Мінск геральдычны і сімвалічны. Як за часамі Расійскай імперыі знішчаліся старадаўнія сімвалы горада

27.06.2022 Гісторыя

У студзені 1793 года Менск быў далучаны да Расійскай імперыі. 22 студзеня 1796 года ўказам імператрыцы Кацярыны II быў «ласкава» пакінуты герб горада «бяз змены: а для абазначэння далучэння й падданства гэтага краю да Расійскай імперыі малюецца Дзяржаўны герб, гэта значыць, двухгаловы арол, на грудзях жа яго пакладзены герб Мінска». Пры знешняй захаванасці атрыбутыкі былой дзяржавы ад гэтага моманту ёй быў наканаваны зусім іншы лёс у цэнтралізаванай і збюракрытызаванай каланіяльнай сістэме...

Як змяняўся Мінск і яго прасторавая сімволіка цягам доўгага ХІХ стагоддзя, як паступова знішчаліся гістарычная спадкаемнасць і старадаўні сімвалізм герба горада, чытайце ў артыкуле Змітра Пілецкага.


mal_1_herby1796.png
Герб Мінска (злева), згодна з указам 22 студзеня 1796 г., пакінуты «без зменаў», але дакладнага апісання, акром упамінання колеру тарчы, не мае, што пакідае магчымасць для невялічкай інварыянтнасці яго выгляду. Трэба заўважыць, што ў першыя гады знаходжання Мінска ў складзе імперыі герб меў значэнне толькі гарадскога і не атаясамліваўся з гербам намесніцтва (на карце 1797 г. картуш пад герб пакінуты пустым). Ад валадарання Паўла герб горада стала разглядаўся і як герб губерні. Крыніца: heraldicum.ru

Гербавы сімвалізм негеральдычнай краіны

Перш чым распавесці далей пра геральдычныя і сімвальныя змены ў публічнай прасторы і культурнай памяці Мінска ХІХ ст., трэба сказаць колькі словаў пра месца герба і горада ў менталітэце адміністрацыі Расійскай імперыі і яе падданых.

Да таго, як Масковія займела назву «Расія», геральдычнымі «штудыямі» спрабавалі заняцца толькі дзве манаршыя асобы — Іван Жахлівы і Аляксей Міхайлавіч. Не трэба, мабыць, нагадваць, што валадаранне абодвух было цесна звязанае з распальваннем ваенных канфліктаў са сваім суседам на заходняй мяжы, адкуль яны, верагодна, і цягалі нетыповыя для Масковіі ідэі. Праўда, тая гербатворчасць скончылася на ўзроўні зямельных гербаў (у тым ліку — гербаў для часова акупаваных земляў ВКЛ).

mal_2_herby_WKL.png
Гербавая традыцыя ВКЛ, нават у самыя змрочныя і апошнія часы існавання дзяржавы — у 1790-я гг. — не парывала сваіх старадаўніх традыцый (у калажы выкарыстаны выявы з Метрыкі ВКЛ паводле кнігі «Геральдыка Беларусі (ад пачаткаў да канца ХХ ст.)» (Цітоў А., 2016)

Пасля доўгага перапынку, толькі ў XVIII ст. маскоўскі цар Пётр, загуляўшыся ў паверхневую «еўрапеізацыю» сваёй значна павялічанай у памерах краіны, завёў службу геральдмейстраў. Герб — гэта сімвал горада або мястэчка, прыкмета ягонага асобага статусу — права на самакіраванне, прыкладаў і перадумоў на якое, акром Ноўгарада і Пскова, на тэрыторыі пятроўскай Расіі не было. Працэс «гербавання», як і надання гарадам форм самакіравання, у імперыі ішоў па штучных прычынах: у 1720-х гг. выкарыстанне герба звялося да ўжывання яго на таварных клеймах, судовых пячатках і ў якасці пазначальнага элемента на штандарах вайсковых адзінак. Са смерцю цара бюракратычная машына паспяшалася забыцца на рэформы.

mal_3_herby_Piatra.png
Выданне за пятроўскім часам «Символы и эмблемата» (1705), якое чвэрць стагоддзя было фактычна адзіным у Расіі гербавым зборнікам, нават сваёй назвай (не кажучы пра выявы сланоў і верблюдаў) падкрэслівае адсутнасць у Расіі геральдычнай традыцыі і пераемнасці

Толькі імператарскім указам 1775 г. былі адноўлены гарадскія органы самакіравання, а правы горада на герб — адноўлены граматай 1786 г. Гербы былі таксама вернутыя на вайсковыя штандары. Што яшчэ застаецца заўважыць: у Расійскай імперыі герб меў эмблематычны характар — ён павінен быў «распавядаць» пра штось адметнае, звязанае з назвай горада, ягоным рэльефам або выбітным будынкам, а не з гістарычна-культурным кантэкстам. У кансерватыўны геральдычны спіс фігур, колераў і выяваў расійскімі геральдыстамі ўводзілася безліч рэчаў і прадметаў, ніяк не звязаных з правіламі і патрабаваннямі геральдыкі.

Дзейнасць геральдычнай канторы на захопленых тэрыторыях спачатку была простай — прынізіць статус герба, падпарадкаваць ідэі «самодержавности», усунуўшы яго ў лапы дзвухгаловага монстра. Больш за тое, як паказвае ўжыванне выявы герба «Пагоня» ў гербатворчым імперскім дыскурсе, яна больш не мела таго агульнадзяржаўнага сэнсу і значэння, а ўжывалася па тэрытарыльнай прыкмеце, як і некалі ў «Тытулярніку» Аляксея Міхайлавіча, і звязвалася з назвай захопленых земляў («Погонь Полотская», Пагоня Віленская, Мсціслаўская і г. д.) А пазней, як гэта заўважна па выніках паўстання 1863 года, і ўвогуле праз стварнне штучных новых гербаў мелася на мэце знішчыць гістарычную спадкаемнасць, старадаўні сімвалізм, небяспечныя для самадзяржаўя.

Ад герба да перапланіроўкі

Аднак візуальнай прыкметай панавання каланіяльнай адміністрацыі ў горадзе стала далёка не змена геральдычных сімвалаў ці шыльдаў з надпісамі.

План перабудовы горада, горача падтрыманы расійскім губернатарам Захарам Карнеевым і складзены імперскім архітэктарам Фёдарам Крамерам, заклаў грунт і метады стварэння таго Мінска, які мы сёння і маем.

mal_4_Kramer,_1800.jpg
Адзін з серыі планаў горада, выкананых Ф. Крамерам, які, дзякуючы выяве нетыповага герба Мінска (на грудзях Арла — мальтыйскі крыж, а на ім — герб горада) можна досыць дакладна датаваць. У расійскай імператарскай сімволіцы мальтыйскі крыж (крыж Ордэна св. Іаана) з’явіўся толькі аднойчы і на вельмі кароткі час: маніфестам 16 снежня 1800 г. цар Павел увёў гэты крыж у тытулатуру, а ўжо 26 красавіка яго адмяніў цар Аляксандр. Крыніца: imago.by

З аднаго боку, расійскія ўлады імкнуліся палепшыць дабрабыт горада, выпрастаўшы, забрукаваўшы крывыя вузкія вулачкі — спадчыну старога, феадальнага горада, або асушыўшы знакамітае балота з «менскімі кракадзіламі» ля Татарскай слабады. Але з іншага боку, вялі да ўніфікацыі гарадской прасторы з яе прамымі вуліцамі, рэгулярнымі кварталамі і галоўнай дарожнай воссю ў напрамку да метраполіі — Захар’еўскай вуліцай, будучым праспектам і будучым прасторавым сімвалам горада. Адной рукой, спрабуючы зменшыць рызыку ад бясконцых пажараў у горадзе, каланіяльныя ўлады імкнуліся пашырыць будаўніцтва прыватных і грамадскіх дамоў з каменю, другой жа — знішчалі або прыбіралі да сваіх патрэб існыя будынкі Старога горада.

mal_5_herby1800s.png
Ужо ад самага пачатку ХІХ ст. герб горада (справа — на адным з планаў Ф. Крамера) страціў свой гістарычны сэнс і стаў надзейна атаясамлівацца з гербам адміністрацыйным — губернскім (злева — на карце Мінскай губерні і яе паветаў 1800/1 г.). (Крыніцы: imago.by, karty.by)

Падчас гэтага «добраўпарадкавання» Мінск пачаў пазбаўляцца аднаго са старадаўніх сімвалаў — гарадскіх валоў, якія прабівалі і руйнавалі дзеля правядзення каланіяльнай дарогі на метраполіі, Пецярбург і Маскву.

Дзеля праўды трэба зазначыць, што першыя планы 1793–1800 гг. і нават новы план 1805 г. не мелі на мэце маштабную перапланіроўку ці руйнаванне архітэктурных традыцый — усё яшчэ працавалі нормы царскага Палажэння аб забудове гарадоў, згодна з якім адбудоўваліся знішчаныя пажарамі ці струхлелыя будынкі, а таксама тыя будынкі, якія жадалі аднавіць іхныя ўладальнікі.

mal_6_patent_dwaranski.jpg
Фрагмент патэнту Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу на пацверджанне шляхецкага паходжання ўзору 1800-х гадоў з новым гербам Мінска ў тытульнай частцы як герба губернскага. Крыніца: Wikimedia

Дзве старадаўнія бяды горада, пажар і паводкі, якія адбыліся амаль адна за адной, у 1809 і 1811 гг. і фактычна знішчылі зарэчную частку горада, забудову на Траецкай гары, і развязалі рукі адміністрацыі ў пытаннях забудовы і добраўпарадкавання гэтай часткі горада. Наступным крокам стала, так бы мовіць, аўдыявізуальнае змяненне аднаго з сімвалаў горада — ягонай урбанімікі: пачалося перайменаванне вуліц, паступовае з’яўленне сеткі каланіяльных назваў, звязаных з метраполіяй, і г. д.

Паміж Арламі: 1812 год

«Руская» кампанія Напалеона дала былым падданым Вялікага Княства Літоўскага некалькі месяцаў спадзеваў, што французская армія адкіне, разаб’е расійскую армію, і ў краіне ўсталюецца «напалеонаўскі мір» у межах уласнай дзяржавы... Настроі ў горадзе былі такія, што за два дні да прыходу войскаў Напалеона Мінск спехам пакінулі расійскія чыноўнікі. 8 ліпеня горад без адзінага стрэла сустрэў французскія войскі.

mal_7_N1812.png
(а) Пячатка з гербам Варшаўскага герцагства, утворанага пад пратэктаратам Францыі; (б) Пячатка Генеральнай Канфедэрацыі Каралеўства Польскага, у якую фармальна ўваходзіў Часовы Урад ВКЛ у 1812 г.; (в) Герб роду Чартарыйскіх, прадстаўнік якога, Адам Казімір, быў ідэйным натхняльнікам стварэння Канфедэрацыі. Крыніца: Wikimedia

27 ліпеня Мінск стаў цэнтрам дэпартаменту пад кантролем Часовага Урада Вялікага Княства Літоўскага, які, у сваю чаргу, уваходзіў у склад Генеральнай Канфедэрацыі Каралеўства Польскага (з Герцагствам Варшаўскім), падкантрольнай, адпаведна, французскай адміністрацыі. Напалеон насамрэч не дараваў абяцанай дзяржаўнасці, але дазволіў у межах Генеральнай Канфедэрацыі мець уласныя органы кіравання. Рада Мінскага дэпартаменту наладзіла выпуск першай мясцовай газеты «Тымчасовая газета Мінская» (Tymczasowa gazeta Mińska), на старонках якой падрабязна асвятлялася жыццё тагачаснага горада.

mal_8_1812.pngКаталіцкае насельніцтва горада, а за ім — і ўніяцкае, з вялікай прыхільнасцю сустрэла ўваход французаў у Мінск — заднім фонам абрана творчая рэканструкцыя падрыхтоўкі святочных мерапрыемстваў у гонар Дня нараджэння Напалеона (за аснову ўзяты малюнак Віктара Сташчанюка). Сам французскі маршал Даву (фрагмент партрэта ў верхнім левым куце) атрымаў для кватаравання лепшы дом на плошчы Верхняга рынку, якая неўзабаве стала Пляцам Напалеона. Над горадам, з якога раней збегла расійская адміністрацыя, быў пастаўлены новы губернатар — французскі генерал з Княства Варшаўскага, Мікалай Опельн-Бранікоўскі (партрэт у правым верхнім куце). Пячатку з Арлом ад імя Мінскай Рады (Праўлення) ставілі на афіцыйных дакументах часовай адміністрацыі (па матэрыялах НГАБ у Facebook). Дзеля падтрымання парадку была арганізавана на французскі лад жандармерыя на чале з палкоўнікам Дамінікам Радзівілам (выява пячаткі мінскай паліцыі — з кнігі «Геральдыка Беларусі» (А. Цітоў, 2010)

Але ўжо 16 лістапада горад зноў занялі расійскія войскі генерала Чычагава. Як заўважыў у сваіх мемуарах адзін з французскіх генералаў, Напалеон недаацаніў Мінск як добры і моцны тылавы горад (на той час у ім былі арганізаваны склады правіянту), пра што потым і шкадаваў. Аднак французская армія не была «белай і пухнатай» у дачыненні да горада — ён моцна пацярпеў ад кватаравання вайскоўцаў, а потым «добраўпарадкаваннем» тут займаліся расійскія жаўнеры і казакі...

Некалькі насычаных месяцаў напалеонаўскай улады — вельмі цікавы эпізод з гісторыі горада. Мы вернемся да гэтай тэмы ў асобным артыкуле, дзе распавядзем, колькі французскіх вышэйшых генералаў наведала Мінск, што тут рабіў пісьменнік Стэндаль, хто быў прататыпам брыгадзіра Жэрара з серыі навэл Артура Конана Дойля, а таксама — дзе пад Мінскам жылі французы і знаходзілася Французская Слепня...

Ад французаў да паўстанцаў

Пасляваенны стан горада дазволіў губернскай адміністрацыі ў наступнай чвэрці ХІХ ст. запланаваць даволі маштабныя перабудовы і добраўпарадкаванне горада. Генеральны план 1817 г. стаў асноўным дакументам па змене яго аблічча. А па выніках паўстання 1830–1831 гг. прасторавая сімволіка Мінска пачала мяняцца яшчэ хутчэй. Сітуацыя для горада ўскладнялася і тым, што ў 1812–1815 гг. і з 1831 па 1832 гг. Мінск знаходзіўся на ваенным становішчы, быў цэнтрам ваеннага губернатарства. Хаця ні Мінск, ні Мінскі павет асабліва не вызначыліся ў паўстанні 1830–1831 гг., аднак на паўночных і паўднёвых межах губерні было досыць неспакойна.

mal_9_1830s-1850s.pngАфіцыйная геральдыка ўсё менш звязваецца з горадам і ўсё шырэй — з адміністрацыйным і бюракратычным апаратам імперыі. Пры ўсёй сваёй афіцыйнасці па характары, «Минские губернские ведомости», што выходзілі з 1939 па 1917 гг., давалі магчымасць друкаваць у неафіцыйнай частцы матэрыялы па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі краю, частка з каторых праз страту архіўных дакументаў на сёння з’яўляецца і ўнікальным, і каштоўным матэрыялам для даследчыкаў. 1840-я гады — пачатак уяўнай візуалізацыі рознаэтнічнага і рознаканфесійнага складніка Мінска і губерні (гэтаму прысвечана картка са спецыяльнага набора картак пра Расійскую імперыю). І хаця групы татараў ці габрэяў былі прадстаўлены ў публічнай прасторы досыць даўно, а немцы — адносна нядаўна, менавіта русіфікатарская дзейнасць губернатараў толькі падкрэслівала неманалітнасць насельнікаў горада. Аднак сапраўдны сімвал каланіяльнай сістэмы — гэта такая вось пячатка Мінскай следчай камісіі «о мятеже 1831 г.» (злева ўнізе), па выніках якой пацярпелі ў правах і маёмасна як шляхта-землеўласнікі, так і духавенства, і мяшчане. Добра паказальны прыклад утылітарнасці гербавай сімволікі ў такіх умовах — форменны гузік ад чыноўнага мундзіра (па цэнтры). Адміністрацыйную імперскую сімволіку можна было пабачыць на форме ад простых гарадавых да вышэйшага чынавенства, яна была паўсюдна: не толькі на гузіках, але і на кукардах, спражках, эпалетах, вышытай на сукне — усё павінна было падпарадковацца ідэі абсалютызму царызму. Крыніцы: Wikimedia, ay.by

Здавалася б — з чаго гэта «соннаму» губернскаму Мінску, даволі слаба адрэагаваламу на паўстанне 1830 г., добра пацярпеламу ад арміі свайго французскага «збавіцеля», дадавалася столькі ўвагі з боку расійскіх ваенных? Справа ў тым, што яшчэ нядаўна, у 1820-х гг., наш край поўніўся таемнымі масонскімі арганізацыямі, звязанымі з падобнымі ложамі ў Польшчы. Мэта для ўсіх структур была адна: падрыхтоўка да вызвольнага руху дзеля аднаўлення Рэчы Паспалітай. Зразумела, ложы выкрываліся імперскімі агентамі, або яны пераставалі існаваць праз унутраныя канфлікты, але працэс бурлення палітычнай эліты, асабліва яе маладой часткі, ішоў і не даваў спакою каланіяльнай адміністрацыі.

mal_10_masony.pngЛожа Паўночная Паходня (Паўночнага шэсця пад паўночнай зоркай) была заснавана ў 1816 г., працавала пад кіраўніцтвам Вялікага Усходу Польшчы і правінцыйнай ложы «Дасканальная еднасць з Вільні. Побач дзейнічала ніжэйшая ложа «Гара Табар» (Фавор). Па краях — пячаткі ложы «Паўночная Паходня» (паводле — «Масоны і ложы на землях Беларусі (канец ХVIII — першая чвэрць XIX ст.)» (Швед В., 2007), пасярэдзіне — пасярэбраная скарбонка ложы з Нацыянальнага музея ў Варшаве (крыніца: cyfrowe.mnw.art.pl)

У спісе чальцоў ложаў можна пабачыць прозвішчы Ваньковічаў і Вайніловічаў, Чапскіх і Свентарэцкіх, Гейдукевічаў і Венгржэцкіх — фактычна ўсю эліту Міншчыны. Дастаткова назваць прозвішчы Чэслава Манюшкі, бацькі кампазітара Станіслава, або Яна Чачота, каб стала зразумела, што працэс арганізацыі таемных таварыстваў, афіцыйна скіраваных «на праслаўленне слаўных імёнаў Айчыны», рыхтаваў паўстанцкую сетку. Толькі ў 1828 г. спецыяльны камітэт падсумаваў вынікі па справе мінскіх масонаў. У 1839 г. у яме «ля юдзейскіх могілак пад Ляхаўкай» мінскім паліцмайстрам былі спалены ўсе дакументы ложы....

Перыяд да паўстання 1863 г. — час дынамічных зменаў у публічнай прасторы горада, прычым як у станоўчы, так і адмоўны бок. Напрыклад, у 1830-я гг. вуліцы горада пачалі актыўна брукаваць у асноўным на грошы ад «каменнага збору» з праезджых праз мінскія заставы. У 1836 г. пачалося асваенне «Новага места» (тэрыторыя сучаснага Аляксандраўскага сквера). Калі пажар 1835 г. значна пашкодзіў вуліцы і ансамбль Верхняга рынка, была выдадзена забарона ўзводзіць драўляныя дамы ў цэнтры горада. У 1848–1850 гг. арганізаваны збор сродкаў і ўсталяванне там новых ліхтароў. Аднак гораду яшчэ хапала з чым змагацца: у выніку эпідэміі халеры 1848 г. загінула каля 1100 жыхароў горада.

mal_11_1half_XIX.png
У першай траціне ХІХ ст. яшчэ цалкам захоўваўся ансамбль галоўных будынкаў Верхняга рынка і прылеглых кварталаў — ратуша з імперскім гербам займала сваё пачэснае месца, выкарыстоўваўся комплекс былога езуіцкага калегіума, а былы палац Радзівілаў (на калажы ў правым верхнім куце) быў перабудаваны пад першы гарадскі тэатр. Аднак каланіяльны подых ужо пачынаў адчувацца: у 1825 г. была здадзена вялізная гарадская турма (малюнак у правым ніжнім куце), названая ад імя яе падрадчыка «Пішчалаўскім замкам» — новы і змрочны сімвал Мінска. Насамрэч гэта быў будынак па тыпавым праекце, агульным для астатняй часткі імперыі. На стагоддзі гэты будынак стаў месцам адбывання пакарання для паўстанцаў і палітычных зняволеных. Былая ваяводская і павятовая шляхта цяпер называлася «дваранамі», а яе сход таксама карыстаўся мінскім гербам

З-за таго, што каталіцкае і ўніяцкае духавенства ўвесь час трымалася антырасійскіх поглядаў, каланіяльныя ўлады павялі паступовую барацьбу з апанентамі — да 1841 г. каталіцкае духавенства страціла правы на нерухомасць. Барацьба з уніятамі на працягу 1831–1839 гг. скончылася скасаваннем Брэсцкай уніі і пераходам храмаў пад кіраванне Рускай праваслаўнай царквы. Храмавая архітэктура горада, адзін з яго сімвалаў, пачала атрымоўваць новыя рысы.

mal_12_xramy_1840s.pngПрыклад змены канфесійнай парадыгмы ў сімволіцы горада: (а) Святадухаўская царква па маскоўскай перабудове, у псеўдарускім стылі; (б) капліца князя Аляксандра Неўскага ў Аляксандраўскім скверы, у тым жа стылі; (в) Касцёл св. Роха на Залатой Горцы даў пачатак гатычным тэндэнцыям у каталіцкай храмавай архітэктуры Мінска. Крыніца: Wikimedia

mal_13_etnaxramy.png
Другая чвэрць ХІХ ст. — гэта пачатак падкрэслення прысутнасці іншых этнасаў і канфесій у публічнай прасторы Мінска. (а) Хаця Халодная сінагога (злева ўверсе, з малюнка А. Наліваева) адносіцца да старэйшых будынкаў горада, аднак юдзейская абшчына да прыняцця каланіяльнага закона аб межах аседласці была даволі нязначнай. Да сярэдзіны ХІХ ст. юдзейскі складнік насельніцтва Мінска вырас амаль да 50% і толькі працягваў павялічвацца, складаючы фактычна асноўную частку рамесных і гандлёвых слаёў горада; (б) Лютэранская (пратэстанцкая) кірха ў стылі класіцызму (малюнак М. Пашкоўскай) была пастаўлена на месцы драўлянай у 1846 г. І хаця немцы пражывалі на нашых землях ад часоў позняга Сярэднявечча, а ў Мінску, верагодна — з XVIII ст., візуалізацыя гэтай абшчыны прыпала на другую палову ХІХ ст., калі цэлая плеяда мінскіх дактароў — Гіндэнбург, Лунц, Дзібург, прынесла вядомасць і абшчыне, і гораду; (в) Татары — адзін са старажытных этнасаў Мінска іншаземнага паходжання (з Крыма), дзякуючы добраўпарадкаванню горада ў бок Татарскай слабады здолелі візуалізаваць і сваю абшчыну. Потым, на пачатку ХХ ст., сціплую драўляную мячэць (на здымку ўнізе) заменіць каменная, рэшткі якой будуць сведкамі знішчэння Замчышча і пабудовы Паркавай магістралі ў 1960-х гг. Змены ў грамадстве адбіліся і на пячатках муллы мячэці: калі ў 1720 г. на ёй можна пабачыць традыцыйныя сімвалы і польскамоўны надпіс, то ў 1859 г. надпіс пячаткі — рускамоўны, з гербам Мінскай губерні ў сярэдзіне. Крыніца: Wikimedia

Усе прызначаныя губернатары 1840-х — 1850-х гг. падкрэслена трымаліся варожай пазіцыі ў адносінах да мінскіх «палякаў» — то-бок каталіцкага духавенства і шляхты. Паказальнымі ў гэтым плане з’яўляюцца абставіны знішчэння сімвала горада — ратушы. У сярэдзіне ХІХ ст. будынак ратушы ператварыўся ў адзін з галоўных цэнтраў культурнага жыцця Мінска. Пасля 1835 г. з ратушы былі пераведзены ў спецыяльна наняты прыватны дом управа паліцыі, гарадская дума, магістрат і суд. Тым самым былі вызваленыя другі і мансардны паверхі. На першым паверсе былі пакінуты 1-я гарадская паліцэйская частка і галоўная гарнізонная гаўптвахта. На балконе ратушы вечарамі ад лета да восені граў гарадскі аркестр, на другім паверсе знаходзілася выстава, з 1845 г. пачалі давацца тэатральныя спектаклі. Аднак усё змяніў прыход новага губернатара ў 1851 г., які падаў на імя імператара прашэнне, дзе пісаў «...что здание это весьма ветхое, занимая собою часть главной площади, стесняет ее и закрывает вид соборной церкви и вновь строящихся присутственных мест», хаця мінула толькі 5 гадоў з апошняга рамонту.

А вось сапраўдная прычына была ў тым, што «...оно своим существованием напоминало жителям об обычаях минувшего времени, о магдебургском праве, Литовском статуте...», а таксама ў тым, што першы паверх так і не быў адрамантаваны, а выдзеленыя грошы, у адпаведнасці з традыцыяй, ужо былі «асвоеныя».

mal_14_ratusza_sialianka.png
Як і сёння, такі паўтара стагоддзя таму, каланіяльная адміністрацыя баялася візуалізацыі сімвалаў былой дзяржавы (ВКЛ, Рэчы Паспалітай) і цікавасці адукаваных колаў да ўласнай нацыянальнай культуры. У калажы: (а) малюнак ратушы з абмераў Ф. Крамера (1797–1800); (б) тытульны аркуш выданай у Вільні «Сялянкі» (1846); мінскі помнік Манюшку і Дуніну-Марцінкевічу (2016). Крыніца: Wikimedia

Мясцовая адміністрацыя баялася нечаканага прыезду царскіх асобаў ці вышэйшых чыноўнікаў у «ненадзейны» горад Мінск, які доўга знаходзіўся на ваенным становішчы. І хаця імператар лёгка падмахнуў паперку на знішчэнне, жадаючых падрадчыкаў шукалі ажно 7 гадоў. Услед за ратушай ссяклі і таполі на бульвары — яны, маўляў, шкодзілі вайсковым маршам на пляцы. Нервовасці дадавала і «непаслухмяная» губернская і гарадская эліта: 9 лютага 1852 г., нягледзячы на забарону ўладамі, на сцэне гарадскога тэатра адбылася прэм’ера беларуска-польскай оперы «Сялянка» («Ідылія») на музыку С. Манюшкі і К. Крыжаноўскага, лібрэта напісаў В. Дунін-Марцінкевіч.

Дзейнасць губернатараў па «наведению порядка» скончылася прыняццем у 1858 г. новага плана перабудовы горада. Аднак гарачыя падзеі наступных гадоў адсунулі горадабудаўнічую і добраўпарадкавальную дзейнасць на другі план...

(працяг будзе...)

Чытайце яшчэ:

Таямніцы геральдыкі і сімволікі Мінска: сімвалы Менска Рагвалодавічаў і «Горад Панны Марыі»

Змітро Пілецкі, budzma.org