Чарговы Кангрэс запланаваны на 22-24 верасня ў Гданьску. Але з-за скарачэння дапамогі частка секцый пераходзіць у анлайн-рэжым: «Гэта рашэнне для нас вельмі складанае, паколькі разбурае традыцыйны фармат падзеі, але на дадзены момант мы не маем іншага выбару».
Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі заяўляе пра складаную фінансавую сітуацыю з Кангрэсам.
«На вялікі жаль і цалкам незапланавана для нас, асноўныя партнёры, якія фінансава падтрымлівалі Кангрэс, істотна скарацілі дапамогу на гэты год. Гэта пры тым, што цэны значна выраслі ва ўсім рэгіёне, — паведамляе аргкамітэт МКДБ. — Асноўная місія Кангрэса — збіраць вялікую колькасць навукоўцаў і экспертаў розных дысцыплін, ствараць прастору для супольнай камунікацыі. Але сітуацыя ў гэтым годзе ставіць канцэпцыю пад пагрозу. У Арганізацыйным камітэце нават ставілася пытанне пра адмену Кангрэса ў гэтым годзе».
У аргкамітэце адзначаюць, што пасля працяглай дыскусіі вырашана «значна скараціць колькасць субсідый на пражыванне і транспарт, а таксама перавесці частку секцый у анлайн-рэжым». «Гэта рашэнне для нас вельмі складанае, паколькі разбурае традыцыйны фармат падзеі, але на дадзены момант мы не маем іншага выбару. Вельмі спадзяемся на ваша разуменне складанай сітуацыі, у якой апынулася арганізацыйная каманда Кангрэса», — дадаюць у аргкамітэце.
У анлайн рэжым пераводзяцца наступныя секцыі:
Філалогія
Гістарычная і культурная спадчына
Культура і культурныя даследаванні
Кангрэс даследчыкаў Беларусі праводзіцца з 2011 года.
Ініцыятарамі і галоўнымі арганізатарамі Кангрэса з’яўляюцца Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» і Інстытут Вялікага Княства Літоўскага. У аргкамітэт у залежнасці ад сітуацыі далучаюцца розныя беларускія, літоўскія, польскія арганізацыі.
У кангрэсах штораз брала ўдзел да 700 навукоўцаў, журналістаў, грамадскіх дзеячаў, студэнтаў не толькі з Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны, але і з іншых еўрапейскіх дзяржаў, а таксама з Паўночнай Амерыкі і іншых краін. Калі ў 2011 годзе было 200 удзельнікаў, у 2012, 2013 і 2014 гадах прыблізна 350-400, то на пазнейшых Кангрэсах — 600-700 удзельнікаў.