Cловамі «спадзеў» і «разбурэнне» можна ахарактарызаваць гісторыю горада мінулага стагоддзя. Застаецца вызначыць, з якімі сімваламі і гарадскімі кодамі можна гэтыя два словы атаясаміць.
Якім быў Мінск на пачатку ХХ стагоддзя? Ці можа чалавек стаць сімвалам горада? Як на фоне палітычных, дыпламатычных і вайсковых дзеянняў ішла барацьба сімвалаў, культурных кодаў, а ўрэшце — і бітва за публічную прастору, — піша Змітро Пілецкі.
Ці можа чалавек стаць сімвалам горада? Мінскія «краёўцы»
Ужо напрыканцы ХІХ ст., а асабліва — у пачатку ХХ ст. палітычны твар краіны пачаў імкліва змяняцца — актыўная індустрыялізацыя бяспраўнага грамадства, капіталістычныя адносіны ва ўмовах напаўкаланіяльнага строю вымагалі вырашэння будзённых пытанняў «тут і зараз». Па губернях і краях пачалі ўтварацца партыі і арганізацыі розных праграмных кірункаў і рознага этнічнага складу. Як і ў былыя перыяды сваёй гісторыі, Мінск паспрабаваў зноў стаць цэнтрам. Спрыяла новай хвалі «цэнтральнасці» ўвядзенне земскіх устаноў Мінскай губерні, праз рэформы 1903–1914 гг. яны зрабіліся прыступкай у развіцці інстытутаў мясцовай улады і адыгралі адметную ролю ў сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці рэгіёна. Аднак большы штуршок гораду надавала ягоная «палітызацыя». Знакамітая прымаўка пра тое, што два беларусы здольныя ўтварыць тры партыі і яшчэ чатыры нязгодныя з імі фракцыі — можна аднесці і да таго часу.
Задоўга да маштабнай Усебеларускай выставы сельскагаспадарчай прамысловасці ў сталіцы БССР (1930) Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі да свайго 25-годдзя зладзіла буйную сельскагаспадарчую і саматужна-прамысловую выставу ў Мінску губернскім (1901). Выстава праходзіла ў Гарадскім садзе (план выставы ўзяты з часопіса Kraj, № 33, Dodatek nadzwyczajny). Было запрошана каля 700 гасцей, не толькі з літоўска-беларускіх губерняў — цікавасцю да выставы вызначыліся і прадстаўнікі ад Польшчы. Мастак Генрых Вейсенгоф стварыў цудоўную эмблему для выставы. Крыніца: wikimedia.org
На самым пачатку ХХ ст. для горада, як і краю, які страціў за імперскім часам уяўныя, геральдычныя сімвалы гістарычнай і культурнай пераемнасці, сімваламі рабіліся не партыі, арганізацыі ці архітэктурныя шэдэўры, а менавіта — людзі. Сённяшні мінчук, які больш-менш ведае гісторыю горада, пачуўшы прозвішча «Чапскі» ці «Вайніловіч», успрымае яго як мікракосмас кодаў, як цэлую эпоху падзей.
Палац графа Караля Чапскага (злева) і Чырвоны касцёл (справа)
Палац графа Караля Чапскага, збудаваны ў 1894 г., быў знішчаны ў пасляваенны час. Цяпер на гэтым месцы — будынак з ювелірнай крамай «Чараўніца» і кінатэатрам «Цэнтральны» (пр. Незалежнасці, 13). На першым паверсе палаца размяшчалася Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі, у 1906 г. тут адчынілася лясная біржа. Сам Караль Чапскі, наноў «адроджаны» ў гістарычным дыскурсе горада, набыў сёння амаль міфалагічныя рысы, стаўшыся ці то дэміургам-патронам горада, ці то заснавальнікам піўной імперыі... Каталіцкі парафіяльны касцёл у неараманскім стылі, атрымаўшы неафіцыйную назву «Чырвоны касцёл», пабудаваны ў 1905–1910 гг. на грошы Эдварда Вайніловіча ў памяць аб яго заўчасна памерлых дзецях — Сымону і Алене Вайніловічах, і сваёй велічнасцю і прыгажосцю формаў і трагічнай прычынай яго фундацыі застаецца і па сёння эмацыйным сімвалам горада.
«Пасля ўдараў, што па волі Усявышняга былі нанесеныя мне, я вырашыў зрабіць упрашальную ахвяру, пабудаваўшы святыню дзеля закліку заступнікаў сваіх памерлых дзяцей, Святога Сымона і Святой Алены, і выбраў для гэтага Мінск — горад, у якім я зрабіў найбольшую частку маёй грамадскай працы і ў якім будаўніцтва другой святыні было найбольш патрэбна. Пры тым хацеў, каб Мінск меў святыню, якая б мела пэўную своеасаблівасць на фоне рознакаляровых купалаў новых форм, і я меркаваў, што не можа быць, каб у натоўпе молячыхся на новым месцы і за мяне і за маіх памерлых, апошніх нашчадкаў старога мясцовага роду, не сказаў бы словы малітвы „Анёл Гасподнi“», — напісаў у сваіх «Успамінах» Э. Вайніловіч.
Сапраўднай мясцовай палітычнай сілай неўзабаве стала Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ), утворанае яшчэ ў 1876 г. расійскімі ўладамі ў асноўным дзеля пашырэння расійскага землеўладання ў рэгіёне (асабліва — за кошт маёмасці рэпрэсаваных «польскіх» землеўласнікаў, як тое, напрыклад, адбылося з сынамі Валенція Ваньковіча, якія бралі актыўны ўдзел у паўстанні 1863 г.). Аднак паседжанні «мундзіраў» нічога не вырашалі ў плане бягучых спраў, і хутка склад таварыства напоўніўся сапраўднымі чальцамі і слыннымі імёнамі Міншчыны — Ваньковічамі, Чапскімі, Скірмунтамі, Свянціцкімі, Цюндзявіцкімі, і асобна ў гэтым шэрагу вылучаліся Э. Вайніловіч і Р. Скірмунт.
Граф Ежы Чапскі, арганізатар сельскагаспадарчай дзейнасці ў Беларусі, старшыня Мінскага таварыства дабрачыннасці, мінскі губернскі маршалак (1918–1920), адзін з лідараў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Уваходзіў у палітычную групоўку «краёўцаў» і падчас Усерасійскага сельскагаспадарчага перапісу 1917 г. пазначыў нацыянальнасць — «беларус». Крыніца: wikimedia.org
Дзякуючы кіраўніцтву Эдварда Вайніловіча (1888–1921) таварыства стала ўзорным у краі, на яго раўняліся таварыствы суседніх губерняў. Больш за тое, МТСГ фактычна заняла пазіцыю палітычнай (і культурніцкай) арганізацыі. Менавіта чальцы Мінскага таварыства зрабіліся галоўнымі абаронцамі ідэй «краёвасці» ў 1905–1918 гг., сталі заснавальнікамі Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907). Многія з іх у Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. станоўча ўспрынялі працэс палітычнага самавызначэння беларусаў, некаторыя, як той жа Вайніловіч, сталі актыўнымі прыхільнікамі (і апалагетамі) палітычнай суб’ектнасці Беларусі. У 1918 г. прадстаўнікі МТСГ выступілі з праектам стварэння Вялікага Княства Літоўска-Беларускага, а ў 1919–1921 гг. былі прыхільнікамі стварэння польска-беларускай федэрацыі.
Марксізм іудзейскага Мінска
З вучэннем марксізму ці рабочага сацыялізму тутэйшая інтэлігенцыя пазнаёмілася ў народніцкіх гуртках 1870-х гадоў, затым распаўсюдзіліся ідэі польскай партыі «Пралетарыят» (1882), завязаліся стасункі з рускай арганізацыяй «Вызваленне працы» (1883). Марксізм патрабаваў пралетарскага інтэрнацыяналізму, што было даволі сугучна з палітыкай царызму — і тут і там месца для нацыянальнага пытання прыгнечаных народаў не пакідалася.
Лёс Харальнай сінагогі адным калажам: злева — у якасці Нацыянальнага габрэйскаа тэатра БССР (пасля 1923), справа — у якасці кінатэатра «Культура» (пасля 1926). І галоўная прыкмета, сімвал той эпохі — замест скрыжаляў з запаведзямі на франтоне — герб БССР. Крыніца: wikimedia.org
Да таго ж рабочы сацыялізм не меў падтрымкі сярод жыхароў вёсак, маёнткаў ці фальваркаў. Толькі ў гарадах і мястэчках, поўных іудзейскай рамесніцкай і рабочай беднаты, марксізм пусціў парасткі. Старыя іудзейскія рэлігійныя брацтвы ператвараліся ў патаемныя страйкавыя касы (зародкі прафсаюзаў) і падтрымлівалі збяднелых і бастуючых. У 1902 г. у Мінску ўтварылася Яўрэйская незалежная рабочая партыя. У яе шэрагах у той час было больш рабочых, чым у Бундзе, але яна была разгромлена пры дапамозе царскіх агентаў. Пасля Усерасійскага з’езда сіяністаў у Мінску (1902) утварылася фракцыя партыі рабочых-сіяністаў (сіён), якая таксама звязвала ідэю аднаўлення сваёй дзяржаўнасці ў Палесціне толькі з Расіяй.
Бунд («Агульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве і Польшчы», 1897) быў вымушаны перабрацца з Вільні ў Мінск і тут набыў вялікі ўплыў на рабочых (на заднім фоне — унікальны рукапісны план Мінска на іўрыце з Нацыянальнай бібліятэкі Ізраіля (каля 1917). (Крыніца: imago. by). Бунд узяў ролю тэхнічнага арганізатара таго самага Першага з’езда РСДРП, шукаючы падтрымку менавіта сярод сацыялістаў Расіі, а потым увайшоў у склад партыі як аўтаномная адзінка (на здымку, злева — Маніфест РСДРП 1898 г. на ідышы. (Крыніца: rusidea. org). Пасля Другога з’езда новае кіраўніцтва РСДРП (а паралельна з ім і царскі ўрад), узяўшы курс на цэнтралізацыю ўлады, імкнулася падпарадкаваць сабе Бунд, не ўлічваючы пажаданні аб яўрэйскай аўтаноміі. Бундаўцы выйшлі са складу РСДРП. Сённяшні домік РСДРП у Мінску (унізе) — гэтакі сімвал выбару палітычнага кірунку габрэйскага руху ў Расійскай імперыі.
Пад уплывам ідэяў марксізма працэс распаду гарадской іудзейскай абшчыны па рэлігійнай прыкмеце, ва ўмовах бяспраўя і беднасці яе чальцоў, пайшоў проста шалёнымі тэмпамі... Наколькі катастрафічным аказаўся рабочы сацыялізм у Мінску будучай БССР для яе габрэйскага насельніцтва, можна прасачыць па тагачасных зацемках у перыёдыцы, калі сінагогі і школы самімі ж выхадцамі з іудзейскіх сем’яў аддаваліся пад клубы і кінатэатры.
Сімвалы вайны
У 1914 г. утварылася Мінская вайсковая акруга, а ўжо праз год Мінск стаў прыфрантавым местам. Распачатая напрыканцы Першай сусветнай вайны трохбаковая барацьба за Мінск, як важны цэнтр і будучую сталіцу паміж беларусамі, палякамі і бальшавікамі — гэта не толькі палітычныя, дыпламатычныя ці ваенныя дзеянні, але і барацьба сімвалаў, культурных кодаў, а ўрэшце — і бітва за публічную прастору.
У часы «Вялікай вайны» сімваламі Мінска сталі вайскоўцы, ваенныя парады і вайсковая атрыбутыка. Пакуль горад пераходзіў з рук у рукі, вырашаўся не проста ягоны лёс — шукалася ідэя для самаідэнтычнасці, дзеля якой «усплывалі» слаўныя сімвалы мінуўшчыны. На здымках можна заўважыць штандары і прапары з Арламі, розную вайсковую форму. Асаблівую цікавасць уяўляе ніжні здымак — палявая імша 19.09.1919 г. на плошчы Верхняга рынку ў прысутнасці начальніка польскай дзяржавы Юзэфа Пілсудскага (сядзіць на платформе). На заднім плане, сярод харугваў, бачна і выява Пагоні. Крыніца: wikimedia.org
«Менск ня робіць надта спрыяльнага ўражаньня, галоўным чынам таму, што шмат з старых выдатных барокавых будынкаў, цэркваў і манастыроў было абязьлічана расейцамі празь перабудову яшчэ горш, чым у Вільні. Наогул, урад імкнецца наўмысна зьнішчыць усё, што магло б нагадваць былыя часы, тым ня менш нічога не робіць з свайго боку дзеля ўпрыгажэньня места. Галоўныя будынкі <...> былі збудаваныя ў большасьці ў XVII стагодзьдзі. Роўна як цэрквы, таксама праваслаўныя, частка зь якіх раней была каталіцкімі. Манастыры былі зьведзеныя да ролі казармаў», — пісаў нямецкі жаўнер (Волкава В. «Мінск 21 лютага 1918 г. вачыма нямецкага салдата» (па матэрыялах газеты «Zeitung der 10. Armee») // Беларускі гістарычны часопіс. № 2, 2018. С. 11)
«Код польскасці» для Мінска
Па перапісе 1897 г. «палякі» ў Мінску складалі каля 11.4% насельніцтва. Аднак да гэтых адсоткаў належалі гарадскія заможныя і ўплывовыя вярхі, сярод якіх было шмат зусім не польскай, а ліберальнай мясцовай арыстакратыі. Нягледзячы на спробу аб’ектыўнай статыстыкі для заходніх губерняў, падлік «палякаў» ці «каталікоў» расійскімі ўладамі часцей набываў палітычны сэнс. Напрыклад, дзейнасць Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, чальцы якога афіцыйнымі коламі разглядаліся і як «палякі», і як «каталікі», па сваёй палітычнай сутнасці была бліжэй беларускаму нацыянальнаму руху. «Вялікая вайна», распачатая ў 1914 г., прывяла да катастрафічнага бежанства, у т. л. і этнічных палякаў на неакупаваныя землі расійскіх губерняў. Маштабы гэтага міграцыйнага бедства, як у памерах краіны, так і для самога горада і ягонага наваколля, і па сённяшні час дакладна не асэнсаваныя. Аднак застаецца фактам, што палякаў у Мінску значна пабольшала. Паміж 1915 і 1920 гг. у Мінску назіраецца росквіт мясцовай польскай культуры — тут працавалі кінатэатры і выдавецтвы, арганізоўваліся школы і гімназіі, таварыствы і арганізацыі.
Паштоўкі для польскіх (і польскамоўных) школьнікаў і гімназістаў Мінска Літоўскага, 1917 г. Крыніца: polona.pl.
На Феліцыянаўскай вуліцы, напрыклад, месцілася Народная школа імя Тадэвуша Касцюшкі. Тагачасны польскі наратыў асобу Касцюшкі, барацьбіта за незалежнасць Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў (то-бок і ВКЛ таксама), а таксама падвойны герб Рэчы Паспалітай, сімвал паўстання 1830 г. за аднаўленне Рэчы Паспалітай, падаваў выключна як гістарычны код польскай самаідэнтыфікацыі. Менавіта адраджэнню былых маркераў Рада надавала вялікае значэнне: так, у 1917 г., на ўгодкі Канстытуцыі 3 мая, адбылася патрыятычная маніфестацыя, а ў кастрычніку таго ж года — была ўрачыста адзначана гадавіна смерці Тадэвуша Касцюшкі. Падчас урачыстасцей можна было заўважыць харугвы з Мінскай Багародзіцай, партрэтам Касцюшкі.
У 1917–1920 гг. найактыўнейшую ролю ў «польскім» Мінску адыгрывала грамадcка-палітычная арганізацыя Польская рада Мінскай зямлі (Rada Polska Ziemi Mińskiej), якая мела ролю органа самакіравання польскай супольнасці. Кажучы агульнымі словамі пра палітычную платформу Рады, яна зводзілася да трох максімаў: «абы не з бальшавіцкай Расіяй», «Міншчына — таксама Польшча» і «БНР не існуе».
Паштовая марка Выканаўчага Камітэта Польскай Рады Мінскай Зямлі для ахвяраванняў (з пячаткай Рады). Менск Літоўскі, 1917. Крыніца: znaczki-pl.com
Спачатку Рада выказвалася за аўтаномную Беларусь у складзе дэмакратычнай Расіі, патрабуючы гарантыі правоў польскай меншасці. Хутка ўплыў атрымалі лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, якія насадзілі ў шэрагах Рады ідэю палітычный суб’ектнасці Беларусі. Восенню 1917 г. пры дапамозе Рады ўтворана Польская грамадзянская варта — паўваенная арганізацыя, а дэлегаты, адасланыя да нямецкага камандавання, прапаноўвалі тым акупаваць Беларусь да Дняпра, паабяцаўшы сваю ваенную дапамогу. Аднак праз год, восенню 1918 г., дэлегацыя Рады ўжо папярэджвала Варшаву, што без саюза з БНР і Летувай апошнія апынуцца пад бальшавікамі (якія ўрэшце чарговы раз узялі Мінск). Увосень 1918 г. сфармавалася вайсковая арганізацыя Самаабарона Менскай і Гарадзенскай зямлі для дзейнасці супраць бальшавікоў.
Харугва 6-га Менскага палка стральцоў з месцкім гербам, які цалкам паўтарае пячатку 1569 года і двухмоўнымі надпісамі, 1919. Крыніца: wikimedia. org. Менскі полк, сфармаваны з былых удзельнікаў польскай Самаабароны Мінскай як часткі антыбальшавіцкай Самаабароны Літвы-Беларусі генерала Доўбар-Мусніцкага на тэрыторыі, акупаванай нямецкімі войскамі, у перыяд 1918–1921 гг. з’яўляўся адзінкай Войска Польскага (у складзе ІІІ-й брыгады 1-й Беларуска-Літоўскай дывізіі). Пазней — у складзе 86-га палка пяхоты Войска Польскага са штабам у Маладзечна. Крыніца: wikimedia.org
У маі 1919 г. ствараецца Польска-беларускае таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі, але ў жніўні 1919 г. Мінск зноў акупаваны палякамі і трапляе пад часовую адміністрацыю (Менская акруга Грамадзянскай управы ўсходніх земляў). У ліпені 1920 г. Мінск занялі бальшавікі, адзначыўшыся найперш утварэннем тут канцэнтрацыйнага лагера. Далейшы ход бальшавіцка-польскай кампаніі паказаў, што Міншчына канчаткова выпала са сферы інтарэсаў палякаў.
Мінскі «код БНР»
У якіх умовах і пакутах нараджалася Беларуская Народная Рэспубліка — ужо напісана і нямала. Хаця ў лютым 1918 г. палякі і беларусы супольна вызвалілі Мінск ад бальшавікаў і таксама разам аддалі яго нямецкаму камандаванню, узаемадносіны з польскай супольнасцю, як заўважана было вышэй, склаліся досыць складаныя. Яшчэ складаней адказаць: чаму Мінск? Чаму Мінск быў абраны сталіцай новай беларускай дзяржаўнасці? З большага, па-простаму, гэта можа патлумачыцца тым, што ў 1918 г. Мінск, у адрозненне ад Вільні, фактычна цалкам не кантраляваў ніхто: немцы і бальшавікі ўваходзілі і сыходзілі, праз вырашэнне бягучых тактычных задач беларускай дзяржаўнасці яны не заўважалі. Палякі ж, хоць і фанабэрыліся і не надта ішлі на хаўрус, але як і беларусы, у кожным разе цярпелі і ад бальшавікоў і ад немцаў, а бяда, як вядома, збліжае.
Лёс Дома губернатара (насамрэч — былая езуіцкая школа другой паловы XVIII ст.) як аднаго з сімвалічных будынкаў Мінска ХХ ст. адным калажам: (а) на пачатку ХХ ст.; (б) у 1918 г.; (в) у 1932 г.; (г) у сучасным выглядзе, па апошняй «рэканструкцыі». Крыніца: wikimedia.org
Значную ролю ў грамадска-палітычным жыцці Мінска ў 1917–1918 гг. адыгралі органы мясцовага самакіравання, у першую чаргу Мінская гарадская дума. На працягу свайго існавання Мінская гарадская дума была адной з самых дэмакратычных устаноў у горадзе: пасля разгону Усебеларускага з’езда яна выступіла з пратэстам і асудзіла гэту падзею. У 1918 г. дума падтрымала як 1-ю, так і 2-ю Устаўныя граматы і накіравала ў склад Рады БНР сваіх прадстаўнікоў, а таксама прыняла рашэнне аб выдзяленні 10 тысяч рублёў на падтрымку Рады. У маі 1918 г. дзейнасць Мінскай гарадской думы была спынена германскімі акупацыйнымі ўладамі, замест яе быў створаны Мінскі гарадскі магістрат.
У другой палове XIX ст. каменныя будынкі колішняга францысканскага комплекса (кляштар, семінарыя, кансісторыя) перабудавалі пад Мінскую гарадскую ўправу (рог вуліц Губернатарскай і Юр’еўскай, 7/1). (Крыніца: wikimedia. org) Будынкі пацярпелі ў час Другой сусветнай вайны і пры аднаўленні вул. Леніна былі знесены. Пячатка Мінскай Думы часоў яе супрацоўніцтва з органамі БНР (крыніца: niab. by). Дзіўна і прыемна зазначаць, што былая імперская структура, карыстаючыся сімволікай часоў рэакцыі самадзяржаўя, працуе напоўніцу дзеля нацыянальнага руху.
Нават у складаным 1918 г. дзеячы і прыхільнікі БНР аддавалі ўвагу гісторыі горада, ягонай старажытнасці — у тагачаснай перыёдыцы з’яўляліся нарысы і артыкулы, якія так ці інакш закраналі гісторыю горада — у агульнанацыянальным кантэксце ці з пункту вырашэння бягучых праблем.
Ужо ў 1919 г. у Мінску дзейнічалі адразу два Таварыствы, якія займаліся апекай помнікаў гісторыі і культуры: «Towarzystwo opieki nad zabytkami ziemi Mińskiej» мясцовай польскай інтэлігенцыі і шляхты і «Менскае таварыства гісторыі і старажытнасьці» беларускай і абруселай інтэлігенцыі. Стваральнікі БНР аддалі пільную ўвагу і культурнаму ўзроўню сваёй дзяржавы: напрыклад, у красавіку 1918 г. была заснавана Мінская вышэйшая музычная школа, у тым жа годзе перайменаваная ў Беларускую кансерваторыю.
Заслуга дзейнасці БНР у дачыненні да грамадскай і культурнай прасторы Мінска — гэта вяртанне значнай колькасці гістарычных сімвалаў, часта з якіх, што найбольш важна, займела статус дзяржаўных (герб, сцяг). Крыніцы: Wikimedia, niab. by, Цітоў А. «Геральдыка Беларусі (ад пачаткаў да канца ХХ ст.)», 2016
«Новы Менск»: усё як у Маскве
Надыход бальшавікоў рабіўся ўсё больш неадваротным. Яшчэ ў студзені—лютым 1919 г. бальшавікі стварылі марыянеткавую ССРБ спачатку з цэнтрам у Смаленску, абвясціўшы БНР па-за законам, а крыху пазней, фактычна паралельна — ССРЛіт-Бел, у якой не было ніводнага беларуса, а ўсё беларускае лічылася контррэвалюцыйным. Як зазначаў першы савецкі камісар фінансаў Беларусі Ісак Рэйнгольд на паседжанні Цэнтральнага Бюро КП(б)Б 22 студзеня 1919 г., «Існаванне Беларускай Рады змусіла вылучыць Беларускую [Савецкую] Рэспубліку». Пасля захопу бальшавікамі ў 1920 г. усёй тэрыторыі Беларусі дэклараванне незалежнасці БССР насіла збольшага тэхнічны характар. Яшчэ больш фігуральны характар савецкай рэспублікі быў падкрэслены падпісаннем ганебнага Рыжскага міру (1921).
Візуальнае аздабленне Пасведчання СНК БССР, выданае Усеваладу Ігнатоўскаму, можна лічыць квінтэсэнцыяй усёй новай бальшавіцкай сімволікі, якая хутка запаланіла і дзяржаву, і сталіцу. Злева ўнізе — пры распрацоўцы герба БССР праект Г. Змудзінскага 1924 г., які нібы адсылае да колераў БНР і гербавай традыцыі продкаў, саступіў простаму запазычанню палітычнай эмблематыкі РСФСР. Чатырохмоўная (па-беларуску, па-руску, па-польску, на ідыш) шыльда 1926 г. на Віленскім вакзале і беларуская назва горада Менск ніяк не ўратавалі ад планаў савецкай адміністрацыі па стварэнні «Новага Мінска», у якім урэшце не засталося месца ні Ігнатоўскаму, ні Змудзінскаму, ні Віленскаму вакзалу, ні нават тубыльскай назве горада... Крыніца: wikimedia.org
Кампанія беларусізацыі на прасторах бальшавіцкай БССР праходзіла ў вельмі спецыфічных умовах: беларуская мова шырока ўводзілася не дзеля высокай мэты канчатковай кансалідацыі ў нацыю (такое ўвогуле было немагчыма ў краіне марксісцка-інтэрнацыянальнага светапогляду), а з больш утылітарных намераў — давесці загады партыі і вышэйшага кіраўніцтва словамі, зразумелымі кожнаму жыхару савецкай «рэспублікі».
Канструктывізм і ўтылітарнасць VS класічныя формы архітэктуры. Якімі непадобнымі былі сілуэты Мінска ў вачах прыхільнікаў «до основанья, а затем» і рэштак мясцовай інтэлігенцыі, для якой свой горад быў і целам і крывёй. Але самае горкае — што новыя «каштоўнасці» ўпэўнена ўпіхваліся ў душы і розум наступнага пакалення. Уверсе — тры здымкі з дзіцячага ілюстраванага часопіса «Іскры Ільліча» (1932). Унізе — панарамны здымак Верхняга горада Ільва Дашкевіча перыяду 1920-х — 1930-х гг. (Калаж складзены па матэрыялах перыёдыкі 1920-х — 1930-х гг., крыніцы: knihi.com, dkmf.by)
Беларуская культура і мастацтва таксама разглядаліся ў падобным рэчышчы — праз цэнзарскія нажніцы і дапасавальнае яе значэнне: пакуль інбелкультаўцы фармулявалі выключную ролю Скарыны ў гістарычным і культурным дыскурсе беларускага народа, таварыш Кнорын з высокай трыбуны распавядаў, што ўсе гэтыя скарыны і кірылы тураўскія былі нікчэмнымі апалагетамі рэлігійнасці... Такая ж сітуацыя была і з Менскам. Пакуль Інбелкульт па калівах збіраў музейныя калекцыі, выратоўваў архівы і бібліятэкі, складаў планы захавання ансамбля Старога Менска, у самім жа горадзе праходзілі шумлівыя кампаніі па перадачы культавых пабудоў «под нужды трудяшчыхся» — клубы, сталоўкі, кінатэатры.
«Ачагі цемры» для новых уладаў. Злева ўверсе — Казанская (Чыгуначная) царква ў 1932 г. з Іллічом на франтоне і чырвоным сцягам замест крыжа. Па цэнтры — ананімны «будынак», як зразумела, — Чырвонага касцёла, сарамліва абрэзаны на ўзроўні крыжоў, перайшоў у валоданне Саюза савецкіх пісьменнікаў Беларусі. Справа — у абскубаны кадр зацемкі пра перадачу рэлігійных будынкаў пад «культурныя ўстановы» трапіла Святадухава царква кляштару базыльянак, якая двойчы за ХІХ ст. пацярпела ад перабудоў на руска-праваслаўны лад, а ў 1936 г. яе падарвалі бальшавікі. (Калаж складзены па матэрыялах перыёдыкі 1920-х — 1930-х гг., крыніцы: knihi.com, wikimedia.org)
Ужо ўсярэдзіне 1920-х гг. савецкія ўлады пачалі планаваць сацыялістычную рэканструкцыю Мінска. Генплан, у якім для Старога горада не засталося месца, ставараўся нават не ў БССР. А тапанімічныя абрысы горада ўжо пачалі змяняцца на пачатку1920-х — хутка пераназвы вуліц у сацыялістычным духу зрабіліся звычайнай з’явай. На працягу 1926–1927 гг. гістарычная рэчка Няміга была схаваная ў жалезабетонны калектар, пры гэтым была змененая яе траса.
Бальшавісцкія мантры «рабіць як у Маскве» і «стварыць узорны соцыалістычны горад» вельмі хутка ператварылі Менск на тую безгустоўную эклектыку і візуальны эрзац, які мы назіраем і сёння. Самае горшае тое, што заяўленае на паперы аніяк не выконвалася ў рэчаіснасці. Яскравы таму прыклад — Канстытуцыя БССР, якая па тэксце была адной з перадавых у Еўропе, а па факце — прыхоўвала масавыя забойствы людзей па палітычных матывах без выканання судовых працэдураў. Сімвалам Канстытуцыі павінен быў быць не герб БССР, а могільнік кшталту Курапатаў... Крыніцы: knihi.com, wikimedia.org
Яшчэ адна прымета ўтапічнасці савецкага погляду на горад і ягонае развіццё — стварэнне часовых, фінансава затратных і маштабных праектаў, працягласць функцыянавання якіх у параўнанні з доўгай храналогіяй Мінска — адно імгненне. Такіх утапічных прыкладаў дастаткова прывесці два — комплекс пабудоў для Усебеларускай сельскагаспадарчай выставы на ўскрайку Камароўкі і іпадром у Кашарах.
Злева — эскіз будынка МОПРа да Усебеларускай выставы сельскагаспадарчай прамысловасці 1930 г. Будынкі і аб’екты выставы плошчай у 100 футбольных палёў ужо праз некалькі гадоў былі часткова ці цалкам разабраныя на будаўнічыя матэрыялы. Справа — іпадром імя С. Будзёнага з’явіўся ў Кашарах у 1925 г. Пасля партызанскага парада 1944 г. і публічнага пакарання тут нацыскіх злачынцаў іпадром ніяк па прызначэнні не выкарыстоўваўся і быў афіцыйна закрыты ў 1957 г. Крыніца: wikimedia.org
Афіцыйнае савецкае мастацтва, ад жывапісу да фатаграфіі і тэлевізіі, пазбягала ўключэння ў гарадскі дыскурс і візуалізацыі знакавых будынкаў ранейшых эпох. Звычайна, калі была патрэба ў расповедзе ўвесці якісь аб’ект ці з’яву з мінулай эпохі, яны абавязкова павінны былі падавацца ў адмоўнай, а то і ганебнай канатацыі — асабліва яскрава гэта заўважна ў сталінскую і хрушчоўскую эпохі, перыяд антыгуманных і антырэлігійных кампаній.
Савецкія мастакі шукалі такія ракурсы, напрыклад, для адлюстравання раёна плошчы Леніна ці вобраза сталіцы БССР, каб на палатно ні ў якім разе не патрапіў Чырвоны касцёл. Зрухі ва ўспрыманні Мінска адбыліся напрыканцы «брэжнеўскай» эпохі.
Злева — «Дом урада» (Гаўрыленка П. В., 1940) Справа — «На перакрыжаванні Мяснікова — Берсана» (Варламаў В. Н., 1980). Уверсе — настольны медаль «Мінск — горад алімпійскага футбола» да Алімпіяды-80, дзе будынак Чырвонага касцёла ўпершыню заняў роўнае месца побач з адміністрацыйнымі будынкамі. Крыніцы: facebook.com, wikimedia.org
Ужо па створаным у Ленінградзе генплане 1936–1939 гг. прадугледжвалася поўнае знішчэнне Старога горада, а таксама пабудова гмахападобных грамадскіх і адміністрацыйных будынкаў (у параўнанні з агульнай высотнасцю архітэктурных аб’ектаў горада) у розных частках Мінска. Дастаткова ўбачыць даваенныя здымкі раёна плошчы Якуба Коласа ў напрамку высокага і аб’ёмнага Інстытута фізкультуры на фоне нізенькіх хатак, каб уявіць, у што мог ператварыцца Мінск ужо ў даваенны перыяд. Пры гэтым жыллёвыя праблемы простых грамадзян падобных жылых кварталаў (адсутнасць каналізацыі і цэнтральнага вадазабору, дарог і электрычнасці) узгадваліся выключна на паперы і ў гучных загалоўках бссраўскай прэсы.
Другая сусветная вайна па-свойму вырашыла «праблему» Мінска — да 80% ягонай тэрыторыі згарэла або было зруйнавана. Штосьці, як паказваюць паваенныя здымкі, яшчэ можна было ўратаваць, нават адбудаваць — так, як зрабілі палякі са сваёй Варшавай, якая выглядала на той час подобна сённяшняму Марыупалю.
Як мяркуе Сяргей Абламейка ў сваёй кнізе «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікнення», адным з фактараў абрушэння забудовы стала масавая кампанія надбудовы дадатковых паверхаў у цэнтральнай частцы горада. Другім фактарам, безумоўна, была наяўнасць кварталаў драўлянай забудовы, якая, фактычна, і задавала кірункі і маштабы пажараў. Вайна фактычна «падчысціла» месца для будучых забудоў і трансфармацый Мінска
(заканчэнне будзе).