Мінск — гэта балота. Гісторыя стварэння Мінскай балотнай станцыі

У канцы ХІХ стагоддзя Мінск быў невялікім горадам, з усіх бакоў акружаны лесам. Самы вялікі з іх, Камароўскі, цягнуўся з поўначы на ўсход горада. Пра што практычна не памятаюць мінчане, дык гэта пра непралазныя балоты гэтай мясцовасці, якія займалі больш за 200 га. Менавіта таму тут у 1911 годзе і адкрылі Мінскую даследчую балотную станцыю. CityDog.io расказвае гісторыю мінскіх балот.


Plan

Чаму менавіта ў Мінску

Штуршком для комплекснага вывучэння балот Беларусі стала стварэнне Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот. Яна працягвалася 25 гадоў, з 1873 да 1898 года. Натхніўшыся поспехамі, дасягнутымі ў засваенні балотных земляў еўрапейскімі калегамі, у пачатку 20-га стагоддзя вырашылі стварыць праграму па акультурванні забалочаных тэрыторый адначасова з іх асушваннем.

Maliebien u liesie pierad pačatkam prakladki asušaĺnaha kanala ŭ adnym z pavietaŭ Minskaj hubierni Rasijskaj impieryi, lieta 1874 h.
Малебен у лесе перад пачаткам пракладкі асушальнага канала ў адным з паветаў Мінскай губерні Расійскай імперыі, лета 1874 г.

Першапачаткова для практычных даследаванняў абралі ўчастак на Палессі, недалёка ад чыгуначнай станцыі «Лахва». Аднак па тэхнічных прычынах — з-за складанасцей у сістэме водаадвядзення — ад гэтай тэрыторыі адмовіліся на карысць ўчастка Камароўскага балота плошчай каля 4 га.

Koni ŭ balotnych lyžach. Zdymak zrabili ŭ majontku Sialianskaha paziamieĺnaha banka «Lachva». Fota z časopisa «Balotaznaŭstva» za 1911 hod.
Коні ў балотных лыжах. Здымак зрабілі ў маёнтку Сялянскага пазямельнага банка «Лахва». Фота з часопіса «Балотазнаўства» за 1911 год.

Камароўскае балота ўпершыню згадвалася яшчэ ў 1552 годзе. Гэта вялізнае непраходнае нізіннае месца ў 218 гектараў знаходзілася паміж цяперашнімі плошчамі Якуба Коласа і Бангалор.

Plan horada Minska, 1910 hod. Na paŭnočnym uschodzie suceĺnaje Kamaroŭskaje balota.
План горада Мінска, 1910 год. На паўночным усходзе суцэльнае Камароўскае балота.

Na niamieckim aerafotazdymku bačny vialiki liasny masiŭ.
На нямецкім аэрафотаздымку бачны вялікі лясны масіў.

На карысць Камароўкі згуляў і той факт, што Мінская губерня займала 2-е месца па забалочанасці сярод усіх губерняў еўрапейскай часткі Расійскай імперыі. 20% яе тэрыторыі было занята балотамі, што спрашчала даследчую дзейнасць.

Мінская балотная станцыя стала першай навуковай установай Беларусі і першай у Расійскай імперыі навукова-даследчай установай па тэме вывучэння балот, іх асушэння і выкарыстання ў сельскагаспадарчых інтарэсах.

Першая спроба ўладкавацца

На добраўпарадкаванне станцыі з казны выдзелілі 9000 рублёў. Праца ішла дастаткова хутка, частку балота асушылі для пабудовы даследчых карпусоў.

Ukladka drenažu na Kamaroŭskim balocie, 1911 hod.
Укладка дрэнажу на Камароўскім балоце, 1911 год.

Raboty pa asušcy balot u Minsku. 1911 hod.
Работы па асушцы балот у Мінску. 1911 год.

Падрыхтоўчыя работы вяліся да восені 1913-га. Вынікі навуковай дзейнасці апублікавалі ў часопісе «Балотазнаўства» і «Працах Мінскай балотнай даследчай станцыі». На старонках часопіса і «Працах» станцыі публікаваліся найвыбітныя навукоўцы таго часу.

Hazieta

Аднак Першая сусветная вайна перапыніла ўсе планы. Установа перастала функцыянаваць, а ў 1915-м амаль увесь персанал эвакуіравалі.

Лёс Камароўскага лесу

Паралельна з гэтым вяліся абмеркаванні не занятай станцыяй часткі Камароўскага лесу. Так, на пасяджэнні Думы 31 жніўня (13 верасня) 1917 года ўзнікла даволі вострая дыскусія наконт нарыхтоўкі дроў да зімы.

Стэнаграма абвяшчае: «Дамова з пастаўшчыком Ваньковічам не дае гарантый, што горад дровы атрымае, ды і сама дамова складзена не на карысць горада. Гучаць прапановы высекчы Камароўскі лес. Галосны доктар Хайноўскі рэзка пратэстуе: «Гэта тое самае, што ў Маскве высекчы Пятроўскі парк. Думка аб высечцы Камароўскага лесу дзікая, гэта варварства»».

Паралельна з гэтым абуралася ідэяй высечкі лесу і прэса. У «Мінскай газеце» ў 1917-м пісалі наступнае:

«Значэнне гэтага лесу для насельніцтва Мінска, асабліва для дэмакратычнай ягонай часткі, было вельмі вялікае. Камароўскі лес <...> з’яўляўся адзіным месцам, куды ў спякотныя летнія дні маглі пасля цяжкай працы пайсці з пыльнага душнага горада працоўны, рамеснік і іншыя небагатыя людзі. <...> Дзіўныя і незразумелыя былі тыя абставіны, што гарадское самакіраванне са спакойным сумленнем глядзела за знішчэннем Камароўскага лесу».

Нягледзячы на скаргі гараджан, ад Камароўскага лесу ў выніку застаўся толькі невялікі ўчастак, пераўтвораны ў парк імя Чалюскінцаў. У 1922 годзе было прынята рашэнне павялічыць асушаныя плошчы балота ў 4 разы, быў пракапаны магістральны канал і створаны ўчасткі асушальнай сеткі. Канал браў пачатак у паўночнай частцы балотнага масіву і ўпадаў у ручай Пярэспа (цяпер раён ДС «Кульман»).

У 1920-я гады працу балотнай станцыі аднавілі. Яна працягнула займацца тым жа, што і раней: ажыццяўляла метадычнае кіраўніцтва балотнай справай ва ўсёй рэспубліцы.

За два гады, з 1927-га па 1929-ы, спецыяльная экспедыцыя абследавала звыш 200 тыс. га балот рэспублікі, правяла на іх глебавыя, батанічныя і іншыя пошукі. З 1924 года станцыя працавала і над праблемамі садоўніцтва на тарфяніках. У 1927 годзе на тэрыторыі станцыі была створана Мінская балотная метэастанцыя.

Вывучэнне балот разгарнулася настолькі маштабна, што ў 1930-м на базе Мінскай балотнай станцыі арганізавалі цэлы Усесаюзны навукова-даследчы інстытут балотнай гаспадаркі.

Infarmacyjny listok
Інфармацыйны лісток агітацыйна-асветніцкага кшталту для насельніцтва аб работах у сферы народнай гаспадаркі з адказам на пытанне: «Як і навошта вядзецца меліярацыя?» Паўднёвая частка Мінскай вобласці, 1940 г.

У выніку назіранняў і шматлікіх экспедыцый была сабрана калекцыя Музея балотазнаўства — каталагізаваныя ўзоры раслін, зрэзы глеб і торфу, гербарыі, жывыя расліны ў грунце.

Budynak muzieja Minskaj balotnaj stancyi 

Budynak muzieja Minskaj balotnaj stancyi
   Будынак музея Мінскай балотнай станцыі.

Uzor balotnaj chvoi ŭ muziei. Fota z časopisa «Balotaznaŭstva» za 1911 hod.
Узор балотнай хвоі ў музеі. Фота з часопіса «Балотазнаўства» за 1911 год.

У чэрвені 1941 г. інстытут пераехаў у новы будынак. А ўжо 23 чэрвеня, на другі дзень вайны, ён быў разбураны бомбай. Вынікі даследаванняў, архіў і экспанаты былі беззваротна страчаныя, а дзейнасць інстытута перарваная.

Budynak

Тым не менш падчас акупацыі Мінска даследчая станцыя працягвала функцыянаваць: засяваліся палі, вяліся назіранні за метэаўмовамі і догляд жывёлы.

Станцыя знікла ўслед за асушанымі балотамі

Пасля вайны людзям быў неабходны хлеб — і балотная станцыя зноў адрадзілася, каб даследаваць выкарыстанне балот у сельскай гаспадарцы. Беларускі навукова-даследчы балотны інстытут увайшоў у склад Акадэміі навук БССР. Даследчыя палі станцыі занялі 150 гектараў. На іх станцыя штогод атрымлівала высокія ўраджаі сельскагаспадарчых культур.

Mielijaracyjnyja pracy.
Меліярацыйныя працы.

Fota z archivu BDAKFFD.

Fota z archivu BDAKFFD.

Fota z archivu BDAKFFD.
Фота з архіву БДАКФФД.

Karmavaja trava na asušanym balocie Minskaha rajona, 1956 h.
Кармавая трава на асушаным балоце Мінскага раёна, 1956 г.

Z fotaaĺboma «Minsk». Aŭtar: Zianon Pazniak.
З фотаальбома «Мінск». Аўтар: Зянон Пазняк.

Асушванне балот стала праводзіцца па ўсёй рэспубліцы. У гэты ж час, пачынаючы з 1956 года, у сувязі з будаўніцтвам новых мікрараёнаў станцыя была пераўтворана ў Мінскую эксперыментальную гаспадарку (МЭХ), і яе фактычная плошча з кожным годам змяншалася.

Горад будаваўся, яго межы пашыраліся, і ў Мінску ўжо не было месца балотам. У выніку дзейнасці водазаборных свідравін у раёне вёсак Навінкі і Цна меліярацыйныя каналы былі назаўжды асушаны. У памяць аб іх захавалася назва вуліцы Меліярацыйнай.

Vodhalasy balota ŭ pačatku 1960-ch u rajonie sučasnych vulic Kuĺman i Cnianskaj.
Водгаласы балота ў пачатку 1960-х у раёне сучасных вуліц Кульман і Цнянскай.

А што зараз?

На месцы былой балотнай станцыі ў 1970-я гады Беларускі НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі прапанаваў стварыць міжвузаўскі спартыўны комплекс або філіял Цэнтральнага батанічнага сада Акадэміі навук БССР. Другі варыянт аказаўся пераважней.

21 красавіка 1979 года ў Савецкім раёне сталіцы адбылася ўрачыстая цырымонія закладкі дэндралагічнага парка. Але нешта пайшло не так, грошай не хапіла, і парк на 70 га адчынілі толькі ў 1992 годзе, назваўшы яго паркам Дружбы народаў.

Park Družby narodaŭ.
Парк Дружбы народаў.

Тут часткова захаваліся садовыя пасадкі балотнай станцыі — абгароджаная тэрыторыя парку паміж разваротным кальцом плошчы Бангалор і скрыжаваннем з вуліцай Някрасава.

Зрэшты, і балоты ў Мінску засталіся. Так, у 2022 годзе было перададзена пад ахову балота ў паўднёвай частцы Мінска, ля скрыжавання МКАД і трасы на Брэст, у адным з «пялёсткаў» дарожнай развязкі. Гэта круглы ўчастак плошчай 1, 28 гектара. На гэтым балоце растуць рэдкія і знікаючыя віды, якія ахоўваюцца не толькі ў нашай краіне, але і ў свеце ў цэлым.

Mapa