Аляксандр Чарнуха на сваім Youtube-канал «Міністэрства сепультуры» запускае новы праект, які дапаможа беларусам патрапіць на выступы забароненых мясцовых артыстаў.
«Народнае Міністэрства сепультуры працягвае сваю працу. Па-чалавечы і для людзей. Таму сёння я, міністар сепультуры, урачыста пераразаю чырвоную стужачку і запускаю канцэртны дэпартамент нашай установы.
Больш ніякіх забаронаў, пераследаў і праблем на мяжы. Хочаце хадзіць на канцэрты любімых артыстаў? Хадзіце!», — паведаміў Аляксандр Чарнуха на сваёй старонцы ў Інстаграм.
Кожны месяц на канале «Сепультура Alive» будуць адбывацца анлайн-канцэрты з удзелам вядомых беларускіх музыкаў. Першы канцэрт праекта адбудзецца 16 кастрычніка ў 20:00 па Мінску.
«... і вы зможаце паслухаць, паглядзець і нават паразмаўляць з імі ў прамым эфіры.
Хто стане госцем «Сепультуры Alive»? Пакуль гэта сакрэт і я назаву імя першага артыста 2 кастрычніка», — напісаў Аляксандр Чарнуха.
«Сепультура Alive» — праект без фінансавання, таму народнае міністэрства прапануе сваім чальцам падтрымаць яго данатамі і даць магчымасць сабе і людзям унутры Беларусі прысутнічаць на гэтых імпрэзах, няхай пакуль толькі анлайн.