Пра міжнародную эканамічную і гуманітарную дапамогу Савецкай Беларусі ў цяжкі пасляваенны час не прынята было казаць, і яна па магчымасці замоўчвалася. Аднак цалкам схаваць яе было немагчыма, бо дзейнасць Місіі ААН — ЮНРРА па аказанні міжнароднай дапамогі для прамысловага аднаўлення Беларусі ў першыя пасляваенныя гады даволі прыкметная і надзвычай важная. Цяпер гісторыкі ведаюць пра тое, як місія працавала ў Беларусі: дапамагала простым людям з харчаваннем і адзеннем, а ўладам у аднаўленні прамысловасці і моцна пашкоджанай інфраструктуры гарадоў. Але яшчэ далёка не ўсе аспекты застаюцца вядомымі.
Сутнасць дзейнасці міжнароднай арганізацыі
ЮНРРА (UNRRA — United Nations Reliefand Rehabilitation Administration) — міжнародная арганізацыя, створаная ў Вашынгтоне 9 лістапада 1943 года прадстаўнікамі 44 дзяржаў — удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі, у тым ліку СССР, для аказання дапамогі краінам, акупіраваным дзяржавамі фашысцкага блока (выбрацца з пасляваеннага крызісу). Яе мэтай было неадкладнае зада¬вальненне самых неабходных пасляваен¬ных патрэб насельніцтва ў харчаванні, адзенні, медыкаментах, сельскагаспа¬дарчым і прамысловым абсталяванні.
Грузавікі з харчовай дапамогай UNRRA. Крыніца: archives.un.org.
Асноўную частку дапамогі атрымалі Кітай, Польшча, Чэхаславакія, Грэцыя, Італія, Югаславія, Украінская ССР і Беларуская ССР. Галоўнымі донарамі выступалі краіны, не акупіраваныя ў га¬ды вайны: ЗША, Канада, Вялікабрытанія, Аўстралія і інш. Важна адзначыць, што 26 чэрвеня 1945 года Беларуская ССР і Украінская ССР сталі аднымі з дзяржаў — заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. І менавіта членства Беларусі ў ААН дазволіла савецкай рэспубліцы атрымоўваць дапамогу з боку міжнароднай супольнасці.
Красавік 1945 г. Грузавік з дапамогай ЮНРРА адразу пасля вызвалення амерыканцамі нямецкага лагеру смерці Бухенвальд. Крыніца: dzieje.pl
Выступаючы 30 жніўня 1945 года на паседжанні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР па пытаннях ратыфікацыі статута ААН, адзін з галоўных палітыкаў тагачаснай Савецкай Беларусі Панцеляймон Панамарэнка заяўляў: «Наша делегация получила доступ на международную арену. Наши делегаты побывали в Югославии, Болгарии, Франции, сейчас наши делегаты находятся в Лондоне на заседании ЮНРРА — комиссии, располагающей крупными средствами и предназначенной для оказания помощи пострадавшим районам. Сейчас мы можем с великим удовольствием сообщить, что их деятельность увенчалась крупными успехами. Они добились поставок различного рода машин, продовольствия, кожтоваров на 63 млн долларов...».
Супраца ЮНРРА з урадам БССР
Праз некалькі месяцаў, 18 снежня 1945 года, у Вашынг¬тоне былі падпісаны пагадненні паміж ЮНРРА з аднаго боку і ўрадамі БССР і УССР — з другога. З боку Савецкай Беларусі пагадненне з ЮНРРА было падпісана капітанам і героем Савецкага Саюза Іванам Камінскім, ад ЮНРРА — генеральным дырэктарам Гербертам Ле¬манам, былым губернатарам Нью-Ёрка. За няпоўных два гады актыўнай дзейнасці ў Беларусі ЮНРРА аказала беларускаму народу значную дапамогу ў пасляваенным аднаўленні. Праграма дапамогі савецкім рэспублікам у асноўным бы¬ла рэалізавана да 1 ліпеня 1947 го¬да. У БССР было пастаўлена 141,9 тысяч тон тавараў на 60,8 мільёнаў долараў, а ва УССР — 467 тысяч тон на 188,2 мільёнаў долараў. Пры СНК БССР было створана спецыяльнае Упраўленне па рэалізацыі дамовы з ЮНРРА. У сакавіку 1946 года для размеркавання дапамогі міжнароднай місіі пастановай Савета Міністраў БССР было створана Упраўленне па пастаўках ЮНРРА пры Савеце Міністраў БССР. Праграма паставак выконвалася для БССР з канца 1945 года па 31 сакавіка 1947 года.
Разгрузка тавараў ЮНРРА ў БССР, 1947 год. Крыніца: bolshoi.by
Для кантроля за размеркаваннем дапамогі ў Мінск 19 красавіка 1946 года прыбыў персанал місіі ААН — ЮНРРА, якую размясцілі ў загарадным доме ў раёне Лошыцкага парку. Супрацоўнікі камісіі ў пераважнай большасці з’яўляліся грамадзянамі ЗША, і ў яе склад уваходзіла 15 чалавек (быў адзін новазеландзец). Місія ЮНРРА працавала ў Беларусі крыху больш за год (з красавіка 1946 года па сакавік 1947 года). Узначальвалі місію на працягу гэтага часу грамадзяне ЗША Р. Скандрэт, Р. Фрэйз, Т. Уолер. Першы глава місіі адвакат Рычард Скандрэт на ўсіх фатаграфіях, якія захаваліся з Беларусі — у вышыванцы.
Мемарыяльная дошка ў гонар працы міжнароднай місіі на будынку Лошыцкай сядзібы. Крыніца: sputnik.by
Сярод удзельнікаў місіі была і сямейная пара: Тэадор і Рут Уолер. Тэадор Уолер спачатку быў намеснікам главы місіі ЮНРРА ў БССР, а з 1947 года яе кіраўніком. Яго жонка Рут Уолер працавала сакратаром місіі. Рут у Мінску моцна захварэла: прастудзілася, выратоўваючы з Свіслачы хлопчыка, які патанаў. Мясцовыя лекары не змаглі выратаваць жыццё маладой каліфарнійскай спартоўкі, і яна памерла 4 жніўня 1946 года ў Мінску. Пахавана была на Вайсковых могілках. Дарэчы, на сённяшні дзень сярэдняя школа № 130 у Мінску названа ў гонар той самай Рут Уолер, якая трагічна памерла маладой (ёй было ўсяго 24 гады).
Магіла Рут Уолер на Вайсковых могілках у Мінску. Крыніца: wikipedia.org
Менавіта дзякуючы міжнароднай дапамозе ў Мінску быў адкрыты пеніцылінавы завод (у цяперашні час — ААТ «Белмедпрэпараты»), абсталяванне для якога пачало паступаць у пачатку 1946 года, а ў Канаду былі накіраваны беларускія спецыялісты для вывучэння тэхналогіі яго вытворчасці. Амерыканская, французская і англійская тэхніка выкарыстоўвалася для расчысткі вуліц гарадоў Беларусі, для аднаўлення прамысловых прадпрыемстваў. У сувязі з разбурэннем гарадскіх электрасетак, газа і водазабеспячэння, жыллёвага фонду, заводаў і фабрык адміністрацыя місіі зрабіла ўпор на пастаўку абсталявання для грамадскай інфраструктуры і камунікацый, на стымуляванне будаўнічай прамысловасці.
Разам з тым савецкія ўлады стараліся замаўчаць ЮНРРАўскую дапа¬могу і ставіліся да гэтай арганізацыі як да інструмента знешняй палітыкі ЗША. У адпаведнасці з пастановай СНК БССР ад 8 студзеня 1946 года ўся дакументацыя па аперацыях міжнароднай місіі афармлялася пад грыфам «сакрэтна», а абрэвіятура міжнароднай арганізацыі была не знаёма бальшыні савецкіх грамадзянаў. Забаранялася работнікам у размовах і дакладах прыводзіць якія-небудзь лічбы па пастаўках ЮНРРА і спасылацца на пытанні дапамогі місіі. Замежныя СМІ наадварот хацелі гаварыць аб дзейнасці ЮНРРА ў Беларусі і ва Украіне як можна больш: здымаць фільмы, браць інтэрв’ю і г. д. Дарэчы, па заканчэнні дзейнасці місіі былі зняты фільмы пра Беларусь — «Марч оф Тайм» Пітэра Гопкінсона і каляровы фільм Джульена Брайна.
У цэлым Беларусь атрымала ад ЮНРРА адносна невялікі аб’ём дапамогі, але нягледзячы на абмежаваны характар міжнародная місія адыграла важную ролю ў забеспячэнні першапачатковых патрэб насельніцтва, у аднаўленні некаторых галін прамысловасці, у пераадоленні пасляваеннай разрухі сельскай гаспадаркі, у рамонце камунікацый і сувязі, будаўніцтве. Відавочна, што падпісанне пагаднення з ЮНРРА адразу прынесла адчувальную палёгку для беларускага народа, паколькі дало магчымасць зменшыць цяжар пер¬шых пасляваенных гадоў і паскорыць аднаўленне краіны.
Міжнародная місія ў лёсе беларускага класіка
Народны паэт Якуб Колас, які з’яўляўся ў той час дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, таксама хутчэй за ўсё меў пэўныя дачыненні да працы міжнароднай арганізацыі і ўдзельнічаў у сустрэчах з прадстаўнікамі місіі ЮНРРА. Пра гэта ёсць, прынамсі, адзін цікавы дакумент, а менавіта запрашальны білет на ўдзел у афіцыйным прыёме генеральнага дырэктара ЮНРРА генерала-маёра Лавелл-Рукса (такім чынам прозвішча напісана ў запрашальным білеце) у Мінску, які быў генеральным дырэктарам арганізацыі з 1 студзеня 1947 г. па 30 верасня 1948 г. Праўда, часцей сустракаецца напісанне прозвішча амерыканца як Лоўэлл Уорд Рукс. Дарэчы, гэты амерыканскі афіцер (генерал-маёр) не проста ўдзельнічаў у ваенных падзеях Другой сусветнай, а кіраваў на працягу двух месяцаў 90-й пяхотнай дывізіяй (люты 1945 — сакавік 1945 гг.).
Запрашальны білет Якубу Коласу на прыём у гонар генеральнага дырэктара ЮНРРА Лавелл-Рукса. Фота аўтара з экспазіцыі музея Якуба Коласа
Прыгаданы запрашальны білет быў, натуральным чынам, выпісаны на імя пісьменніка. Наладжваў гэту сустрэчу старшыня Савета міністраў Панцеляймон Панамарэнка. З каштоўнага архіўнага дакумента можам даведацца, што гэта мерапрыемства міжнароднага плану адбылося 26 красавіка 1947 г. Важна адзначыць, што Якуб Колас, пазней пішучы Яўгену Мазалькову ў лісце пра свае справы, згадвае наступнае: «Числа 26-27/XI решил поехать в Москву. Очень рад, что меня минует чаша поездки в Югославию — отпросился». Пісаў Якуб Колас да свайго калегі 23 лістапада 1946 года, калі шырока разгарнулася місія ЮНРРА ў Беларусі. Больш за тое, згадка пра паездку ў Югаславію невыпадковая, а звязана хутчэй за ўсё з дзейнасцю міжнароднай арганізацыі, у якую быў уцягнуты і беларускі класік.
Якуб Колас у 1940-х гг. Крыніца: wikipedia.org
Больш за тое, сярод асабістых рэчаў паэта ёсць некалькі, якія трапілі да Якуба Коласа менавіта па лініі міжнароднай дапамогі ЮНРРА Беларускай ССР. Рэчы гэтыя рознага паходжання і прызначэння. Усе рэчы на сёння захоўваюцца ў фондах музея і з’яўляюцца каштоўнымі экспанатамі. Перадусім згадаем дзве коўдры аўстралійскай вытворчасці. Коўдры шарсцяныя, тонкасуконныя шэра-блакітнага колеру з кароткім ворсам, зробленыя з баваўняных нітак. Гэтымі коўдрамі карыстаўся не толькі сам пісьменнік, але і сем’і яго сыноў Данілы і Міхася, якія жылі ў двухпавярховым катэджы з бацькам.
Іншыя рэчы былі больш індывідуальнага плану і належалі выключна Якубу Коласу. Кофта трыкатажная, светла-карычневага колеру, зробленая з воўны з вялікай доляй верагоднасці трапіла таксама па лініі міжнароднай дапамогі. Адзенне з даволі доўгімі рукавамі і з каўняром-стойкай з пераходам на пярэднія палічкі. Краінай-вытворцай з’яўляюцца Злучаныя Штаты Амерыкі. Пацверджаннем гэтага меркавання з’яўляецца бірка, якая знаходзіцца пад каўнерам, на якой размешчаны надпіс: «Superloc 100% Fine Australian wool NEWVORK knittin 6 mills 46». У цэнтры надпісу выява высокіх будынкаў, сімвала горада Нью-Ёрка.
Па лініі ЮНРРА ў гардэробе Якуба Коласа з’явілася таксама кашуля «у клетку» шэра-блакітнага колеру з воўны. Кашуля, дарэчы, з разрэзам да нізу, з доўгімі рукавамі на манжэтах з адным гузікам. Краіна паходжання асабістага адзення пісьменніка зноў Злучаныя Штаты Амерыкі. На бірцы, якая знаходзіцца пад каўняром, размешчаны надпіс: «Styled by Buck Skein For ХL 17-17/1/2». Такое адзенне, дарэчы, сёння адносіцца да вінтажнай моды і з’яўляецца антыкварыятам.
Амерыканская кашуля «ў клетку» шэра-блакітнага колеру з воўны (з англійскамоўнай біркай), якую насіў Якуб Колас. Крыніца: музей Якуба Коласа
Такім чынам, па прыведзеных фактах можна меркаваць, што Якуб Колас не толькі атрымаў невялічкую дапамогу па міжнароднай лініі ААН — ЮНРРА, але перадусім быў уцягнуты ў дзейнасць арганізацыі з беларускага боку.
Маёр Беларускай краёвай абароны на службе ў UNRRA
Цікава, што працаваў у міжнароднай арганізацыі UNRRA таксама беларускі вайсковы і палітычны дзеяч Дзмітрый Касмовіч з пачатку заснавання ў 1945-м і да моманту ліквідацыі місіі — 03.01.1952. Гэтая арганізацыя дапамагала ўцекачам арганізаваць жыццё ў ДП-лагерах (DP — Displaced Persons, лагер для перамешчаных асобаў), а таксама дапамагала эміграваць у іншыя краіны. Адначасова з удзелам у ЮНРРА Дз. Касмовіч вёў на міжнародным узроўні беларускую нацыянальна-палітычную працу і дабрачынную дзейнасць сярод беларусаў, якія апынуліся ў Германіі ў пасляваенны час. Менавіта ён у 1943–1944 гадах пасля афіцэрскіх курсаў быў інспектарам Беларускай краёвай абароны і маёрам БКА, удзельнікам Другога Усебеларускага кангрэса (Мінск, 27 чэрвеня 1944 г.), членам Беларускай Цэнтральнай Рады, кіраўніком Замежнага сектару Беларускай незалежніцкай партыі (пад мянушкай «Каршун») — вайскова-палітычная арганізацыя беларускіх дзеячаў, створаная ў гады Другой сусветнай вайны.
Дзмітрый Касмовіч у пасляваенны час. Крыніца: wikipedia.org
Прычым Касмовіч быў жанаты з пляменніцай Якуба Коласа — Надзеяй Міцкевіч. Пляменніца Якуба Коласа ў сваю чаргу таксама досыць цікавая персона. Яна нарадзілася ў 1923 годзе ў вёсцы Мікалаеўшчына каля Стоўбцаў, вучылася ў Віленскай і Нясвіжскай гімназіях. Яна была дачкой Іосіфа Міцкевіча — малодшага брата Якуба Коласа, а гэта значыць, што прыходзілася Надзея класіку беларускай літаратуры роднай пляменніцай.
Падчас нямецкай акупацыі працавала настаўніцай і павятовай кіраўнічкай юначак Саюза Беларускай Моладзі ў Нясвіжы. З лютага 1944 года праводзіла заняткі ў Краёвай школе СБМ у Фларыянаве, удзельнічала ў Другім Усебеларускім кангрэсе. Летам 1944 года на чале групы юначак эвакуавалася ў Нямеччыну. І менавіта там узяла шлюб з грамадскім і вайсковым дзеячам Дзмітрыем Касмовічам.
Якуб Колас пра лёс сваёй пляменніцы хутчэй за ўсё не ведаў, а тым больш пра яе мужа — антысаветчыка і афіцэра БКА. Аднак супадзенне даволі цікавае, а магчыма і невыпадковае, бо ўсіх акалічнасцяў і таямніц біяграфіі класіка беларускай літаратуры і яго блізкіх сваякоў мы не ведаем.
Хведар Прылёпаўскі, budzma.org