Яна не мела эканамічнай адукацыі і дрэнна гаварыла па-ангельску, але здолела з нуля стварыць звышпаспяховы бізнэс у ЗША і заставалася ў справе да 100+ гадоў. «Салiдарнасць» расказвае пра годны байопіка лёс Розы Блюмкін — «місіс Бі», якой выказваў павагу адзін з найбагацейшых людзей свету.
Фота: NFM.com
Кіпень пад выглядам супу
Малая радзіма Розы Гарэлік — мястэчка Шчадрын Бабруйскага павета (існуе і сёння ў статусе аграгарадка, ужо ў Жлобінскім раёне). Зрэшты, у 1893 годзе гэта было зусім не маленькае сяло: паводле перапісу, у Шчадрыне знаходзіліся 8 яўрэйскіх малітоўных дамоў, 50 крам, аптэка, школа, сядзіба, цагельня — і гэта пасля вялізнага пажару, які ў 1896 знішчыў без малога паўтары сотні двароў!
Дакладна не вядома, ці пацярпела ад таго разбуральнага пажару сям’я рабіна Гарэліка. Але па ўспамінах самой Розы, нягледзячы на тое, што яе маці Хася трымала харчовую краму, дабрабыт іх пакідаў жадаць лепшага, і ўсе васьмёра дзяцей спалі не ў ложках і нават не на матрацах, а проста на падлозе, засланай саломай.
«Часам, на свята, маці была вымушана ставіць на стол вялікі рондаль з кіпнем. У вакно маглі зазірнуць суседзі, і яна хацела, каб яны думалі, што ў нас сёння ёсць суп», — шмат пазней распавядала Блюмкін ужо журналістам.
А яшчэ прызнавалася, што ў дзяцінстве вельмі баялася пагромаў і марыла з’ехаць у Амерыку, далей ад Расійскай імперыі.
Вялікая амерыканская мара
У 13 гадоў, паводле яе ж расповедаў, Роза Гарэлік басанож, каб не сапсаваць адзіныя прыстойныя туфлі, ішла з роднага Шчадрына амаль 30 кіламетраў да станцыі, а адтуль «зайцам» даехала ў найбліжэйшы вялікі горад — Гомель.
Маючы досвед працы ў краме маці, яна пачала абыходзіць крамы, дзе яе маглі б узяць прадаўцом — і 25 разоў атрымлівала адмову. І толькі на 26-й угаварыла яўрэйскую сям’ю, якая ўтрымлівала крамку галантарэі і гаспадарчых тавараў, даць ёй шанец. Нягледзячы на тое, што за душой у дзяўчынкі не было нават школы, прадаўцом Роза аказалася таленавітым, і ўжо ў 16 гадоў яе паставілі прыказчыцай крамы (між іншым, у падпарадкаванні ў яе знаходзілася шасцёра мужчын).
У Гомелі Роза пазнаёмілася і са сваім будучым мужам Ізадорам Блюмкіным, прадаўцом абутку. Каб пазбегнуць адпраўкі ў войска падчас Першай сусветнай вайны, яго адправілі ў ЗША, але на другі квіток грошай, нажаль, не хапіла.
Сабраць патрэбную суму і далучыцца да мужа Роза змагла толькі праз тры гады — у рэвалюцыйным хаосе, праз Кітай, Японію і толькі адтуль, паўлегальна, на грузавым судне, гружаным арахісам, дабрацца ў ЗША.
«Я думала, што ніколі ўжо не даплыву», — прызнавалася яна праз больш чым паўстагоддзя ў інтэрв’ю The Washington Post.
Прадала мэблю з уласнага дома
Дзякуючы дапамозе добраахвотнікаў, якія падтрымлівалі новых эмігрантаў, Роза змагла аформіць дакументы і набыць квіток на цягнік да Аёвы — тут ужо жылі яе муж і два браты.
Неўзабаве пасля нараджэння дачкі, паколькі Розе складана давалася англійская, яны перабраліся ў поўную эмігрантаў суседнюю Амаху — найбуйнейшы горад штата Небраска, дзе і пачаўся росквіт імперыі рытэйла Блюмкін.
Роза Блюмкін (правая ў ніжнім шэрагу) з мужам і дзецьмі. Фота: NFM.com
Хаця спачатку гэта быў ламбард, які, на жаль, не перажыў Вялікай дэпрэсіі 1930-х. Тады Блюмкіны адкрылі камісіёнку і прыцягвалі пакупнікоў абяцаннем «за 5 даляраў апрануць мужчыну з галавы да ног»: у нямодны, але дыхтоўны набор уваходзілі бялізна, гарнітур, гальштук, туфлі і саламяны капялюш.
І вось Розе за 40, у яе ўжо чацвёра дзяцей — дочкі Фрэнсіс, Сільвія, Сінція, сын Льюіс, на ёй пажылыя бацькі, якіх удалося таксама перавезці ў Амерыку, яна па-ранейшаму ведае толькі ідыш і рускую мову — здавалася б, які новы бізнес. ? Але яна для сябе ўжо ўсё вырашыла, зразумела паводзіны пакупнікоў і, як сказалі б сучасныя коучы: бачыла мэту, не бачыла перашкод.
$500 на адкрыццё новай крамы Nebraska Furniture Mart, ва ўласнаручна расчышчаным склепе суседняга будынка, яна заняла ў брата. Мэбля, на суму ў некалькі разоў большую, узяла ў крэдыт у аптавіка ў Чыкага — магчыма, той проста захапіўся смеласцю маленькай жанчыны (а рост Розы Блюмкін быў менш за 150 см).
Мэблевая крама Блюмкін у 1939-м. Фота: Nebraska Jewish Historical Society, Omaha
Але ў першы месяц гандаль ішоў настолькі няўдала, што прыйшлося, каб разлічыцца з крэдытам, танна прадаць мэблю з уласнай хаты. Дзеці, убачыўшы пустыя пакоі, ад шоку расплакаліся, і на наступны дзень Роза прывезла самую неабходную мэблю і тэхніку ізноў.
Правілы бізнэсу «місіс Бі»
Адна з крылатых фраз Розы Блюмкін — «Прадавай танна і кажы праўду». Яна (нагадаем, не маючы нават школьнай адукацыі) вельмі абачліва ўлавіла любоў амерыканцаў да дысконту — і зрабіла стаўку на нізкія кошты і зніжкі.
Гэта неверагодна злавала буйных рытэйлераў, якія падбівалі аптавікоў на байкот. Вядомая гісторыя звязана з дыванамі: 1950 год, вайна ў Карэі, Ізадор ужо пайшоў з жыцця і ўвесь бізнес цягне яна адна. Роза Блюмкін набывае ў Чыкага рулон дываноў па $3 за ярд — і прадае іх з нацэнкай менш за даляр (у іншых кошт $7,95). Раззлаваныя канкурэнты падалі на яе ў суд за нядобрасумленны гандаль.
— Тры адвакаты і я з маёй ангельскай, — расказвала прадпрымальніца ў адным з інтэрв’ю. — Я падыходжу да суддзі і кажу: я прадаю ўсё на 10% вышэй за сабекошт, у чым справа? У тым, што я не рабую сваіх кліентаў? Суддзя кідае справу, а на наступны дзень прыходзіць і купляе ў мяне на $1400.
Пра гэты выпадак Роза распавяла ў мясцовай газеце разам з рэкламнай аб’явай — і прыцягнула яшчэ больш пакупнікоў.
1977 год. Фота: Nebraska Jewish Historical Society, Omaha
Дываны, дарэчы, Блюмкін любіла і нават у вельмі старэчым узросце, з хворымі каленамі, «рассякаючы» на матарызаванай калясцы для гольфа па вялікай краме Nebraska Furniture Mart (яе гандлёвыя плошчы перавышалі 18 квадратных кіламетраў), Роза часцей за ўсё асабіста абслугоўвала пакупнікоў менавіта ў аддзеле дывановых пакрыццяў.
Але яе галоўным каньком была ўсё ж мэбля для дома. І пакуль іншыя нават у крызіс перавытворчасці не зніжалі кошты, «місіс Бі» давала вар’яцкія зніжкі — і выйгравала.
Так, каб разгрузіць склады, яна арандавала на тры дні галоўны забаўляльны комплекс у Амасе і дала рэкламу аб найвялікшым распродажы ў горадзе. Пакупнікоў было вельмі шмат і ў касе яны пакінулі $250 тысяч выручкі.
Фота: Omaha World-Herald
Роза аддала ўсе крэдыты: «З гэтага дня я ніколі не была павінна нікому ніводнага цэнта».
Слова гонару і $55 мільёнаў
Бізнэс, які стаў найбуйнешай у ЗША крамай хатняй мэблі, дзе прадавалася тавараў больш чым на $100 мільёнаў у год, прыцягнуў увагу знакамітага фундатара Уорэна Бафета.
У 1983 годзе той прапанаваў выкупіць справу Розы — а тая і пагадзілася. Яна перадала мільярдэру 90% усіх акцый за $ 55 мільёнаў (на цяперашні момант з улікам інфляцыі — каля $ 160 мільёнаў), прычым той настолькі паважаў «місіс Бі», што не запатрабаваў дадатковага аўдыту і вывучэння бухгалтэрыі — здзелку замацавалі сумленным словам і поціскам рукі.
За Блюмкін захавалася кіраванне крамай, чаму новы ўладальнік быў толькі рады, не стамляючыся хваліць яе таленты і працаздольнасць. Праз год, дарэчы, Роза атрымала ступень ганаровага доктара Нью-Ёркскага ўніверсітэта — нядрэнна для беднай габрэйскай дзяўчынкі з беларускага Шчадрына, якая не разбіралася ў мовах, але разумела прыроду бізнэсу?
А яшчэ праз некалькі гадоў, пасварыўшыся з унукамі, якія адмянілі адну яе здзелку, Роза выйшла на пенсію. І... каб правучыць унукаў, адкрыла новую краму, прычым на той жа вуліцы і з аналагічным асартыментам мэблі і дываноў.
Уорэн Бафет не ўмешваўся ў канфлікт, напаўжартам прызнаючыся, што жадаў бы сустрэць мядзведзя грызлі на шляху, чым раззлаваную «місіс Бі» — аднак, калі родныя прымірыліся, выкупіў і гэты бізнэс за $5 мільёнаў, унёсшы ў пункт дамову, што Роза ў будучыні не будзе яго канкурэнтам.
Слоган Розы Блюмкін «Прадавай танна і кажы праўду» і сёння размешчаны ў яе крамах і на сайце кампаніі
У 2015-м сетка NFM адкрыла, як сціпла адзначаюць уладальнікі, «найбуйнейшую краму тавараў для дома ў Амерыцы». Яго гандлёвыя і складскія плошчы — больш за 120 тысяч квадратных метраў.
Фота: NFM.com
«Лянівыя не жывуць доўга» — яшчэ адна крылатая фраза «місіс Бі». Да Розы — ці, на амерыканскі манер, Роўз Блюмкін — гэта відавочна не адносілася. Яна ўставала штодня ў 5 раніцы, працавала па 70 гадзін у тыдзень, зусім не ўжывала спіртнога і была гатова на рызыкоўныя крокі. І пражыла да 104 гадоў, практычна да апошняга ўздыху ўдзельнічаючы ў бізнэсе і увайшоўшы ў гісторыю як каралева рытэйла.
Аднак Розу Блюмкін памятаюць не толькі як хваткую дзелавую лэдзі, уключаную ў Залу славы бізнэсу, але і як дабрачынніцу. У яе гонар названы Цэнтр выканальніцкіх мастацтваў — былы гарадскі тэатр, які Блюмкін набыла і адрамантавала, таксама яна была буйным спонсарам Яўрэйскага абшчыннага цэнтра ў Амахе.