Мінкульт Беларусі шукае «таленавітых маладых кінематаграфістаў»

14.08.2022 Кіно Краіна

Міністэрства культуры абвясціла два конкурсы, звязаныя з кінавытворчасцю. Журы чакае ідэі кароткаметражак на тэму малой радзімы, першага кахання і пра гарадскія легенды. Таксама чакаюць сцэнары фільма пра спартсмена мінскага футбольнага клуба «Дынама» Аляксандра Пракапенку.


gv2bc2cie5rgdqiqrnt5xwg2cduk6a8z.jpg

Конкурс «Легенды беларускага спорту» ладзіцца з мэтамі:

— стварэння прывабнага іміджу Рэспублікі Беларусь і беларускага спорту;
— павышэння мастацкага і творчага ўзроўню сучасных фільмаў;
— міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы кінавытворчасці і ўмацавання беларуска-расійскага культурнага супрацоўніцтва.

Удзельнікам прапануюць стварыць сцэнарый і зняць фільм, прысвечаны беларускаму спартсмену мінскага футбольнага клуба «Дынама» Аляксандру Пракапенку.

Конкурс кароткаметражных фільмаў ладзіцца ў трох намінацыях: «Мой родны кут», «Першае каханне» і «Гарадскія легенды». Стужкі, якія перамогуць, абяцаюць паказаць на XXIX Мінскім Міжнародным кінафестывалі «Лістапад» у конкурснай праграме «Кіно маладых».