.jpg
Свяцілішча Зеўса ў Дадоне

У 1971 годзе ў Варшаве выдадзены яго ўспаміны. Захаваліся 49 тамоў рукапісных матэрыялаў па розных пытаннях гісторыі і археалогіі Еўропы.

Памёр і пахаваны ў Афінах.