Волат беларускай навукі: Мітрафан Доўнар-Запольскі

14.06.2021 Гісторыя

Мітрафан Доўнар-Запольскі — вялікі патрыёт, выбітны навуковец, асоба з трагічным, але і натхняльным жыццём. У гадавіну яго нараджэння 14 чэрвеня «Будзьма!» вырашыла успомніць дзейнасць беларускага гісторыка, этнографа, фалькларыста і аднаго з заснавальнікаў нацыянальнай гістарыяграфіі.


Падлетак-даследчык

Мітрафан Доўнар-Запольскі нарадзіўся ў сям’і службоўца ў горадзе Рэчыца і паходзіў са старажытнага шляхецкага роду XVI стагоддзя герба «Побуг». Ягонае дзяцінства прайшло ў розных гарадах Беларусі, а таму пачатковую і сярэднюю адукацыю ён атрымліваў у народным вучылішчы Рэчыцы, Мінскай гімназіі, Мазырскай прагімназіі. Неверагодна, але ўжо падлеткам Мітрафан пачаў праводзіць свае першыя краязнаўчыя даследаванні і нават зарабляў на сваім захапленні: па выніках даследаванняў пісаў нататкі і дасылаў для друку ў расійскія выданні.

12060_9.jpg
герба «Побуг»

У 1885 годзе ён паступіў у Першую кіеўскую класічную мужчынскую гімназію, дзе падчас навучання паспеў апублікаваць шэсць даследчыцкіх матэрыялаў, а пасля — і ў Кіеўскі ўніверсітэт на гісторыка-філалагічны факультэт. За часамі навучання ва ўніверсітэце малады чалавек ужо адзначыўся сваёй першай манаграфіяй пра Полацкае, Тураўскае і Смаленскае княствы.

Некаторы час пасля атрымання вышэйшай адукацыі Мітрафан працаваў у Маскве: служыў у маскоўскім архіве Міністэрства юстыцыі, працаваў настаўнікам прыватнай гімназіі, стаў заснавальнікам і сакратаром археаграфічнай камісіі пры Маскоўскім археалагічным таварыстве і прыват-дацэнтам гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта.

Але далейшы перыяд жыцця зноў быў звязаны з Кіевам. Так, у самым пачатку 1900-х ён працаваў у Кіеўскім універсітэце (прыват-дацэнтам, ардынарным прафесарам, загадчыкам кафедры рускай гісторыі), абараніў магістарскую і доктарскую дысертацыі, заснаваў і стаў рэктарам першай эканамічнай адукацыйнай установы ў Расійскай імперыі — Кіеўскага камерцыйнага інстытута.

image605a7c3f023c3lg.jpeg
Мітрафан Доўнар-Запольскі

У 1919 годзе Мітрафан Доўнар-Запольскі стаў прафесарам Харкаўскага інстытута народнай гаспадаркі і прафесарам Харкаўскага ўніверсітэта ў 1920-м, а пазней быў прарэктарам Азербайджанскага ўніверсітэта і прафесарам Бакінскага політэхнічнага інстытута.

БНР і Версальская канферэнцыя

Мітрафан Доўнар-Запольскі выявіўся не толькі выдатным навукоўцам, але і прыхільнікам нацыянальных і грамадскіх рухаў. Яшчэ з часоў пераезда ў Кіеў ён быў удзельнікам нелегальных дэмакратычных рухаў, яго адлічылі з кіеўскай гімназіі за забароненую літаратуру, а на некаторы час нават забаранілі жыць у Кіеве. Пазней ён пачаў супрацоўнічаць з такімі беларускімі выданнямі, як «Вольная Беларусь» і «Беларускае слова». І, натуральна, падтрымліваў стварэнне новай нацыянальнай беларускай дзяржавы. Але варта адзначыць, што Доўнар-Запольскі ўвесь час пераследаваўся за «нядобранадзейнасць» або вельмі акрэсленую нацыянальную пазіцыю: спачатку расійскімі ўладамі, а пазней — савецкімі.

Асаблівую ролю Доўнар-Запольскі адыграў у станаўленні Беларускай Народнай Рэспублікі. У прыватнасці, па абвяшчэнні БНР ён узначаліў беларускую арганізацыю ва Украіне, якая займалася беларускім нацыянальным пытаннем як у самім Кіеве, так і на беларускіх тэрыторыях, далучаных да УНР. Акрамя таго, ён узначальваў Беларускую гандлёвую палату, удзельнічаў у дыпламатычнай місіі БНР ва Украіне, уваходзіў у камісію БНР па стварэнні нацыянальнага ўніверсітэта.

12060_3.jpg
Вокладка другога выдання «Асновы дзяржаўнасці Беларусі»

Асаблівую ўвагу заслугоўвае брашура «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», або так званы «Мемарыял», якую ён падрыхтаваў па просьбе ўраду БНР. Гэтая праца сцісла тлумачыла і абгрунтоўвала, чаму мусіць быць створаная незалежная беларуская дзяржава і з’яўлялася першым яе навуковым абгрунтаваннем. Брашура служыла, з аднаго боку, дапаможнікам самім прадстаўнікам БНР для ўдакладнення адзінай пазіцыі ў замежных перамовах, а з іншага — своеасаблівым тлумачэннем для прадстаўнікоў замежных урадаў (у прыватнасці, была прэзентаваная на Версальскай канферэнцыі). З гэтай мэтай «Мемарыял» быў выдадзены не толькі на беларускай, але і на рускай, нямецкай, французскай і ангельскай мовах.

Радзіма і выгнанне

У Беларусь Мітрафан Доўнар-Запольскі вярнуўся толькі ў 1925 годзе, па запрашэнні савецкага ўрада і асабіста Сцяпана Некрашэвіча, які тады ўзначальваў Інбелкульт. На радзіме ён прабыў менш чым год, але за гэты час паспеў зрабіць неймаверна вялікую работу: скончыў працу над «Гісторыяй Беларусі», падрыхтаваў да друку першы том «Беларускага архіва», узначаліў гісторыка-археалагічную камісію Інбелкульта, стаў прафесарам БДУ, займаўся пытаннем вяртання беларускіх каштоўнасцяў і дакументаў.


Царква ў Маскве, дзе знаходзіцца прах Мітрафана Доўнар-Запольскага

Менавіта праз такі імпэт, прасоўванне беларускай справы і прыхільнасць нацыянальнай ідэі Доўнар-Запольскі быў фактычна высланы камуністычнымі ўладамі па-за межы радзімы. Ягонае абранне акадэмікам Акадэміі навук СССР было заблакаванае. А фундаментальная праца «Гісторыя Беларусі», якая мела стаць першым падручнікам па гісторыі краіны, не была выдадзеная і трапіла пад забарону амаль на семдзесят гадоў. Увесь гэты час праца знаходзілася ў закрытым партыйным архіве і ўпершыню была надрукаваная толькі ў 1994 годзе. Апошнія гады жыцця Доўнар-Запольскага прайшлі ў Маскве, дзе ён памёр у 1934 годзе.

Кірыл Стаселька, budzma.org