Міжнародны ПЭН заклікае да вызвалення Уладзіміра Мацкевіча. Аб гэтым паведаміў Беларускі ПЭН у сваім тэлеграм-канале.
23 чэрвеня Уладзіміру Мацкевічу прысудзілі пяць гадоў пазбаўлення волі. Суд над ім праходзіў у Мінску ў закрытым рэжыме. Рэагуючы на гэтую навіну, Ма Ціда, старшыня камітэта «Пісьменнікі ў турме» Міжнароднага ПЭН-клуба адзначыла:
«Уладзімір Мацкевіч вінаваты толькі ў тым, што мірна выказваў свае погляды. Яго лёс — суровы напамін пра бясконцыя рэпрэсіі, якім падвяргаюцца іншадумцы ў Беларусі».
Міжнародны ПЭН рашуча асуджае прысуд, які вынесены Уладзіміру Мацкевічу. Мы заклікаем да яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама да адмены прысуду ў апеляцыйным парадку.
Беларускія ўлады павінны тэрмінова спыніць рэпрэсіі супраць незалежных галасоў. Усе астатнія, хто ўжо знаходзіцца за кратамі за ажыццяўленне свайго права на свабоду слова — уключаючы пісьменніка і праваабаронцу Алеся Бяляцкага — таксама павінны быць вызваленыя».