«Казалі, што Макс Корж — рускі спявак». У Варшаве здымаюць дакументальны фільм пра беларускую музыку

Беларусы стварылі ў Польшчы незалежны прадакшн Vidok. Рэжысёр Віталь Карабань, прадзюсер Караліна Шарфман і аператар Ксенія Гайдук аб’ядналіся, каб зняць дакументальны фільм пра беларускую музыку «На скрыжаванні». Праз інтэрв’ю з музыкамі аўтары хочуць расказаць, «як гучыць Беларусь», піша mostmedia.io.

Aliaksandr Čarnucha
Аляксандр Чарнуха. Бэкстэйдж са здымак фільма «На скрыжаванні». Фота з архіву Віталя Карабаня

— Ідэя фільма ўзнікала ў галаве перманентна, калі я меў зносіны з небеларусамі, якія казалі, што Макс Корж — рускі спявак ці «Ляпісы» («Ляпіс Трубяцкі». — Заўв. MOST) — украінскі гурт. У такія моманты я разумеў, што ў нашай краіны няма культурнага брэнда — нейкая пустата. Таму я вырашыў, што трэба падыйсці да гэтага прафесійна і стварыць фільм-брэнд, які б расказваў пра беларускую музыку, — тлумачыць задумку Віталь Карабань.

«Звышзадача — каб малады беларус мог знайсці сваіх музыкаў»

Над стварэннем фільма працуе каманда з дзесяці чалавек. З-за сціснутага бюджэту здымкі праходзяць толькі ў Варшаве — аўтары «вылоўліваюць» музыкаў, калі тыя прыязджаюць на гастролі ў польскую сталіцу.

У здымках ужо паўдзельнічала лідар музычнага калектыву «Серебряная свадьба» Святлана Бень, даў інтэрв’ю і музычны крытык Аляксандр Чарнуха. У каманды ўжо ёсць папярэдняя дамоўленасць на здымкі з Лявонам Вольскім, Русяй (Shuma) і экс-прадзюсарам гурта «Ляпіс Трубяцкі» Яўгенам Калмыковым. Аўтары ахопяць часавы адрэзак з 1990-х па сапраўдны момант.

— Асноўная задумка фільма — паказаць унікальнасць нашага культурнага кода і даследаваць культурнае несвядомае. Наша звышзадача — каб малады беларус, які слухае ў TikTok расійскіх рэпераў, мог паглядзець такое кіно і знайсці сваіх, беларускіх музыкаў, якія нічым не горшыя за іншых.

Аўтары плануюць зняць поўны метр — хранаметраж дакументальнага фільма складзе 60 хвілін.

— Наш фармат — поп-док (папулярная дакументалістыка. — Заўвага. MOST), для шырокіх мас. Гэта не андэграўнд ці аўтарскае кіно, — дадае Віталь.

«Данат у 5 еўра можа паўплываць»

Цяпер удзельнікі праекту інвестуюць у праект уласныя сродкі, але плануюць прыцягваць фінансаванне. На платформе Gronka беларусы запусцілі збор сродкаў — грошы пойдуць на арэнду тэхнікі і транспарту, мантаж, карэкцыю колераў і куплю аўтарскіх правоў.

Віталь адзначае, што падтрымліваць беларускія культурніцкія праекты важна, бо ніхто, акрамя саміх беларусаў, рабіць гэтага не будзе.

— Калі беларусы перастануць самастойна фінансаваць нашу культуру, то яна знікне. Але нават невялікі данат у 5 еўра можа паўплываць на тое, што ў Варшаве з’явіцца беларуская прастора ці здымецца кіно. Мы сваімі рукамі ствараем не толькі культуру, але і грамадзянскую супольнасць.